Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАВА́ДКАСНЫ РУХАВІ́К,
газа-дызель, газавы рухавік, у якім газапаветр. сумесь у цыліндрах сціскаецца настолькі, што ўпырснутая ў канцы ходу сціскання порцыя вадкага паліва ўзгараецца (як у дызеля). Ступень сціскання каля 15. Выкарыстоўваюцца на газаперапамповачных, нафта- і газабуравых устаноўках, на транспарце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАГЕНЕРА́ТАРНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль, газавы рухавік якога працуе на газе ад убудаванага газагенератара. У якасці паліва выкарыстоўваюцца драўляныя цуркі, буры і драўняны вугаль, паўкокс і інш. Прызначаны для эксплуатацыі ў раёнах, аддаленых ад месцаў вытв-сці вадкага паліва. У СССР распрацаваны ў 1923, серыйны выпуск (ЗІС-13) асвоены ў 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ І МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1870—1913 у г. Брэст. У 1879 былі 2 вагранкі, адлівалі чыгунныя вырабы. У 1908 працаваў конны рухавік (5 к.с.), у 1913 — газавы (12 к.с.), рамантавалі с.-г. машыны, рабілі чыгунныя адліўкі. Працавала да 78 чал. (1899). Выраблялі прадукцыі на суму да 12 тыс.руб. (1913).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАБАЛО́ННЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль, газавы рухавік якога працуе на сціснутым або звадкаваным гаручым газе. Балоны з газам устанаўліваюцца на аўтамабілі. Бываюць універсальныя (магчыма пераключэнне на бензін) і спецыяльныя (толькі на газе). Характарызуюцца меншым зносам рухавіка, большай эканамічнасцю, меншай таксічнасцю выхлапных газаў і інш. У СССР распрацаваны ў 1930-я г., прамысл. выпуск з 1939 (на звадкаваным газе з 1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ КА́ФЕЛЬНА-МАЁЛІКАВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1878—1914 у Віцебску. Меў газавы (1895) і паравы (1908) рухавікі. Вырабляў пячную тэракотавую, белаглазураваную і залачоную кафлю, маёліку (1913). Напярэдадні 1-й сусв. вайны адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў такога тыпу ў Расійскай імперыі, меў магазіны ў Варшаве, Пецярбургу, Казані, Саратаве, Растове і Мікалаеве. Працавала ад 12 (1895) да 118 (1913) рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗААНАЛІЗА́ТАР,
прылада для вызначэння якаснага і колькаснага складу газавай сумесі. Бываюць ручныя і аўтаматычныя; паказвальныя, самапісныя і сігналізавальныя; паводле прынцыпу дзеяння і віду аналізу — мех., акустычныя, цеплавыя, магн., эл.-хім., аптычныя, храматаграфічныя і інш. Выкарыстоўваюцца для кантролю тэхнал. працэсаў у металургічнай, хім., вугальнай прам-сці; у цепласілавой і атамнай энергетыцы; для вызначэння газавага складу паветра вытв. памяшканняў; у мед. практыцы і інш.Гл. таксама Газавы аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́Н (Dalén) Нільс Густаў
(30.11.1869, г. Стэнстарп, Швецыя — 9.12.1937),
шведскі інжынер і вынаходнік. Чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1913), Шведскай акадэміі навук і тэхнікі (1919). Скончыў Ін-т Чалмерса ў г. Гётэбарг (1896). Працаваў у шведскіх кампаніях (карбідна-ацэтыленавай, газавых акумулятараў). Даследаваў паветр. турбіны і помпы, кампрэсары. Распрацаваў газавы акумулятар, эфектыўную печ, вынайшаў аўтам. рэгулятар для крыніц святла на маяках і буях (запальвалі ацэтыленавае полымя з наступленнем цемнаты і гасілі на світанні). Нобелеўская прэмія 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГАЗАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1972—76 за 23 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобласці. Перапрацоўвае спадарожны газ з нафтавых радовішчаў Беларусі. З 1972 у ВА «Саюзнафтагазаперапрацоўка», з 1983 у ВА «Укрнафтагазаперапрацоўка», з 1987 у ВА «Беларусьнафта». У 1982 рэканструяваны. У 1995 пушчана 1-я чарга тэхнал. устаноўкі па вытв-сці вуглевадародных прапелентаў — заменнікаў фрэону. Асн. прадукцыя (1995): сухі газ, вадкія вуглевадародныя газы (прапан, прапан-бутанавая сумесь, бутан тэхнічны, стабільны газавы бензін).