рэзка матэрыялаў спальваннем іх струменем кіслароду. Награванне матэрыялаў да т-ры ўзгарання робіцца з дапамогай гаручых газаў (ацэтылену, прапану, пароў бензіну). Бывае ручная і машынная.
Для К.р. нізкалегіраваных, нізка- і сярэднявугляродзістых сталей, тытанавых сплаваў выкарыстоўваюць спец. ручныя або машынная разакі і гарэлкі зварачныя; для бетону, жалезабетону, вогнетрывалых матэрыялаў — кіслароднае кап’ё (стальную трубку, па якой прапускаюць кісларод); для хромістых сталей, чыгуну і медных сплаваў — К.р. з дабаўленнем флюсу (садзейнічае выдаленню тугаплаўкіх шлакаў, што ўтвараюцца пры рэзцы). Для К.р. пад вадой ужываюць трубчастыя (метал., вугальныя і інш.) электроды з унутр. каналам для падачы кіслароду. К.р. выкарыстоўваюць таксама для стругання, абточкі, зачысткі дэталей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл. таксама Цеплазабеспячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
арганізаваная падача і размеркаванне газавага паліва (прыродных, штучных і звадкаваных гаручых газаў) для патрэб бытавых, камунальных, прамысл. і с.-г. спажыўцоў. Да сістэмы газазабеспячэння адносяцца збудаванні і абсталяванне для здабычы прыродных і вытв-сці штучных гаручых газаў (гл.Газавая прамысловасць, Газіфікацыя паліва), іх ачысткі (гл.Газаачыстка), транспартавання (гл.Газаправод), захоўвання (гл.Газавае сховішча), размеркавання паміж спажыўцамі (гл.Газаразмеркавальная станцыя, Газарэгулятарны пункт).
Адрозніваюць газазабеспячэнне цэнтралізаванае, пры якім газ размяркоўваецца спажыўцам па гарадской газавай сетцы, і дэцэнтралізаванае (мясцовае) — ад мясц. газагенератарных установак або з выкарыстаннем ёмістасцей (цыстэрнаў, балонаў) са звадкаванымі газамі. Мясцовыя сістэмы шырока выкарыстоўваюць для газазабеспячэння жылых будынкаў і камунальна-бытавых прадпрыемстваў малых гарадоў і пасёлкаў. Звадкаваныя газы ад газабензінавых з-даў транспартуюць на газанапаўняльныя станцыі (ГНС) па прадуктаправодах, у чыг. цыстэрнах, а таксама рачнымі або марскімі суднамі (газавозамі). З ГНС газ дастаўляецца спажыўцам у балонах або аўтацыстэрнах. Асн. крыніцай газазабеспячэння Беларусі з’яўляецца імпарт гаручых газаў з Расіі. Рэспубліка мае развітую сетку магістральных газаправодаў, у ліку якіх трансеўрапейскія. Гл. таксама Газіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1870 кн. Ф.І.Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас. імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял.Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары нар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).