ІВА́КІН (Генадзь Пятровіч) (н. 26.12.1930, г. Бабруйск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Вучыўся ў Я.Чамадурава і П.Масленікава. Аформіў спектаклі «Босая птушка» М.​Волінай (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1966), «Два клёны» Я.​Шварца (Рэсп. т-р юнага гледача, 1968) і інш., інтэр’еры музея Я.​Коласа ў Мінску (1964—65), зрабіў эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў» (1967) і інш. Сярод жывапісных работ «Браслаў асенні», «Крыніцы» (абедзве 1990), «Свята светлага Вялікадня» (1995), «Жыровічы» (1997), нацюрморты.

Г.Івакін Эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў». 1967.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХТА́РАЎ (Хусейн Мухтаравіч) (н. 18.7.1938, с. Шарцюбе Джамбулскай вобл., Казахстан),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. Кіргізіі (1973). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1964). З 1964 саліст Кірг. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Манас Канурбай, Чынкота («Манас», «Айчурэк» У.​Уласава, А.​Малдыбаева, У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II, Аманасра і Рамфіс («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Першы выканаўца партый Важака («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава, 1965) і Васкова («Досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, 1973).

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЖЫЛКІ́ЕЎ (Булат Абдулаевіч) (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.​Уласава, А.​Малдыбаева і У.​Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта і «Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМ ((Palm) Маці-Іаханес) (н. 13.1.1942, Талін),

эстонскі спявак (высокі бас), педагог. Нар. арт. Эстоніі (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1968), з 1976 выкладае ў ёй. З 1969 саліст Нац. оперы «Эстонія». Валодае моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), кароль Рэне («Іаланта» П.​Чайкоўскага), Барыс Цімафеевіч («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча), Філіп II, Атыла («Дон Карлас», «Атыла» Дж.​Вердзі), Галандзец («Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Мефістофель («Мефістофель» А.​Бойта), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Асмін («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Ваха («Вікерцы» Э.​Аава), Мехіс («Агні помсты» Э.​Капа) і інш. Выступае як камерны спявак. Прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.​Віньяса Дордаля (Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 6.4.1943, в. Аркадыя Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас), педагог. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.​Асколкава). У 1969—83 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1983 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Творчую дзейнасць вызначалі голас вял. дыяпазону, майстэрства філіроўкі, здольнасць да сцэн. пераўвасаблення. Сярод партый у операх нац. рэпертуару: Чапля («Андрэй Касценя» М.​Аладава), бацька Максіма («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Інквізітар («Джардана Бруна» С.​Картэса), у класічных: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Паскуале («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лепарэла, Бартала («Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1971).

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),

украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр. вак. школы. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.​Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.​Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.​Кікаць, Я.Чарванюк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Літ.:

И.​С.​Паторжинский. М., 1976.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.​Брытэна), Генерал («Гулец» С.​Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.​Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).

Літ.:

Шпиллер Н. А.​Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.

А.П.Огніўцаў.
А.Огніўцаў у ролі Барыса Гадунова.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́САЎ (Азад Зінатавіч) (н. 19.1.1925, г. Елабуга),

татарскі спявак (тэнар). Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 саліст Тат. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Джык, Джаліль, Цюляк («Алтынчэч», «Джаліль», «Цюляк» Н.​Жыганава).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),

балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар. арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно; «Мефістофель» А.​Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.​Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.​Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.

Літ.:

Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;

Бикс Р. Н.​Гяуров в големия театър на идеите. София, 1985.

Н.Гяураў у ролі Барыса Гадунова.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗАЙЦІ́ТЭ ((Ambrazaityte) Ніёле Вінцаўна) (н. 21.2.1939, в. Буракай Лаздзійскага р-на, Літва),

літоўская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Пасля сканчэння Вільнюскай кансерваторыі (1966) салістка Літ. т-ра оперы і балета. Спявачка высокай вак. і сцэнічнай культуры. Сярод партый: Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Мірта («Піленай» В.​Кловы). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Дж.​Энеску (Бухарэст, 1970).

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)