Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНАЕ ПАВЕ́ТРА,
экватарыяльныя паветраныя масы, якія ўтвараюцца ў зоне экватара або рухаюцца ад яго. Маюць высокую т-ру, вільготнасць, няўстойлівыя. Перамяшчэнне іх у больш высокія трапічныя шыроты суправаджаецца моцнымі ліўнямі, асабліва ў час пераходу з акіяна на сушу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́МЕТР (ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс.вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТРО́Н (ад клімат + грэч. thronos месцазнаходжанне),
купалападобнае ці інш. формы збудаванне з празрыстых матэрыялаў, у якім штучна ўтвараюцца ўмовы (т-ра, вільготнасць, асвятленне і інш.), блізкія да клімату розных геагр. зон. У адрозненне ад фітатрона ў К. вырошчваюць раслінныя згуртаванні, характэрныя для адпаведнага месцапражывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ АХАЛО́ДЖВАННЕ,
паніжэнне т-ры зямной паверхні ў выніку прамянёвага цеплаабмену пры адмоўным радыяцыйным балансе. Назіраецца звычайна ў малавоблачныя ночы, калі выпрамяненне Зямлі значна большае за атмасфернае выпрамяненне на зямную паверхню. Р.а. спрыяе нізкая вільготнасць паветра, адсутнасць або невял. скорасць ветру, малая цеплаправоднасць глебы. З’яўляецца асн. прычынай утварэння замаразкаў і радыяцыйных туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛЬМАТЭ́КА (ад фільм + грэч. thekē сховішча),
установа або аддзел кінастудыі, дзе збіраюць і захоўваюць фільмы, а таксама зыходныя матэрыялы для іх стварэння (негатывы, пазітывы, сцэнарыі, рэцэнзіі і інш.); збор кінатвораў. Праводзіць іх сістэматызацыю, вывучэнне і рэстаўрацыю. Усе матэрыялы Ф. размяшчаюцца ў фільмасховішчах, дзе падтрымліваюцца строга вызначаныя т-ра і вільготнасць паветра. На Беларусі буйнейшая Ф. — Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупнасць умоў неарган. асяроддзя, якія ўплываюць на арганізмы і іх згуртаванні. Падзяляюцца на хімічныя (хім. састаў атмасферы, марскіх і прэсных водаў, глебы або донных адкладаў) і фізічныя — кліматычныя (т-ра, вільготнасць, бараметрычны ціск, вецер, цячэнні, радыяцыйны рэжым, колькасць ападкаў, ступень асветленасці і інш.). Фарміруюць умовы пражывання чалавека, жывёл, раслін і мікраарганізмаў, вызначаюць занальнасць пашырэння, уплываюць на біял. рытмы, дынаміку іх колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАВЕ́Й,
гарачы і сухі вецер, характэрны для надвор’я антыцыкланальнага тыпу; адзначаецца пераважна ў стэпах, паўпустынях і пустынях. Часцей назіраецца летам на перыферыі антыцыклону. Скорасць ветру 5—20 м/с, т-ра паветра 20—25 °C, адносная вільготнасць менш за 30%, працягваецца звычайна некалькі сутак. Можа выклікаць засуху. Характэрны для Сярэдняй Азіі, Прыкаспійскай нізіны. У інш. рэгіёнах падобныя вятры наз.хамсін, сірока, харматан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎНІК,
памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З. наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.