КАБАКО́ВА (дзявочае Бязніцкая) Ларыса Віктараўна

(н. 11.7.1953, в. Вугалеўшчына Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Скончыла Рэсп. школу трэнераў (1976). Засл. майстар спорту СССР (1973). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Чэмпіёнка свету і Еўропы ў веславанні на байдарцы-чацвёрцы (1973, г. Тамперэ, Фінляндыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1974, Мехіка), чэмпіянату свету і Еўропы (1975, Бялград) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіёнка СССР (1972, 1974), Спартакіяды народаў СССР (1975) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. З 1973 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Да 1997 — трэнер па плаванні.

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ВЕНЬ (Надзея Віктараўна) (н. 16.10.1941, г. Новасібірск, Расія),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі. Д-р мед. н. (1993). Скончыла Новасібірскі мед. ін-т (1965). З 1981 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1987 заг. лабараторыі), адначасова з 1998 у Міжнар. ун-це імя А.​Дз.​Сахарава. Навук. працы па імунных механізмах рэгулявання арганізма, навук. асновах стварэння новых сродкаў імунахім. аналізу біярэгулятараў, метадалогіі іх выкарыстання ў практычнай медыцыне. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Специфические антитела в методах радиоиммунологического анализа // Мед. радиология. 1986. № 12;

Свободные легкие цепи иммуноглобулинов: Пробл. клинич. интерпретации их проявления в организме (разам з І.​П.​Вігдаровіч, Ю.​П.​Рэзнікавым) // Иммунология. 1990. № 4.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРА́ЦЬЕВА (Марына Віктараўна) (н, 1.2.1934, С.-Пецярбург),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). У 1952—80 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Вял. т-ра. З 1980 адначасова выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва, з 1987 педагог Маскоўскай дзярж. акадэміі харэаграфіі. Яе танец вылучаўся лёгкасцю і паэтычнасцю. Сярод партый: Папялушка, Джульета («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Шырын («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Ганна («Ганна Карэніна» Р.​Шчадрына), Дзяўчына-птушка («Шурале» Ф.​Яруліна), Муза («Паганіні» на муз. С.​Рахманінава).

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БРУСЬ (Тамара Віктараўна) (н. 2.10.1945, Мінск),

бел. гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1979). Скончыла БПІ (1968). Працавала ў Спец. навук. рэстаўрацыйна-вытв. майстэрнях, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1974—80). З 1980 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе манум. архітэктуру Беларусі 16—18 ст. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—2, 1987—88), зб-каў «Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці» (1984), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Помнікі культуры: Новыя адкрыцці» (1985), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя даследаванні» (1989) і інш.

Тв.:

О памятнике деревянного зодчества в Достоеве // Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980;

Манументальнае дойлідства // Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;

Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны. Мн., 1991.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДЗЮКО́ВА (Нона) (Наябрына) Віктараўна (н. 25.11.1925, станіца Канстанцінаўская Данецкай вобл., Украіна),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Стварыла вобразы сучасніц, глыбока нац. рус. характары. Гераіні М. — натуры душэўна шчодрыя, бескампрамісныя: Ульяна Громава («Маладая гвардыя», 1948, паводле А.​Фадзеева; Дзярж. прэмія СССР 1949), Сцеша («Чужая радня», 1956), Саша Патапава («Простая гісторыя», 1960), Доня Трубнікава («Старшыня», 1965), Фядосся Угрумава («Рускае поле», 1972), Матрона («Багна», 1978). Яркая камедыйнасць і вострахарактарнасць выявілася ў фільмах: «Жаніцьба Бальзамінава» (1965, паводле А.​Астроўскага), «Брыльянтавая рука» (1969), «Радня» (1982). З інш. фільмаў: «Камісар» (1967, вып. 1988), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, паводле М.​Шолахава; Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Вакзал для дваіх» (1983), «Забароненая зона» (1988), «Мама» (1999). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1973.

Н.В.Мардзюкова.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж. т-ра муз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.​Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.​Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Джулія («Джулія» У.​Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.​Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.​Германа) і інш.

Літ.:

Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;

Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.

А.​Я.​Ракава.

Н.В.Гайда.
Н.Гайда ў ролі Агнесы.
Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)