форма існавання матэрыі, якая выражае паслядоўнасць змены станаў аб’ектаў, з’яў і працэсаў рэчаіснасці, працягласць іх існавання. Непарыўна звязаны з рухам матэрыі. Універсальныя ўласцівасці Ч. — працягласць, непаўтаральнасць, неабарачальнасць; фіз. тэорыя прасторы і Ч. — адноснасці тэорыя (гл. таксама Прастора і час у фізіцы).
Вымярэнне Ч. заснавана на назіранні перыядычна паўтаральных астр. і фіз. з’яў. Для злічэння вял. інтэрвалаў Ч. здаўна карыстаюцца працягласцю перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца (сідэрычны, або зорны год; трапічны, або сонечны год і інш.), Месяца вакол Зямлі (сінадычны месяц, сідэрычны месяц, трапічны і каляндарны месяц), Зямлі вакол уласнай восі (зорныя і сонечныя суткі). Гэтыя з’явы пакладзены ў аснову розных сістэм злічэння Ч. — календароў. Асн. адзінкі Ч. ў астраноміі — трапічны год (роўны 365,2422 сут) і зорныя суткі. Сутачнае вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі адносна нерухомых зорак вызначае зорны час (24 зорныя гадзіны, роўныя 23 гадз 56 мін 4,091 с сярэдняга сонечнага Ч.). На практыцы карыстаюцца сонечным Ч., які вызначаецца па змене гадзіннага вугла Сонца. Ён бывае сапраўдны і сярэдні (у залежнасці ад таго, па сапраўдным ці сярэднім Сонцы робіцца адлік Ч.). Рознасць паміж сярэднім і сапраўдным сонечным Ч. наз.ўраўненнем часу. У 1950 уведзены раўнамерны эфемерыдны час, звязаны з трапічным годам. Кульмінацыі Сонца і пункта веснавога раўнадзенства, па якіх вызначаюцца сонечныя і зорныя суткі, на розных мерыдыянах адбываюцца неадначасова. Так вызначаны для зададзенай даўгаты Ч. наз.мясцовым часам. Мясцовы сярэдні сонечны Ч. Грынвіцкага мерыдыянаназ.сусветным часам. Для зручнасці ў большасці краін прынята сістэма паяснога часу. Ч. нулявога пояса наз. заходнееўрапейскім або сусветным, 1-га пояса — сярэднееўрапейскім, 2-га — усходнееўрапейскім. У Расіі Ч. 2-га гадзіннага пояса наз.маскоўскім. З улікам дэкрэтнага часу (у СССР уведзены ў чэрвені 1930, адменены ў лютым 1991, адноўлены ў Расіі ў кастр. 1991) маскоўскі Ч. апераджае сусветны на 3 гадз. Тэр. Беларусі ўваходзіць у 2-і пояс, таму беларускі Ч. ідзе на 2 гадз раней за сусветны і на 1 гадз пазней за маскоўскі. У шэрагу краін, у т. л. на Беларусі, на летні перыяд уводзяць летні час, які апераджае паясны на 1 гадз. Для гэтага ў апошнюю нядзелю сакавіка паказанні гадзіннікаў пераводзяць на 1 гадз уперад, у кастрычніку — на 1 гадз назад.
Для адліку больш дробных інтэрвалаў Ч. суткі здаўна дзялілі на гадзіны (светлую іх частку — на 12 дзённых гадзін, цёмную — на 12 начных, розных па працягласці). Пазней уведзены падзел сутак на 24 роўныя гадзіны, гадзін — на мінуты. Асн. адзінка Ч. ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ) — секунда. Перыяд Ч. тыдзень — адвольны, роўны 7 сут (прыблізна адпавядае чвэрці сінадычнага месяца), штучна ўтвораны ў краінах Стараж. Усходу на рэлігійна-астралаг. аснове.
У глыбокай старажытнасці не існавала ні храналагічнай эры як пэўнай сістэмы адліку гадоў, ні эпохі як яе пачатковага пункта. Адлік гадоў вялі па датах значных падзей ці праўленняў цароў, для чаго вялі іх спісы. У некат. выпадках падзеі прывязвалі да астр. з’яў (напр., сонечных зацьменняў), што дазваляе больш дакладна датаваць падзеі стараж. гісторыі. Падлік Ч. (летазлічэнне) пачаўся з развіццём жывёлагадоўлі, земляробства, мараплаўства. Качавыя народы, якія займаліся жывёлагадоўляй, карысталіся месяцавымі календарамі, у якіх працягласць абарачэння Месяца вакол Зямлі звязвалася са зменай фаз Месяца. З пераходам да земляробства часцей карысталіся сонечнымі календарамі, у якіх прыблізна ўзгадняліся суткі і год, а таксама месяцава-сонечнымі, у якіх рух Сонца ўзгадняўся са зменай фаз Месяца. Месяцавым календаром пачалі карыстацца ў цывілізацыях Месапатаміі, Стараж. Егіпце, Кітаі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце ён заменены на сонечны, у 6 ст. да н.э. ў Кітаі — на месяцава-сонечны. Іудзейскі месяцавы каляндар набыў пашырэнне з 9 ст. да н.э., у 4 ст. да н.э. ён заменены на месяцава-сонечны. У 593 да н.э. ў Афінах Салон увёў каляндар вавілонскага тыпу, у якім было 5 звычайных гадоў па 12 мес і 3 падоўжаныя гады па 13 мес. У 432 да н.э. астраном Метон устанавіў, што ў 19 сонечных гадах змяшчаецца 235 сінадычных месяцаў і што праз гэты перыяд розныя фазы Месяца зноў адбываюцца ў тыя ж дні сонечнага года. У выніку месяцава-сонечны каляндар грэкаў быў удакладнены. Летазлічэнне ў Стараж. Грэцыі вялі па гадах праўлення архонтаў-эпонімаў і па алімпіядах, што рэгулярна праводзіліся 1 раз у 4 гады (1-я алімпіяда адбылася ў 776 да н.э.); у Стараж. Рыме — ад даты заснавання Рыма (753 да н.э.). У пач. 6 ст. да н.э. рымляне перайшлі ад месяцавага да месяцава-сонечнага календара, у 46 г. да н.э. ўвялі сонечны юліянскі каляндар (стары стыль, распрацаваны александрыйскімі астраномамі на чале з Сазігенам, адлік па ім пачаўся з 1 студзеня 45 г. да н.э.). У 2 ст.н.э. К.Пталамей увязаў грэка-рымскую храналогію з вавілонскай. У 525 італьян. манах Дыянісій Малы распрацаваў новае летазлічэнне — ад дня нараджэння Хрыста (25 снеж. 753 г. ад заснавання Рыма), якое з 532 пачало выкарыстоўвацца ў Рыме, з 8 ст. ў Францыі і інш. краінах. У сярэдневякоўі гэтае злічэнне суіснавала з раней прынятымі ў розных краінах злічэннямі «ад стварэння свету». На аснове біблейскіх паданняў правасл. царква ў 7 ст. прыняла за дату адліку 5508 г. да н.э. (візантыйская эра), англіканская — 4004 г. да н.э., іудзейская — 3761 г. да н.э. Пераход на злічэнне «ад нараджэння Хрыстова» (на юліянскі каляндар) у Расіі ажыццявіў Пётр I (замест 1 студз. 7208 г. візантыйскай эры ўведзена 1 студз. 1700 г.). Больш дакладны грыгарыянскі каляндар (новы стыль), прыняты ў 1582 (выдадзена спец. була рымскага папы Грыгорыя XIII). На яго перайшла большасць каталіцкіх краін, з пач. 18 ст. — пратэстанцкія, у 1752 Вялікабрытанія, у 1918 Расія (пасля 31 студзеня лічылася не 1, а 14 лютага). Да сярэдзіны 20 ст. грыгарыянскім календаром пачала карыстацца большасць краін свету. Для пераводу юліянскіх дат на новы стыль дадаюцца папраўкі (у сутках): з 5 кастрычніка 1582 па 29 лютага 1700—10, з 1 сакавіка 1700 па 29 лютага 1800—11, з 1 сакавіка 1800 па 29 лютага 1900—12, з 1 сакавіка 1900 па 29 лютага 2100—13. У краінах ісламу выкарыстоўваецца месяцавы мусульманскі каляндар, за пачатак якога прыняты 622 г. — год хіджры (перасялення Мухамеда з Меккі ў Медыну) Існуюць таксама будыйская эра (яе пачатак ад 950 г. да н.э.), кітайская цыклавая эра (ад 2637 г. да н.э.), індыйская каліюга — «жалезнага веку» (ад 3102 г. да н.э.) і інш.
На бел. землях сістэма злічэння Ч. па юліянскім календары выкарыстоўвалася з 13 ст. У 1582 ВКЛ перайшло на зах.-еўрап. грыгарыянскі каляндар. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі зноў уведзены (з 1800) юліянскі каляндар (больш падрабязна гл. ў арт.Храналогія).
Першай прыладай вымярэння Ч. (з 3500 г. да н.э.) быў сонечны гадзіннік. Па гноманах вызначалі Ч. дня і пары года. Прамежкі Ч. вымяралі вадзянымі, агнявымі і пясочнымі гадзіннікамі. З 14 ст. ў Еўропе пашырыліся мех.гадзіннікі з гірамі, з 16 ст. — спружынныя, з 17 ст. — маятнікавыя, з 1840 — з эл. батарэямі (удасканалены ў 1906). У 1929 з’явіліся першыя кварцавыя гадзіннікі, у 1948 — квантавыя гадзіннікі. Прыладамі-лічыльнікамі Ч. з’яўляюцца таксама хранометры, секундамеры, таймеры, рэле часу і камбінаваныя прылады. Вызначэннем і захоўваннем дакладнага Ч. займаецца служба часу.
Літ.:
Константинов А.И., Флеер А.Г. Время. М., 1971;
Селешников С.И. История календаря и хронология. 3 изд. М., 1977;
Время и частота: Пер. с англ.М., 1973;
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Буткевич А.В., Зеликсон М.С. Вечные календари. 2 изд. М., 1984;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНІ́С, Туніская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя ат-Тунісія),
дзяржава ў Паўн. Афрыцы. Мяжуе на З з Алжырам, на ПдУ — з Лівіяй; на Пн і У абмываецца Міжземным м.Пл. 163,6 тыс.км². Нас. 9593 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Туніс. Падзяляецца на 20 вілаетаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 сак.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1959 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым і тайным галасаваннем на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Палата дэпутатаў (аднапалатны парламент, 163 дэпутаты), якая выбіраецца на 5 гадоў.
Прырода. Пераважае раўнінны рэльеф. Каля 30% тэр. занята гарамі Атласа і міжгорнымі плато. Найвыш. пункт — г. Шамбі (1544 м). На Пд ад гор — Туніская нізіна і Туніскі Сахель (ускраіна Сахары). Ёсць радовішчы нафты (690 млн.т) і прыроднага газу (460 млрд.м³), фасфарытаў (1,2 млрд.т), жал. і марганцавых руд, барыту, флюарыту, каменнай солі і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. На Пн сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 26 °C; на Пд адпаведна 21 °C і 35 °C. Ападкаў за год ад 600—1000 мм на Пн у гарах да 150—200 мм на Пд. Гал. рака Меджэрда. На раўнінах пераважае травяністая расліннасць сухіх стэпаў, паўпустынь і пустынь з палынамі і ксерафітнымі злакамі, у гарах месцамі лясы (4% пл. краіны) з коркавага і каменнага дуба, альпійскай хвоі, у аазісах — фінікавая пальма, аліўкавыя дрэвы, сады. Для жывёльнага свету характэрны дробныя драпежнікі (шакал, дзікі кот, фенек), грызуны. Шмат пералётных птушак, змей. Нац. паркі — Ашкёль, Бу-Хедма, ёсць лясныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 97% — арабы і блізкія да іх берберы. Жывуць таксама арабы з суседніх краін, французы, італьянцы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост — 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 58,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены паўн. і паўн.-ўсх. часткі ўзбярэжжа і в-аў Джэрба. Гар. насельніцтва 63% (2000). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Туніс — каля 1000, Сфакс — 266, Сус — 172, Кайруан — 116. У сельскай гаспадарцы занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 23%, у сферы паслуг — 52%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Найб.стараж. насельніцтва Т. (з вядомых) — плямёны бербераў. У 9 ст. да н.э. фінікійцы заснавалі тут г.Карфаген, які стаў цэнтрам вял. міжземнаморскай дзяржавы. У 146 да н.э. Карфаген зруйнаваны рымлянамі, яго землі ўключаны ў склад рым. правінцыі Афрыка. Пры імператару Аўгусце Карфаген адбудаваны (з 29 да н.э.), а прав. Афрыка ў 1-я ст.н.э. адыгрывала важную ролю ў жыцці Рым. імперыі. У 439 н.э. ўладу над тэр. Т. ўсталявалі вандалы, у 533 — візантыйцы. У сярэдзіне 7 ст. тут з’явіліся арабы, якія заснавалі ў 670 г. Кайруан — базу для далейшага заваявання Магрыба, а ў 698 авалодалі Карфагенам. З прыходам арабаў пашырыўся іслам і адбылася арабізацыя мясц. насельніцтва. Т. уваходзіў у склад халіфатаў Амеядаў і Абасідаў. З 800 тут умацавалася фактычна незалежная дынастыя Аглабідаў. У 10—16 ст.тэр. Т. пад уладай Фатымідаў, Альмахадаў і Хафсідаў. У 1535 Карфаген захоплены іспанцамі; у 1573 іх выгналі туркі і ператварылі Т. у правінцыю Асманскай імперыі. У 1704 тур. губернатар (бей) Хусейн бен Алі абвясціў сябе спадчынным правіцелем Т.; дынастыя яго нашчадкаў Хусейнідаў правіла тут да 1957. У 1881 Францыя акупіравала Т. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. З пач. 20 ст. пачаў фарміравацца нац.-вызв. рух, у 1907 створана партыя младатунісцаў. Пасля 1-й сусв. вайны створана партыя Дустур (Канстытуцыйная партыя), у 1934 — Новы Дустур (НД) на чале з Х.Бургібам. НД узначаліў барацьбу за незалежнасць краіны. 3.6.1955 Т. атрымаў унутр. самакіраванне, 20.3.1956 абвешчана незалежнасць Т.
25.7.1957 парламент выказаўся за скасаванне манархіі і абвясціў Т. рэспублікай; яе 1-м прэзідэнтам стаў Бургіба. У 1964 НД рэарганізаваны ў Сацыяліст. дустураўскую партыю (СДП, з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). Урад СДП ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду, але пры цесным узаемадзеянні з інш.араб. краінамі. Пасля падпісання Егіптам Кэмп-дэвідскіх пагадненняў 1978 у Т. перанесена (да 1990) штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў. У 1975 Бургіба абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. Адначасова з пач. 1980-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, побач з СДП дазволены інш.паліт. партыі. У ліст. 1987 Бургіба адхілены ад улады. Прэзідэнтам Т. стаў (перавыбраны ў 1989 і 1994) прэм’ер-міністр Зін аль-Абідзін Бен Алі, які рабіў захады па дэмакратызацыі сістэмы кіравання краінай, у 1999 перамог на Першых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне, Рух дэмакратаў-сацыялістаў. Партыя нар. адзінства, Рух аднаўлення і інш. Адзінае прафс. аб’яднанне — Усеагульнае туніскае аб’яднанне працы. Т. — чл.ААН (з 1956), Лігі араб. дзяржаў, Афр. саюза, Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў студз. 1997.
Гаспадарка. Т. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, пераважна аграрная, з адносна развітой прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6360 дол. за год (2000). 28% яго дае прам-сць, 13% — сельская гаспадарка, 59% — сфера паслуг. Вядучая галіна прам-сці горназдабыўная. Здабываюць нафту (каля 4 млн.т штогод, пераважна на Пд), фасфарыты (8,3 млн.т), жал. руду (183,3 тыс.т) і інш. У 1999 вытв-сць электраэнергіі склала 9,5 млрд.кВт∙гадз. 99,5% атрымліваюць на ЦЭС, 0,5% — на ГЭС на р. Меджэрда. Апрацоўчая прам-сць канцэнтруецца на ПнУ. Хім.прам-сць заснавана на выкарыстанні фасфарытаў. З-ды па вытв-сці суперфасфатаў і сернай кіслаты ў Сфаксе, Ганушы, Джэбель-Джэмлудзе; па вытв-сці фосфарнай кіслаты, амафосу, аміячнай салетры і фторыстага амонію — у раёне Габеса. Развіта металургічная (г. Туніс) і нафтаперапр. (г. Бізерта) прам-сць. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць аўтакараў, грузавых аўтамашын, тэлевізараў, халадзільнікаў; у прам-сці буд. матэрыялаў — вытв-сць цэменту (каля 5,6 млн.т штогод), вапны, гіпсу. Ёсць прадпрыемствы тэкст. і гарбарна-абутковай прам-сці. Вытв-сць абутку 61 млн. пар (2000). Харч.прам-сць працуе на ўнутр. рынак. У 2000 атрымана: пастэрызаванага малака 3243 тыс. гекталітраў, мукі 745 тыс.т, аліўкавага алею 225 тыс.т, віна 400 тыс. гекталітраў, піва 1065 тыс. гекталітраў, тытуню 12,8 тыс.т. У г. Касерын дзейнічае з-д па перапрацоўцы травы альфа. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, керамікі і інш. Сельская гаспадарка на 80% забяспечвае краіну прадуктамі харчавання, 90% с.-г. угоддзяў належыць прыватнаму сектару. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваецца каля 8,1 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі каля 2 млн.га, пад пашай каля 3,1 млн.га. Вырошчваюць (2000, тыс.т): пшаніцу — 842, ячмень — 241, памідоры — 950, бахчавыя культуры — 345, бульбу — 290, перац — 207, бабовыя — 42, цукр. буракі — 20,7, тытунь і інш. Са шматгадовых культур найб. значэнне маюць (2000, тыс.т): аліўкі — 1125, цытрусавыя — 225,5, вінаград — 125, фінікі — 105. Збор дзікарослай і вырошчванне акультуранай травы альфа — 50,6 тыс.т, нарыхтоўка кары коркавага дубу — 6,5 тыс.т (2000). Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, мае экстэнсіўны характар, выкарыстоўвае абшары паўпустынь і сухіх стэпаў. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 0,8, авечак — 6,6, коз — 1,3. Гадуюць таксама коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—37 млн. курэй). Развіта марское рыбалоўства (у 2000 вылаўлена 51,4 тыс.т рыбы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (2000, тыс.км): чыгункі — 1,8, аўтадарог — 33. Сетка нафта- і газаправодаў. Асн. марскія парты: г. Туніс з аванпортам Хальк-эль-Уэд, Сфакс, Бізерта, Габес, Сус. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Туніс, Манастыр, Таўзар, на в-ве Джэрба. У 1999 экспарт склаў 5,8 млрд.дол., імпарт — 8,3 млрд.дол. Т. экспартуе нафту, тэкстыль, фасфаты, сельгаспрадукцыю, імпартуе абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары, збожжа. Асн. партнёрамі з’яўляюцца члены ЕС (70% імпарту і 75% экспарту), асабліва Францыя, Італія, Германія, Іспанія, Бельгія. Т. — адна з развітых турысцкіх краін Міжземнамор’я. Штогод яе наведвае больш за 4 млн. замежных турыстаў. Турызм прыносіць штогод каля 1,5 млрд.дол. даходу. Грашовая адзінка — туніскі дынар.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі на тэр. Т. адносяцца да каспійскай культуры, эпохі палеаліту: наскальныя выявы жывёл, людзей і сцэн палявання. Вядомы неалітычныя дальмены, кераміка і пасудзіны са шкарлупіны страусавых яек з прадрапаным узорам. У 1-м тыс. да н.э. аўтахтонныя лівійскія плямёны жылі ў каменных прамавугольных жытлах (гурбі), разборных авальных хацінах (мапалія) з галін і цыновак, невял. крэпасцях. З 12 ст. да н.э. паслядоўна змяняліся маст. культуры: пунічная (маўзалей Атэбана ў г. Дуга, некропалі, надмагільныя стэлы, тэракотавыя статуэткі, шкляны посуд), рым. (рэшткі рэгулярна спланаваных гарадоў з форумамі, храмамі, тэатрамі, трыумфальнымі аркамі), візантыйская. У рым. і візант. перыяд росквіту дасягнула мастацтва мазаікі. З пашырэннем ісламу (7 ст.) развівалася араб. культура. Архітэктура фарміравалася на аснове спалучэння традыцый Б.Усходу і рым. дойлідства, пабудовы вылучаліся цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Вакол умацаваных рабатаў (замкаў) будаваліся гарады, абнесеныя магутнымі сценамі з цытадэллю-касбай, мячэцямі (Сіды Окба ў Кайруане), квадратнымі ў плане мінарэтамі. Палацы ўпрыгожвалі разьбой па стука, падлогавай мазаікай і геам. ўзорамі. У 11—15 ст. склалася адна са школ маўрытанскага стылю. У 16—19 ст. мастацтва Т. развівалася пад уплывам тур. і часткова зах.-еўрап. культур. Дэкар.-прыкладному мастацтву сярэдневяковага Т. ўласцівы разьба па стука, выраб маст. керамікі і шкла, строгіх па форме ювелірных упрыгожанняў, дываноў, зброі, інкруставанай серабром і золатам. Нар. жыллё — пераважна дамы з унутр. дварамі, плоскім бэлечным дахам або каменнымі скляпеннямі, на Пд — выкапаныя ў грунце памяшканні вакол дворыка; існуюць і пабудаваныя пад зямлёй мячэці. З 19 ст. да 1950-х г. будаўніцтва вялі пераважна франц. архітэктары (Б.Зерфюс і інш.), мастацтва было прадстаўлена творчасцю еўрап. жывапісцаў і графікаў. Ажыццяўляліся міжнар.арх. праекты: комплекс універсітэтаў у Тунісе (1966, арх. Зерфюс, В.Гропіус), Алімпійскі комплекс (1960-я г., арх. Н.Паскалеў). Сярод мастакоў-тунісцаў: Б.Дахак, Х. аль-Мекі, Х.Сельмі, З.Туркі, Я.Туркі, А.Фархат; архітэктараў — Х.Амара, О.К.Какуб і інш. Развіваецца стандартная еўрап. забудова гарадоў. Асн. віды сучаснага дэкар.-прыкладнога мастацтва — дыванаткацтва, вышыўка, пляценне карункаў, ювелірная справа, кераміка, чаканка і інкрустацыя па метале.
Літ.:
Дашкевич В.К. Из истории национально-освободительной борьбы тунисского народа. Мн., 1960;
Иванов Н.А. Кризис французского протектората в Тунисе, 1918—1939 гг.М., 1971;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев. 1982.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Туніса.Краявід на паўночным узбярэжжы Туніса.Да арт.Туніс. Вялікая мячэць у г. Кайруан.Туніс. Стары горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік), дойлідства,
мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад у сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал у Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗАНТЫ́Я, Візантыйская імперыя,
дзяржава ў 4 — сярэдзіне 15 ст., якая ўзнікла ў выніку распаду Рымскай імперыі ў яе ўсх. частцы. Сталіца — г.Канстанцінопаль. У перыяд найвышэйшага росквіту займала тэр. Балканскага п-ва, М. Азіі, Сірыі, Палесціны, Егіпта, Італіі, астравоў Міжземнага м., Паўн. Афрыкі, ч. Пірэнейскага п-ва, Закаўказзя, Крыма. У 3 ст. пачалося адасабленне ўсх. частак Рымскай імперыі, якія вызначаліся высокім узроўнем развіцця эканомікі і дзе крызіс рабаўладальніцкай гаспадаркі меў менш вострыя формы. Напады варвараў, сац. рухі і ўнутр. міжусобіцы ў зах.ч. Рымскай імперыі пагражалі існаванню ўсёй дзяржавы. Гэта прымусіла імператара Канстанціна І [324—337] перанесці паліт. цэнтр імперыі на Усход. Прыняцце ім хрысціянства паспрыяла перамяшчэнню сюды і цэнтра ідэйнага жыцця. Новая сталіца імперыі, Канстанцінопаль, была засн. на месцы стараж. мегарскай калоніі Візантый (адсюль пазнейшая назва імперыі). Доўгі час сталіца імперыі наз. Новым Рымам. Самі візантыйцы называлі сябе рымлянамі (па-грэчаску рамеямі), а імперыю — рамейскай. Візант. імператары наз. васілеўсамі («царамі») рамеяў. Канчатковы падзел Рымскай імперыі адбыўся ў 395, пасля смерці апошняга імператара адзінай рымскай дзяржавы Феадосія I. Імператарам Усх. (Візант.) імперыі стаў Аркадзій [395—408], Зах. — яго брат Ганорый [396—423]. На тэр. Візантыі жылі грэкі, сірыйцы, копты, армяне, грузіны, яўрэі, элінізаваныя малаазійскія плямёны, фракійцы, ілірыйцы, дакі, готы, славяне, арабы, печанегі, полаўцы і інш.Гал. роля ў эканоміцы, паліт. жыцці і культуры Візантыі належала грэч. насельніцтву. Дзярж. мова імперыі ў 4—6 ст. лацінская, з 7 ст. грэчаская.
Ранні перыяд у гісторыі Візантыі (4 — сярэдзіна 7 ст.) характарызаваўся разлажэннем рабаўладальніцкага ладу і пачаткам фарміравання феадалізму. Асаблівасці аграрных адносін у ранняй Візантыі — захаванне значнай колькасці свабоднага сялянства, шырокае распаўсюджанне каланата і доўгатэрміновай арэнды, больш інтэнсіўная, чым на Захадзе, раздача рабам участкаў зямлі на правах пекулія. У 7 ст. праца калонаў і рабоў у буйных памесцях стала выцясняцца працай вольных сялян — арандатараў. Гарады Візантыі 4—5 ст. у асноўным заставаліся ант. рабаўладальніцкімі полісамі, новыя гарады, што ўзніклі пасля 5 ст., былі ўжо гандлёва-рамеснымі і адм. цэнтрамі. Візантыя вяла ажыўлены гандаль з Індыяй, Цэйлонам, Кітаем, Іранам, Сярэдняй Азіяй, Аравіяй, Эфіопіяй, Брытаніяй, Скандынавіяй; доўгі час была гегемонам у гандлі з зах.-еўрап. дзяржавамі па Міжземным м. У 7 ст., калі гарады-полісы канчаткова заняпалі, цэнтр грамадскага жыцця перамясціўся ў вёску. У 4—5 ст. Візантыя была цэнтралізаванай ваен.-бюракратычнай манархіяй. Уся ўлада належала імператару (васілеўсу), дарадчым органам пры ім быў Сенат. Усё свабоднае насельніцтва падзялялася на саслоўі. Сур’ёзнай грамадскай сілай з 5 ст. сталі своеасаблівыя паліт. партыі — дзімы. Пануючай рэлігіяй Візантыі з 4 ст. стала хрысціянства. У 4—7 ст. тут выпрацавана хрысц. дагматыка, склалася царк. іерархія. З канца 4 ст. пачалі ўзнікаць манастыры. У выніку барацьбы розных плыняў у хрысціянстве (арыянства, нестарыянства і інш.) пануючым у Візантыі з 6 ст. стала праваслаўе (пры імператару Юстыніяне I). З 370-х г. імперыя пастаянна абаранялася ад нападаў варвараў, якія ў 400 ледзь не захапілі Канстанцінопаль; у 570—80-я г. яна адбіла націск остготаў. Пры імператару Юстыніяне І [527—565] Візантыя дасягнула апагея сваёй паліт. і ваен. магутнасці. Першыя гады яго праўлення адзначаны буйнымі нар. рухамі (паўстанне самарыцян у Палесціне 529—530, паўстанне «Ніка» 532 у Канстанцінопалі). Пры Юстыніяне праведзена кадыфікацыя грамадз. права, узмацнілася цэнтралізацыя дзяржавы, створана моцная армія, адбіты націск персаў на У, славян на Пн, ажыццёўлены значныя заваяванні на З. Пры пераемніках Юстыніяна ў Візантыі настаў перыяд заняпаду. У канцы 6 ст. выступленні нар. нізоў адбываліся ў Канстанцінопалі, хваля сял. паўстанняў пракацілася па Егіпце, не спыняліся масавыя рухі ва ўсх. правінцыях — пастаянных асяродках ерасей і сепаратызму. У пач. 7 ст. пагрозлівы характар набылі хваляванні ў візант. арміі. У часы імператара Фокі [602—610] унутр. смуты перараслі ў грамадз. вайну, якая ахапіла М. Азію, Сірыю, Палесціну, Егіпет. На рубяжы 6—7 ст. Візантыя страціла значную ч. сваіх уладанняў на Захадзе і Усходзе.
З сярэдзіны 7 ст. ў Візантыі інтэнсіўна развіваецца феадалізм. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў вёсках пераважалі свабодныя сял. абшчыны. Гарады па-ранейшаму былі ў заняпадзе. У 7—8 ст. важныя змены адбыліся ў адм. сістэме: дыяцэзы і правінцыі былі заменены ваен.-адм. акругамі — фемамі, уся ваен. і грамадз. ўлада ў якіх належала камандзіру фемнага войска — страцігу. Свабодныя сяляне-страціёты, якія складалі войска, залічваліся ўрадам у разрад спадчынных уладальнікаў зямельных участкаў. Фемны лад быў сведчаннем дэцэнтралізацыі дзяржавы. Разам з тым ён спрыяў умацаванню ваен. патэнцыялу імперыі ў часы Льва III [717—741 ] і Канстанціна V [741—775], дазволіў дамагчыся поспеху ў войнах з арабамі і балгарамі. У 8 — 1-й пал. 9 ст. ў Візантыі пачаўся шырокі рэліг.-паліт. рух — іканаборства. Яго ўзначалілі імператары Ісаўрыйскай дынастыі, якія імкнуліся ўзняць прэстыж цэнтр. улады і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства. У сярэдзіне 7 ст. ў Зах. Арменіі зарадзіўся нар.-ерэтычны рух паўлікіян, які з замкнёнай ерэтычнай секты перарос у 9 ст. ў масавы антыфеад. рух. Антыфеад. паўстанне Фамы Славяніна ў 821—825 ахапіла тэр. М. Азіі, ч. Фракіі і Македоніі. 2-я пал. 10 ст. — перыяд стварэння ў Візантыі цэнтралізаванай феад. манархіі з моцнай дзярж. уладай, разгалінаваным бюракратычным апаратам кіравання. Асн. формай эксплуатацыі сялянства стала цэнтралізаваная рэнта, якая спаганялася ў выглядзе шматлікіх падаткаў. Фарміраванне асн. інстытутаў феадалізму ў Візантыі завяршылася ў 11—12 ст. Сяляне ператварыліся ў феадальна-залежных людзей (парыкаў), свабодныя абшчыны захаваліся толькі на ўскрайках імперыі. Паступова пашырылася пронія (форма ўмоўнага феад. землеўладання). Урад раздаваў феадалам правы экскусіі (асобная форма імунітэту). З 2-й пал. 9 ст. пачаўся ўздым візант. гарадоў, якія набываюць рысы, характэрныя для гарадоў сярэдневяковага тыпу. Асн. фігурай у гар. рамеснай вытв-сці становіцца свабодны рамеснік, уладальнік невял. майстэрні. Візант. мараплаўства і гандаль, нягледзячы на канкурэнцыю арабаў і нарманаў, адыгрывалі гал. ролю ў бас. Міжземнага м.Візант. царква пры патрыярху Фоцію (858—867) стала адстойваць ідэю раўнапраўя духоўнай і свецкай улады, заклікала да інтэнсіўнай хрысціянізацыі суседніх народаў, спрабавала ўвесці праваслаўе ў Маравіі, правяла хрысціянізацыю Балгарыі. Паліт. і дагматычныя рознагалоссі паміж канстанцінопальскім патрыярхам і папскім прастолам прывялі ў 1054 да афіц. разрыву (схізмы) паміж усх. і зах. цэрквамі. Канчатковы падзел цэркваў адбыўся пасля 1204. Знешняя палітыка Візантыі пры імператарах Македонскай дынастыі (867—1056) характарызавалася пастаяннымі войнамі. Візантыя адваявала ў арабаў Верхнюю Месапатамію, ч. Сірыі і М. Азіі, Крыт, Кіпр, вярнула пад свой пратэктарат Грузію і Арменію, заваявала Балгарыю. Пасля асады Канстанцінопаля кіеўскім кн. Алегам (907) Візантыя вымушана была заключыць у 911 гандл. дагавор, які спрыяў развіццю гандл. сувязей Русі і Візантыі па шляху з «варагаў у грэкі». Русь дапамагла імператару Васілію II задушыць мяцеж Фокі Варды [987—989]. У 1030—80-я г. Візантыю скаланулі ўнутр. смуты, барацьба правінцыяльных феадалаў супраць сталічнай знаці і чыноўніцтва. Пагоршылася і знешнепаліт. яе становішча: у выніку разгрому візант. арміі войскамі сельджукаў у 1071 пры Манцыкерце Візантыя страціла Арменію і ч. М. Азіі; на працягу 11 ст. яна вымушана была адбіваць націск печанегаў; да 1071 нарманы заваявалі Паўн. Італію. Зацяжны крызіс завяршыўся кансалідацыяй усіх сіл імперыі вакол дынастыі Камнінаў (1081—1185). Яны ўмацавалі дзяржаву і армію, адваявалі ў сельджукаў амаль усё Малаазійскае ўзбярэжжа, часова падпарадкавалі Сербію і Венгрыю, змагаліся за гегемонію ў Італіі, прадухілілі канфлікты з удзельнікамі 1-га і 2-га крыжовых паходаў. Але ў 1176 візант. армія была разгромлена сельджукамі каля Мірыякефалона, у 1185 нарманы захапілі Дзірахій і Фесалонікі. На ўсіх сваіх межах Візантыя вымушана была перайсці да абароны. Выкарыстаўшы нар. паўстанне ў Канстанцінопалі (1181), да ўлады прыйшоў прадстаўнік бакавой галіны Камнінаў Андронік І [1183—85]. Але ваен. няўдачы, незадаволенасць гараджан, тэрор у адносінах да вышэйшай феад. знаці выклікалі новы мяцеж. Улада перайшла да дынастыі Ангелаў (1185—1204), праўленне якой азнаменавала заняпад унутр. і знешняй магутнасці Візантыі. Узмацніліся феад. раздробленасць, незалежнасць кіраўнікоў правінцый ад цэнтр. улады, заняпалі гарады, аслабелі армія і флот. Пачаўся распад імперыі: у 1187 адпала Балгарыя, у 1190 — Сербія; Венецыя выцясняла з Візантыі сваіх канкурэнтаў Геную і Пізу. У канцы 12 ст. абвастрыліся супярэчнасці паміж Візантыяй і Захадам: папства імкнулася падпарадкаваць візант. царкву рымскай курыі. Уплывовыя сілы на Захадзе дамагліся, каб 4-ы крыжовы паход (1202—04) быў накіраваны не на Палесціну і Сірыю, а ў Канстанцінопаль, які і быў захоплены 13.4.1204 войскамі крыжаносцаў на чале з Баніфацыем Манферацкім. Візант. імперыя часова перастала існаваць.
На заваяванай крыжаносцамі тэр. Візантыі была засн. Лацінская імперыя (1204—61). Лаціняне душылі ў Візантыі грэч. культуру, італьян. гандляры перашкаджалі адраджэнню візант. гарадоў. Супраціўленне мясц. насельніцтва не дазволіла крыжаносцам пашырыць сваю ўладу на Балканскі п-аў і М. Азію. Тут узніклі незалежныя грэч. дзяржавы Нікейская імперыя (1204—61), Трапезундская імперыя (1204—1461) і Эпірскае царства (1204—1337). У 1261 нікейскі імператар Міхаіл VIII Палеалог пры падтрымцы грэч. насельніцтва Лацінскай імперыі адваяваў Канстанцінопаль, аднавіў Візант. імперыю і засн. новую дынастыю Палеалогаў (1261—1453). Апошнія стагоддзі існавання некалі вял. імперыі азмрочаны значнымі стратамі тэрыторыі, нестабільнасцю эканомікі, бясконцымі феад. ўсобіцамі і ўзмацненнем тур. пагрозы. 29.5.1453 туркі-асманы на чале з султанам Мехмедам II Фатыхам пасля двухмесячнай асады захапілі і разрабавалі Канстанцінопаль. У 1460 заваёўнікі пакарылі Марэю, у 1461 — Трапезундскую імперыю.
Імперыя спыніла сваё існаванне, яе тэр. ўвайшла ў склад Асманскай імперыі.
Візантыйская культура. У гісторыі візант. цывілізацыі адметнае месца належыць візант. культуры — значнаму этапу еўрап. і сусв. культуры. У Візантыі існавала моўная і канфесійная супольнасць. Пры ўсёй шматэтнічнасці імперыі гал. яе этнічным ядром былі грэкі, у культ. жыцці дамінавала грэч. мова. У Візантыі панавала хрысц. рэлігія ў форме праваслаўя. Культуру Візантыі ад культур зах.-еўрап. краін адрознівала наяўнасць элементаў усх. цывілізацый, што рабіла яе сувязным звяном паміж Усходам і Захадам. Гал. тыпалагічныя асаблівасці візант. культуры: плённы сінтэз грэка-рым., усх. і зах. культур з перавагай першай, працяглае і ўстойлівае захаванне ант. традыцый, адрозненне правасл. рэлігіі ад каталіцкай, панаванне дзярж. дактрыны і дамінуючая роля Канстанцінопаля. Усё гэта спрыяла цэнтралізацыі візант. культуры, захаванню свецкай гар. культуры і адукаванасці. Візант. цывілізацыя зрабіла вял. ўплыў на развіццё культур многіх краін сярэдневяковай Еўропы (Паўд. Італія, Сіцылія, Далмацыя, дзяржавы Балканскага п-ва, Стараж. Русь, народы Закаўказзя, Паўн. Каўказа, Крыма). Гэта выявілася ў рэлігіі і філасофіі, грамадскай думцы і касмалогіі, пісьменнасці і адукацыі, паліт. ідэях і праве, ва ўсіх галінах мастацтва — л-ры і дойлідстве, жывапісе і музыцы.
Асвета. Захаваўшы традыцыі ант. адукаванасці, асвета ў Візантыі да 12 ст. знаходзілася на больш высокім узроўні, чым у інш. краінах Еўропы. Пач. адукацыю (навучанне чытаць і пісаць) тут атрымлівалі ў прыватных школах граматыстаў на працягу 2—3 гадоў. Да 7 ст.навуч. праграма грунтавалася пераважна на міфалогіі язычніцкіх рэлігій, пазней — на хрысц. Псалтыры. Сярэднюю адукацыю («энкікліяс педыа») атрымлівалі пад кіраўніцтвам настаўніка — граматыка або рытара па ант. дапаможніках. У праграму навучання ўваходзілі арфаграфія, грамат. нормы, вымаўленне, прынцыпы вершаскладання, красамоўства, часам — тахіяграфія (мастацтва скарочанага пісьма) і ўмельства складаць дакументы. Да вучэбных прадметаў адносілася і філасофія, пад якой разумеліся самыя розныя дысцыпліны (багаслоўе, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка, логіка, этыка, палітыка, эканоміка, вучэнне аб навакольнай прыродзе). У праграмы некат. школ уключалася гісторыя. У Візантыі былі манастырскія школы. У 4—6 ст. функцыянавалі вышэйшыя школы (у Афінах, Александрыі, Бейруце, Антыёхіі, Газе, Кесарыі Палесцінскай), што засталіся з эпохі антычнасці. Створаная ў 425 вышэйшая школа ў Канстанцінопалі (аўдыторый) паступова выцесніла астатнія вышэйшыя школы. Паводле легенды, будынак канстанцінопальскай школы ў 726 спалены імператарам Львом III разам з настаўнікамі і кнігамі. З сярэдзіны 9 ст. пачынаюцца спробы аднаўлення вышэйшай школы. Магнаўрская школа (у Канстанцінопалі), якой кіраваў Леў Матэматык, рыхтавала вышэйшых свецкіх і духоўных саноўнікаў. Яе праграма абмяжоўвалася прадметамі агульнаадук. цыкла. У сярэдзіне 11 ст. ў Канстанцінопалі адкрыты юрыд. і філас. школы, што рыхтавалі чыноўнікаў. У 12 ст. вышэйшая школа аддадзена пад апякунства царквы, на яе ўскладзена задача барацьбы з ерасямі. У канцы II ст. адкрыта Патрыяршая школа, у праграму якой уваходзіла тлумачэнне Свяшчэннага пісання і рытарычная падрыхтоўка. У школе, створанай у 12 ст. пры царкве св. Апосталаў у Канстанцінопалі, апрача традыц. прадметаў, выкладалі медыцыну. Пасля 1204 вышэйшая школа ў Візантыі спыніла сваё існаванне. Дзярж. школы ўсё больш выцясняліся школамі пры манастырах, дзе пасяліліся вучоныя.
Антычныя б-кі не перажылі ранневізант. перыяд.Александрыйская бібліятэка разбурана ў 391; публічная б-ка ў Канстанцінопалі (засн. каля 356) згарэла ў 475. Пра б-кі больш позніх часоў вядома мала. Існавалі б-кі імператара, патрыярха, манастыроў, вышэйшых школ і прыватных асоб.
Тэхніка. Візантыя атрымала ў спадчыну ант. тэхніку сельскай гаспадаркі (драўляны бясколавы плуг, малацільны волак, у які запрагалі жывёлу, штучнае арашэнне) і рамёствы, што дало магчымасць ёй да 12 ст. заставацца перадавой дзяржавай Еўропы ў манументальным буд-ве, суднабудаванні (з 9 ст. стаў выкарыстоўвацца косы ветразь), ювелірным, шаўкаткацкім рамёствах і інш. Аднак імкненне да захавання ант. традыцый запавольвала тэхн. прагрэс і выклікала адставанне (з 12 ст.) большасці візант. рамёстваў ад зах.-еўрапейскіх (выраб шкла, карабельнае рамяство, тэкст.вытв-сць).
Матэматыка і прыродазнаўчыя навукі. Візант. матэматыка 4—6 ст. зводзілася ў асноўным да тлумачэння і распаўсюджвання твораў ант. аўтараў (Эўкліда, Архімеда, Арыстоцеля і інш.). Даследаваліся задачы квадратуры круга і падваення куба. У некат. пытаннях візант. навука пайшла далей за антычную: Іаан Філапон (6 ст.) прыйшоў да высновы пра незалежнасць скорасці падзення цел ад іх масы; Анфімій з Тралаў прапанаваў новае тлумачэнне дзеяння запальных люстраў. Хуткае развіццё прыродазнаўчых навук пачалося з сярэдзіны 9 ст. і асабліва ў 13—14 ст. Вучоны-энцыклапедыст Леў Матэматык (9 ст.) упершыню выкарыстаў літары ў якасці алгебраічных сімвалаў. Даследчык твораў Дыяфанта Максім Плануд (13 ст.) напісаў «Арыфметыку на ўзор індыйцаў», выкарыстаўшы ў ёй арабскія лічбы, а яго вучань Мануіл Масхопулас даследаваў магічныя квадраты, карыстаючыся пры гэтым элементамі камбінаторнага аналізу. У 14 ст. Іаан Педыясім напісаў «Геаметрыю» і трактат аб падваенні куба, а Ісаак Аргір — «Геадэзію» і трактат аб здабыванні квадратных каранёў. Даследаванні па астраноміі грунтаваліся на традыцыях араб. і перс. вучоных, аб чым сведчыць зводная праца Феодара Мелітыяніта «Астраномія ў трох кнігах» (1361). У 14 ст. Нікіфар Грыгара прапаноўваў рэформу календара і прадказваў зацьменні Сонца. Астр. назіранні падпарадкоўваліся патрабаванням астралогіі, якая ў Візантыі была вельмі пашырана. У касмалогіі біблейскія ўяўленні спалучаліся з дасягненнямі эліністычнай навукі (уяўленне пра шарападобнасць Зямлі, элементы геліяцэнтрычнай сістэмы свету і інш.). Хімія давала практычныя навыкі для вырабу фарбавальнікаў, каляровай палівы, шкла і інш. У ранневізант. перыяд была пашырана алхімія, магчыма, з ёй звязана адно з буйнейшых вынаходстваў канца 7 ст. — т.зв. «грэчаскі агонь» (лёгкаўзгаральная сумесь нафты, салетры і інш., якая выкарыстоўвалася ў ваен. справе). У 4 ст. ўрач Арыбасій з Пергама стварыў мед. энцыклапедыю, урач Нікшба — падручнік па хірургіі, Сімяон Сіф склаў кнігу аб уласцівасцях ежы (11 ст.), Нікалай Мірэпс — дапаможнік па фармакалогіі (13 ст.). У Канстанцінопалі існавалі бальніцы са спец. аддзяленнямі (хірург. і інш.), а таксама мед. вучылішчы пры гэтых бальніцах. Пачатак геаграфіі ў Візантыі паклалі афіц. апісанні абласцей, гарадоў, царк. дыяцэзаў. Каля 535 Іерокл склаў «Сінекдэм» — апісанне 64 правінцый і 912 гарадоў, якое лягло ў аснову больш позніх геагр. твораў. Захаваліся апісанні падарожжаў купца Касмы Індыкаплова (6 ст.) у Аравію, Усх. Афрыку, на Цэйлон, Іаана Фокі (12 ст.) — у Палесціну, Андрэя Лівадзіна (14 ст.) — у Палесціну і Егіпет, Канана Ласкарыса (канец 14 або пач. 15 ст.) — у Германію, Скандынавію і Ісландыю. Візантыйцы ўмелі складаць геагр. карты.
Філасофія. Асн. ідэйныя крыніцы візант. філасофіі — Біблія і грэч. класічная філасофія (у асноўным Платон, Арыстоцель, стоікі). У 4—7 ст. у філасофіі панавалі 3 кірункі: неаплатанізм (Ямвліх, Юліян Адступнік, Прокл), што ва ўмовах крызісу ант. свету адстойваў уяўленне аб гарманічным адзінстве Сусвету; гностыка-маніхейскі дуалізм, які зыходзіў з уяўлення пра непрымірымы раскол Сусвету на царствы Дабра і Зла; хрысціянства. Асноўным у развіцці багаслоўя 4—7 ст. было сцвярджэнне вучэння аб Тройцы і богачалавецтве Хрыста. Прызнаючы існую розніцу паміж «зямным» і «нябесным», хрысціянства дапускала магчымасць звышнатуральнага (дзякуючы дапамозе богачалавека) пераадолення гэтага расколу (Афанасій Александрыйскі, Васілій Вялікі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі). У сферы касмалогіі паступова ўсталявалася біблейскае ўяўленне аб тварэнні. Антрапалогія (Немесій, Максім Спаведнік) зыходзіла з уяўлення аб чалавеку як цэнтры светабудовы і трактавала яго як мікракосм — мініяцюрны адбітак Сусвету. У этыцы цэнтр. месца займала праблема выратавання. Зазнаўшы моцны ўплыў неаплатанізму, філасофія, асабліва містыка (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт), зыходзіла з магчымасці не столькі карпаратыўнага (праз царкву), колькі індывідуальнага (праз асабістае «абожанне» — фіз. дасягненне чалавекам боскасці) выратавання. Працягваючы традыцыі александрыйскай школы (Клімент Александрыйскі, Арыген), філосафы прызнавалі важнасць ант.Культ. спадчыны.
Завяршэнне станаўлення візант. багаслоўя супадае з заняпадам гарадоў у 7 ст. Таму перад філас. думкай Візантыі паўстала задача не творчага развіцця, а захавання культ. каштоўнасцей ва ўмовах напружанай эканам. і паліт. сітуацыі. Іаан Дамаскін прынцыпам сваёй дзейнасці абвяшчаў кампілятыўнасць. Разам з тым ён імкнуўся да стварэння сістэм выкладання хрысц. веравучэння з уключэннем у праграму абвяржэння ерасей. Яго «Крыніца ведаў» — першая філас.-багаслоўская «сума», якая зрабіла вял. ўплыў на зах. схаластыку. Асн. ідэйныя дыскусіі 8—9 ст. спрэчкі іканаборцаў і іконапаклоннікаў былі працягам багаслоўскіх дыскусій 4—7 ст. Праціўнікі іканаборства (Іаан Дамаскін, Феодар Студыт) разглядалі абразы як матэрыяльныя вобразы нябеснага свету, як пасрэдніцкае звяно, што звязвае «верх» і «ніз». На 2-ю пал. 9—10 ст. прыпадае дзейнасць эрудытаў, якія імкнуліся адрадзіць антычнасць. З 11 ст.філас. барацьба набывае новыя рысы ў сувязі з зараджэннем візант. рацыяналізму. Паслядоўныя містыкі (Сімяон Багаслоў) супрацьпастаўлялі халоднай сістэме эмацыянальнае «зліццё» з бажаством; рацыяналісты знаходзілі ў багаслоўскай сістэме процілегласці. Міхаіл Псел паклаў пачатак новых адносін да ант. спадчыны як да цэласнай з’явы. Яго паслядоўнікі (Іаан Італ, Яўстрацій Нікейскі, Соцірых), апіраючыся на фармальную логіку, ставілі пад сумненне шэраг багаслоўскіх дактрын. Распад Візантыі пасля 1204 на шэраг дзяржаў выклікаў абвостранае адчуванне трагічнасці ўласнага становішча. 14 ст. — час новага ўздыму містыкі (ісіхазм — Грыгорый Сінаіт, Грыгорый Палама). Страціўшы надзею на захаванне сваёй дзяржавы, не верачы ў рэформы, ісіхасты абмяжоўвалі этыку рэліг. самаўдасканаленнем, распрацоўвалі фармальныя «псіхафізічныя» метады малітвы, якія адкрывалі шлях да «абожання». Адносіны да ант. традыцыі становяцца дваістымі: з аднаго боку, у аднаўленні стараж. інстытутаў бачылі апошнюю магчымасць ажыццяўлення рэформаў (Пліфан), з другога — веліч антычнасці спараджала пачуццё адчаю, уласнай творчай бездапаможнасці (Георгій Схаларый).
Гістарычная навука. У візант.гіст. навуцы 4 — сярэдзіне 7 ст. яшчэ захоўваліся ант. традыцыі, панаваў язычніцкі светапогляд. Вострая сац.-паліт. і ідэалаг. барацьба ў Візантыі ў гэты перыяд знайшла адлюстраванне ў творах гісторыкаў як свецкага (Аміян Марцэлін, Яўнапій, Алімпіядор, Засім, Прыск Панійскі, Пракопій Кесарыйскі, Агафій Мірынейскі, Менандр Праціктор, Феафілакт Сімаката), так і царк. кірункаў. Стварэнне хрысц.гіст.-філас. канцэпцыі звязана з дзейнасцю Яўсевія Кесарыйскага і яго паслядоўнікаў (Сакрат, Сазамен, Феадарыт Юрскі, Явагрый), паводле якіх гісторыя не вынік сукупных чалавечых намаганняў, а тэлеалагічны працэс. У хроніцы 6 ст. Іаана Малалы зарадзілася імкненне да глабальнага ахопу гісторыі чалавецтва, што знайшло свой працяг у сусв. хроніках 8—9 ст. Вядомасцю карысталіся «Хранаграфія» Феафана Спаведніка, «Брэвіярый» («Кароткая гісторыя») патрыярха Нікіфара і хроніка Георгія Амартола. У творах гісторыкаў 11—12 ст. (Міхаіл Псел, Нікіфар Врыеній, Ганна Камніна, Іаан Кінам, Нікіта Ханіят) выразна выявілася аўтарская пазіцыя, апавяданне набліжана да сучаснасці, храналагічны прынцып выкладання адыходзіў на задні план, характарыстыкі дзеючых асоб набывалі індывід. афарбоўку. Пасля лац. заваявання Візантыі гістарыяграфія працягвала развівацца ў Нікейскай імперыі («Хроніка» Георгія Акрапаліта). У гістарыяграфіі позняй Візантыі выразна выяўляліся гуманіст. рысы: цікавасць да чалавечай асобы, да прыроды, сусвету. Побач з біблейскай канцэпцыяй гіст. працэсу развіваліся новыя гіст.-філас. тэорыі, у прыватнасці тэорыя заканамернай змены сусв. манархій. Апошняе стагоддзе існавання імперыі і яе гібель апісаны ў творах гісторыкаў Георгія Сфрандзі, Духі, Лаоніка Халкакандзіла, Міхаіла Крытавула.
Юрыдычная навука. Характэрныя для культуры Візантыі традыцыяналізм і імкненне да сістэматызацыі найб. выразна выявіліся ў юрыд. навуцы. Пачатак гэтаму пакладзены сістэматызацыяй рым. права, складаннем збораў цывільнага права; найб. значны з іх Corpus juris civilis (6 ст.), на якім пазней і грунтавалася візант. права. Задача правазнаўцаў абмяжоўвалася ў асноўным тлумачэннем і пераказам збораў. У 6—7 ст. гэты зборнік права часткова перакладзены з лац. на грэч. мову. Падобныя пераклады ляжаць у аснове кампілятыўнага зборніка Васілікі (9 ст.), які часта перапісваўся з каментарыямі. Складаліся і розныя даведачныя дапаможнікі, у т. л. «сінопсісы», дзе артыкулы па асобных пытаннях права размяшчаліся ў алфавітным парадку. Юрыд. навука Візантыі вывучала таксама кананічнае права, якое грунтавалася на пастановах (правілах) царк. сабораў. Уздым юрыд. навукі пачаўся ў 11 ст., калі ў Канстанцінопалі была засн. вышэйшая юрыд. школа. Спроба абагульніць практыку канстанцінопальскага суда зроблена ў 11 ст. ў зборніку суд. рашэнняў, т.зв. «Піры» («Вопыт»), У 12 ст. правазнаўцы Візантыі (Іаан Занара, Арысцін, Феодар Валсамон), імкнучыся ўзгадніць нормы кананічнага і рым. права, выпусцілі шэраг тлумачэнняў да правіл царк. сабораў. У Візантыі існаваў натарыят. У 13—14 ст. асобныя правінцыяльныя канцылярыі выпрацоўвалі лакальныя тыпы фармуляраў для складання дакументаў.
Літаратура. У ранневізант. перыяд захоўваліся традыцыі стараж.-грэч. л-ры, якая ўсё больш трапляла пад уплыў хрысціянства. Ант. традыцыі выразна прасочваюцца ў свецкай паэзіі і прозе (Нон Панапалітанскі, Агафій Мірынейскі, Павел Сіленцыярый, Георгій Пісіда). У патрыстычнай л-ры (Васілій Кесарыйскі, Грыгорый Назіянзін, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст) ідэі ранняга хрысціянства спалучаліся з неаплатанічнай філасофіяй, ант. рытарычныя формы — з новым ідэйным зместам. Хрысц. ідэалогія ўсталёўвалася ў гімнаграфіі (Яфрэм Сірын, Раман Салодкапевец), агіяграфіі (Афанасій Александрыйскі, Паладый Яленапольскі), хранаграфіі (Іаан Малала). У 7—9 ст.ант. традыцыі амаль знікаюць, развіваецца пераважна рэліг.л-ра. Асн. жанры прозы — хроніка (Феафан Спаведнік) і жыціе; у перыяд іканаборства асаблівы ўздым перажывае агіяграфічная л-ра (Нікіта з Амніі). У паэзіі выступаюць Андрэй Крыцкі, Іаан Дамаскін, Феодар Студыт. Свецкую тэматыку распрацоўваюць Іаан Граматык, Ігнацій Антыяхійскі, паэтэса Касія. Да 9 ст. адносяць афармленне рэліг. рамана «Варлаам і Іаасаф». З сярэдзіны 9 ст. ствараюцца літаратуразнаўчыя зборы («Мірыябібліён» Фоція — першая спроба крытыка-бібліягр. л-ры), слоўнікі (Суда). Сімяон Метафраст склаў збор візант. жыцій. У 9—12 ст. у л-ры Візантыі з’яўляюцца перадрэнесансавыя тэндэнцыі: цікавасць да складанага чалавечага характару, суб’ектыўнае светаўспрыманне, станоўчыя адносіны да антычнасці; развіваюцца свецкая паэзія (Хрыстафор Мітыленскі, Феодар Продрам), гераічны эпас («Дыгеніс Акрыт») і эратычны раман (Нікіта Яўгеніян, Яўстафій Макрэмваліт). Вядучыя пісьменнікі 11—12 ст. — Феафілакт Балгарскі, Яўстафій Салунскі, Міхаіл Ханіят, Нікіта Ханіят, Нікалай Месарыт. Вял. значэнне набыла выкрывальная л-ра (ананімныя «Філапатрыс» і «Тымарыён»). Узнікаюць новыя формы арганізацыі літ. творчасці — літ. гурткі, якія аб’ядноўваюцца вакол уплывовага мецэната. Познавізант. л-ру вызначае кампілятыўнасць, у ёй пануе багаслоўская палеміка. Распад імперыі абумовіў з’яўленне ў л-ры трагічных матываў (пісьменнікі-гуманісты Пліфан, Мануіл Хрысалор, Вісарыён Нікейскі, Феодар Метахіт). Сярод фалькл. помнікаў «Радоскія любоўныя песні» і сатыр. творы «Апавяданне для дзяцей пра чатырохногіх», «Птушкалоў». Падзенне візант. сталіцы апісана ў паэт. «Манодыі на ўзяцце Канстанцінопаля» Іаана Яўгеніка.
Архітэктура. На архітэктуру Візантыі ранняга перыяду значна ўплывала культура Б. Усходу — М.Азіі, Сірыі, Палесціны. У часы Канстанціна пачалося масавае буд-вахрысц. храмаў. У 4—5 ст. склаліся 2 іх тыпы: базіліка і цэнтрычны купальны. У 5 ст. пабудаваны новыя крапасныя сцены, шматпавярховыя дамы ў Канстанцінопалі. У 6 ст. ў час росквіту візант. мастацтва пры Юстыніяне з’явіліся Вял. палац у Канстанцінопалі (каля 528), іпадром, аркі, тэрмы, акведукі. У купальнай базіліцы найб. паслядоўна адлюстраваліся характэрныя для 6 ст. тэндэнцыі да грандыёзнасці і велічнай святочнасці (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Блізкія па асэнсаванні маст. вобраза і арганізацыі прасторы рысы ўвасобіліся ў архітэктуры царквы св. Ірыны ў Канстанцінопалі (530-я г.) — базілікі, перакрытай двума купаламі, размешчанымі па восі сярэдняга нефа. Развівалася буд-ва крыжова-купальных храмаў (царква св. Апосталаў у Канстанцінопалі). Важным цэнтрам тагачаснай архітэктуры была Равена — сталіца остгоцкай дзяржавы Тэадорыха; тут узведзены палац Тэадорыха, базіліка Сант-Апалінарэ Нуова, арыянскія цэрквы і баптыстэрыі, царква Сан-Вітале з багатым інтэр’ерам і сціплым вонкавым выглядам (547). Архітэктура 7 ст. вызначалася больш сціплымі памерамі і кампазіцыяй (царква Успення ў Нікеі). У перыяд найвышэйшага росквіту візант. мастацтва (9—12 ст.) канчаткова склаўся тып крыжова-купальнага храма: Неа («Новая») 5-купальная царква, пабудаваная Васіліем I у Канстанцінопалі (881); царква Мірэлеён (10 ст.) і інш. Пазней развіваліся варыянты гэтага тыпу. У класічным варыянце крыжова-купальнага храма купал узводзіўся пры дапамозе ветразяў на стаячых апорах: цэрквы манастыра Ліпса, Мірэлеён (10 ст.), манастыр Пантакратара (у 12 ст.) у Канстанцінопалі, царква Божай Маці ў Салоніках (1028) і інш. На тэр. Грэцыі быў пашыраны тып храма з купалам на тромпах (храм Каталікон у манастыры Хосіяс Лукас у Факідзе, 11 ст., і інш.). Царк. архітэктура 14—15 ст. у асноўным паўтарала старыя тыпы (цэрквы Фетые і Мала-Гюрані ў Канстанцінопалі, 14 ст.; царква Апосталаў у Салоніках, 1312—15). У Містры пабудаваны цэрквы з рысамі базілікі і крыжова-купальнага храма. У архітэктуры сярэднявечча выкарыстоўваліся некат. матывы італьян. дойлідства і свецкія рэнесансавыя тэндэнцыі (царква Панагіі Парыгарытысы ў Арце, каля 1295; палац Тэкфур-серай у Канстанцінопалі, 14 ст.; палац уладароў Містры, 13—15 ст., і інш.).
Выяўленчае мастацтва. Фарміравалася на аснове раннехрысц. і перадвізант. мастацтва 3—5 ст. Абсалютная перавага жывапісу над аб’ёмнай скульптурай стала характэрнай рысай мастацтва Візантыі. Арх.-пейзажны фон змяняецца абстрактна-ўрачыстым залатым; выявы становяцца плоскаснымі, прапорцыі і колеравы лад набываюць умоўны, сімвалічны характар. У шэрагу твораў заўважаліся жыццёвыя назіранні, рысы якіх увасобіліся ў мазаіках 4—6 ст.: цэрквы св. Георгія ў Салоніках (канец 4 ст.), Сан-Вітале ў Равене (каля 547), Панагіі Канакарыі на Кіпры (6 ст.). У перыяд іканаборства цэрквы ўпрыгожвалі хрысц. сімваламі і дэкар. размалёўкамі. У перыяд «македонскага рэнесансу» (9—10 ст.) завяршаецца фарміраванне іерархічнай сістэмы маст. афармлення храма: фрэскі, мазаікі, іканастас уключаліся ў цэласную кампазіцыю крыжова-купальнай пабудовы і адлюстроўвалі хрысц. мадэль сусвету (мазаікі ў саборы св. Сафіі ў Канстанцінопалі, 9—11 ст., царкве Успення ў Нікеі, 9 ст., абраз св. Панцеляймона, 10 ст.). У кніжнай мініяцюры назіраецца наследаванне ант. узорам («Парыжская псалтыр», 10 ст.). «Камнінаўскі» перыяд адметны развіццём правінцыяльных школ, яркім каларытам, віртуознасцю манеры, разнастайнасцю вобразаў: мазаікі ў манастырах Хосіяс Лукас у Факідзе, Неа Моні на в-ве Хіяс, Дафні каля Афін, саборы ў Тарчэла, фрэскі ў царкве Панагіі Кувелітысы ў Касторыі, у пячорных цэрквах Кападокіі (усе 11 — 12 ст.). Пра скульптуру 9—15 ст. даюць уяўленне рэльефныя абразы і дэкар. разьба. Развіваецца дэкар.-прыкладное мастацтва: шматколерная перагародчатая эмаль, ткацтва, вырабы з металу і слановай косці. Позні перыяд мастацтва Візантыі характарызуецца стылістычнай шматаблічнасцю правінцыйных школ, узмацненнем свецкага пачатку, адлюстраваннем гіст. і тагачасных падзей. Перыяд найвышэйшага яго ўздыму, т.зв. «палеалогаўскі рэнесанс», адметны захапленнем ант. традыцыямі, эмацыянальным багаццем вобразаў, увядзеннем элементаў пейзажу і архітэктуры ў жывапісныя кампазіцыі: мазаікі ў цэрквах манастыра Хора ў Канстанцінопалі, Апосталаў у Салоніках (пач. 14 ст.), фрэскі ў цэрквах Перыўлепта і Пантанаса ў Містры (2-я пал. 14 — 1-я пал. 15 ст.).
Музыка. Вытокі візант. музыкі ў перс., копцкай, яўр., арм. песеннасці, познагрэч. і рым. меласе. Яна аб’ядноўвала элементы сірыйскага, слав. і араб.муз. мастацтва. У літ. крыніцах ёсць звесткі пра вандроўных спевакоў-музыкантаў (гістрыёнаў, мімаў). Пры імператарскім двары гучала свецкая музыка — акламацыі (прывітальныя воклічы і вершаваныя ўслаўленні), харавыя поліхраніі (мнагалецці) і эўфеміі (святочныя акламацыі, часткі прыдворнай літургічнай службы); музыка інстр. ансамбляў (трубачоў, цымбалістаў), ігра на гідраўласе, пнеўматычным аргане. У натаваных помніках захавалася выключна культавая музыка, чыста вакальная і аднагалосая. Найб.стараж. віды культавых спеваў — літургічны рэчытатыў і псалмодыя. З 4 ст. пашырыліся трапары, якія паступова (6—7 ст.) выцеснілі псалмодыю. У 5—6 ст. пачаўся росквіт гімнатворчасці (Раман Салодкапевец). У 7—8 ст. узоры канона стваралі гімнографы Андрэй Крыцкі, Касма Маюмскі. Іаан Дамаскін, пазней Іосіф Гімнограф і інш. адыгралі вял. ролю ў фарміраванні актоіха, у якім гімны змяшаліся ў адпаведнасці з сістэмай асмагласся. З 9 ст. важнейшы цэнтр гімнатворчасці — Студыцкі манастыр у Канстанцінопалі, дзе служыў распеўшчык Феодар Студыт. З 10 ст. стаў пашыраным жанр стыхіры. Новы ўздым гімнічнага мастацтва ў 14—15 ст. звязаны з дзейнасцю Іаана Кукузеля ў Афонскім манастыры. Помнікі візант. музыкі захаваліся ў розных відах натацыі. У 8 ст. пачало складвацца неўменнае пісьмо (гл. ў арт.Нотнае пісьмо). Для пазначэння рытму, дынамікі і характару выканання існавалі хейранамічныя знакі (умоўная жэстыкуляцыя для кіравання хорам). Праблема расшыфроўкі ранневізант. натацыі поўнасцю не вырашана. Асн. прынцыпы сярэдне- і познавізант. натацыі ў 1920—30-я г. раскрылі Г.Тыльярд і Э.Велес. Візант. тэорыя музыкі была схаластычная, адарваная ад жывой практыкі, аўтары трактатаў абмяжоўваліся інтэрпрэтацыямі познаант. спадчыны.
Літ.:
Лев Диакон. История: Пер. с греч. М., 1988;
Михаил Пселл. Хронография: Пер. с греч. М., 1978;
Прокопий Кесарийский. Война с персами;
Война с вандалами;
Тайная история: Пер. с греч. М., 1993;
Комнина А. Алексиада: Пер. с греч М., 1965;
Советы и рассказы Кекавмена: Сочинение визант. полководца XI в.: Пер. с греч. М., 1972;
Робер де Клари. Завоевание Константинополя: Пер. с фр.М., 1986;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968;
Памятники византийской литературы IX—XIV вв. М., 1969;
Византийский временник. Т. 1—55. СПб.;
М., 1894—1994;
История Византии. Т. 1—З. М., 1967;
Курбатов Г.Л., Фролов Э. Д., Фроянов И.Я. Христианство: Античность. Византия. Древняя Русь. Л., 1988;
Культура Византии, IV — первая половина VII в. М., 1984;
Культура Византии, вторая половина VII—XII в. М., 1989;
Культура Византии, XIII — первая половина XV в. М., 1991;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Липшиц Е.Э. Право и суд в Византии в IV—VIII вв. Л., 1976;
Яе ж. Законодательство и юриспруденция в Византии в IX—XI вв.: Ист.-юридич. этюды. Л., 1981;
Византийская литература. М., 1974;
Аверинцев С.С. Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977;
Лихачева В.Д. Искусство Византии IV—XV вв. 2 изд. Л., 1986;
Лазарев В.Н. История византийской живописи. [Кн. 1—2. 2 изд.]. М., 1986;
Банк А.В. Прикладное искусство Византии IX—XII вв.: Очерки. М., 1978;
Герцман Е.В. Византийское музыкознание. Л., 1988;
Bury J.B. A history of the later roman empire. London, 1989;
Runciman S. The Byzantine theocracy. London, 1980;
Dvornik F. Early Christian and Byzantine political philosophy. Vol. 1-2. Washington, 1967;
Да арт.Візантыя. Царква манастыра Хосіяс Лукас у Факідзе. 11 ст.Да арт.Візантыя. Царква Сан-Вітале ў Равене. Інтэр’ер. 526—547.Да арт.Візантыя. Інтэр’ер базілікі Сант-Апалінарэ Нуова ў Равене. 533— 549.
Да арт.Візантыя. Імператрыца Феадора з прыбліжанымі. Мазаіка царквы Сан-Вітале ў Равене. Фрагмент. Каля 547.Да арт.Візантыя. Давід, які іграе на ліры. Мініяцюра т.зв. «Парыжскай псалтыры». 1-я пал. 10 ст.Да арт.Візантыя. Царква Апосталаў у Салоніках. 1312—15.Да арт.Візантыя. Хрыстос. Мазаіка сабора св. Сафіі ў Канстанцінопалі. 13 ст.Да арт.Візантыя. Маці Божая Адзігітрыя. Мазаіка царквы манастыра Хора ў Канстанцінопалі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэлігія і царква
Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. 13—18 ст.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 13—1-й пал. 16 ст. Да сярэдзіны 13 ст. ў Панямонні ўтварылася новая дзяржава са сталіцай у Новагародку (Навагрудку) — Вялікае княства Літоўскае і Рускае (з сярэдзіны 15 ст. — і Жамойцкае). Па запрашэнні мясцовага баярства тут стаў княжыць Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. У склад гэтай дзяржавы ўвайшлі бел. землі Панямоння (асноўнае ядро — Наваградскае княства), землі па верхнім цячэнні Віліі і бліжэйшыя землі Аўкштайціі. Па паліт. матывах, каб спыніць вайну з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і 6.7.1253 у Новагародку каранаваны каралеўскай каронай ад імя папы рымскага біскупам хелмінскім Генрыкам. Аднак у 1260 ён вярнуўся ў язычніцтва. Наступныя ўладары дзяржавы насілі тытул вял. князя. У 2-й пал. 13—1-й пал. 14 ст. ішоў працэс мірнага аб’яднання бел. і літ. зямель (без Жамойці) шляхам пагадненняў вял. князя з мясц. князямі і баярамі ў адзіную феад. дзяржаву «рускіх» (беларусаў) і літоўцаў паводле прынцыпу «мы старыны не рухаем і навіны не ўводзім». Тэр.ВКЛ значна пашырылася ў перыяд панавання вял.кн.Гедзіміна [1316—41], які называў сябе ў граматах вял. князем «літоўцаў і рускіх». У 1320 у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля, у 1220—30-я г. — Берасцейская зямля, Менскае княства і Турава-Пінская зямля. Сталіцай дзяржавы з 1323 стала Вільня. У час панавання Альгерда [1345—77] у склад ВКЛ увайшлі бел. падняпроўскія землі, Мазырская і Брагінская воласці, Бранскае княства, Кіеўская, Чарнігаўская і Падольская землі. Было падначалена і Смаленскае княства. На захадзе барацьба супраць Тэўтонскага ордэна ішла з пераменным поспехам. Альгерд намагаўся аб’яднаць пад сваёй уладай усе землі б. Кіеўскай Русі і праводзіў актыўную палітыку на ўсходзе. У 13—14 ст. сыны і браты вял. князя атрымлівалі ў сваё кіраванне ўдзелы, і дзяржава ўяўляла сабой федэрацыю зямель, а мясц. князі знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вял. князя. Аднак паступова ўлада гаспадара (вял. князя) умацавалася ў цэнтр. раёнах дзяржавы, а аўтаномныя княствы і землі засталіся на перыферыі.
Пасля смерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж яго сынам Кейстутам і братам Ягайлам; апошні стаў вял. князем [1377—92], Гэта скарысталі крыжакі, каб распаліць у ВКЛ міжусобную вайну, якая скончылася перамогай Ягайлы. З мэтай процідзеяння знешняй небяспецы з боку Тэўтонскага ордэна, што пагражала не толькі ВКЛ, але і Польшчы, і для ўмацавання сваёй улады Ягайла заключыў з Польшчай Крэўскую унію 1385, паводле якой ён перайшоў у каталіцтва, прыняў імя Уладзіслаў, ажаніўся з каралевай Ядвігай і быў абвешчаны польскім каралём; ён абяцаў правесці хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў паводле каталіцкага абраду і далучыць да Польшчы землі ВКЛ. У 1387 створана Віленскае біскупства і пачалося хрышчэнне літоўцаў. Касцёлы пачалі будаваць і на бел. землях. Супраць падпарадкавання ВКЛ Польшчы выступіў Вітаўт. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт стаў вял. князем [1392—1430]; ВКЛ гарантавалася самастойнасць у саюзе з Польшчай, а Ягайла захоўваў намінальны тытул вярхоўнага князя ВКЛ. У канцы 14 ст.вял. князь Вітаўт ліквідаваў буйныя ўдзельныя княствы, але невял. ўдзельныя княствы (Пінскае, Гарадзецкае, Клецкае і інш.) захаваліся да 1520-х г. Слуцкае княства як удзел існавала да пач. 17 ст., потым захавала пэўныя формы ўдзельнага княства да 1791.
Нямецкая агрэсія на землі ВКЛ была спынена з разгромам войска Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410. Паліт. саюз Польшчы і ВКЛ замацавала Гарадзельская унія 1413, якой уведзены прывілеяваныя правы для баяр-католікаў. Пасля смерці Вітаўта вял. князем выбраны на сойме (з’ездзе) баяр малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла [1430—32], праціўнік дзярж. уніі з Польшчай, з якой адбыўся канфлікт з-за Валыні. У выніку змовы літ. баяр, не згодных з палітыкай Свідрыгайлы, які абапіраўся на буйных бел. і ўкр. феадалаў, ён быў скінуты з велікакняжацкага пасада ў вер. 1432 і ўцёк у Полацк. Вялікім князем быў абвешчаны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч [1432—40], прыхільнік саюзу з Польшчай. Пачалася феад. вайна 1432—39. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна звязаныя з ёю прынёманскія воласці, Берасцейская і Менская землі, Падляшша. Свідрыгайлу падтрымалі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле. Вайна суправаджалася знішчэннем гарадоў і сёл, рабаваннем насельніцтва. Так, у 1433 Свідрыгайла ў час паходу загадаў спаліць Заслаўе і Менск, а Жыгімонт знішчаў гарады ва ўсх. Беларусі. Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзярж. унію з Польшчай і выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. Улетку 1436 Полацкая і Віцебская землі перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям іх ранейшыя прывілеі. У канчатковай фазе вайны Свідрыгайла страціў і ўкр. землі і эмігрыраваў. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Супраць Жыгімонта выступіла апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У выніку змовы Жыгімонт 20.3.1440 забіты, вял. князем выбраны малодшы брат польскага караля Уладзіслава III Казімір IV [1440—92]. У 1447 ён выбраны і каралём Польшчы. Прывілеем 1447вял. князь гарантаваў усім баярам асабістую недатыкальнасць, скасаваў ранейшыя натуральныя і грашовыя павіннасці з маёнткаў на карысць дзяржавы, перадаў баярам права судзіць і караць сваіх сялян. Прывілей паслужыў кансалідацыі ўсяго баярскага саслоўя ВКЛ. З таго часу пачаўся рост уплыву і значэння баяр у жыцці краіны. Пазней Казімір выдаў Судзебнік 1468, у якім змешчаны юрыд. нормы пераважна крымінальнага права. Большую частку свайго жыцця Казімір Ягайлавіч правёў у Польшчы. У ВКЛ у час яго адсутнасці вял. значэнне ў кіраванні дзяржавай набыў вышэйшы кіруючы орган — паны-рада, які складаўся з вышэйшых асоб цэнтр. і мясц. адміністрацыі. У гэты ж час феад. апазіцыя спрабавала зрабіць дзярж. перавароты, выстаўляючы кандыдатамі на велікакняжацкі пасад нашчадкаў старэйшага сына Альгерда Уладзіміра — слуцкіх князёў Алелькавічаў. Апошняя змова апазіцыйных правасл. князёў, сваякоў Казіміра, Міхаіла Алелькавіча, Фёдара Бельскага, а таксама кн. Івана Гальшанскага скончылася няўдачай, бо іх не падтрымалі сярэднія і дробныя феадалы.
Пасля смерці Казіміра вял. князем на сойме абраны яго сын Аляксандр [1492—1506]. Пры яго абранні паны-рада паставілі ўмовы пра абмежаванне велікакняжацкай улады: усе найважнейшыя дзярж. справы — абарона краіны, міжнар. адносіны, выданне законаў, разгляд найважнейшых судовых спраў — вял. князь павінен быў вырашаць разам з радай паноў. Паны-рада дамагліся ад вял. князя Аляксандра выдання прывілея 1492, у якім былі замацаваныя гэтыя абмежаванні правоў вял. князя. Рэзка нарастаў уплыў вышэйшай групоўкі феад. саслоўя — магнатаў.
З канца 15 ст. пачалася серыя войнаў ВКЛ з Маскоўскім вял. княствам (1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37), у выніку якіх Маскоўскае вял. княства паступова пашырала сваю тэрыторыю на захад. У 1494 ВКЛ страціла Вязьму і Казельск, у 1503 — Таропец, Дарагабуж, Бранск, Курск, Ноўгарад-Северскі, Чарнігаў, у 1514 — Смаленск, у 1537 — Себеж. Адначасова саюзнікі вял. князя маскоўскага Івана III крымскія татары ўчынялі напады на Украіну і Беларусь; асабліва моцныя набегі адбыліся ў 1505 і 1506. Гэтыя нашэсці спыніліся пасля разгрому татарскага войска ў Клецкай бітве 1506.
Пасля смерці Аляксандра на велікакняжацкі трон выбраны яго малодшы брат Жыгімонт I Стары [1506—48]. Каб захаваць персанальную унію паміж дзвюма дзяржавамі, польская шляхта праз 3 месяцы выбрала Жыгімонта і сваім каралём. У час панавання Жыгімонта адбылася Аршанская бітва 1514, у ходзе якой войска ВКЛ на чале з К.І.Астрожскім (30 тыс.чал.) разграмілі 80-тысячную маскоўскую армію І.А.Чалядніна і М.І.Булгакава-Голіцы (паводле рус. летапісаў). Перамога ў Аршанскай бітве дазволіла стабілізаваць усх. граніцу ВКЛ, аднак Смаленск вернуты не быў. У гэты ж час быў прыняты адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных збораў законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529.
Яшчэ пры жыцці Жыгімонта Старога на сойме ў Вільні ў 1529 вял. князем літоўскім быў абраны яго 9-гадовы сын Жыгімонт II Аўгуст. Праз 2 месяцы і польскі сойм выбраў яго польскім каралём. Гэтыя двайныя выбары мелі на мэце стварыць умовы для спадчыннай манархіі ў абедзвюх дзяржавах і забяспечыць умацаванне уніі паміж імі. Далейшым развіццём гэтай палітыкі была перадача ўлады ў ВКЛ Жыгімонту Аўгусту на Берасцейскім сойме ў кастр. 1544. Жыгімонт Стары захаваў тытул вярхоўнага князя, а сын атрымаў усю паўнату ўлады ў ВКЛ на перыяд адсутнасці бацькі. Пры Жыгімонце II Аўгусце [1548—72] у ВКЛ праведзены важныя паліт. і эканам. рэформы. Паводле адм. рэформы 1565—66 у складзе новых і старых ваяводстваў былі ўтвораны паветы. На павятовых сойміках вырашалі мясц. пытанні і выбіралі па 2 паслы (дэпутаты) ад павета на агульнадзярж. сойм, а таксама павятовыя суды — гродскія (замкавыя), земскія і падкаморскія (суддзяў выбірала мясц. шляхта). У выніку рэформы шляхецкае саслоўе (баяры з 2-й чвэрці 16 ст. пачалі называцца шляхтай) стала пануючым у дзяржаве, адхіліўшы магнатаў і князёў ад манапольнага кіравання дзяржавай.
Сацыяльна-эканамічны лад. Асновай сац.-эканам. ладу ВКЛ была сельская гаспадарка. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся вял. князь (гаспадар), яму належалі гаспадарскія землі (велікакняжацкі дамен), якія ў 16 ст. мелі статус дзяржаўных. Вял. князь раздаваў гаспадарскія землі шляхце і магнатам у часовае трыманне і ва ўласнасць. Большасць прыватных уладанняў знаходзілася ў больш населеных зах. і цэнтр. раёнах Беларусі. Там былі і больш урадлівыя глебы і развітая сетка дарог. Меліся таксама і царкоўныя маёнткі. Пасля перамогі войск Польшчы і ВКЛ пад Грунвальдам, адкрыцця гандлёвых шляхоў па Нёмане і Зах. Дзвіне да Балтыйскага мора, росту попыту на с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. адбыўся значны ўздым сельскай гаспадаркі ў ВКЛ. З сярэдзіны 16 ст. двары (цэнтры для вытворчасці прадукцыі для асабістых патрэб феадалаў і ўтрымання адміністрацыі), што існавалі ў некат. прыватных і царкоўных маёнтках і ў многіх дзярж. уладаннях, ператвараліся ў фальваркі, дзе значная частка прадукцыі была прызначана для гандлю, гал. чынам знешняга. Першай аграрную рэформу ў сваіх маёнтках (Клецкае і Пінскае староствы) правяла ў 1552—55 каралева польская і вял. княгіня літоўская Бона, жонка Жыгімонта Старога. Былі асвоены і заселены новыя землі, уведзены новыя формы землекарыстання сялян і новыя павіннасці з мэтай павелічэння прыбыткаў. Вопыт гэтай рэформы быў выкарыстаны пры правядзенні валочнай памеры і выданні «Уставы на валокі» 1557 у гаспадарскіх маёнтках (рэформа Жыгімонта Аўгуста). У фальварках, якія ствараліся ў дзярж. уладаннях і сял. гаспадарках з надзелам у 1 валоку (21,36 га), зямля падзялялася на 3 роўныя палі. Такім чынам замацоўвалася трохполле з прымусовым севазваротам, ліквідоўваліся цераспалосіца, далёказямелле і стракатасць у памерах сялянскіх надзелаў. Акрамя падворнага надзелу сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і інш. «Устава на валокі» 1557 была накіравана на максімальнае пашырэнне збожжавай гаспадаркі, а там, дзе яна адсутнічала, — на яе арганізацыю. Пад фальваркі адводзіліся лепшыя землі, адабраныя ў сялян. Для апрацоўкі ворнай зямлі да панскіх фальваркаў прымацоўваліся сяляне з разліку на адну фальварачную зямлю «по семи волок оседлых... з волы и с клячами... которые по 2 дни в тыдень служити мають с чим уряд расскажет». Акрамя таго, сяляне абавязаны былі выходзіць на талокі і гвалты згодна з нормамі, прадугледжанымі ўставай. Паводле ўставы сялянскі надзел лічыўся патомным, спадчынным дзяржаннем. Акрамя цяглых сялян, якія адбывалі паншчыну ў фальварках, існавала і вял. катэгорыя асадных (аброчных, чыншавых) сялян. Замест 2-дзённай паншчыны ў тыдзень і 4 цяглых талок у год яны давалі 30 грошаў чыншу і працавалі 12 талок і гвалтаў у год. Асадныя сяляне былі менш залежныя ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, чым цяглыя. Невял. група агароднікаў, з былой чэлядзі нявольнай і збяднелых сялян, атрымала надзелы ў 9—15 маргоў ворнай зямлі, за якія працавалі ў двары па 3 дні на тыдзень. Вышэйшай групай сельскага насельніцтва былі сяляне-слугі, якія выконвалі розныя спец. работы і неслі службу за надзелы зямлі па 2 валокі. Найб. прывілеяванай катэгорыяй сялян-слуг былі вайсковыя — панцырныя і путныя баяры, якія выконвалі кур’ерскую службу, а ў час вайны ішлі на службу з поўным узбраеннем за ўласны кошт. Аграрная рэформа ў дзярж. маёнтках Беларусі была праведзена неадначасова. Ва ўсх. Беларусі і на Палессі яе правядзенне расцягнулася да сярэдзіны 17 ст. На працягу 2-й пал. 16 ст. аграрная рэформа праведзена і ў прыватнаўладальніцкіх маёнтках на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Такім чынам, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадаркі стала асноўнай. У гаспадарскіх маёнтках даходы ад новай сістэмы гаспадарання павялічыліся ў 3 разы.
Гарады, культура, рэлігія. У 15—16 ст. у эканам. і грамадскім жыцці Беларусі вял. ролю адыгрывалі гарады. У 15 ст. станавіліся гандлёвымі і рамеснымі цэнтрамі былыя крэпасці, замкі, некат. гаспадарскія і панскія двары. Яны ўсё болей адыгрывалі ролю і фінансавых асяродкаў. Вярх. ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў, бо яны прыносілі ў дзярж. скарб больш грашовых прыбыткаў, чым скарб атрымліваў ад жыхароў сельскай мясцовасці. У 15—16 ст. ствараліся і мястэчкі — невял. паселішчы гар. тыпу, дзе таксама развіваліся гандаль і рамёствы, але ў меншай ступені, чым у гарадах. Гараджане, асабліва ў мястэчках, займаліся і сельскай гаспадаркай. Жыхары гарадоў і мястэчак вылучаліся з навакольнага насельніцтва сваім юрыд. становішчам — яны былі вольнымі людзьмі, мелі правы мяшчан. Мяшчане дамагаліся выхаду з-пад юрысдыкцыі велікакняжацкай адміністрацыі і стварэння сваёй сістэмы самакіравання і суда. Гэта было замацавана ўвядзеннем у большасці гарадоў і мястэчак самакіравання паводле магдэбургскага права. Значная частка гарадоў і мястэчак утварылася ў прыватнаўладальніцкіх латыфундыях і маёнтках. Вышэйшай уладай у такіх гарадах быў уладальнік горада. Значная частка прыватнаўладальніцкіх гарадоў таксама атрымала самакіраванне паводле магдэбургскага права. Нягледзячы на асабістую свабоду, мяшчане знаходзіліся ў сістэме феад. грамадства, феад. дзяржавы, выконвалі дзярж. павіннасці, а ў прыватнаўладальніцкіх гарадах — павіннасці і падаткі на карысць уладальніка горада. Гарадам і мястэчкам перадаваліся ў «вечнае» карыстанне і с.-г. землі. Гарады былі і асяродкамі культуры.
З-за больш высокага ўзроўню эканам. і паліт. фактараў у развіцці бел. зямель у першыя стагоддзі існавання ВКЛ вядучую ролю тут адыгрывала бел. («руская») культура. На рэліг. жыццё і на культуру ў гэты перыяд мела пэўны ўплыў візантыйская культура. З канца 14 ст. разам з увядзеннем каталіцтва ў літ. землях пачынаецца і заходнееўрапейскі ўплыў на развіццё бел. культуры. На бел. мове ў ВКЛ вялося дзярж. справаводства і судаводства, выдаваліся граматы, прывілеі, статуты, пастановы соймаў і паноў-рады, ствараліся летапісы, хронікі і маст. творы. Сярод пісараў велікакняжацкай канцылярыі і павятовых органаў улады і судоў пераважалі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, што спрыяла развіццю бел. мовы і ў літ. землях; паўсюдна пратаколы гар. рад пісаліся па-беларуску (нават у Жамойці). Пры буйных манастырах дзейнічалі рукапісныя майстэрні (скрыпторыі), цэнтры кніжнай пісьменнасці. Такімі ж асяродкамі пісьменства былі двары магнатаў. Пры манастырах існавалі бібліятэкі. Моладзь з ВКЛ з канца 15 ст. накіроўвалася на вучобу ў Кракаўскі і інш. ун-ты ў Еўропе.
У час агульнага ўздыму культуры ў Зах. Еўропе — Рэнесансу — значны рост попыту ў ведах абумовіў і бел.Адраджэнне 16 ст. Заснавальнікам бел. кнігадрукавання быў выдатны гуманіст і асветнік Ф.Скарына. У 1517—19 ён выдаў у Празе Псалтыр і 22 кнігі Старога запавету Бібліі. У 1522 Скарына заснаваў першую ва Усх. Еўропе друкарню ў Вільні і выдаў «Малую падарожную кніжку», а ў 1525 — «Апостал». Яго традыцыі развіў С.Будны, дзеяч Рэфармацыі, адзін з заснавальнікаў Нясвіжскай друкарні, які ў 1560-х г. выдаў на бел. мове першыя навучальныя і палемічныя творы. Дзеячы Рэфармацыі заснавалі друкарні ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні і інш. гарадах, выдалі дзесяткі кніг, у т. л. «Брэсцкую Біблію» (1563).
У гэты час узніклі лацінамоўная паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» з апісаннем перамогі пад Грунвальдам (1516), паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523). Неўзабаве пасля Аршанскай бітвы 1514 узнікла летапісная «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».
У 14—1-й пал. 16 ст.асн. тыпам манументальных збудаванняў на Беларусі былі замкі. Іх размяшчалі на натуральных узвышшах (Навагрудскі замак, Гродзенскі Стары замак). Напачатку замкі былі драўляныя, з 15 ст. драўляныя сцены замяняліся мураванымі. Некат. замкі адразу будавалі мураванымі (Крэўскі замак, Лідскі замак). У 15—16 ст. пашырылася будаўніцтва драўляных і мураваных прыватнаўладальніцкіх замкаў. Найвышэйшым дасягненнем абарончага дойлідства Беларусі стаў Мірскі замак магнатаў Іллінічаў. У выяўленчым мастацтве пераважаў іканапіс, а з 16 ст. пашырыўся партрэтны жанр. У 1520-х г. намалявана першая батальная карціна «Бітва пад Оршай». Развіваліся драўляная разьба і скульптура.
Рэліг. жыццё ў ВКЛ у 13 — сярэдзіне 16 ст. ўскладнілася. Бел. насельніцтва ВКЛ было праваслаўным з пэўнымі традыцыямі. Літоўцы былі язычнікамі да 1387, калі ў раёне Вільні яны былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду; іх хрышчэнне ў Жамойці працягвалася і ў 1-й пал. 15 ст. У 13—14 ст. шмат хто з князёў літ. паходжання прыняў праваслаўе. Правасл. царква на Беларусі захоўвала прывілеяванае становішча да канца 14 ст. Пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванае становішча ў ВКЛ пачаў займаць каталіцкі касцёл. Паступова каталіцтва пашырала свой уплыў на зах. раёны Беларусі. Аднак і правасл. царква захоўвала свае пазіцыі ў гэтым рэгіёне. Так, імператарскі пасол З.Герберштэйн у 1517 адзначаў, што ў сталіцы ВКЛ Вільні «храмаў рускіх значна больш, чым рымскай канфесіі». На працягу 1387—1550 на тэр. Віленскай дыяцэзіі (біскупства) было заснавана 259 парафій, у т. л. 93 — на бел. землях. Размяшчаліся яны пераважна на захадзе Беларусі, да лініі Браслаў—Паставы—Будслаў—Менск—Нясвіж—Пінск. На ўсход ад гэтай лініі да сярэдзіны 16 ст. існавалі адзінкавыя касцёлы (Полацк, Віцебск, Абольцы, Гайна, Слуцк). Правасл. царква працягвала панаваць у цэнтры і на ўсходзе Беларусі. Ва ўсх. раёнах (Магілёў, Мсціслаў, Орша) касцёлаў увогуле не было да пач. 17 ст. У 1550—60-х г. на Беларусі пачала пашырацца Рэфармацыя, у асноўным кальвінізм.
Лівонская вайна 1558—83. Люблінская унія 1569. Вял. ўплыў на далейшы лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Рас. цар Іван IV намагаўся далучыць да Расіі Лівонію, атрымаць новых прыгонных сялян і гарады на Балтыйскім моры для гандлю з Еўропай. Паводле дагавора з магістрам ад 31.8.1559 Лівонскі ордэн пераходзіў пад пратэктарат Жыгімонта Аўгуста, да дагавора далучаўся і рыжскі арцыбіскуп. Паколькі пазіцыя Польшчы ў лівонскім пытанні была асцярожнай, ВКЛ уступіла ў вайну з Іванам IV без саюзніка. У 1562 ваенныя дзеянні адбываліся ўжо на тэр. Беларусі. У пач. 1563 цар з гал. сіламі рас. войска асадзіў Полацк. Невял. гарнізон 2 тыдні адбіваў атакі, але вымушаны быў капітуляваць. Далейшыя ваен. дзеянні на Беларусі адбываліся на поўдзень ад Полацка, аднак вял. гарадоў царскаму войску захапіць не ўдалося. 26.1.1564 10-тысячнае (паводле інш. звестак 4-тысячнае) войска вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога разбіла 30-тысячнае войска князя І.Шуйскага на Чашніцкіх палях на р. Ула. Праз некалькі дзён атрымана перамога каля Оршы. Улетку 1564 войскі Івана IV мелі поспехі ў раёне Мсціслава, Крычава і Магілёва. У адказ войска ВКЛ зрабіла ў 1565 рэйды пад Вялікія Лукі і Смаленск. На заваяванай тэрыторыі паводле загаду Івана IV пабудаваны замкі Усвят, Ула, Сокал, Суша і інш. У 1567 ваен. дзеянні аднавіліся, у ліпені 2-тысячны конны атрад польнага гетмана ВКЛ Р.Ф.Сангушкі разграміў лагер маскоўскіх войск пад Чашнікамі (9 тыс.чал.), у верасні ён разбіў 9-тысячнае маскоўскае войска на маршы, у верасні 1568 штурмам узяў замак Ула, а віцебскія казакі на чале з С.Бірулем спалілі замкі Усвят і Веліж. У адказ рас. войскі спрабавалі ўзяць Віцебск, але толькі спалілі гар. прадмесці. Ход вайны паказаў, што аднаму ВКЛ без саюзнікаў не перамагчы такую моцную дзяржаву, як Расія. Шляхта, ратуючы сваю краіну і свае маёнткі, на палявым сойме каля Віцебска 13.9.1952 прыняла акт і накіравала яго вял. князю з просьбай заключыць новую дзярж. унію з Польшчай. Яна намагалася мець агульныя соймы з Польшчай, сумесна з польскай шляхтай выбіраць караля (ён жа вял. князь літоўскі), а галоўнае — карыстацца аднолькавымі правамі і разам змагацца з ворагам. Супраць уніі з Польшчай выступіла асн. частка магнатаў на чале з віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім М.Радзівілам Чорным, якая не хацела страціць свае паліт. пазіцыі і свае грамадскія прывілеі. Пытанне аб уніі разглядалася на соймах Віленскім 1563, Варшаўскім 1563—64, Бельскім 1564, Берасцейскім 1566, на палявым сойме ў Лебедзеве. У час падрыхтоўкі да уніі быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, які замацаваў новы адм.-тэр. падзел дзяржавы, новую сістэму судоў, пашырыў правы шляхты.
1.7.1569 на сумесным сойме ў Любліне асобна дэпутатамі Польскага сойма і сойма ВКЛ быў прыняты акт аб уніі (гл.Люблінская унія 1569), паводле якога ўрачыста абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасці Польшчы (Кароны) і ВКЛ (Літвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. На чале дзяржавы быў кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі), якога выбірала пажыццёва шляхта «абодвух народаў». Ствараўся агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм з 2 палат: Сената (магнаты, прадстаўнікі цэнтр. і мясц. адміністрацыі, вярхі каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета. Сойм прымаў асобныя законы для Польшчы і ВКЛ. Абедзве дзяржавы захоўвалі аўтаномію ва ўнутр. справах, асобныя дзярж. адміністрацыі, войскі, скарб і права эмісіі аднолькавай манеты, адм. і судовы апарат, свае законы і мытную сістэму. Кожная краіна мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую, ВКЛ — беларускую (у крыніцах — «рускую»). Асобным актам 3.8.1569 Курляндыя была абвешчана васалам Польшчы і ВКЛ, Ліфляндыя — іх сумесным уладаннем (кандамініумам). У час Люблінскага сойма 1569 шляхта ўкр. ваяводстваў і Падляшскага ваяв. добраахвотна прыняла акты аб далучэнні сваіх ваяводстваў да Польшчы. Калі шляхта Кіеўскага ваяв. вырашала пытанне аб выхадзе са складу ВКЛ і далучэнні да Польшчы, соймік Мазырскага пав. не згадзіўся на гэта і пакінуў павет у складзе ВКЛ, далучыўшы яго да Менскага ваяв. Люблінская унія была кампрамісам шляхты Польшчы і ВКЛ, у выніку якога стваралася больш моцная федэратыўная дзяржава. Адной з гал. прычын паліт. збліжэння ВКЛ і Польшчы была ўсё больш небяспечная для ВКЛ палітыка ўсх. суседа, пастаянны націск з яго боку, серыя войнаў канца 15—16 ст. Усё гэта скіроўвала інтарэсы Польшчы на ўсход, каб абараніць свайго пастаяннага саюзніка. Люблінская унія ўмацоўвала паліт. еднасць абедзвюх дзяржаў, узмацніла працэсы іх эканам., паліт. і культ. збліжэння, узмацніла ўплыў еўрапейскай культуры на бел. землі.
Органы ўлады, гаспадарка і культура ў 2-й пал. 16—18 ст. Вышэйшым органам улады ў Рэчы Паспалітай быў сойм, які складаўся з Сената і Пасольскай Ізбы. Кароль польскі (ён жа вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі), які выбіраўся соймам пажыццёва, лічыўся таксама ў складзе сойма як асобная юрыд. персона. Соймы звычайныя і надзвычайныя склікаліся каралём. Для выбрання новага караля прымас — галава каталіцкай царквы — склікаў соймы: канвакацыйны, на якім вызначаліся час і месца выбараў караля, мяркуемыя кандыдаты на каралеўскі пасад, выпрацоўваліся ўмовы дагавору з кандыдатам; элекцыйны (выбарчы), на якім заключалася пагадненне аб умовах выбрання і праводзіліся выбары; каранацыйны, у час якога кароль каранаваўся і прыносіў прысягу захоўваць права і ўмовы пагаднення. Пры абранні на каралеўскі пасад у 1573 Генрыка Валезы былі прыняты агульнадзярж. акты — Пакта канвента і Генрыкавы артыкулы. Пакта канвента заключаліся паміж шляхтай і новаабраным каралём пры кожным канкрэтным выбары. Генрыкавы артыкулы былі агульнадзярж. актам з 18 пунктаў, якія абмяжоўвалі ўладу караля ўвогуле. Кароль абавязваўся кіраваць дзяржавай без спадчыннага замацавання трона, склікаць кожныя 2 гады сойм, правіць разам з радай з 18 сенатараў, без згоды сойма не абвяшчаць вайну і не заключаць мір, не ўводзіць новых падаткаў і інш. Пры парушэнні каралём гэтых артыкулаў шляхта мела права адмаўляцца ад паслушэнства яму, склікаць канфедэрацыі і са зброяй у руках адстойваць свае правы. 28.1.1573 на канвакацыйным сойме быў прыняты акт Варшаўскай канфедэрацыі, паводле якога абвяшчалася рэлігійная талерантнасць у дзяржаве ў адносінах да ўсіх веравызнанняў. З сярэдзіны 17 ст. на соймах уведзена правіла аднагалоснага прыняцця законаў і пастаноў («ліберум вета»), Заява хоць аднаго дэпутата аб яго нязгодзе з праектам закона была ўмовай непрыняцця яго, а сойм распускаўся. Толькі ў час канфедэрацый ці соймаў, якія абвяшчалі сябе канфедэрацыйнымі, законы і пастановы прымаліся большасцю галасоў. У паветах дзейнічалі павятовыя соймікі, на якіх шляхта прымала рашэнні як адносна спраў свайго павета, так і агульнадзяржаўных. Соймік выбіраў па 2 паслы (дэпутаты) на соймы. Аднак шляхце не забаранялася прымаць удзел і ў пасяджэннях сойма. Рашэнні на сойміках спачатку таксама прымаліся аднагалосна, аднак ужо з 1613 па некат. пытаннях прымаліся большасцю галасоў, а ў 18 ст. прымаліся і аднагалосна, і большасцю галасоў. Падчас бескаралеўя і адсутнасці соймаў (гал. чынам з-за іх зрыву) соймікі вырашалі дзярж. пытанні, у т. л. фінансавыя. У 2-й пал. 17—18 ст. усё большае значэнне ў кіраванні вайсковымі і фінансавымі справамі дзяржавы набывалі павятовыя соймікі, якім было перададзена права збіраць некат. падаткі і распараджацца імі, а таксама назначаць новыя падаткі. Соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканадаўчай і судовай улады, давалі сваім дэпутатам на сойм інструкцыі, якіх трэба было прытрымлівацца, а потым даваць справаздачу. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт III Ваза, абраны на трон 29.1.1588, каб атрымаць падтрымку магнатаў і шляхты ВКЛ, выдаў у Кракаве прывілей, якім зацвярджаў трэці Статут ВКЛ. Статут 1588 захаваў усе юрыд. нормы, якія падкрэслівалі самастойнасць ВКЛ. У артыкуле 12 забаранялася даваць пасады ў дзяржаве і маёнткі чужаземцам, у т. л. польскай шляхце, якая не мела права атрымліваць зямлю нават у якасці падарунка. Статут ВКЛ быў надрукаваны на бел. мове. Ён меў 14 раздзелаў і 487 артыкулаў, у якіх выкладзены нормы дзярж., грамадзянскага, сямейна-шлюбнага, зямельнага, саслоўнага і крымінальнага права, а таксама судаводства. Дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 і пасля таго, як Беларусь і Літва былі ўключаны ў склад Рас. імперыі. Толькі ў 1831 дзейнасць Статута была спынена ў Віцебскай і Магілёўскай губ., указам Мікалая I ад 25.6.1840 ён скасаваны ў Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ., Беластоцкай вобл. і губернях Правабярэжнай Украіны.
У 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася Рэфармацыя ў яе розных плынях. Да Рэфармацыі далучыліся магнацкія і шляхецкія сем’і, частка гараджан. Пераважная большасць прыхільнікаў Рэфармацыі належала да кальвіністаў. Узначальвалі Рэфармацыю ў 16 і 17 ст. прадстаўнікі роду Радзівілаў (у 2-й пал. 16 ст. М.Радзівіл Чорны і М.Радзівіл Руды, а ў 17 ст. — Я. і Б. Радзівілы). У сувязі з наступам контррэфармацыі ў канцы 16 — пач. 17 ст. большасць магнатаў, шляхты і мяшчан, пакінула рэфармацкія суполкі і перайшла ў каталіцтва (і былыя католікі, і былыя праваслаўныя). У 17—18 ст. прыхільнікі Рэфармацыі складалі нязначную меншасць вернікаў. Рэлігійную сітуацыю на Беларусі рэзка змяніла абвяшчэнне 9.10.1596 Брэсцкай уніі — акта пра арганізацыйнае аб’яднанне на тэр. Рэчы Паспалітай правасл. царквы з каталіцкай. Брэсцкая унія была праведзена на аснове ўзаемных уступак: прызнавалася вяршэнства папы рымскага, у царк. догматах зыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына (каталіцкі догмат), у той жа час захоўваліся ўсе правасл. абрады, богаслужэнне і казанні на царкоўнаслав. (потым на бел.) мове. Унію прыняла значная частка правасл. насельніцтва Беларусі, але ў некат. раёнах яна не замацавалася (Слуцкае княства, наваколле Пінска і Магілёва). Супраціўленне царкоўнай уніі часта прымала актыўныя формы (забойства полацкага архіепіскапа І.Кунцэвіча ў 1623). Рэліг. канфлікты мелі месца і ў інш. гарадах Беларусі. Паступова уніяцкая царква на Беларусі ахапіла сваёй дзейнасцю шырокія масы гар. і асабліва сельскага насельніцтва. Вернікі уніяцкай царквы ў канцы 18 ст. складалі 75% насельніцтва Беларусі (у вёсцы 80%), праваслаўнымі заставалася 6,5% насельніцтва. Каталіцкая царква займала прывілеяванае становішча.
У сельскай гаспадарцы Беларусі адбыліся значныя змены. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. аграрная рэформа (валочная памера) была праведзена ва ўладаннях магнатаў і шляхты Літвы, зах. і цэнтр. Беларусі. Стварэнне фальваркаў суправаджалася ўзбуйненнем вёсак, іх перапланіроўкай і наразаннем сялянам валочных надзелаў. Пашыраўся 3-польны севазварот, павялічылася ўраджайнасць. Сяляне паводле павіннасцей падзяляліся на 2 асн. катэгорыі: цяглых і асадных сялян. У час ваенных дзеянняў сярэдзіны 17 ст. гаспадарка Беларусі была разбурана. Для яе аднаўлення ў 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. феадалы, пераважна ў каралеўскіх маёнтках, пераводзілі значную частку сялян з паншчыны на грашовы чынш. У магнацкіх маёнтках паншчына ў асноўным захоўвалася. Да сярэдзіны 18 ст.сял. гаспадарка дасягнула некаторых поспехаў у развіцці агратэхнікі, павысілася ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе свойскай жывёлы. Пашырыўся ўнутраны рынак, развіваліся таварна-грашовыя адносіны. Усё гэта адбілася на дзярж. палітыцы пашырэння фальварковай гаспадаркі ў каралеўскіх эканоміях (рэформа А.Тызенгаўза).
Зрухі адбыліся і ў гар. жыцці. Замацавалася сістэма гар. самакіравання паводле магдэбургскага права, цэхавая сістэма, кірмашы і гандл. традыцыі. Гарады і ў пэўнай ступені буйныя мястэчкі выконвалі эканам., адм. і вайсковую функцыі, былі культ. і рэліг. цэнтрамі. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі было 42 гарады і 425 мястэчак. У 18 ст. — 50 гарадоў, з іх 25 прыватнаўладальніцкіх. У час войнаў сярэдзіны 17 і пач. 18 ст. большасць гарадоў і мястэчак разбурана і прыйшла ў заняпад. У 18 ст. гарады і мястэчкі аднаўляліся. Уздым гаспадаркі гарадоў Беларусі прыпадае на 2-ю пал. 18 ст.
Бел. культурнае адраджэнне ў 16 ст. абумоўлена бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, гуманістычным светапоглядам дзеячаў культуры Беларусі. Новы ўздым у культ. і грамадска-паліт. жыцці быў звязаны з рэфармацыйным рухам 2-й пал. 16 ст. Высокага ўзроўню дасягнула кнігадрукаванне. Паслядоўнікамі Скарыны былі Будны, І.Фёдараў, П.Мсціславец. Друкарні дзейнічалі ў Брэсце, Нясвіжы, Вільні, Заблудаве, Еўі, Куцейне, Магілёве. Вял. ўклад у развіццё бел. культуры зрабілі В.Цяпінскі, П.Зізаній, Мамонічы, М.Сматрыцкі, Вашчанкі і інш. Вышэйшай навуч. установай у ВКЛ была Віленская акадэмія, заснаваная ў 1578. На Беларусі існавала сетка сярэдніх навуч. устаноў езуітаў з высокім узроўнем навучання. У 18 ст. ўзніклі піярскія вучылішчы, у 1773 пачала дзейнасць Адукацыйная камісія з сеткай дзярж. школ у кожным павеце. Развівалася музычнае мастацтва. Падрыхтоўка спевакоў вялася ў манастырскіх і брацкіх школах. З 17 ст. пры калегіумах і дварах магнатаў існавалі капэлы, якія складаліся з аркестра і групы вакалістаў. Яны суправаджалі тэатральныя спектаклі, балі, рэліг. службы, вайсковыя парады. У 18 ст. ў прыватнаўладальніцкіх гарадах існавалі прыдворныя тэатры з балетнымі трупамі. У 16—18 ст. дзейнічалі школьныя тэатры. Магнацкія замкі і рэзідэнцыі ператварыліся ў палацава-замкавыя ансамблі. У выяўл. мастацтве пашырыліся партрэтны і батальны жанры. Дасягнулі росквіту драўляная разьба і скульптура. У 18 ст. на мануфактурных прадпрыемствах выраблялі унікальныя ўзоры прыкладнога мастацтва — шпалеры, слуцкія паясы, вырабы са шкла (Урэцкая і Налібоцкая мануфактуры) і інш.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 16—1-й пал.17 ст. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел. землі амаль цалкам засталіся ў складзе ВКЛ і падзялялі лёс гэтай дзяржавы. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 і Люблінскай уніі ў складзе ВКЛ на бел. землях засталіся: Віленскае ваяв. з паветамі Ашмянскім, Браслаўскім, Лідскім і часткай Віленскага; Гродзенскі пав. Троцкага ваяв.; Полацкае ваяв., Навагрудскае ваяв. з паветамі Ваўкавыскім, Слонімскім і Навагрудскім, у склад якога ўваходзіла і Слуцкае княства (у 1791 пераўтворана ў Случарэцкі пав.); Віцебскае ваяв. з Віцебскім і Аршанскім пав.; Брэсцкае ваяв. з Брэсцкім і Пінскім пав.; Мсціслаўскае ваяв.; Мінскае ваяв. з Мінскім, Мазырскім і Рэчыцкім пав. У 1611—67 існавала Смаленскае ваяв. са Смаленскім і Старадубскім пав., але паводле перамір’я 1667 яно адышло да Расіі. (Шляхце, што выехала са Смаленскага ваяв., на бел.-літ. памежжы былі дадзены маёнткі; Смаленскае ваяв. і 2 яго паветы фармальна існавалі на тэр. Віленскага, 2 яго павятовыя соймікі выбіралі ў сойм па 2 дэпутаты.).
Пасля нядоўгага панавання караля польскага і вял. князя літоўскага Генрыка Валезы [1574] новым каралём і вял. князем выбраны князь Трансільваніі Стафан Баторый [1576—86]. Выкарыстаўшы нестабільнасць паліт. становішча ў Рэчы Паспалітай, цар Іван IV пачаў наступленне ў Лівоніі, і яго войскі занялі тэр. ад Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс) да Рыгі. У ліп. 1579 40-тысячнае польскае і бел.-літ. войска Стафана Баторыя разам з венгерскімі і нямецкімі наёмнікамі рушыла да Полацка. Перадавыя бел.-літ. атрады пад камандаваннем вял. гетмана М.Радзівіла Рудога занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае; пасля 26-дзённай аблогі 30.8.1579 вызвалены Полацк, 4 вер. ўзята крэпасць Сокал, праз месяц — Суша. У наступную кампанію 1580 войскі Стафана Баторыя занялі Усвят, Веліж, Вялікія Лукі, Невель, Завалочча, Езярышча, Холм і Старую Русу. У 1581 у адказ рас. войскі спустошылі ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава. 26.8.1581 войскі Стафана Баторыя асадзілі Пскоў, але аблога не дала вынікаў. 15.1.1582 Рэч Паспалітая і Расія падпісалі Ям-Запольскае перамір’е на 10 гадоў, паводле якога Расія адмаўлялася ад Лівоніі, Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя гарады на рас. тэрыторыі.
Пасля смерці Стафана Баторыя польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны шведскі каралевіч Жыгімонт Ш Ваза [1587—1632], які імкнуўся атрымаць падтрымку літ.-бел. магнатаў і шляхты. 28.1.1588 ён выдаў прывілей, якім зацвярджаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці свайго бацькі (1592) Жыгімонт заняў і шведскі трон. У сваёй палітыцы ён намагаўся знішчыць у Рэчы Паспалітай Рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкаму касцёлу пры падтрымцы ордэна езуітаў. У час абвяшчэння Брэсцкай уніі 1596 Жыгімонт падтрымаў іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы. Як шчыры католік, Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў ажыццяўляць яе, але як палітык і кіраўнік дзяржавы вымушаны быў лічыцца з рэальным становішчам у краіне і за яе межамі, таму ён далучыўся да пастаноў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўных. Выступаючы супраць абсалютысцкіх планаў караля-католіка, шведскія дваране-пратэстанты на сойме пазбавілі Жыгімонта трона і каралём Швецыі абвясцілі яго дзядзьку Карла. З-за намаганняў Жыгімонта Вазы вярнуць шведскі трон у 1600 пачалася вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якая цягнулася да 1629.
У пач. 17 ст. кароль захапіўся новым планам, прапанаваным групай магнатаў і шляхты, — далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі або заключыць саюз з царом, якім меў быць каралевіч польскі. З гэтай мэтай кароль разам з магнатамі і шляхтай падтрымалі Лжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II, але калі апошняму не ўдалося захапіць Маскву, Жыгімонт пачаў рыхтавацца да вайны. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 польскае і літ. войска, разбіўшы 4.7.1610 каля Клушына рас.-шведскае войска, падышло да Масквы, дзе адбыўся пераварот, і сын Жыгімонта каралевіч Уладзіслаў быў абвешчаны рас. царом. Польскае і літ. войска заняло Маскву. Жыгімонт не адпусціў сына ў Расію, бо схіляўся да дзярж. уніі Рэчы Паспалітай з Расіяй. 22—26.10.1612 другое апалчэнне пад кіраўніцтвам К.Мініна і Дз.Пажарскага вызваліла Маскву, а ў лют. 1613 земскі сабор выбраў на царскі трон Міхаіла Фёдаравіча Раманава. У 1617—18 каралевіч Уладзіслаў, які меў тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, сам узначаліў паход на Маскву, рас. ваяводы здавалі яму гарады «на імя царскае», але вычарпаныя баявыя рэсурсы і вял. страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. Паводле Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адышлі землі Смаленшчыны з гарадамі Смаленск, Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Северская Украіна. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул рас. цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.
Пасля смерці Жыгімонта Вазы польскім каралём і вял.кн. літоўскім выбраны яго сын Уладзіслаў IV Ваза [1632—48]. Яшчэ да абрання караля, выкарыстаўшы міжуладдзе ў Рэчы Паспалітай, рас. цар Міхаіл Фёдаравіч пачаў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Рас. войскі асадзілі Смаленск, але горад вытрымаў аблогу. Рас. войска было акружана польскім і бел.-літ. войскамі, якія ўзначальваў кароль Уладзіслаў, і капітулявала. Палянаўскі мір 1634 пацвердзіў умовы Дэулінскага перамір’я пра пераход Смаленскага ваяв. ў склад ВКЛ. Кароль Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула рас. цара і вярнуў крыжацалавальную грамату масквічоў 1610 аб выбранні яго царом.
У канцы 16 — пач. 17 ст. ўскладнілася становішча на Украіне. Інкарпарацыя ўкр. ваяводстваў Польшчай стварыла магчымасць для пранікнення на Украіну польскай шляхты і каталіцкага духавенства, што прывяло да запрыгоньвання дзесяткаў і соцень тысяч укр. сялян, узмацнення нац. прыгнёту і рэліг. супярэчнасцей. Няўстойлівая пазіцыя іерархаў правасл. царквы садзейнічала канфрантацыі, асабліва з боку казацтва, якое было абмежавана ў правах і хацела пазбавіцца кантролю з боку польскіх улад. У канцы 16 ст. адбыўся шэраг казацкіх выступленняў і паўстанняў, да якіх далучаліся найб. актыўныя і вольналюбівыя сяляне. Казакі выступалі як абаронцы «простага народу» («людзей паспалітых») — сялян і гараджан. Адным з найбольшых антыфеад. казацка-сял. выступленняў на Украіне і на паўд.-ўсх. Беларусі было Налівайкі паўстанне 1594—96. Адступаючы пад націскам 7-тысячнага войска рэестравых (запісаных на каралеўскую службу) казакоў, паўстанцы адышлі на Палессе, дзе да іх далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта, захапілі Петрыкаў і Слуцк. Пасля паражэння пад Капылём 2-тысячны атрад казакоў і сялян заняў Магілёў, але пасля Буйніцкай бітвы 1595 паўстанцы зноў адступілі на Палессе і праз Тураў і Пінск адышлі на Валынь.
У апошнія гады жыцця Уладзіслаў Ваза распрацоўваў планы вял. вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, войскі якіх рабілі набегі на ўкр. і польскія землі. Ён разлічваў на саюз з Расіяй і на ўкр. казацтва, але гэта выклікала незадавальненне магнатаў і заможнай шляхты. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад планаў вайны з Турцыяй. Казакі тым часам працягвалі рыхтавацца да вайны, толькі супраць польскай шляхты. У студз. 1648 гетманам запарожскага войска быў выбраны Б.Хмяльніцкі, які заключыў саюзны дагавор з крымскім ханам і на чале казацкага войска і 4-тысячнага атрада крымскіх татараў разграміў польскія войскі каля Жоўтых Водаў і Корсуня, што стала сігналам для нар. паўстання ва ўсх. і цэнтр. частках Украіны. Пачалася антыфеадальная вайна 1648—51. 20.5.1648 памёр кароль Уладзіслаў. Скарыстаўшы перыяд міжуладдзя, казацкія войскі занялі ўсю Левабярэжную Украіну і Кіеў. 20.11.1648 каралём і вял. князем літоўскім быў выбраны малодшы брат Уладзіслава Ян II Казімір [1648—68], які заключыў з Хмяльніцкім перамір’е.
У дачыненні да Беларусі ў Хмяльніцкага былі асобныя планы. Ён хацеў адцягнуць ад наступлення на Украіну войскі Рэчы Паспалітай і звязаць іх ваен. дзеяннямі на тэр. Беларусі, а пры спрыяльнай сітуацыі далучыць частку Беларусі (асабліва Палессе і Падняпроўе) да Украіны. Улетку 1648 на поўдні Беларусі з’явіліся казацкія загоны (атрады) Галавацкага, А.Нябабы, Крывашапкі, Гаркушы, Міхненкі, Паддубскага і інш., якія рабавалі панскія маёнткі, касцёлы і кляштары, знішчалі фінансавыя дакументы, забівалі каталіцкіх святароў і манахаў. Да казакоў далучаліся сяляне і частка гараджан. Паўстанцы захапілі Гомель, Лоеў, Брагін, Мазыр, Тураў, Пінск, Бабруйск. У канцы 1648 у раёне Брэста сабралася войска пад камандаваннем гетмана польнага Я.Радзівіла, якое, рухаючыся ўздоўж Прыпяці на ўсход, авалодала Туравам, Мазыром, Бабруйскам, Рэчыцай. Вясной 1649 на Беларусь былі накіраваны новыя казацкія атрады Галоты, Падбайлы, Гаркушы, цераз Дняпро пераправіўся вял. казацкі атрад М.Крычэўскага, да якога далучыліся сяляне. З 1.7.1649 аб’яднанае казацка-сял. войска Крычэўскага было акружана, але з вял. стратамі (загінуў сам Крычэўскі) часткова выйшла з аблогі. У 1651 адбыліся паўстанні ў раёнах Мсціслава, Прапойска, Чачэрска і Горваля, якія былі падаўлены ўрадавым войскам, бо на дапамогу ім казацкія атрады ўжо не прыйшлі: Хмяльніцкі ў выніку паражэння заключыў з Польшчай Белацаркоўскі мірны дагавор. У ліп. 1651 войска Я.Радзівіла накіравалася на Украіну, па дарозе каля лоеўскіх перапраў разбіла 15-тысячнае казацкае войска М.Нябабы (сам Нябаба загінуў) і заняло Кіеў.
Вайна 1654—67. У кастр. 1653 земскі сабор у Маскве прыняў пастанову аб далучэнні Левабярэжнай Украіны да Расіі, а ў студз. 1654 Пераяслаўская рада зацвердзіла гэту пастанову. Улетку 1654 пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Цар Аляксей Міхайлавіч выставіў 80—83 тыс.чал. супраць 10-тысячнага войска ВКЛ. З поўдня на Беларусь наступала 20-тысячнае казацкае войска. У кампанію 1654 рас. войскі занялі Смаленск, Мсціслаў, Шклоў, Оршу, Дуброўну; казакі І.Залатарэнкі занялі Гомель, Чачэрск, Новы Быхаў і аблажылі Стары Быхаў, 24 жн. здаўся Магілёў. На поўначы Беларусі армія В.П.Шарамецева заняла Невель, Полацк, Дзісну, Друю, Усвят, у ліст. 1654 Віцебск. Рас. войскі наступалі таксама ў Інфлянтах і разам з укр. казакамі — на Украіне. У канцы 1654 — пач. 1655 войскі Я.Радзівіла, А.Гансеўскага, П.Сапегі, Е.Глябовіча, С.Аскеркі перайшлі ў наступленне: у снежні 1654 знята аблога Старога Быхава, вызвалены Копысь, Дуброўна і Орша, зроблена спроба заняць Магілёў. Аднак улетку 1655 рас. войска і ўкр. казакі правялі паспяховае наступленне: занялі ўсю цэнтр. і значную частку зах. Беларусі; зноў захапілі Дуброўну, Оршу, Копысь, у ліпені — Свіслач, Барысаў, Мінск, у жніўні — Вільню, Гродна і Коўна, казацкія атрады занялі Прынямонне. Не здолеўшы авалодаць Старым Быхавам і Слуцкам, армія А.М.Трубяцкога рэйдам прайшла па Беларусі, заняла і спаліла Клецк, Ляхавічы, Мыш, Сталовічы, Слонім, Навагрудак, дзе злучылася з казацкім атрадам В.Залатарэнкі і на зваротным шляху спаліла Нясвіж, Капыль, зноў безвынікова імкнулася авалодаць Слуцкам. На поўдні атрад Валконскага захапіў і спаліў Тураў, Давыд-Гарадок, Столін і Пінск.
Улетку 1655 армія шведскага караля Карла X Густава напала на Польшчу і заняла амаль усю яе тэр. (за выключэннем усх. і ўкр. ваяводстваў). Шведскі кароль прапанаваў Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы цару тэр. на ўсход ад лініі Слуцк—Мінск—Докшыцы—Дзісна, але цар адмовіўся, бо рас. войскі і без таго займалі бел. і літ. землі. Частка феад. знаці вырашыла захаваць дзяржаўнасць ВКЛ у саюзе са Швецыяй. 20.10.1655 Я.Радзівіл, яго стрыечны брат Б.Радзівіл з вял. групай шляхты (пераважна з Жамойці) заключылі Кейданскі дагавор 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй, прызнаючы Карла X Густава вял. князем літоўскім. Шляхце і каталіцкаму касцёлу пакідаліся ранейшыя прывілеі. Частка шляхты выказалася за Аляксея Міхайлавіча ў якасці вял. князя літоўскага, частка шляхты працягвала барацьбу з рас. і шведскімі войскамі, выступаючы за захаванне дзярж. уніі з Польшчай. Рыхтуючыся да вайны супраць Швецыі за Прыбалтыку, рас. цар заключыў з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656.
На захопленай тэр. Беларусі была ўстаноўлена рас. адміністрацыя, у буйныя гарады былі прызначаны рас. ваяводы. Шляхце, якая прысягнула цару, рас. ўрад захаваў маёнткі і саслоўныя правы. Тыя шляхціцы, што аказвалі супраціўленне ці былі ўзяты ў палон, пазбаўляліся маёнткаў. За правасл. царквой захоўваліся ўсе ўладанні і правы. Была забаронена дзейнасць рымска-каталіцкага касцёла і уніяцкай царквы, зачынены касцёлы і кляштары, каталіцкія навуч. ўстановы. Гарады Беларусі, разрабаваныя і абязлюджаныя, атрымалі граматы на дазвол рамесніцка-гандлёвай дзейнасці. У гарадах з магдэбургскім правам на час вайны дазвалялася самакіраванне, але пад кантролем рас. ваявод. Асабліва пагоршылася становішча сялян, бо дваране з рас. войска вывозілі іх у свае маёнткі ў Расіі. Укр. казацкая старшына намагалася далучыць усх. частку Беларусі да Украіны. Казацкія войскі на Беларусі ўзначальваў І.Нячай. Пасля Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай з казакамі перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і заняў значную частку ўсх. Беларусі (Быхаў, Чавусы, Мсціслаў, Рослаўль і інш.) і некат. паўд. раёны. 14.2.1659 рас. войскі штурмам узялі Стары Быхаў, дзе знаходзіўся апорны пункт казакоў Нячая, і жорстка расправіліся з кіраўнікамі казацкіх атрадаў. Толькі па просьбе новага гетмана Украіны Ю.Хмяльніцкага Нячай быў памілаваны і высланы ў Табольск.
Увосень 1659 на Беларусь была кінута моцная рас. армія пад камандаваннем І.А.Хаванскага, якая ў снежні авалодала Гроднам, 15.1.1660 заняла Брэст, у сак. 1660 аблажыла ўмацаваную крэпасць П.Я.Сапегі — Ляхавічы. Аб’яднанае войска ВКЛ пад камандаваннем Сапегі і польскае войска пад камандаваннем С.Чарнецкага ў бітве 28.6.1660 каля Палонкі (Слонімскі пав.) перамаглі армію Хаванскага. 3.7.1660 войскі Сапегі і Чарнецкага занялі Мінск і вызвалілі тэр. на захад ад Бярэзіны. Хаванскі з рэшткамі войска пацярпеў паражэнне каля Чарэі і адступіў у Полацк. 8.10.1660 аб’яднаныя войскі Рэчы Паспалітай сустрэлі каля Чавус рас. войска Ю.А.Далгарукага і не дапусцілі аб’яднання яго з войскамі Хаванскага. 12.2.1661 гараджане Магілёва за адну ноч знішчылі 3-тысячны гарнізон стральцоў, такія ж паўстанні адбыліся ў Дзісне, Себежы, Гомелі і інш. гарадах. 2.12.1661 вызвалена Вільня. Ваен. дзеянні прыпыніліся на 2 гады, бо больш чым палове войска ВКЛ не выплацілі жалавання. Але Расія ўжо не магла скарыстаць сітуацыю. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Расія захавала Смаленскае ваяв., Левабярэжную Украіну і Кіеў. Вайна 1654—67 была нац. трагедыяй бел. народа. Большасць гарадоў, вёсак і мястэчак была разрабавана і зруйнавана, сельская гаспадарка, рамёствы і гандаль прыйшлі ў заняпад. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася напалову (у 1650 на Беларусі жыло 2,9 млн.чал., у 1667—73—1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяводствах на 60—70%, у Навагрудскім, Брэсцкім і Віленскім ваяводствах на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Палітычнае развіццё ў 2-й пал. 17 — сярэдзіне 18 ст. Расчараваны ў выніках войнаў у час яго панавання і ў марнасці рэфармавання дзярж. ладу Рэчы Паспалітай, кароль Ян II Казімір Ваза ў 1668 адрокся ад трона. Новым польскім каралём і вял. князем літоўскім выбраны Міхал Вішнявецкі [1669—73]. Паводле пастановы сойма 1673, кожны трэці сойм (акрамя тых, што выбіралі караля) збіраўся ў ВКЛ у Гродне. Наступным каралём польскім і вял. князем літоўскім быў выбраны Ян III Сабескі [1674—96], якога падтрымлівалі магнаты і шляхта прафранцузскай арыентацыі. «Вечны мір» 1686 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй замацаваў дзярж. граніцы і стварыў умовы для сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Але 9-ы артыкул гэтага дагавора даваў магчымасць царызму пад выглядам абароны праваслаўя пастаянна ўмешвацца ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай.
У асяроддзі магнатаў усё больш разгаралася барацьба за вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Каралеўская ўлада намагалася супрацьпаставіць адну групоўку магнатаў другой. У 1660—1-й пал. 1670-х г. найбольшага паліт. ўплыву на Беларусі дамагліся Пацы — кіраўнікі шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Пасля выбрання каралём Яна III Сабескага Пацы ўзначалілі апазіцыю каралю. Яны атрымлівалі грашовыя субсідыі ад Аўстрыі і Брандэнбурга, наладзілі сувязі з Расіяй. Кароль жа падтрымаў сем’і Сапегаў і Агінскіх, якія выступалі супраць Пацаў. Гэтае саперніцтва скончылася перамогай Сапегаў (1-я пал. 1680-х г.), якія атрымалі ад Яна III Сабескага высокія пасады ў дзяржаве. Умацаваўшы сваё становішча, Сапегі выступілі супраць караля, маючы намер стаць на чале самастойнай ВКЛ. Аднак у асяроддзі бел. і літ. шляхты расла незадаволенасць усеўладдзем і злоўжываннямі Сапегаў. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба бел. і літ. шляхты. Канфедэрацыйны сойм 29.8.1697 канчаткова ўраўнаваў правы шляхты ВКЛ з правамі шляхты Польшчы. На элекцыйным сойме 1697 ураўнаванне правоў было зацверджана з узмацненнем кантролю шляхты над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб у ВКЛ. Адным з пунктаў гэтай пастановы была замена бел. мовы як афіцыйнай у ВКЛ на польскую, але з захаваннем юрыдычнай моцы ранейшых дзярж. актаў на бел. мове. На практыцы кандыдаты на ўсе судовыя пасады павінны былі валодаць бел. мовай, каб дакладна ведаць і тлумачыць ранейшыя дзярж. акты, а таксама розныя дакументы. Аднак увядзенне польскай мовы як афіцыйнай садзейнічала паланізацыі мясцовай шляхты і вярхоў мяшчанства.
Выбраны пры падтрымцы Аўстрыі і Расіі каралём і вял. князем літоўскім Аўгуст II [1697—1706, 1709—33], курфюрст саксонскі, імкнуўся прымірыць варагуючыя бакі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і большай часткай шляхты Беларусі і Літвы на чале з Р.А.Агінскім і Вішнявецкімі набыў характар вайны. У ліст. 1700 пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты; войска Сапегаў было разбіта. Аўгуст II скарыстаў гэта, каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ. Яго прыхільнікі на чале з Агінскім, а таксама праціўнікі Сапегаў — Радзівілы, Пацы і Вішнявецкія, выступілі з праектам выхаду ВКЛ са складу Рэчы Паспалітай і стварэння спадчыннай манархіі для Аўгуста II і яго нашчадкаў. У Беларусь і Літву былі ўведзены саксонскія войскі для «прымірэння бакоў», быццам бы для аховы гэтай тэр. ад шведскіх войск.
У Паўночную вайну 1700—21 Аўгуст II уступіў як курфюрст Саксоніі і як саюзнік Пятра I. Напачатку Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў вайне. У пач. 1702 войскі шведскага караля Карла XII праз Гродна прайшлі ў Польшчу. А ў Беларусі і Літве працягвалася барацьба паміж большай часткай шляхты і Сапегамі, якія перайшлі на бок шведаў. Сапегі арганізавалі казацка-сялянскія атрады, што дзейнічалі ва ўсх. частцы Беларусі (Дуброўна, Галоўчын, Быхаў), пакуль не былі разбіты ў лютым 1702. Прадстаўнікі шляхты ’падпісалі дагавор з Расіяй, паводле якога Пётр I абяцаў ваен. і грашовую дапамогу ВКЛ. Скліканая вясной 1703 генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвясціла саюз з Расіяй. Карл XII арганізаваў канфедэрацыю, якая 13.7.1704 выбрала каралём польскім і вял. князем літоўскім пазнанскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага. Увосень 1704 60-тысячная рас. армія пад камандаваннем А.І.Рапніна ўвайшла ў Беларусь, да лета 1705 частка арміі заняла Гродна, другая частка — раёны Мінска і Слуцка. Карл XII вярнуўся з Польшчы на Беларусь і аблажыў Гродна, але рас. войску ў сак. 1706 удалося вырвацца і праз Брэст адысці ў Кіеў. Шведскае войска разам з атрадамі К.Я.П.Сапегі прайшло па цэнтр. Беларусі, руйнуючы маёнткі шляхты. Пацярпеўшы паражэнне, Аўгуст II паводле ўмоў Альтранштацкага дагавора 1706 адмовіўся ад кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага, на бок якога перайшлі Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія і частка шляхты. Аднак Сандамірская канфедэрацыя ў Польшчы і генеральная канфедэрацыя ВКЛ не прызналі гэтага дагавора, іх падтрымліваў Пётр I. У студз. 1708 шведскія войскі зноў увайшлі ў Беларусь, занялі Гродна і рушылі на ўсход. 15.7.1708 каля мяст. Галоўчын адбылася бітва паміж рас. і шведскімі войскамі, у ходзе якой корпус Рапніна быў разбіты. Шведы занялі Магілёў і рушылі на ўсход. У баях каля вёсак Добрае і Раеўка (Мсціслаўскае ваяв.) у вер. 1708 авангард шведскай арміі панёс страты. Карл XII накіраваў сваё войска на Украіну. 9.10.1708 каля в. Лясная армія Пятра I разбіла шведскі корпус графа А.Левенгаўпта, які ішоў на дапамогу Карлу XII. Пасля перамогі рас. войск у бітве пад Палтавай 8.7.1709 на тэр. Беларусі адбываліся ваен. дзеянні паміж рас. войскамі і канфедэратамі, з аднаго боку, і прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага, з другога. Аўгуст II вярнуўся ў Польшчу і зноў заключыў саюз з Пятром I. Паўн. вайна прычыніла вял. страты Беларусі, шмат якія гарады былі спалены, колькасць насельніцтва зменшылася (з 2,2 млн.чал. да вайны да 1,5 млн.чал.). Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на Беларусі пачалася барацьба паміж прыхільнікамі гетмана вялікага ВКЛ Л.К.Пацея, які пры падтрымцы Пятра I яшчэ раней фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным ВКЛ С.Э.Дэнгафам. Віленская канфедэрацыя 1716 выступіла супраць абсалютысцкіх планаў караля. «Нямы» сойм 1717 пад дыктоўку Пятра I абмежаваў уладу караля і гетманаў, пацвердзіў права «ліберум вета», польскае войска скарачалася да 18 тыс.чал., войска ВКЛ — да 6 тыс.чал., аднак замест войск часовага набору стваралася пастаяннае войска. З таго часу ўплыў Расіі на паліт. жыццё ў Рэчы Паспалітай стаў пастаянным. Пасля смерці караля Аўгуста II, шляхта выбрала 12.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка Францыі, што не адпавядала інтарэсам Расіі. Маршам праз Беларусь на тэр. Польшчы ўвайшлі рас. войскі. Рас. камандаванне і дыпламаты арганізавалі новыя выбары. 5.10.1733 новым каралём польскім і вял. князем літоўскім выбраны Аўгуст III [1733—63], курфюрст Саксоніі, сын Аўгуста II. У час яго кіравання ішло далейшае паглыбленне паліт. крызісу Рэчы Паспалітай, соймы пастаянна зрываліся, што паралізавала дзейнасць цэнтр. улады. Пасля смерці Аўгуста III па прапанове Кацярыны II на выбарчым сойме выбраны апошні кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], які пачаў праводзіць палітыку памяркоўных рэформ дзярж. ладу, што выклікала незадаволенасць урадаў Расіі і Прусіі, інтарэсам якіх адпавядала слабая Рэч Паспалітая.
Падзелы Рэчы Паспалітай. Карыстаючыся правам абароны правоў праваслаўных у Рэчы Паспалітай, Кацярына II, а таксама прускі кароль Фрыдрых II, які да яе далучыўся, прапанавалі праект ураўнавання ў паліт. правах шляхты-дысідэнтаў (некатолікаў) з каталіцкай шляхтай. Калі сойм адхіліў гэты праект, у Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі. Пры падтрымцы рас. пасла М.В.Рапніна шляхта-дысідэнты ў 1767 стварылі пратэстанцкую канфедэрацыю ў Торуні і кальвінісцка-праваслаўную Слуцкую канфедэрацыю 1767, якія пры падтрымцы Расіі і Прусіі імкнуліся ўраўнаваць правы дысідэнцкай шляхты з каталіцкай. Абедзве канфедэрацыі былі прыняты пад «найвысачэйшую пратэкцыю» Кацярыны II, якая прыслала ім на дапамогу 40-тысячную армію. Сойм пад націскам Расіі ў 1768 згадзіўся прыняць пастанову аб ураўнаванні правоў некаталіцкай шляхты з каталіцкай. Патрыятычна настроеная шляхта і праціўнікі ўраўнавання правоў арганізавалі Барскую канфедэрацыю 1768, якая выступала за цэласнасць і незалежнасць дзяржавы. Атрады канфедэратаў дзейнічалі ў Брэсцкім і Мсціслаўскім ваяводствах, Ашмянскім, Аршанскім, Браслаўскім і Ваўкавыскім паветах. У кастр. 1768 рас. войскі разграмілі канфедэратаў пад Дзярэчынам (Слонімскі пав.) і занялі Нясвіжскую і Слуцкую крэпасці. У 1769 атрад канфедэратаў перамог рас. войскі ў баях пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. У чэрв. 1770 з Літвы на Беларусь перайшоў атрад Ш.Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, а таксама сялян. Ён дзейнічаў у раёнах Мядзела, Радашковіч, Мінска. Зноў узнялася на барацьбу шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, у Мсціслаўскім і Полацкім ваяводствах. Неўзабаве атрад Касакоўскага быў разбіты пад Навагрудкам. У вер. 1771 на бок канфедэратаў перайшоў гетман вялікі ВКЛ М.К.Агінскі, але яго 3-тысячны атрад быў разбіты войскам А.В.Суворава пад Сталовічамі. Вынікам разгрому барскіх канфедэратаў была дамоўленасць паміж урадамі Расіі і Прусіі (сакрэтная канвенцыя ад 5.8.1772; пазней далучылася і Аўстрыя) пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Паводле канвенцыі Прусія атрымала паўн.-зах. частку Польшчы, Аўстрыя — паўд. частку Польшчы і большую частку зах. Украіны са Львовам (Галіцыю). Да Расіі былі далучаны землі ўсх. і паўн. Беларусі на поўнач ад Зах. Дзвіны, на ўсход ад Друці і Дняпра, а таксама Інфлянцкае ваяводства.
У 1770—80-я г. ўрад Рэчы Паспалітай правёў некаторыя рэформы, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча мяшчан, развіццё прамысловасці. Была створана Адукацыйная камісія, рэарганізавана сістэма адукацыі. Патрыятычныя колы на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правялі некалькі наспелых рэформ, хоць і палавінчатых. У 1791 сойм змяніў адміністрацыйны падзел у дзяржаве (з 34 паветаў у ВКЛ 20 было на тэр. Беларусі). Была прынята Канстытуцыя 3 мая 1791, якая захавала правы і прывілеі шляхты, аднак падкрэслівала неабходнасць збліжэння яе з мяшчанствам. Сял. саслоўе абвяшчалася пад заступніцтвам закона, але пры існаванні дагавора сялян з панам прыгоннае права не адмянялася. Права «ліберум вета» і канфедэрацыі скасоўваліся, усе рашэнні на сойме павінны былі прымацца большасцю галасоў. Канстытуцыя абвяшчала ўтварэнне унітарнай дзяржавы, аднак у Беларусі і Літве захоўваліся асобныя дзярж. пасады, працягвала існаваць войска ВКЛ. Канстытуцыя мела прагрэсіўны характар, яна ліквідавала феад. анархію і стварала спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталіст. адносін. Рэакцыйныя колы магнатаў і шляхты, якіх падтрымала беззямельная шляхта, што знаходзілася пад уплывам магнатаў і была пазбаўлена выбарчых правоў, звярнуліся да Кацярыны II з просьбай аб дапамозе ў барацьбе супраць Канстытуцыі. 27.4.1792 у Пецярбургу складзены акт канфедэрацыі і да граніцы з Рэччу Паспалітай перакінуты рас. войскі. У памежным мяст. Таргавіца (Украіна) быў апублікаваны акт Таргавіцкай канфедэрацыі. Рас. войскі з групай канфедэратаў пачалі прасоўвацца на тэр. Беларусі і Правабярэжнай Украіны. Пасля некалькіх бітваў войскі ВКЛ і Польшчы адступілі ў ліп. 1792 за Зах. Буг. Кароль далучыўся да канфедэрацыі. Канфедэрацыі ВКЛ і Польшчы аб’ядналіся. Канстытуцыя і іншыя рэформы Чатырохгадовага сойма адмяняліся. Таргавіцкая канфедэрацыя фактычна падрыхтавала другі падзел Рэчы Паспалітай. 23.1.1793 у Пецярбургу падпісана новая канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй. Апошняя атрымала зах. частку польскіх зямель з г. Познань; Расія — цэнтр. частку Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Бабруйск, Слуцк, Мазыр, Пінск, а таксама Правабярэжную Украіну. У складзе Рэчы Паспалітай засталася частка польскіх зямель, зах. Беларусь, Валынь, Падляшша, Літва, Жамойць і Курляндыя. Гродзенскі сойм 1793 маўкліва прыняў рашэнне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Асн. маса магнатаў, шляхты і духавенства прысягнулі Кацярыне II, аднак патрыятычныя колы шляхты і мяшчан, шматлікая дробная шляхта, прагрэсіўнае афіцэрства і духавенства зрабілі спробу захаваць незалежнасць дзяржавы, вярнуць страчаныя тэрыторыі і працягваць рэформы.
24.3.1794 на кракаўскім рынку быў абвешчаны акт паўстання 1794, начальнікам якога прызначаны ген. У.Касцюшка, па паходжанні шляхціц з Брэсцкага пав. У красавіку да паўстання далучыліся Літва і Беларусь. 23.4.1794 утворана Найвышэйшая Літоўская рада — часовы рэв. ўрад Літвы і зах. Беларусі. Спачатку паўстанне мела некаторы поспех. У гарадах і паветах Беларусі і Літвы былі створаны органы паўстанцкай улады. Сяляне верылі Найвышэйшай радзе, якая абяцала скасаваць прыгоннае права, і таксама прынялі ўдзел у паўстанні або дапамагалі паўстанцам. 7.5.1794 Паланецкім універсалам Касцюшка абвясціў сялян свабоднымі, але зямлю пакідаў панам, ператвараючы сялян у арандатараў. Асн. маса заможнай шляхты сабатавала гэты універсал, што адштурхнула сялян ад паўстання. Каб адцягнуць сялян ад паўстання, рас. генералы абвясцілі амністыю сялянам-паўстанцам. Акрамя таго, узніклі супярэчнасці паміж Касцюшкам і Найвышэйшай Літоўскай радай. Абвінаваціўшы раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў», Касцюшка распусціў яе і ўтварыў Цэнтральную дэпутацыю Вялікага княства Літоўскага, якая складалася з больш памяркоўных элементаў (са жніўня да кастр. знаходзілася ў Гродне). У чэрвені—жніўні найб. актыўныя ваенныя дзеянні адбываліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У жніўні атрад С.Грабоўскага прабіўся ў Мінскую губ., але ў Любанскім баі быў разбіты і капітуляваў. Разгром паўстання на Беларусі давяршыў корпус Суворава (12 тыс.чал.), які нанёс паражэнне 17 вер. корпусу К.Серакоўскага і атраду К.Князевіча (5 тыс.чал.) у час Крупчыцкага бою. І.Е.Ферзен нанёс паражэнне паўстанцам у Мацяёвіцкай бітве (10.10.1794), дзе паранены Касцюшка трапіў у палон. Паўстанне скончылася паражэннем. Рэч Паспалітая была акупіравана рас., прускімі і аўстрыйскімі войскамі. 24.10.1795 у Пецярбургу падпісана канвенцыя аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай. Расія далучыла да сваіх уладанняў землі зах. Беларусі, большую частку Літвы (на поўнач і ўсход ад Нёмана), Курляндыю і Валынь. Мазовія з Варшавай, Падляшша з Беластокам і Бельскам, Занёманская Літва (на поўдзень ад Коўна) аддадзены Прусіі. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу з Кракавам і Люблінам і паўд. частку Падляшша, а таксама зах. частку Брэсцкага ваяв. (за Зах. Бугам). Кароль і вял. князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25.11.1795 адмовіўся ад трона і перавезены ў Гродна. Рэч Паспалітая спыніла сваё дзярж. існаванне.
Літ.:
Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута: Ист. очерки. [М., 1892];
Яго ж. Литовско-русский сейм. М., 1900;
Яго ж. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2 изд. М., 1915;
Довнар Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901;
Яго ж. История Белоруссии. Мн., 2003;
Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Т. 1. СПб., 1901;
Максимейко Н.А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Sierzputowski T. Pierwsza próba reformy polityczny w Polsce. Warszawa, 1905;
Малиновский И. Рада Великого Княжества Литовского в связи с боярской думой древней России. Ч. 2, вып. 2. Томск, 1912;
Halecki O. Dzieje unii Jagiellońskiej. T. 1—2. Kraków, 1919—20;
Feldman J. Polska w dobie wielkiej wojny północnej, 1704—1709. Kraków, 1925;
Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagiellonów. T. l.Warszawa, 1930;
Пресняков А.Е. Лекции по русской истории: (читанные автором в 1908—1910 гг.). Т. 2, вып. 1. М., 1939;
Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Яго ж. Белоруссия и Литва XV—XVI вв. М., 1961;
Пашуто В.Т. Образование Литовского государства М., 1959;
Bardach J. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księsiwa Litewskiego XIV—XVII w. Warszawa, 1970;
Яго ж. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988;
Morzy J Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku. Poznań, 1965;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Łowmiański H. Studia nad dziejami Wielkiego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983;
Ігнатоўскі У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. 2 выд. Rzeszów, 2000;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Яго ж. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. 2 выд.Мн., 2003;
Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага: (Другая палова XIII — першая палова XVII стст.). Магілёў, 2003.
А.П.Грыцкевіч.
Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.Грунвальдская бітва 1410. Карціна Я.Матэйкі.Статут ВКЛ 1529.Люблінская унія 1569. Карціна Я.Матэйкі.Аблога Брэста шведамі ў 1657. Гравюра Э.Дальберга.Карыкатура на 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. 1772.