ВО́ЙСКІ,

службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХМІ́СТАР,

пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСТАЕ́ЎСКІЯ,

шляхецкі род уласнага герба («Радван» зменены) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 15 ст., жылі на Піншчыне, у 17 ст. перасяліліся на Валынь і ў Навагрудскае ваяв. Родапачынальнік — Даніла Іванавіч Ірцішчавіч, які ў 1506 атрымаў ад пінскага кн. Ф.​І.​Яраславіча некалькі двароў, у т. л. Дастоева (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Пётр, маршалак пінскі (1598—99); Яраш, падстароста оўруцкі (1604); Пётр, суддзя гродскі пінскі (1627—32); Бенядзікт, падчашы пінскі (1635); Андрэй, харужы валынскі (1649). Верагодна, з гэтага роду паходзіць рус. пісьменнік Ф.М.Дастаеўскі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТМІСТР (польск. rotmistrz ад ням. Rittmeister ад Ritt атрад кавалерыстаў + Meister начальнік),

1) ранг у войску ВКЛ і Польшчы 16—18 ст. паміж паручнікам і падпалкоўнікам (палкоўнікам), камандзір пяхотнай роты або кав. харугвы. У палках замежнага строю часам называўся маёрам.

2) Павятовая шляхецкая пасада (урад) у ВКЛ і Польскім каралеўстве, вайсковы камандзір шляхты некалькіх парафій павета, кіраўнік адпаведнай харугвы. Прызначаўся павятовым харунжым.

3) Ранг у войску Рас. імперыі ў кавалерыі паміж штабс-ротмістрам і маёрам (да 1884), падпалкоўнікам (пасля 1884). Адпавядаў агульнавайсковаму рангу капітана.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЛЯ́Н (ад лац. castellum замак),

пасада ў Польшчы і ВКЛ. У Польшчы ў 12—13 ст. К. — намеснік князя або караля на пэўнай тэрыторыі з цэнтрам у замку. Ажыццяўляў адм.-вайсковую і суд. ўладу над залежным насельніцтвам. Пасля з’яўлення ў пач. 14 ст. старостаў страціў рэальную ўладу, але меў гарантаванае месца ў каралеўскай радзе, пасля ў Сенаце. Існавалі да 1831. У ВКЛ уведзены ў 1413 у Вільні і Троках, у 1566 — у інш. ваяводскіх гарадах. Уваходзілі ў Раду ВКЛ, з 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай. К. не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,

найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх. Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.​М.​Сазонаў (вып. 1—16), М.​М.​Мяшчэрскі і М.​Л.​Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.​І.​Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал. ч. сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.

Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.​М.​Пржавальскага і інш.

С.​М.​Ходзін.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л АРТЫЛЕ́РЫІ,

адна з дыгнітарскіх (вышэйшых прыдворных) пасад у ВКЛ. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі (майстэрнямі па вырабе гармат, званоў і інш.), займаўся навучаннем артылерыстаў, забеспячэннем войска і арсеналаў амуніцыяй і порахам. Пасада вядома з 17 ст., калі кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Генерал артылерыі прызначаўся пажыццёва і не меў права займаць інш. вайсковых пасад. Распараджаўся вял. грашовымі сродкамі, прымаў спец. прысягу не расходаваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы вял. гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Усечасовай рады. Непасрэдна ў ваен. дзеяннях не ўдзельнічаў. Першым генералам артылерыі ВКЛ быў Мікалай Абрамовіч (1638).

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЫ,

дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтр — г. Ігумен (сучасны Чэрвень). Пл. 9,4 тыс. км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г. Ігумен у Чэрвень наз. Чэрвеньскі павет.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫГА́ТАР (ад лац. instigo узбуджаю, прымушаю),

пасада (урад) у ВКЛ і Польшчы. 1) Выконваў функцыі гал. пракурора дзяржавы. У Польшчы ўведзены ў 1557. У ВКЛ упершыню згадваецца ў 1565, з 17 ст. меў намеснікам віцэ-інстыгатара. З 18 ст. дыгнітарская (прыдворная) пасада. Выступаў па ўсіх справах, неакрэсленых у праве. Засядаў у судах асэсарскім (з правам дарадчага голасу) і рэферэндарскім, падпарадкоўваўся канцлеру.

2) Трыбунальскія І. — судовыя ўраднікі ў Трыбунале каронным (з 1578) і Трыбунале Вялікага княства Літоўскага (з 1581). Прызначаліся маршалкам Трыбунала. Падзяляліся на скрынкавых І., якія падтрымлівалі абвінавачванне і бралі плату ад бакоў, і І. бяспекі, якія падтрымлівалі парадак у будынку Трыбунала і ў горадзе, дзе праходзіла яго сесія.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)