ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял. Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс. чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙДА́НАК (Majdanek),

канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс. чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс. чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр. б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.​Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.

Літ.:

Zeszyty Majdanka. T. 1—15. Lublin, 1965—94;

Majdanek 1941—1944. Lublin, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭ́ХСКІ ЗА́МАК,

старажытная цытадэль і рэзідэнцыя груз. цароў. Пабудаваны ў 5 ст. ў Тбілісі, на левым беразе р. Кура. Неаднаразова быў разбураны і перабудаваны. У пач. 19 ст. старыя ўмацаванні разабраны і на іх месцы пабудаваны астрог для паліт. вязняў. У 1934—42 у М.з. размяшчаўся Дзярж. музей мастацтваў Груз. ССР. У 1959 пры добраўпарадкаванні Тбілісі знішчаны. Захаваўся Метэхскі храм 13 ст.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ БАРАЦЬБІТО́Ў СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ (Fédération Internationale des Résistants; ФІР),

міжнароднае аб’яднанне нац. асацыяцый б. удзельнікаў Руху Супраціўлення, партызан, вязняў фаш. канцлагераў, ахвяр фаш. рэжыму. Утворана ў 1951. Аб’ядноўвае 75 нац. арг-цый з 27 краін (1998). Вядзе барацьбу за мір, супраць адраджэння фашызму ва ўсіх яго формах, у абарону правоў і інтарэсаў барацьбітоў Супраціўлення. Вышэйшы орган — кангрэс, на якім выбіраюцца прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты, члены Бюро і Ген. Савета. Выканаўчы орган — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў Вене.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБА́СІНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў канцы ліп. 1941 каля в. Калбасіна Гродзенскага р-на ў Вял. Айч. вайну. Вязняў (напачатку — пераважна ваеннапалонных) трымалі на тэрыторыі 50 га, абнесенай калючым дротам, у 96 зямлянках. Тут пастаянна знаходзілася каля 35 тыс. чал. За час існавання лагера (да ліст. 1942) ад голаду і катаванняў загінула 18 тыс. чал. У кожнай са знойдзеных 68 ям-магіл было па 200—300 трупаў. На тэр. лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ПАЛАЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 813. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 у Вял. Айч. вайну ў прыгарадзе г. Магілёва Лупалаве для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Абгароджаны некалькімі радамі калючага дроту, па якім пускалі электрычны ток. Вязняў марылі голадам, катавалі, расстрэльвалі, з-за антысанітарных умоў панаваў тыф: за суткі гінула да 250 чал., памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 тут загублена больш за 40 тыс. чал. На месцы лагера мемар. комплекс, запалены Вечны агонь.

Т.​Ф.​Палажэнцава.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ШЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1932,

узброенае выступленне сялян у Зах. Беларусі (в. Асташына і навакольныя вёскі Навагрудскага пав.) 19—20.3.1932 супраць падатковага прыгнёту. Адбылося пад кіраўніцтвам сялянскага к-та. Сяляне спалілі маёнтак абшарніка, сядзібы асадніка і гандляра, узброіўшыся паляўнічымі стрэльбамі, уступілі ў перастрэлку з паліцыяй, разграмілі паліцэйскі ўчастак, вызвалілі вязняў, захапілі зброю, спалілі двор каменданта паліцыі. Польскія ўлады жорстка расправіліся з удзельнікамі выступлення: паводле прыгавору надзвычайнага суда 5.7.1932 у Навагрудку 4 паўстанцы павешаны, 49 прыгавораны да турэмнага зняволення, з іх 5 да пажыццёвага зняволення.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Канстанцін Аляксеевіч) (3.9.1942, г. Майкоп, Адыгея — 29.10.1976),

рускі жывапісец. Скончыў Казанскае маст. вучылішча (1961). У 1960-я г. працаваў у сюррэаліст. ключы («Струна», «Апостал», «Атамны выбух»). Вядомасць прынеслі работы ў рэаліст. манеры («Рускі віцязь», «Ілья Мурамец вызваляе вязняў», «Плач Яраслаўны», «Аўдоцця-разаначка», «Гусі-лебедзі», «Паўночны арол», «Туга па Радзіме», «Развітанне славянкі», «Нашэсце», «Парад 41-га», партрэт Маршала Сав. Саюза Г.​К.​Жукава, серыя «Вялікія жанчыны Расіі», усе 1970-я г.).

Літ.:

Доронин А. Художник Константин Васильев: Рассказ о творчестве. М., 1985.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗА́РЫЦКІЯ ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ.

Тры лагеры, створаныя ням. фашыстамі ў сак. 1944, недалёка ад пярэдняга краю абароны, каля г.п. Азарычы, вёсак Дзерць і Падасіннік Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Больш за 50 тыс. непрацаздольных грамадзян фашысты трымалі на адкрытых балоцістых мясцінах, размясціўшы сярод вязняў сыпна-тыфозных хворых з мэтай распаўсюдзіць эпідэмію сярод наступаючых часцей Чырв. Арміі. Да вызвалення (18—19.3.1944) жывымі асталіся 33 480 чал., з іх дзяцей да 13 гадоў 15 960, жанчын 13 072, старых 4448. На месцы лагераў каля г.п. Азарычы мемарыяльны комплекс.

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНЯ, гарадня́,

тып абарончага збудавання: прамавугольны зруб з бярвён ці брусоў, запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. У абарончым дойлідстве на Беларусі гародня вядомы з 12 ст. (Навагрудак), найб. пашыраны ў 15—16 ст. (Полацк, Орша, Радашковічы, Кобрын, Стрэшын). Шэраг гародняў, пастаўленых шчыльна адна да адной тарцамі, утваралі абарончыя сцены замкаў і гар. умацаванняў. Мелі байніцы, наверсе — галерэі з абламамі. Часам выкарыстоўваліся пад гасп. памяшканні, каморы для вязняў (Брэст). Вонкавая сцяна магла быць шматпластавой — да пяці бярвён (Полацкі Верхні замак, 16 ст.). З 17 ст. саступілі месца тарасе.

С.​А.​Сергачоў.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)