ДЭБЮРО́ ((Deburau) Жан Батыст Гаспар) (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),
французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв.вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ ((Lee) Харпер) (н. 12.4.1926, г. Монравіл, штат Алабама, ЗША),
амерыканская пісьменніца. Прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана, якая даследавала феномен расізму ў яго сац., этычнай і псіхал. праявах. Скончыла Алабамскі ун-т (1949). Вядомасць прынёс раман «Забіць перасмешніка» (1960), у аснове якога расавы канфлікт і расісцкія забабоны, што прыводзяць да смерці чалавека. Аўтар навел, эсэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГАЛЕ́ЗІ, Пергалезе (Pergolesi, Pergolese) Джавані Батыста (4.1.1710, г. Езі, Італія — 17.3.1736), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў кансерваторыі Неапаля. Працаваў у жанрах оперы-серыя («Салюстыя», 1731; «Адрыян у Сірыі», 1734; «Алімпіяда», 1735) і оперы-буфа («Закаханы манах», 1732; «Фламініо», 1735). Вядомасць набыла камічная опера «Служанка-пані» (паст. 1733, створана як інтэрмедыя да яго оперы «Горды палонны»). Яго творчасць паўплывала на развіццё камічнай оперы інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІ́ ((Demy) Жак) (н. 5.6.1931, г. Паншато, Францыя),
французскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і ў Ін-це вышэйшай кінематаграфічнай адукацыі ў Парыжы. Вядомасць прынёс яму музычны фільм «Шэрбурскія парасоны» (1964) — вытанчанае, прасякнутае лірызмам апавяданне пра каханне і разлуку. Сярод інш. фільмаў: «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Атэлье мадэляў» (1969, ЗША), «Асліная шкура» (1970), «Пацукалоў» (1972, Вялікабрытанія), «Лэдзі О» (1979, Японія), «Пакой у горадзе» (1982). У фільмах Д. раскрыўся талент К.Дэнёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́ ((Bardot) Брыжыт) (н. 28.9.1934, Парыж),
французская кінаактрыса. У кіно з 1952. Вядомасць набыла пасля фільма «І бог стварыў жанчыну» (1956). Здымалася ў фільмах «Парыжанка», «У выпадку няшчасця», «Жанчына і паяц», «Бабета ідзе на вайну», «Ісціна», «Пагарда», «Віва, Марыя!» і інш. Яе жыццёвы шлях і міф пра яе прааналізаваны ў фільме «Прыватнае жыццё». З 1973 не здымаецца. Вядомая як абаронца жывёльнага свету.
Літ.:
Дмитриев В., Михалкович В. Анатомия мифа: Брижитт Бардо. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Скот) (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),
амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ТА, Нету (Neto) Антоніу Агастынью (17.9.1922, каля г. Луанда, Ангола — 10.9.1979), дзяржаўны дзеяч Анголы, паэт. Скончыў ун-т у г. Каімбра (Партугалія, 1958). Набыў вядомасць як паэт, удзельнік руху за адраджэнне традыцыйнай афр. культуры. У 1960 арыштаваны партуг.калан. ўладамі, сасланы ў Каба-Вердэ. потым у Партугалію. адкуль у 1962 уцёк. З 1962 старшыня Народнага руху за вызваленне Анголы. узначальваў узбр. барацьбу супраць партуг. панавання ў Анголе. З 1975 прэзідэнт Нар. Рэспублікі Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЛО́ ((Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ) (Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),
французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕК (Аляксандр Альфрэдавіч) (3.1.1903, г. Саратаў, Расія — 2.11.1972),
рускі пісьменнік. Першая аповесць «Курака» (1934) прысвечана вядомаму металургу-доменшчыку з Беларусі. Вядомасць прынесла аповесць «Валакаламская шаша» (1943—44) пра абарону Масквы ў 1941; яе працяг — аповесці «Некалькі дзён», «Рэзерв генерала Панфілава» (абедзве 1960). Аўтар нарысаў, апавяданняў, аповесцяў пра металургаў (зб. «Доменшчыкі», 1946; «Цімафей — Адкрытае сэрца», 1948), раманаў «Маладыя людзі» (1954, разам з М.Лойкам), «Жыццё Беражкова» (1956). Раман «Новае прызначэнне» (выд. 1986) пра маральныя праблемы, звязаныя з камандна-адміністрацыйнай сістэмай 1930—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНДА́ЎЭР (Brandauer; сапр.Штэнг; Steng) Клаўс Марыя
(н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),
аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, П.Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар.вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».