ПЛА́СТЫКА (ад грэч. plastikē скульптура),
1) у выяўленчым мастацтве тое, што скульптура. У вузкім сэнсе — тэхніка скульптуры з мяккіх матэрыялаў; тое, што лепка.
2) Эмацыянальная выразнасць маст. формы, гармонія, зграбнасць.
3) У танцы плаўнасць, зграбнасць рухаў, гарманічная ўзгодненасць поз.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПІЯ (ад лац. copia мноства),
1) дакладнае ўзнаўленне тэксту якога-н. дакумента. К., завераная ва ўстаноўленым законам парадку, мае такую ж юрыд. сілу, як і арыгінал.
2) У выяўленчым мастацтве — дакладна зробленае ад рукі (у адрозненне ад рэпрадукцыі або злепка) узнаўленне чаго-н., напр., якога-н. твора, карціны, скульптуры і інш.
т. 8, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕСУА́Р (франц. accessoire),
1) прыналежнасць чаго-н.; пабочныя з’явы, дэталі, якія дапаўняюць гал. элемент кампазіцыі.
2) У тэатры — прадметы бутафорыі або рэквізіту.
3) У выяўленчым мастацтве — прадметы другараднага значэння, дапаможныя дэталі гал. выявы, якія паглыбляюць яе характарыстыку, часам нясуць сэнсавую і эмац. нагрузку, выконваюць функцыю, уласцівую атрыбуту ці сімвалу. У партрэце гэта дэталі інтэр’ера, касцюма, што дапаўняюць задуму аўтара твора.
т. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́С, Арэй,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.Батычэлі, Я.Тынтарэта, П.Рубенса, Ж.Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.
т. 2, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІРО́ЎКА (ад італьян. modellare ляпіць) у выяўленчым мастацтве, перадача аб’ёмна-пластычных і прасторавых уласцівасцей прадметнага асяроддзя сродкамі святлоценявых градацый (жывапіс, графіка) або адпаведнай пластыкай трохвымерных форм (скульптура) з мэтай ідэйна-вобразнай характарыстыкі прадмета, абагульнення, выяўлення і ўзмацнення істотнага і інш. У жывапісе ажыццяўляецца сродкамі колеру, перспектывы, святлаценю, у скульптуры — пластыкай пэўнага матэрыялу. У скульптуры М. — стварэнне твораў з мяккага пластычнага матэрыялу (гліна, пластылін, воск).
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЫБУ́Т,
1) у выяўленчым мастацтве прадметы, якія вызначаюць і характарызуюць адпаведна замацаваным правілам (канонам) пэўнага героя, персанажа. Цесна звязаны з алегорыяй, сімвалам, аксесуарам. Часта з’яўляецца асн. сродкам пры вызначэнні сюжэта карціны, герояў і персанажаў маст. твора. Пашыраны ў абразах, партрэтах, карцінах на міфал. і біблейскія тэмы, станковай і манументальна-дэкаратыўнай пластыцы (дэкор інтэр’ераў, убранне алтароў, надмагіллі), манументальных размалёўках і інш. 2) У мовазнаўстве тое, што Азначэнне.
Б.Г.Лазука.
т. 2, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,
рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТ (ад лац. pigmentum фарба) у выяўленчым мастацтве, каляровы парашок, што ўваходзіць як састаўная частка ва ўсе віды фарбаў і вызначае іх колеравыя якасці. Бываюць П. арганічныя і неарганічныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на натуральныя (вохра, мел, сурык і інш.) і штучныя (сажа, ультрамарын, бялілы і інш.). Да П. адносяць таксама арган. лакі. Дамешкі да П. сувязнога рэчыва вызначаюць тэхн. якасці фарбаў (напр. Акварэль, Пастэль і інш.).
т. 12, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́ДНА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.Тынтарэта, А.Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.Гундуліч), музыцы (Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн, І.К.Бах) і інш.
т. 2, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ (Генадзь Міхайлавіч) (19.9.1934, с. Вялешына 1-е Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1992),
бел. графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1966). У 1972—90 працаваў у выд-ве «Беларусь» (з 1980 гал. мастак). Аформіў кнігі: «Ленін у выяўленчым мастацтве Беларусі» (1978), «Лічбы на сэрцы» М.Савіцкага (1980), «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Я.Колас у творчасці мастакоў» і «Я.Купала ў творчасці мастакоў» (абедзве 1982; усе разам з М.Ганчаровым); «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)