ЛАГУНО́Ў (Анатоль Аляксеевіч) (н. 30.12.1926, в. Абшараўка Прыволжскага р-на Самарскай вобл., Расія),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1972; чл.-кар. з 1968). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1963 дырэктар Ін-та фізікі высокіх энергій (г. Серпухаў), адначасова ў 1974—91 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1977—92 рэктар Маскоўскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы высокіх энергій, тэорыі гравітацыі. Распрацаваў агульныя тэарэтычныя метады для вывучэння шырокага класа працэсаў з удзелам адронаў, прымаў удзел у распрацоўцы і ўводзе ў дзеянне пратоннага сінхратрона на энергію 70 ГэВ. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэміі СССР 1973, 1984.

А.​А.​Леановіч.

А.А.Лагуноў.

т. 9, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВАРНІ́ (Gavarnie),

вадаспад на Пд Францыі, у Пірэнеях, у вярхоўях р. Гаўдэ-По (бас. р. Адур). Выш. 422 м (адзін з самых высокіх у свеце). Спадае 12 патокамі са схілаў найб. ў Еўропе ледавіковага цырка Гаварні. ГЭС. Турызм.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЖАНЕ́ЎСКАЙ ПІК,

адна з найбольш высокіх вяршынь Паміра, у паўн.-зах. адгор’ях хрыбта Акадэміі Навук, у Таджыкістане. Выш. 7105 м. Адкрыты М.​Л.​Каржанеўскім у 1910 і названы ім у гонар жонкі — Я.​Каржанеўскай. Першае ўзыходжанне ў 1953.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛА́СТАЎЧЫНЫ ГНЁЗДЫ»,

гнёзды некаторых відаў саланган — птушак падатр. стрыжоў, падобныя да ластаўчыных (адсюль назва). Пабудаваны з выдзяленняў пад’язычных слінных залоз. Саланганы прымацоўваюць іх пад столлю ў глыбіні высокіх пячор і гротаў. У некат. краінах Паўд.-Усх. Азіі «Л.г.» — далікатэс.

т. 9, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РЫКІ,

электрычныя сігналы, створаныя радыёхвалямі, што выпрамяняюцца пры разрадах маланкі. Пры радыёпрыёме ўспрымаюцца як шоргаты ці посвісты. Даследаванні атмасферыкаў дазваляюць выявіць механізм распаўсюджвання звышдоўгіх эл.-магн. хваляў, а таксама ўласцівасці самых ніжніх і надзвычай высокіх слаёў іанасферы, дзе атмасферыкі распаўсюджваюцца.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

пароды, якія ўтварыліся ў выніку метамарфізму. Адрозніваюць пара- і ортаметамарфічныя пароды, што ўзніклі адпаведна пры метамарфізме асадкавых і магматычных парод. М.г.п. падзяляюцца на рэгіянальна-метамарфічныя (утвараюцца вял. аб’ёмы парод, вызначаюцца фацыяльнымі адрозненнямі: гранулітавая і амфібалітавая фацыі пры высокіх т-рах і ціску, зялёнасланцавая — пры нізкіх т-рах, нязначных глыбінях і цісках; а таксама сланцавымі і слаістымі структурамі, напр., амфібаліты, крышталічныя сланцы, гнейсы) і кантактава-метамарфічныя (малыя аб’ёмы, вакол магматычных цел, на невял. глыбінях, пры лакальна высокіх т-рах, канцэнтрычная занальнасць, характэрны рагавікі, мармуры, скарны, грэйзены, наждакі і інш.). Паводле хім. асаблівасцей М.г.п. падзяляюцца на вытворныя гліназёмістых (метапеліты), асноўных магматычных (метабазіты), асадкавых (парагнейсы, параамфібаліты) і карбанатных (кальцыфіры, мармуры) парод. Пры дыслакацыйным метамарфізме ўзнікаюць катаклазіты, міланіты, бластаміланіты і інш.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАКЕРА́МІКА,

устарэлая назва (выкарыстоўвалася да 1980-х г.) цвёрдых сплаваў і спосабаў іх атрымання з парашкоў металаў і неметал. дамешкаў шляхам апрацоўкі пад вял. ціскам і спякання пры высокіх т-рах. Цяпер М. часам называюць спечаныя матэрыялы, якія атрымліваюць метадам парашковай металургіі.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАЙНО́Р, Хулуньчы,

возера на ПнУ Кітая, на выш. 539 м. Пл. (пры высокім узроўні вады) каля 1100 км2. Глыб. 6—9 м. Жывіцца водамі рэк Керулен і Арчун-Гол; у час высокіх узроўняў — сцёк у р. Аргунь. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, занятыя трыснягом.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДЗЯНА́Я ПУСТЫ́НЯ,

разнавіднасць халоднай пустыні з вельмі нізкімі т-рамі паветра ў раёнах Арктыкі і Антарктыды, а таксама ў гляцыяльна-нівальным поясе высокіх гор. Пераважаюць ледавікі; бедная разрэджаная расліннасць (накіпныя лішайнікі і імхі) трапляецца на свабодных ад лёду ўчастках сушы, у т. зв. аазісах.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)