АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл. Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. празначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унут. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелеры даўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.
т. 1, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПСАВЫЯ І ГІПСАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ,
будаўнічыя вырабы з гіпсавага цеста (сумесь гіпсу і вады) і гіпсабетону (аснову яго складаюць гіпсавыя вяжучыя рэчывы з мінер. і арган. запаўняльнікамі і дабаўкамі, што запавольваюць схопліванне). Да іх адносяцца: гіпсабетонныя панэлі і пліты для перагародак, панэлі для асновы падлогі, перакрыццяў, камяні для вонкавых сцен, вентыляцыйныя блокі, сан.-тэхн. кабіны, абшыўныя лісты («сухая тынкоўка»), цепла- і гукаізаляцыйныя пліты, арх. дэталі і інш. Бываюць арміраваныя і неарміраваныя, суцэльныя, пустацелыя і ячэістыя. Фармуюцца ліццём, вібрыраваннем, прасаваннем і пракаткай. Яны лёгкія, вогнеўстойлівыя, з высокімі гукаізаляцыйнымі ўласцівасцямі, але воданяўстойлівыя і адносна невял. трываласці. Выкарыстоўваюцца ў канструкцыях (акрамя нясучых), ахаваных ад сістэм. ўвільгатнення, у памяшканнях з невысокай (да 60%) адноснай вільготнасцю паветра.
т. 5, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЕРА́МІКА,
матэрыялы і вырабы з керамікі, якія выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Да будаўнічай керамікі адносяць сценавыя матэрыялы (цэгла, керамічны камень), матэрыялы для аздаблення фасадаў і ўнугр. паверхняў будынкаў (гл. Аддзелачныя матэрыялы), дахавыя матэрыялы (чарапіца), сан.-буд. вырабы, керамічныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы (абліцовачныя пліты, вогнетрывалая цэгла і інш.), вырабы спец. прызначэння (клінкер, камень для падземных збудаванняў і інш.).
т. 3, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ТЭКСТЫ́ЛЬНАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ,
«Віцьтэкс». Засн. ў 1946 у Віцебску як арцель «Чырвоны гарбар». З 1954 арцель, з 1960 ф-ка «Тэкстыльшчык» (з 1976 галаўное прадпрыемства Віцебскага тэкстыльнага аб’яднання), з 1991 ВА «Віцьтэкс» («Віцебскі тэкстыль»). Асн. прадукцыя (1996): дывановыя вырабы, баваўняныя, паўшарсцяныя і махровыя тканіны, швейныя вырабы.
т. 4, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЖЭ́ЛЬСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы керамічных прадпрыемстваў у раёне с. Гжэль Раменскага р-на Маскоўскай вобл. У 2-й пал. 18 ст. «чорныя» (простыя) і паліваныя вырабы замяніліся маёлікай (кваснікі, талеркі, цацкі і г.д.) з арыгінальнай шматколернай размалёўкай па белай паліве, часам і з ляпнымі фігуркамі. У 19 ст. выраблялі фарфор, фаянс, паўфаянс. Цяпер традыцыі гжэльскай керамікі працягвае з-д маст. керамікі ў пас. Турыгіна. Вырабы вызначаюцца акруглымі аб’ёмістымі формамі, сакавітай сіняй размалёўкай па белым фоне, выкананай шырокім мазком.
Літ.:
Гжель: Керамика XVIII—XIX вв.;
Керамика XX в.: Фотоальбом. М., 1982.
Г.А.Фатыхава.
т. 5, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ.
Створана ў 1960 на базе Гомельскай прамысл. Арцелі «XVIII партз’езд» (з 1939). Асн. прадукцыя: строчана-вышытае дзіцячае адзенне, пасцельная і сталовая бялізна, вырабы вязаныя і ручнога ткацтва (ткуць у в. Неглюбка Веткаўскага р-на і ў Чачэрску), вырабы з лазы і саломкі. Шырокую вядомасць маюць неглюбскія ручнікі.
Дз.С.Трызна.
т. 5, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСАЎСКІ ЗАВО́Д ЭМАЛІРАВА́НАГА ПО́СУДУ «ЧЫРВО́НЫ МЕТАЛІ́СТ».
Створаны ў 1929 у г. Барысаў як арцель «Чырвоны металіст», якая вырабляла сталовыя прыборы. З 1933 выпускаў ацынкаваны посуд, біклагі для малака, тэрмасы, метал. вырабы і інш. У 1945 наладжаны выпуск стальнога эмаліраванага посуду. Асн. прадукцыя (1995): посуд, мыйкі і ракавіны стальныя эмаліраваныя, вырабы з бляхі (даёнкі, лейкі і інш.), ацяпляльнікі кабіны трактара МТЗ.
т. 2, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМААЗБЕ́СТАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ.
Асноўная прадукцыя — гума- і азбестатэхнічныя вырабы, а таксама разнастайныя гумавыя вырабы на аснове каўчуку ў спалучэнні з іншымі матэрыяламі. Аб’ядноўвае гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць, гумавага абутку вытворчасць, а таксама вытв-сць гумавых вырабаў шырокага ўжытку і азбестатэхн. вырабаў (параніт, тканіны, шнур, папера, кардон, пракладкі, фільтратканіны) і інш. рэчы і матэрыялы з азбеставымі ўключэннямі. Апошняя ў Беларусі не прадстаўлена.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НС КАЯ КА́ФЛЯ,
вырабы 15—19 ст., знойдзеныя пры археал. раскопках на тэр. Гальшанскага палаца і ў цэнтры в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Да 15 ст. адносяцца т.зв. гаршковыя кафлі з квадратным вусцем. Кафлі 16 ст. маюць шырокае круглае вусце. У 2-й пал. 16 ст. выраблялі кафлі з аздобленай вонкавай пласцінай і каробкападобнай румпай. Кафлі 17 ст. дэкарыраваны геральдычным (звязаным з родам Сапегаў), расл. і геам. арнаментам, пакрыты глазурай (глухой белай, карычневай, жоўтай або празрыстай зялёнай). Вырабы 16—17 ст. маюць рамку па краі вонкавай пласціны. Кафлі 18 ст. ўласцівы спрошчаны малюнак, адсутнасць рамкі. Вырабы 19 ст. пакрываліся зялёнай і белай палівай.
І.М.Чарняўскі, А.К.Краўцэвіч.
т. 5, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)