МАРА́НЫ (ісп. marranos),

яўрэі ў Іспаніі і Партугаліі ў 14—17 ст., якія афіцыйна (у т. л. вымушана) прынялі каталіцтва. Займаліся гандлем, некат. з М. былі на дзярж. службе і нават сярод каталіцкага духавенства. Значная частка М. працягвала тайна выконваць яўр. рэліг. абрады, за што ісп. інквізіцыя падвяргала іх ганенням і пакаранню смерцю.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСІ́Р (франц. balancier каромысел, маятнік),

1) двухплечы (часам аднаплечы) рычаг, які можа выконваць хістальныя рухі вакол нерухомай восі. Прызначаны для перадачы (або ўраўнаважвання) намаганняў на далучаныя да яго цягі ў помпах, вагах, свідравальных устаноўках, рысорных падвесках лакаматываў і вагонаў.

2) Балансір, або баланс, — галоўны рэгулятар (грузік), які замяняе сабой маятнік у гадзіннікавым механізме.

Балансір у гадзіннікавым механізме.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСТА́ЛКІ,

у Старажытным Рыме жрыцы багіні Весты, якія падтрымлівалі вечны агонь у яе храме. Для пасвячэння ў вясталкі адбіралі дзяўчынак 6—10 гадоў, якія на працягу 30 гадоў павінны былі выконваць жрэцкія абавязкі і захоўваць зарок цнатлівасці. Вясталак, якія парушалі зарок, жывымі закопвалі ў зямлю. Вясталкі карысталіся выключнымі пашанамі і прывілеямі. Асуджаныя злачынцы, якія выпадкова сустракалі вясталку, падлягалі вызваленню.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАДА́Г,

калоідна-графітавы прэпарат для ўтварэння электраправодных пакрыццяў на ўнутр. і вонкавай паверхнях электравакуумных прылад. Для ўнутр. пакрыццяў выкарыстоўваюць водную суспензію танказдробненага графіту, для вонкавых — сумесь графітавага парашку з арган. лакамі. Можа выконваць ролю электродаў, служыць для адводу эл. зарадаў з унутр. паверхні абалонкі прылады, аховы яе ад дзеяння вонкавых эл. палёў і забеспячэння эл. кантактаў паміж асобнымі вузламі электравакуумных прылад.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

адзін з відаў эканам. блакады краіны або групы краін з боку інш. краін або міжнар. фінансава-крэдытных арг-цый, які заключаецца ў адмове ад прадастаўлення крэдытаў. Выкарыстоўваецца з мэтай перашкодзіць яе эканам. развіццю і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні (абавязацельствы), у т. л. і палітычныя. К.б. можа ўжывацца і ў адносінах да асобных прадпрыемстваў або іх груп унутры краіны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКРА́Н, аўтамабільны кран,

самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.

Аўтакран ККТ-50.01 на шасі МЗКТ-6923.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

стан здароўя чалавека, ад якога залежыць здольнасць выконваць працу вызначанага аб’ёму і якасці. Адрозніваюць П.: агульную — здольнасць да выканання ўсякай працы ў звычайных умовах; прафесіянальную — здольнасць працаваць па пэўнай прафесіі, у пэўных умовах; і няпоўную — здольнасць працаваць у палегчаных умовах, напр., пры няпоўным прац. дні (паводле заканадаўства Беларусі скарочаная працягласць прац. часу ўстаноўлена для пэўных катэгорый работнікаў — настаўнікаў, урачоў і інш., непаўналетніх, кормячых жанчын і інш.).

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́МНЫ ПО́РАХ, чорны порах,

зярнёная механічная сумесь каліевай салетры (75%), драўнянага вугалю (15%) і серы (10% па масе). Лёгка загараецца і хутка згарае (цеплата згарання 32,3 МДж/кг) без доступу паветра з утварэннем газаў, здольных выконваць значную мех. работу. У Кітаі вядомы з 10—11 ст., у Еўропе — з 13 ст. Да сярэдзіны 19 ст. заставаўся адзіным брызантным выбуховым рэчывам. Выкарыстоўваюць пры здабычы штучнага каменю, для вырабу вогнеправоднага шнура. Гл. таксама Порах.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДАТО́ДЫ [ад грэч. hydōr (hydatos) вада + hodos шлях],

вадзяныя вусцейкі на лісці раслін, якія забяспечваюць выдаленне з расліны кропельна-воднай вільгаці і солей (гутацыю). Утвораны комплексам клетак і размешчаны часцей за ўсё па краях ліста, на зубчыках. Выдаленне вады праз гідатоды ідзе пасіўна, пад уплывам каранёвага ціску, ці актыўна, з дапамогай эпітэмы (парэнхіма ліста непасрэдна пад гідатодамі з буйнымі міжклетнікамі). Гідатоды характэрныя для раслін, пашыраных у вільготным клімаце. Функцыю гідатодаў могуць выконваць спец. залозістыя валаскі.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)