БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.​Томасам і палякам Ф.​Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).

2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».

3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЕ ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,

сукупнасць даследаванняў Зямлі з космасу з дапамогай аэракасмічных метадаў і візуальных назіранняў. Уключае вывучэнне структуры і зменлівасці атмасферы, гідрасферы, літасферы, біясферы і праяўленні гасп. дзейнасці чалавека. Цесна звязана з касм. картаграфіяй, геалогіяй, акіяналогіяй, гідралогіяй і інш. Асн. мэта К.з. — пазнанне заканамернасцей геагр. абалонкі, вывучэнне прыродных рэсурсаў для іх аптымальнага выкарыстання, ахова навакольнага асяроддзя, забеспячэнне прагнозаў надвор’я і інш. К.з. пачало развівацца на пач. 1960-х г. пасля запуску першых сав. і амер. ШСЗ. Інфармацыю са спадарожнікаў і касм. караблёў атрымліваюць з выш. ад 250—500 км (адкуль разам з касмічнай здымкай праводзяцца візуальныя назіранні) да 100 тыс. км і больш (гл. Дэшыфраванне аэрафотаздымкаў). На Беларусі К.з. займаюцца картографа-геад. аб’яднанне «Белгеадэзія», ВА «Белгеалогія», Навук.-вытв. комплекс «Космааэрагеалогія», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш.

Ф.​Е.​Шамкевіч.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАДЫНА́МІКА,

раздзел вучэння пра магнетызм, у якім разглядаюцца працэсы намагнічвання ў палях, што мяняюцца ў часе. Вывучэнне частотнай залежнасці магн. уласцівасцей (напр., магнітнага рэзанансу) мае значэнне ў сувязі з выкарыстаннем ферамагн. матэрыялаў у прыладах і апаратах, што працуюць у пераменных палях (гл. Ферамагнетызм).

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАЖЫВЕ́ЦКАЙ КААПЕРА́ЦЫІ НДІ.

Засн. ў 1971 у Мінску як Бел. філіял Цэнтр. н.-д. лабараторыі Цэнтрасаюза па вывучэнні попыту. З 1979 Бел. філіял Усесаюзнага НДІ эканомікі каап. гандлю Цэнтрасаюза, з 1987 Бел. філіял Усесаюзнага НДІ спажывецкай кааперацыі Цэнтрасаюза. З 1992 НДІ спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь, з 1997 НДІ Белкаапсаюза. Асн. кірункі дзейнасці: маніторынг і даследаванне эканам. праблем развіцця і павышэння эфектыўнасці галін спажывецкай кааперацыі; даследаванне фін.-крэдытнай і падатковай палітыкі, цэнаўтварэння і бухгалтарскага ўліку, укаранення рыначных форм і метадаў у работу каап. арг-цый і прадпрыемстваў; вывучэнне праблем рацыянальнага выкарыстання прац. рэсурсаў, росту прадукцыйнасці працы, перспектыўных кірункаў знешнеэканам. дзейнасці арг-цый і прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі Беларусі; даследаванне асобных таварных рынкаў і ацэнка перспектыў іх развіцця, праблем удасканальвання арганізацыі гасп. сувязей з пастаўшчыкамі і пакупнікамі, пытанняў развіцця каап. руху, вывучэнне кан’юнктуры гандлю; навукова-метадычнае забеспячэнне каледжаў Белкаапсаюза і сістэмы бесперапыннай прафес. адукацыі і інш.

т. 15, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, утвораныя з пераадкладзенага вадой, тэктанічнымі рухамі ці ледавіком зыходнага матэрыялу. Трапляюцца найчасцей у платформавым чахле. На Беларусі пашыраны алахтонныя бурыя вугалі (з прынесеных вадой рэшткаў раслін), пяскі алювіяльныя, ледавіковыя адорвені і інш. Вывучэнне алахтонных адкладаў мае значэнне ў палеагеаграфіі, палеанталогіі, геалогіі нафты.

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУПА́ЛЬНЫ РУХ,

рух цвёрдага цела, пры якім прамая, што злучае любыя 2 пункты, перамяшчаецца паралельна самой сабе. Пры П.р. ўсе пункты цвёрдага цела апісваюць аднолькавыя траекторыі і маюць у кожны момант часу аднолькавыя па модулі і напрамку скорасці і паскарэнні. Вывучэнне П.р. цела зводзіцца да задачы кінематыкі пункта.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЕКЦЫЯНЕ́Р»,

газета для калекцыянераў. Выдаецца з ліст. 1990 у Оршы, з сак. 1995 у Мінску на бел. мове. Перыядычнасць адвольная. Інфармуе бел. калекцыянераў пра выяўленне, збор, вывучэнне, сістэматызацыю і захаванне розных калекцыйных матэрыялаў. Друкуе матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. Паказвае рэпрэзентацыю Беларусі ў свеце сродкамі філатэліі, нумізматыкі, філакартыі, фалерыстыкі і інш.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)