ВЫТВО́РЧА-ТЭХНІ́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,

сістэма планамернай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, навучання сумяшчальным і новым прафесіям, павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых на прадпрыемствах. Уключае таксама вытв. практыку навучэнцаў тэхнікумаў, прафес.-тэхн. вучылішчаў, студэнтаў ВНУ. Ажыццяўляецца шляхам курсавога і індывід. навучання. На 1996 у Беларусі дзейнічала каля 200 галіновых вучэбна-курсавых камбінатаў, у якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў больш чым па 400 прафесіях. За год яны рыхтавалі каля 150 тыс. рабочых, з іх каля 20 тыс. набывалі новыя прафесіі. Прадпрыемствы таксама ажыццяўляюць перакваліфікацыю незанятага насельніцтва.

А.​М.​Гарнак.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійныя навуч. ўстановы, якія рыхтуюць прадаўцоў, кандытараў, афіцыянтаў і інш. работнікаў для сістэмы дзярж. гандлю, грамадскага харчавання і спажывецкай кааперацыі. Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 1—3 гады. У 1996/97 навуч. г. на Беларусі падрыхтоўку спецыялістаў гэтага профілю ажыццяўлялі: Баранавіцкі, Гомельскі, Гродзенскі, Маладзечанскі, Мінскі, Полацкі вучэбна-вытв. комплексы (ПТВ-тэхнікумы) Магілёўскае і Нарачанскае каап. прафес.-тэхн. вучылішчы, гандл. вучылішчы ў Бабруйску, Брэсце, Гомелі, Гродне, Мінску, а таксама Мінскае вышэйшае прафесійнае вучылішча гандлю і інш.

т. 5, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАГО́РАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 30.5.1931, с. Стараюр’ева Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1966), праф. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1954). Працаваў нач. лесапункта, гал. інжынерам леспрамгаса. З 1965 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (з 1996 заг. кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемствах хіміка-ляснога комплексу). Даследуе праблемы сац.-эканам. эфектыўнасці прамысл. вытв-сці, капітальных укладанняў і новай тэхнікі. Аўтар эканам. слоўнікаў і даведнікаў, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Энциклопедический словарь по экономике. Мн., 1997.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖГІРО́Ў (Піліп Ерафеевіч) (н. 24.11.1911, в. Гуга Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр (1959). Скончыў вучэбна-каап. камбінат (Бабруйск), Маскоўскае ваен.-пях. вучылішча (1939), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947), Генштаба (1955). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр. ί 1 м Бел. франтах. Нач. штаба стралк. палка маёр Ж. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. Да 1963 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКО́Ў (Аркадзь Цімафеевіч) (н. 26.5.1939, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», Віцебскім філіяле Белдзяржпраекта, БелНДІ горадабудаўніцтва. З 1988 у Наваполацку, з 1990 гал. архітэктар горада. Асн. работы ў Наваполацку: забудова мікрараёнаў № 5 (1969—75) і 7 (1980—90), школа рабочай моладзі ў мікрараёне № 3 (1977—80), 5—6-павярховыя жылыя дамы па вул. Маладзёжнай (1968—79), вучэбна-вытв. камбінат нафтаправода «Дружба» (1981—83), 13-павярховы інтэрнат (1975, усе ў сааўт.). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за планіроўку і забудову Наваполацка.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПАЛЯЎНІ́ЧЫХ І РЫБАЛО́ВАЎ,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1921 як Бел. паляўнічы саюз, з 1955 сучасная назва. Асн. задачы: выхаванне беражлівых адносін да прыродных багаццяў, вядзенне на навук. аснове паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі; ахова і павелічэнне колькасці карысных звяроў і рыб; стварэнне ўмоў для заняткаў членаў т-ва паляваннем і аматарскім рыбалоўствам; пашырэнне ведаў аб прыродзе і прыродаахоўная прапаганда; выраб паляўнічага і рыбалоўнага рыштунку; арганізацыя і правядзенне вучэбна-спарт. работы. Аб’ядноўвае каля 160 тыс. членаў, у т. л. больш за 100 тыс. з правамі паляўнічых (1995). Друкаваны орган — газ. «Паляўнічы і рыбалоў Беларусі».

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т ТРА́НСПАРТУ.

Засн. ў 1953 у Гомелі як Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: агульнаінжынерны транспартны, агульнаінжынерны будаўнічы, кіравання працэсамі перавозак, механічны, электратэхн., будаўнічы, прамысл. і грамадз. буд-ва, гуманітарны, прафес. арыентацыі і дауніверсітэцкай падрыхтоўкі (у яго складзе вучэбна-прафарыентацыйны цэнтр, ліцэй, школа-гімназія, падрыхтоўчыя курсы). Аспірантура з 1954. Пры ун-це 7 н.-д. лабараторый, ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў трансп. комплексу Рэспублікі Беларусь, навуч.-кансультацыйныя пункты ў Мінску, Брэсце, Віцебску. Выдае газ.-штотыднёвік «Вести БелГУТа».

Будынак Беларускага універсітэта транспарту.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́ШЧАНКА (Фёдар Іванавіч) (н. 20.2.1920, хутар Філева-Сарочыны Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1976), праф. (1976). Скончыў Кабардзіна-Балкарскі пед. ін-т (1942, г. Нальчык). Выкладаў у школе, Стаўрапольскім пед. ін-це. З 1974 у Мінскім пед. ун-це. У 1977—91 гал. рэдактар навук. зб. «Псіхалогія». Даследуе праблемы псіхалогіі выхавання, фарміравання асобы ў працэсе вучэбна-вытв. працы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Задачы па агульнай узроставай і педагагічнай псіхалогіі» (2-е выд., 1985), «Псіхалогія выхавання школьнікаў» (1996) і інш.

Тв.:

Труд и развитие личности школьника. М., 1987;

Психология трудового воспитания. 2 изд. Мн., 1988.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭ́ДЗЕЛКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Лоеў — Рэчыца. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПнЗ ад г.п. Лоеў, 78 км ад Гомеля, 45 км ад чыг. ст. Рэчыца. 431 ж., 187 двароў (2001). Сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Славы на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — сядзібны дом (1-я пал. 19 ст.) і Свята-Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЛІЦЕ́ЙНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

вучэбна-прамысл. прадпрыемства ў 1859—1916 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це і рамесным вучылішчы. Меў 2 паравыя машыны (1872—73), лакамабіль (1879), вагранку для адліўкі чыгунных і жал. вырабаў (1863). Працавалі доменная печ на 50 пудоў чыгуну (1879), 9 розных станкоў (1884). Метал набывалі ў Маскве. Вырабляў веялкі, бароны «зігзаг», плугі, крупадзёркі, малатарні, прылады для млыноў, конныя веялкі, сарціроўкі, запчасткі с.-г. машын, пакоўкі для мастоў і інш. У 1895 працавала 66 чал., выраблена прадукцыі на 10,7 тыс. руб. У 1870—80-я г. з-д належаў да лепшых прадпрыемстваў Магілёўскай губ.

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)