АФІЦЭ́Р (ням. Offizier),

асоба каманднага і начальніцкага складу ва ўзбр. сілах, міліцыі, паліцыі. Першапачаткова афіцэрамі называліся асобы, якія займалі некаторыя дзярж. пасады. З узнікненнем пастаянных наёмных армій і ВМФ (16 ст.) у Францыі, а потым і ў інш. еўрап. краінах (у т. л. ў ВКЛ) афіцэрамі пачалі называць вайсковых камандзіраў. Афіцэры маюць прысвоеныя ім званні воінскія ці спецыяльныя.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІЦЭ́РСКІ СКЛАД,

адміністрацыйна-прававая катэгорыя асоб, якія маюць ваен. або ваен.-спец. падрыхтоўку (адукацыю) і асабіста прысвоеныя афіцэрскія званні; асн. частка ваен. кадраў дзяржавы. Асобы афіцэрскага складу могуць знаходзіцца непасрэдна на ваен. службе, лічыцца ў запасе або быць у адстаўцы. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь афіцэрскі склад падзяляецца на малодшы, старшы і вышэйшы (гл. ў арт. Званні воінскія).

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,

асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАДЗЁРСТВА (ад франц. maraudeur рабаўнік),

тайны або адкрыты крадзеж на полі бітвы рэчаў, якія знаходзіліся пры забытых або параненых, а таксама рабаванне мірных жыхароў і іх маёмасці ў час вайны, стыхійных бедстваў, тэхнагенных катастроф і т.п. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца злачынствам і сурова караецца (пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў або пакараннем смерцю). Гл. таксама злачынствы воінскія.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Руская вызваленчая армія» (фаш. нацыяналіст. воінскія фарміраванні) 1/510, 511

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁР (ад лац. major большы, старшы),

воінскае званне старшых афіцэраў ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Упершыню чын М. паявіўся ў 16 ст. ў Іспаніі і герм. дзяржавах; у рас. арміі існаваў у 17—19 ст. Да канца 18 ст. званне было ў арміі ВКЛ. У Сав. Арміі званне М. ўведзена ў 1935 і захавалася ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),

ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙТЭНА́НТ (франц. lieutenant намеснік),

воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Узнікла ў Францыі ў 15 ст., дзе так называлі афіцэра, які быў нам. начальніка. З 2-й пал. 17 ст. ў Францыі і інш. еўрап. дзяржавах чын у арміі і ваен. флоце. У Расіі чын Л. існаваў з пач. 18 ст. на флоце. Ва ўзбр. сілах СССР у 1935 уведзены званні Л. і старшага Л., у 1937 — малодшага Л.; захаваліся ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сістэма прававых нормаў, якія вызначаюць прынцыпы і формы арганізацыі ўзбр. сіл, абавязкі, правы і адказнасць ваеннаслужачых. Да ваеннага заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносяцца нормы, якія вызначаюць пабудову яе Узброеных Сіл, арганізацыю ваен. кіравання, парадак камплектавання кадраў і запасу асабовага складу, парадак праходжання ваен. службы, прававое становішча ваеннаслужачых і інш. Гал. крыніцамі ваеннага заканадаўства з’яўляюцца законы «Аб абароне» і «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь» ад 3.11.1992, «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992, «Аб статусе ваеннаслужачых» ад 13.11.1992, а таксама воінскія статуты і нормы крымін. права аб адказнасці за ваен. злачынствы.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,

жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст.«Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)