прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў A і групы B; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГУ́Л,
пашавы адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак і коней перад забоем на мяса. Экстэнсіўны, найб. натуральны і танны спосаб адкорму. Забяспечвае сярэднясутачную прыбаўку ў масе буйн. раг. жывёлы і коней ад 700 г, авечак ад 150 г. Ажыццяўляюць на прыродных або сеяных пашах, сезонна ці круглагадова, у залежнасці ад асаблівасцей зялёнага канвееру — толькі з мінер. падкормкай, з падкормкай і зялёнай масай, канцэнтратамі і інш., ці з заключным стойлавым адкормам. Перад Н. жывёлу фарміруюць у аднародныя статкі (на Беларусі да 150 галоў), павялічваюць долю аб’ёмістых кармоў у рацыёнах, праводзяць зоавет. агляд і мечанне жывёл. Для кожнага статка вызначаюць месцы стойбішчаў. Найлепш нагульваюцца буйн. раг. жывёла мясных і авечкі мяса-воўнавых і мяса-сальных парод пры загоннай пасьбе. Маса маладняку за перыяд Н. (3—5 мес) павялічваецца на 40—60%, дарослых жывёл (2—4 мес) на 20—30%. Мяса добра нагуленых жывёл мае аптымальны хім. і марфал. склад, найлепшыя харч. якасці. У рыбнай гаспадарцы Н. наз. вырошчванне таварнай рыбы ў спец. сажалках (звычайна карпа), прыродных вадаёмах. Для падкормкі выкарыстоўваюць макуху, вотруб’е, збожжа, муку, травяную муку, жывёльныя і мінер. кармы. Н. таксама наз. інтэнсіўнае жыўленне дзікіх жывёл перад або пасля перыяду размнажэння, перад бяскорміцай (напр., летняй засухай), зімовым сном, спячкай і перыяд такога жыўлення. Н. паляўніча-прамысл. жывёл наз. жыраваннем, рыб пасля нерасту — жорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;