ДО́ЦІШКІ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Радунь—Эйшышкес (Літва). Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Ніва». За 45 км на З ад Воранава, 108 км ад Гродна, 36 км ад чыг. ст. Бастуны. 660 ж., 198 двароў (1997). Базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРО́ДНА,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Пагародна». За 18 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 115 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Бастуны. 962 ж., 343 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік сувязісткам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСТУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Чыг. станцыя. За 10 км на Пд ад Воранава, 123 км ад Гродна. 723 ж., 165 двароў (1995). Арэнднае прадпрыемства па мат.-тэхн. забеспячэнні аграпрамкомплексаў, хім. цэнтр райсельгасхіміі, нафтабаза, асфальтабетонны з-д, фасовачны цэх аптовай базы райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАМЕ́ЙКА (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 24.9.1956, г.п. Воранава Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі, адначасова з 1987 у БДУ. Навук. працы па штучным інтэлекце, апрацоўцы відарысаў і распазнаванні вобразаў, сістэмах машыннага зроку.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІ МАСТА́ЦКІ МУЗЕ́Й імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі.

Адкрыты 29.5.1970 у г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. Плошча выставачных залаў 259 м². У музеі 406 экспанатаў (1996). Экспануюцца творы Бялыніцкага-Бірулі («Лёд прайшоў», «Лес зазелянеў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі», усяго 26 карцін), бел. жывапісцаў Н.​Воранава, П.​Данелія, Ф.​Дарашэвіча, К.​Касмачова, П.​Крохалева, А.​Шыбнёва, скульпт. Л.​Гумілеўскага, І.​Міско, Г.​Мурамцава, С.​Селіханава і інш.

Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Адна з залаў музея.

т. 3, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУ́КІ,

этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Юрый Пятровіч) (13.1.1929, С.-Пецярбург — 5.2.1993),

рускі паэт. У гады Вял. Айч. вайны ў блакадным Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). Працаваў на камсамольскай рабоце, гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1959—65), адказным сакратаром газ. «Правда» (1965—68), сакратаром праўлення СП СССР (1982—86). Аўтар кніг «Сіла жыцця» (1966), «Блакада» (1968; Дзярж. прэмія Расіі 1985), «Памяць» (1971), «Вуліца Росі» і «Белыя ночы» (абедзве 1979), «Шалі» (1986). Большасць вершаў прысвечана блакаднай тэме. На рус. мову перакладаў вершы Г.​Пашкова. Творы Воранава на бел. мову перакладалі Я.​Семяжон, Пашкоў.

Тв.:

Избранное. М., 1987;

Бел. пер. — Масты памяці. Мн., 1991.

Ю.П.Воранаў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНК (Карл Іванавіч) (1728—6.11.1793),

рускі архітэктар і інжынер; прадстаўнік барока і ранняга класіцызму. З 1745 вучыўся і працаваў у «камандзе» арх. В.​С.​Абухава, з 1749 памочнік Дз.В.Ухтомскага. Удзельнічаў у перабудове Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (цяпер у г. Істра Маскоўскай вобл.; 1747—60). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны палац у сядзібе Кускова, з яго ўдзелам павільён «Эрмітаж» (там жа). Пабудаваў Выхаваўчы дом на Маскварэцкай набярэжнай (1764—70, з удзелам М.Ф.Ш), шэраг цэркваў у Маскве (Велікамучаніцы Кацярыны, 1764—67; Ніколы ў Званарах, 1765—68, і інш.) і ў Падмаскоўі (у Спас-Косіцах, 1761, Вышгарадзе, 1764), «Галандскі домік» (1755) і, магчыма, царкву ў сядзібе Воранава каля Масквы.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус. ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,

навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.​Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц. навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)