энергія вады, якая рухаецца ў патоках па зямной паверхні або назапашана ў азёрах і вадасховішчах, што знаходзяцца на некаторай вышыні над узр. м. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы; выражаецца ў кілаватах. Адрозніваюць поўную або кадастравую магутнасць воднай энергіі, якая залежыць ад расходу, вышыні падзення і ўдзельнай шчыльнасці вады, і тэхн. магчымую для выкарыстання. Энергетычныя рэсурсы рэк Беларусі адносна невялікія: поўная (патэнцыяльная) энергія іх каля 1 млн.кВт, або 7,5 млрд.кВт∙гадз за год. Тэхн. рэсурсы складаюць 2,5—3 млрд.кВт∙гадз за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
былы штучны водны шлях у Беларусі, у Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., які злучаў бас. Дняпра і Зах. Дзвіны. Даўж. 169 км. Пабудавана ў 1797—1805 для вывазу буд. лесу з Мінскай губ. ў Рыгу. Пачыналася ад р. Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р. Сергуч, праходзіла па абводным Сергуцкім канале (даўж. 10 км), азёрах Манец і Плаўна, злучальным Бярэзінскім канале (8 км) на водападзеле Бярэзіны і Улы, воз. Бярэшча і р. Бярэшча (Верабскі канал, даўж. 8,4 км), р. Эса, воз. Лепельскае, р. Ула (левы прыток Зах. Дзвіны). Мела 14 шлюзаў і 3 прыстані (Сергуцкую, Лепельскую і Чашніцкую). Участак ад р. Бярэзіна да воз. Плаўна ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У канцы 19 ст. страціла гасп. значэнне з-за канкурэнцыі чыг. транспарту, празмернай высечкі лесу і абмялення рэк і азёр. Не дзейнічае, гідратэхн. збудаванні не захаваліся.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каля г.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³ вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВАТО́РЫЯ [ад аква... + (тэры)торыя],
участак прасторы мора, возера, ракі ў натуральных, штучных або ўмоўных межах; звычайна водная частка марскога порта — гавань. Акваторыя порта ўключае водныя падыходы, рэйд, унутр. гавань або басейны з прычальнымі збудаваннямі, дзе адбываецца разгрузка і пагрузка суднаў. Бываюць акваторыі гідрааэрадромаў, марскіх палігонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫ ТЭ́ХНІКУМЗасн. ў 1975 у г. Лепель. Рыхтуе тэхнікаў. Спецыяльнасці (1998/99 навуч.г.): меліярацыя і водная гаспадарка; механізацыя меліярацыйных і водагаспадарчых работ; прамысл. і грамадзянскае буд-ва; добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.