МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),

аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел. нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.

Літ.:

Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.

А.​А.​Друкт.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў 1929—31 (арх. С.​Шабунеўскі, інж. Р.​Ханін) у Гомелі для рабочых вагонарамонтнага з-да. П-падобны ў плане мураваны будынак, займае па даўжыні квартал. Выразнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дасягнута спалучэннем верт. 7-павярховых аб’ёмаў, якія фланкіруюць цэнтр. 6-павярховы аб’ём з бакавымі крыламі. Пластыка гал. і бакавых фасадаў, пазбаўленых арх. дэкору, ствараецца рытмам аконных праёмаў, чаргаваннем лоджый і балконаў. У Вял. Айч. вайну будынак пашкоджаны. Пры аднаўленні (1946—49) захавана старая планіровачная структура.

А.​А.​Воінаў.

Гомельскі дом-камуна.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНК ((Penck) Вальтар) (30.8.1888, Вена — 29.9.1923),

нямецкі геолаг і геамарфолаг, адзін з заснавальнікаў ням. геамарфалагічнай школы. Сын А.Пенка. З 1914 у Лейпцыгскім ун-це, у 1915—18 праф. Стамбульскага ун-та. Вывучаў геамарфалогію і геалогію Андаў, Гавайскіх а-воў, Апенінаў, Сіцыліі. М. Азіі, Сярэдняй Еўропы і інш. рэгіёнаў. Навук. працы па ўплыве верт. рухаў зямной кары і дэнудацыйных працэсаў на фарміраванне рэльефу. Прапанаваў марфалагічны аналіз як адзін з метадаў вывучэння рэльефу.

т. 12, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫХ САЮ́ЗАЎ у Мінску.

Пабудаваны ў 1982 (арх. Г.​Бенядзіктаў, А.​Фрыдман). Складаецца з 12- і 16-павярховых зблакіраваных аб’ёмаў і прамавугольнага ў плане аб’ёму канферэнц-залы, размешчаных на 2-павярховым стылабаце складанай канфігурацыі. Кампазіцыя вы шыннага корпуса заснавана на спалучэнні злучаных аб’ёмаў, вырашаных у выглядзе пласцін. Лаканічны аб’ём канферэнц-залы падкрэслівае гал. ўваход у будынак. Фасады аздоблены верт. алюмініевымі цягамі, ружовай шклокерамічнай і шэрай пліткай з натуральнага каменю, інтэр’ер — гранітнымі і мармуровымі плітамі.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РА (ад грэч. korē дзяўчына),

статуя дзяўчыны ў доўгай вопратцы, якая стаіць прама. Вядома з 2-й чвэрці 6 ст. да н. э. ў іанійскай пластыцы, характэрна для мастацтва стараж.-грэч. архаікі. Архаічная застыласць і абагульненасць форм спалучалася з тонкай дэкар. апрацоўкай паверхні мармуру, пераважна прычоскі і складак адзення. Асобныя дэталі (вочы, вопратка) часта таніраваліся фарбамі. Выкарыстоўваліся ў якасці ахвярных дароў, што прыносілі ў свяцілішча, а таксама выконвалі функцыю верт. апор у арх. канструкцыях.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МА (ад ням. Rahmen) у будаўніцтве, стрыжнёвая сістэма, элементы якой злучаны паміж сабой жорсткімі сувязямі ці шарнірамі. Асн. элементы Р. — стойкі (верт. стрыжні) і рыгелі (гарыз. стрыжні). Бываюць плоскія і прасторавыя, адна- і шмат’ярусныя, сіметрычныя, замкнёныя і інш. Большасць Р. — статычна нявызначаныя сістэмы; разлік іх праводзіцца метадамі буд. механікі. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі прамысл. і грамадскіх будынкаў, мастоў, пуцеправодаў, эстакад і інш. інж. збудаванняў.

Рамы: а — плоскія (бесшарнірная і трохшарнірная); б — прасторавая.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́ЧКА,

галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі у ляхавіцкім строі. Прадаўгаватым кавалкам (шырыня 12—15 см, даўжыня 50—60 см) саціну, атласу, парчы (уласна П.) абгортвалі тканку з чапцом і замацоўвалі шпількамі і іголкамі. Для пругкасці ў П. ўстаўлялі кардон, паперу, накрухмаленае палатно. Выкарыстоўвалі пераважна тканіну чырв. колеру з верт. белымі палоскамі ці блакітнага колеру з расл. узорам. Святочныя П. ўпрыгожвалі букетамі жывых кветак ці дэкар. зеляніны, якія ўтыкалі збоку ці па цэнтры, а таксама тасёмкамі, пацеркамі і інш. У вясельным уборы паверх П завівалі намітку, а на патыліцы мацавалі пышны букет кветак.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФЕ́Т (ням. Lafette, ад франц. Jaffût),

частка артыл. гарматы, на якой мацуецца ствол. Прызначаны для надання ствалу верт. і гарыз. вуглоў (пры дапамозе механізмаў наводкі), паглынанні энергіі аддачы пры выстрале, а таксама для перамяшчэння гарматы. Л. бываюць рухомыя (на калёсным або гусенічным ходзе), паўстацыянарныя (на рухомай аснове ў танк., самаходных, карабельных, авіяц. і інш. гарматах) і стацыянарныя (на нерухомай аснове ў берагавых, казематных і інш. гарматах). На Л. устанаўліваюць труну пры пахаванні заслужаных военачальнікаў, як від ушанавання.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК ТЭКТАНІ́ЧНЫ,

участак зямной кары, абмежаваны разломамі. Памеры ад соцень квадратных метраў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Форма ад трохвугольнай і паліганальнай да выцягнутай (гл. Ступень тэктанічная). Невял. блокі тэктанічныя вылучаюць у рудных і шахтавых палях, на нафтагазаносных плошчах, пры інжынерна-геал. раянаванні. Буйныя блокі (літасферныя пліты або геаблокі) — у крышталічным фундаменце платформаў і складкавых абласцях. Блокі тэктанічныя перамяшчаюцца адзін адносна аднаго ў верт. і гарыз. напрамках. Стыкі паміж блокамі часта ўтвараюць шыўную зону. На Беларусі найб. выразную блокавую будову мае фундамент Прыпяцкага прагіну.

А.​М.​Нагорны.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю візант. кірунку. Пабудавана ў 1870 з цэглы ў цэнтры г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Цэнтрычны крыжова-купальны 5-купальны храм. Вертыкальная накіраванасць кампазіцыі ўзмацняецца адсутнасцю гарыз. чляненняў, верт. выцягнутасцю фасадных плоскасцяў, выкарыстаннем лапатак на ўсю вышыню фасадаў, высока ўзнятых вузкіх арачных аконных праёмаў і нішаў, вял. цокальнага падмурка. У арх. дэкоры выкарыстаны элементы стараж.-рус. дойлідства. Унутраная прастора дынамічна расчынена ў светлавы барабан, моцная канструкцыя якога трымаецца на ветразях і 4 масіўных слупах.

А.​М.​Кулагін.

Бешанковіцкая Ільінская царква.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)