БЮ́РГЕРСКІЯ ШКО́ЛЫ (ад ням. Bürger гараджанін),

павышаныя пач. вучылішчы ў гарадах Германіі ў 17—18 ст. У іх дзеці рамеснікаў, гандляроў і інш. набывалі павышаную пач. адукацыю і рэальныя веды (ням. мова, матэматыка, пачаткі геаграфіі і прыродазнаўства, некаторыя прыкладныя веды). Стварэнне бюргерскіх школ давала магчымасць дваранству захаваць сярэднія школы (гімназіі) толькі для свайго саслоўя. У 19 ст. бюргерскія школы пераўтвораны ў вышэйшыя пач. з 4-гадовым курсам навучання або 6-гадовыя рэальныя вучылішчы.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСЕРТА́ЦЫЯ (ад лац. dissertatio меркаванне, даследаванне),

навукова-даследчая праца, падрыхтаваная для публічнай абароны па атрыманне вучонай ступені. Д. на атрыманне вучонай ступені кандыдата навук павінна выявіць фундаментальныя тэарэт. веды дысертанта ў пэўнай галіне навукі і спец. веды па пытаннях Д., здольнасць да самаст. навук. даследавання, мець новыя навук. і практычныя вывады. Д. на атрыманне вучонай ступені доктара навук павінна мець тэарэт. абагульненні, вырашаць важную навук. праблему, якая з’яўляецца значным укладам у навуку і практыку.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ВАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і асноў светапогляду, развіццё мыслення і прывіццё культуры разумовай працы; адна з асн. частак усебаковага выхавання чалавека. З’яўляецца няспынным працэсам, які пачынаецца ў дашкольным узросце, актывізуецца ў працэсе адукацыі ў школе і інш. навуч. установах і самаадукацыі. У працэсе Р.в. актывізуецца і ўскладняецца разумовая дзейнасць, засвойваюцца і сістэматызуюцца веды; у сувязі з гэтым развіваюцца ўвага, назіральнасць, памяць, уяўленне, мысленне, мова, самастойнасць, уменне скарыстоўваць веды на практыцы і інш. Р.в. знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з інш. састаўнымі часткамі выхавання (гл. Самавыхаванне, Сенсорнае выхаванне, Фізічнае выхаванне, Эстэтычнае выхаванне).

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Усесаюзнае таварыства па распаўсюджванню палітычных і навуковых ведаў, гл. «Веды»

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕТЭ́НЦЫЯ (ад лац. competo дасягаю; адпавядаю, падыходжу),

1) круг паўнамоцтваў (правоў і абавязкаў) якой-н. арг-цыі, установы або службовай асобы, устаноўлены законам, статутам або інш. палажэннем.

2) Веды, вопыт у той ці інш. галіне.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТЭРЫЁРЫ І АПРЫЁРЫ (лац. a posteriori літар. з наступнага, a priori літар. з папярэдняга),

апастэрыёры — веды, атрыманыя з вопыту, апрыёры — веды, якія папярэднічаюць вопыту і атрыманы да і незалежна ад яго, першапачаткова ўласцівыя свядомасці. Супрацьпастаўленне апастэрыёры і апрыёры найбольш адлюстравана ў рацыяналізме новага часу (Дэкарт, Лейбніц), паводле якога існуюць усеагульныя і неабходныя ісціны, якія ў аснове адрозніваюцца ад выпадковых ісцін, набытых апастэрыёрным (вопытным) спосабам. Такое супрацьпастаўленне характэрна і для філасофіі Канта, які прызнаваў наяўнасць усеагульных і неабходных ісцін, лічыў крыніцай іх безумоўнасці (ападыктычнасці) апрыёрнасць. Кант прызнаваў апрыёрнымі толькі спосаб арганізацыі ведаў, іх форму, якая напаўняецца апастэрыёрным зместам, робіць магчымым існаванне ўсеагульных і неабходных тэарэт. сцвярджэнняў.

Літ.:

Кант И. Соч. Т. 3. М., 1964;

Швырев В.С. Теоретическое и эмпирическое в научном познании. М., 1978.

В.​П.​Оргіш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РНА-НАВУКО́ВАЯ ГРАМАДА́ ў Барысаве,

грамадская арг-цыя ў 1922. Мела на мэце вывучаць і пашыраць веды па гісторыі, краязнаўстве і культуры Беларусі, чытаць лекцыі, адкрываць музеі, лекцыйныя курсы, выстаўкі і інш. У сак. 1922 налічвала 16 членаў, старшыня А.​Іваноў-Казельскі, сакратар В.​Гайдук.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.​Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.​К.​Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭКВА́ТНАЕ (ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),

адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)