ВОЛЬТ,

адзінка электрычнага напружання, эл. патэнцыялу, рознасці эл. патэнцыялаў і электрарухальнай сілы (эрс) у СІ. Абазначаецца В. 1 В роўны эл. напружанню на ўчастку эл. ланцуга з пастаянным такам сілай 1 А, у якім затрачваецца магутнасць 1 Вт (гл. Ампер, Ват). Названы ў гонар А.Вольты.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́К ЭНЕ́РГІІ,

сярэдняя магутнасць, якая перадаецца праз дадзеную паверхню ў працэсе цеплаабмену ці распаўсюджвання хваль любой прыроды і інш. Адносіны П.э. праз паверхню, перпендыкулярную да напрамку пераносу энергіі, да значэння плошчы гэтай паверхні наз. шчыльнасцю П.э., якая вызначаецца Умава вектарам. Адзінка П.э. ў СІ — ват.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НСКАЯ СІ́ЛА,

устарэлая пазасістэмная адзінка магутнасці. Абазначаецца к.с., л.с. (рус. лошадиная сила), PS (ням. Pferdestärke), CV (франц. chevalvapeur), HP (англ. horse power). Замест яе ў Міжнароднай сістэме адзінак ужываецца ват. 1 к.с. = 75 кгс∙м/с = 735,499 Вт. У ЗША і Вялікабрытаніі 1 HP = 745,7 Вт.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГКО́Р,

комплекс індуісцкіх і будыйскіх храмаў, палацаў, вадасховішчаў і адводных каналаў каля г. Сіемрэап (Камбоджа). Пабудаваны ў 9—13 ст. Выяўлены ў джунглях у 19 ст.

Захаваліся руіны стараж. сталіц Камбоджы Яшодхарапуры (засн. ў канцы 9 ст.) і Ангкор-Тхома (засн. ў канцы 12 ст.—1432, пл. 7,9 км², цэнтр. храм Баён) — каменныя цокалі драўляных палацаў, «храмы-горы» ў выглядзе ступеньчатых пірамід, у т. л. буйнейшы Ангкор-Ват (каля 1113—50; пл. 1300 м х 1500 м, вышыня 66 м). Вызначаецца строга геам. планам, велічнай гармоніяй кампазіцыі: «храм-гару» абкружаюць галерэі з каланадамі, павільёнамі варот і вуглавымі вежамі. Багатае скульпт. ўбранне Ангкору: рэльефы з батальнымі і быт. сцэнамі, фігурамі міфалагічных істот, у Ангкор-Тхоме гіганцкія твары багоў на вежах варот і храма Баён. Сілуэт вежаў Ангкор-Вата змешчаны на гербе Камбоджы.

Літ.:

Маршаль А. Ангкор: Пер. з фр. М., 1964.

Да арт. Ангкор. Фрагмент барэльефа храма Ангкор-Ват.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТЭРЭ́ЗІСНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

сінхронны электрарухавік, у якога вярчальны момант ствараецца ад узаемадзеяння магн. поля статара з намагнічаным ротарам, зробленым з матэрыялу з шырокай пятлёй гістэрэзісу. Магутнасць да некалькіх соцень ват пры частаце сілкавальнага току 50—500 Гц. Гістэрэзісны электрарухавік маюць добрыя эксплуатацыйныя характарыстыкі, надзейныя, даўгавечныя, бясшумныя, здольныя працаваць з рознай частатой вярчэння. Выкарыстоўваюцца ў маламагутных электрычных прыводах і ў сістэмах аўтам. кіравання.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ГУ́КУ, сіла гуку,

сярэдняя па часе энергія, якую гукавая хваля пераносіць за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, размешчанай перпендыкулярна да напрамку распаўсюджання хвалі. Для плоскай сінусаідальнай бягучай хвалі І.г. I = p​2/2ρc−v​2ρc/2 дзе p — амплітуда гукавога ціску, v — амплітуда вагальнай скорасці часцінак, ρ — шчыльнасць асяроддзя і c — скорасць гуку ў ім. Адзінка І.г. ў СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

асінхронная машына, якая працуе ў рухальным рэжыме. Частата вярчэння Асінхроннага электрарухавіка рэгулюецца зменай ліку пар полюсаў, частаты сілкавальнага току, супраціўлення ў ланцугу ротара, а таксама каскадным уключэннем некалькіх машын. Напрамак вярчэння асінхроннага электрарухавіка мяняюць пераключэннем любых дзвюх фазаў абмоткі статара. Асінхронныя электрарухавікі выкарыстоўваюцца як асн. рухавікі ў электрапрыводзе. Магутнасць ад некалькіх ват да дзесяткаў мегават.

Асінхронны электрарухавік: а — статар; б — каротказамкнёны ротар; в — фазавы ротар; 1 — станіна; 2 — наборны магніта-правод; 3 — абмотка; 4 — вал; 5 — кантактавыя кольцы.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ТЛЕНАСЦЬ,

1) фізічная велічыня, роўная адносінам светлавога патоку да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Вызначаецца формулай E = dΦ dS , дзе dΦ — светлавы паток, dS — элемент плошчы. Для засяроджанай (кропкавай) крыніцы святла E = ( I cosα / r2 ) , дзе I — сіла святла, α — вугал падзення святла, r — адлегласць ад крыніцы святла да паверхні, якая асвятляецца. Адзінка асветленасці ў СІ — люкс.

2) Асветленасць энергетычная — фіз. велічыня, роўная адносінам патоку выпрамянення да элемента плошчы паверхні, на якую ён падае. Адзінка асветленасці энергетычнай у СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).

т. 2, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАВЫ́ ПАТО́К,

магутнасць выпрамянення святла, якая ацэньваецца па зрокавым адчуванні або ўздзеянні на селектыўны прыёмнік святла, што мае стандартызаваную спектральную адчувальнасць. Роўны здабытку сілы святла I на прасторавы вугал ω, у якім распаўсюджваецца дадзены С.п.: Φ = Iω.

Поўны С.п., што выпраменены кропкавай крыніцай святла з сілай святла I, роўны Φ = 4πI. У адрозненне ад С.п. прамяністы паток P ацэньваецца з дапамогай вымяральных прылад (аб’ектыўна) і звязаны з С.п. суадносінамі Φ = kP, дзе k — светлавы эквівалент магутнасці, залежны ад даўжыні хвалі святла. Адзінка С.п. ў СІ — люмен, прамяністага патоку — ват.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,

сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца <P> = 1 T ∫ T 0 p ∙ dt , дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех. і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току <P> = U ∙ I ∙ cosφ , для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы <P> = 3 ∙ U ∙ I ∙ cosφ , дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі <P> = S ∙ cosφ . Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)