ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.​Байран, Г.​Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.​Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.​Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.​Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.​Рабле, М.​Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.​Мора, Т.​Кампанелы, С.​Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.​Кук, Ж.​Лаперуз, В.​Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Т.​Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.​Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.​Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.​В.​Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.​Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.​Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.​Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.​Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.​Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.​Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.​Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.​Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.​Л.​Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.​Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.​Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.​Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.​І.​Кусто, Б.​Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя...» М.​К.​Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.​Старавольскага, Г.​Пельгрымоўскага, І.​Б.​Сапегі, І.​Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.​Барстоўскага, А.​Каменскага-Длужыка, Ф.​Котава, Т.​Білевіча, у 18 ст. — Я.​Сапегі, Я.​Комара, Л.​Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.​П.​Сапегі, С.​Маскевіча, А.​Філіповіча, Я.​Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.​Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.​Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.​Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.​Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.​Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.​Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.​Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.​Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.​Ельскага (1898), мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.​Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.​Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.​Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.​Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.​Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.​Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.​Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.​Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.​Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.​Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.​Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.​Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.​Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.​Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.​Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломніцкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.​Л.​Гаранін.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел. тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ПОЗНЯГА АДРАДЖЭННЯ І РАННЯГА БАРОКА (канец 16 — пач. 17 ст.)

— гэта своеасаблівы пераходны этап, калі адначасова суіснавалі рэфармацыйна-гуманіст. і новыя барочныя тэндэнцыі, калі адбывалася алітаратурванне дзелавога пісьменства і эпісталаграфіі (Л.​Сапега, Б.​Радзівіл, К.​Астрожскі, І.​Пацей і інш.). Выдатным яго ўзорам служаць «Лісты» Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, багатыя на замалёўкі рэальнага побыту і каларытныя карціны жыцця вайскоўцаў. Упершыню ў літаратуры ўзнікае апавяданне аўтара пра сваю біяграфію і акалічнасці прыватнага жыцця. Аўтабіяграфічны пачатак развіваўся і ў паломніцкай літаратуры. У «Перэгрынацыі» М.​К.​Радзівіла Сіроткі (1601) прасочваецца пераход ад персаніфікаванага паломніцкага апавядання да літ. апісання вандроўкі на Усход. Адным з першых ва Усх. Еўропе аўтар зрабіў сваю асобу аб’ектам маст. выяўлення, што праклала шлях да ўзнікнення гіст.-мемуарнай літаратуры. Першым мемуарным творам стаў дыярыуш Ф.​Еўлашоўскага, у якім малюнкі жыцця бел. шляхты пададзены ў цеснай сувязі з біяграфіяй аўтара. Разам з тым на мяжы 16—17 ст. пачынаецца працэс адасаблення дзелавога пісьменства ад літаратуры і вызваленне яе ад сувязей з абрадам, этыкетам і службова-прыкладнымі функцыямі. Г.​Пельгрымоўскі ў час дыпламат. місіі ў Маскве (1600—01) склаў дыярыуш, у якім занатаваў ход перагавораў, умовы жыцця паслоў, даў тэксты дзелавых дакументаў і інш. Пасля аўтар перапрацаваў уласныя нататкі ў літ. кірунку і надаў ім вершаваную форму; частка іх захавалася ў выглядзе вершаванага дыялогу «Гутарка аднаго Паляка з Маскалём...». Імкненне да паэтызацыі апавядання, разнастайнасць маст. дэталей і апісанняў выяўляюць у творы элементы барочнай паэтыкі, але ўзнаўленне ант. формы дыялогу і гумарыст. характар разважанняў герояў пра рэлігію адлюстроўваюць свядомасць чалавека эпохі Адраджэння.

На этапе пераходу ад Адраджэння да барока адбывалася станаўленне бел. паэзіі, пачатак якой быў пакладзены раней. Асн. паэт. жанрам таго часу былі эпікграмы — кароткія вершы панегірычнага і апісальнага зместу, прысвечаныя магнатам, іх палацам, гербам і інш. Першыя вершаваныя панегірыкі пісаў А.​Рымша: эпікграмы на гербы Л.​Сапегі і Т.​Скуміна, дзе магнаты ўслаўляюцца як патрыёты і абаронцы ВКЛ. Рымшу належыць таксама вершаваная беларускамоўная «Храналогія» (1581), якую можна лічыць першым узорам школьнай паэзіі, і польскамоўная эпічная паэма «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (1585), у якой аўтар творча развівае традыцыі Я.​Вісліцкага. Найб. значнае дасягненне ў ліра-эпічнай паэзіі — «Лямант на смерць Рыгора Осціка», напісаны невядомым аўтарам на польскай мове. Гіст. тэматыка, якая на працягу стагоддзяў распрацоўвалася толькі ў летапісах, хроніках і аповесцях, на пераходным этапе рэалізавалася ў велізарных гісторыка-літ. кампіляцыях. Шэраг паэтычных твораў на польскай мове склаў М.​Стрыйкоўскі. Яго празаічна-вершаваныя хронікі «Ганец цноты...» (1574), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (1575—78) і «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) заснаваны на дакумент. крыніцах, у т. л. бел.-літоўскіх, і вылучаюцца шырынёй ахопу падзей, сцвярджэннем адзінства слав. народаў, услаўленнем іх гераічнага мінулага. З заснаваннем шырокай сеткі езуіцкіх школ і калегіумаў звязана ўзнікненне школьнага тэатра. Для пастановак выкарыстоўваліся лацінамоўныя і польскамоўныя драматургічныя тэксты на біблейскія сюжэты. Паміж актамі школьных драм. разыгрываліся інтэрмедыі, паводле паходжання і характару напаўфальклорныя твары, прасякнутыя нар. гумарам: «Цімон Гардзілюд» К.​Пянткоўскага (каля 1584), ананімныя «Іван і царкоўны стораж» (1651), «Чорт Асмалейка» (пач. 17 ст.) і інш. Упершыню ў драматург. творах героем становіцца прадстаўнік трэцяга саслоўя (мужык, рамеснік-шавец, шкаляр). Развіццё брацкага руху і школьнай адукацыі садзейнічала выданню слав. граматык, сінкрэтычных па змесце: «Граматыка-буквар» (1574) і «Азбука» (1578) І.​Фёдарава, «Граматыка славенская...» Л.​Зізанія (1596), «Грамматики словенския правильна синтагма...» М.​Сматрыцкага (1618—19) і інш. Граматыкі ўключалі вершы, прадмовы, прысвячэнні, рэкамендацыі навучэнцам, чым садзейнічалі пашырэнню філалагічных ведаў і ўзняццю літаратуры на прафесійную вышыню. Змена сістэмы вартасных арыентацый бел. грамадства выклікала павелічэнне цікавасці да твораў свецкай замежнай літаратуры. Ажыццяўляюцца творчыя пераклады помнікаў рэнесансавай рыцарскай літаратуры: «Аповесці пра Трышчана і Іжоту», у якой развіваецца прыгодніцкі аспект сюжэта; «Аповесці пра Баву», дзе ўзмацняецца любоўна-авантурны змест; «Гісторыі пра Атылу» і «Аповесці пра Скандэрбега», у якіх на першы план выходзяць героіка-патрыятычныя элементы, і інш.

Старонка Баркулабаўскага летапісу. Пач. 17 ст.

т. 18, кн. 2, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАЛОГІЯ

На Беларусі этналагічная навука развіваецца з пач. 19 ст. Першую праграму для збірання этналагічных матэрыялаў склаў Г.​Калантай (1810). Распрацоўку методыкі збірання такіх матэрыялаў у 19 ст. вёў Віленскі ун-т. Збіралі і друкавалі этналагічныя матэрыялы М.​Чарноўская, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, З.​Даленга-Хадакоўскі. Яны належалі да міфалагічнага кірунку ў бел. этналогіі і найб. ўвагу звярталі на духоўную культуру — песні, паданні, абрады, разглядалі іх як рэшткі стараж. светапогляду, ідэалізавалі міфалогію. Міфалагічны кірунак быў характэрны і для бел. этналогіі 1850—70-х г., калі значную ролю ў этналагічным вывучэнні Беларусі адыгрывала Рускае геаграфічнае таварыства, у прыватнасці яго аддзяленне этнаграфіі. У яго выданнях «Этнографический сборник» і «Записки Русского географического общества по отделению этнографии» надрукаваны працы М.​Анімеле «Побыт беларускіх сялян» (1854), А.​Г.​Кіркора «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1858), П.​В.​Шэйна «Беларускія песні» (1873). У 1860—70-я г. Рус. геагр. т-ва арганізавала этналагічныя экспедыцыі С.​В.​Максімава і П.​П.​Чубінскага, якія сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйнай культуры бел. народа. У гэты час актыўна працаваў Паўночна-заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (1867—75).

Значных поспехаў дасягнулі энтузіясты бел. этналогіі, якія працавалі асобна. Навук. значэнне ў гэтай галіне маюць працы П.​М.​Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» (1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—1855) і інш. і У.​Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) і інш.

У 1880—90-я г. ў этналагічным вывучэнні Беларусі актыўна ўдзельнічала Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. На сродкі т-ва ажыццёўлены этналагічныя экспедыцыі па Беларусі М.​Я.​Янчука (1886) і М.​В.​Доўнар-Запольскага (1890—1891). У выданнях т-ва «Этнографическое обозрение» і «Труды этнографического отдела Общества любителей природоведения, антропологии и этнографии» апублікавана шмат прац бел. даследчыкаў.

У 1910—15 працаваў адноўлены Паўн.-зах. аддзел Рус. геагр. т-ва. Ён арганізаваў этналагічныя экспедыцыі Е.​Р.​Раманава і І.​А.​Сербава. Сабраныя матэрыялы Раманаў апублікаваў у працы «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), а Сербаў у кн. «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914). На сродкі гэтага т-ва выдадзены «Смаленскі этнаграфічны зборнік» У.​М.​Дабравольскага (вып. 1—4, 1891—1903). У этналагічным вывучэнні Беларусі ўдзельнічаў этнаграфічны аддзел Рус. музея ў С.-Пецярбургу, супрацоўнік якога А.​К.​Сержпутоўскі напісаў этналагічныя працы «Нарысы Беларусі» (1907—09), «Бортніцтва на Беларусі» (1910), «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся» (1910). Велізарны матэрыял пра бел. этнас надрукаваны ў працах П.​В.​Шэйна, Раманава, М.​Я.​Нікіфароўскага, А.​Я.​Багдановіча.

У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. з’явіліся абагульняльныя працы пра бел. этнас М.​В.​Доўнар-Запольскага «Беларусы» (1905), Янчука «Этнаграфічны нарыс Беларусі» (1918—1920), Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22).

Духоўную, матэрыяльную і сац. культуру бел. народа вывучалі Дабравольскі, Доўнар-Запольскі, Карскі, Нікіфароўскі, Раманаў, Сербаў, Сержпутоўскі, якія належалі да эвалюцыйнага кірунку і паказвалі яе развіццё ад простых форм да больш складаных. Многія з іх усебакова абгрунтоўвалі погляд на беларусаў як асобную і самастойную этнічную супольнасць. Карскі заклаў фундамент навук. вывучэння этнагенезу беларусаў.

У 1920-я г. значную ролю ў этналагічным вывучэнні беларусаў адыграў Інстытут беларускай культуры. Ён арганізаваў шмат этналагічных экспедыцый па Беларусі, удзельнікі якіх сабралі каштоўныя матэрыялы па традыцыйных відах гасп. дзейнасці і духоўнай культуры беларусаў.

У 1930—1-й пал. 1950-х г. этналагічныя даследаванні ажыццяўляў Ін-т гісторыі АН Беларусі, яго сектар этнаграфіі і фальклору. Ён арганізаваў шэраг этналагічных экспедыцый па Беларусі, зроблены крокі па ўдасканаленні эвалюцыйнага метаду. У ліку найб. значных этналагічных прац, выдадзеных ін-там, былі манаграфіі М.​М.​Нікольскага. «Міфалогія і абраднасць валачобных песень» (1931), «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства» (1933), «Паходжанне і гісторыя беларускай вясельнай абраднасці» (1956).

З 1957 этналагічныя даследаванні ў сістэме АН Беларусі ажыццяўляе Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы, яго аддзел этнаграфіі (з 1995 аддзел этналогіі). У выніку сістэматычнай экспедыцыйнай работы абследаваны ўсе рэгіёны Беларусі. Ім удасканалены метады аналізу этналагічных матэрыялаў. Этналагічныя даследаванні набылі сістэмны характар. Ін-т распрацаваў шэраг важных этналагічных праблем. В.​К.​Бандарчык паслядоўна даследаваў гістарыяграфічную спадчыну бел. этналогіі («Беларусы», т. 3, 1999). Апублікаваны шэраг фундаментальных прац пра паходжанне і этнічную гісторыю бел. народа, у іх ліку «Беларусы» М.​Я.​Грынблата (1968), «Этнаграфія беларусаў» І.​У.​Чаквіна, Бандарчыка, П.​У.​Церашковіча, Г.​І.​Каспяровіч (1985), «Узнікненне Беларусі» М.​Ф.​Піліпенкі (1991), «Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё» Піліпенкі, Чаквіна, Каспяровіч і інш. (2001). Матэрыялы пра асобныя прамысл. і рамесныя заняткі абагульнены ў навук. працах В.​С.​Цітова «Дрэваапрацоўчыя промыслы Беларусі» (1976), І.​М.​Браіма «Рыбалоўства ў Беларусі» (1976), Г.​М.​Курыловіч «Беларускае народнае ткацтва» (1981), С.​А.​Мілючэнкава «Беларускае народнае ганчарства» (1984), У.​С.​Гуркова, С.​Ф.​Цярохіна «Занятак спрадвеку высакародны» (пра пчалярства, 1987), В.​Я.​Фадзеевай «Беларуская народная вышыўка» (1991). Калектыў аўтараў (Н.​І.​Буракоўская, Я.​М.​Сахута, Цітоў і інш.) апублікаваў абагульняльную працу аб промыслах і рамёствах беларусаў («Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі», 1995). А.​І.​Лакотка падрыхтаваў працы «Беларусы. Т. 2. «Дойлідства» (1997), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999). Л.​І.​Маленка прасачыла эвалюцыю бел. народнага строю ў працы «Беларускі народны касцюм» (2001). Рэгіянальныя асаблівасці земляробчай тэхнікі, жылых і гасп. пабудоў, прадметаў адзення беларусаў разгледжаны ў працах: «Матэрыяльная культура беларусаў» (1968) Л.​А.​Малчанавай, «Беларускае народнае жыллё» (1973) У.​С.​Гуркова, Э.​Р.​Сабаленка і інш., «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў» (1974) І.​П.​Корзуна, Л.​І.​Мінько і інш., «Беларускае народнае адзенне» (1975) Бялявінай, Курыловіч і інш., «Гістарычна-этнаграфічнае раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў» (1983) Цітова. Высновы пра рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай культуры беларусаў, гіст.-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі сталі навук. базай для стварэння Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.

Супрацоўнікі ін-та даследавалі сац. культуру бел. этнасу: Т.​І.​Кухаронак «Маскі ў каляндарнай абраднасці беларусаў» (2001) і «Радзінныя звычаі і абрады беларусаў» (1993), Л.​В.​Ракавай «Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы» (2000). Абагульняльную працу пра грамадскія традыцыі выдалі В.​Ф.​Бацяеў, В.​М.​Бялявіна, А.​В.​Гурко, Чаквін і інш. («Беларусы. Т. 6. Грамадскія традыцыі», 2002), пра сям’ю — Курыловіч, Кухаронак, Ракава і інш. («Беларусы. Т. 5. Сям’я», 2001).

Найб. грунтоўна вывучана паэтычная творчасць беларусаў — выдадзена 45 тамоў серыі «Беларуская народная творчасць» (1970—2003), «Беларускі фальклор: Жанры. Віды. Паэтыка» (кн. 1—6, 2001—04). Нар. музычнаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву беларусаў прысвечаны працы З.​Я.​Мажэйка «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), Сахуты «Народнае мастацтва Беларусі» (1997). Абагульняльная этналагічная праца пра бел. народ «Беларусы», выдадзеная ў 1998 у Маскве ў міжнар. серыі «Народы і культуры».

У наш час этналагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (Церашковіч, Т.​А.​Навагродскі, А.​А.​Кілбас, І.​С.​Махоўская, У.​І.​Мядзянік), у Рэспубліканскім ін-це вышэйшай школы пры БДУ (І.​І.​Калачова), Бел. пед. ун-це імя М.​Танка (І.​Б.​Канапацкі, У.​В.​Тугай, Цітоў), у Гомельскім дзярж. ун-це імя Ф.​Скарыны (А.​Р.​Яшчанка), у Полацкім дзярж. ун-це (У.​А.​Лобач), у Бел. ун-це культуры (Т.​М.​Мікуліч).

Літ.:

Бандарчык В.К. Беларусы. Т. 3. Гісторыя этналагічнага вывучэння. Мн., 1999;

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы. Мн., 1997;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Піліпенка М.Ф., Цягака Л.І. Этнаграфія і антрапалогія ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1998. №4. Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 18, кн. 2, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)