АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.​В.​Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,

цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.

Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл. Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл. Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл. Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.

В.​В.​Валяўка.

Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.
Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.
Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.​В.​Валяўка.

Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл. Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.

Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш. Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш. Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.

На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац. АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.

Літ.:

Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;

Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ. М., 1986;

Промышленное применение лазеров: Пер. с англ. М., 1988.

В.​В.​Валяўка, В.​К.​Паўленка.

Да арт. Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).

Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл. Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл. Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл. Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл. Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.

Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз. каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.​В.​Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл. лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш. газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.​А.​Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.​М.​Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.​В.​Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.

Літ.:

Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;

Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;

Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;

Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;

Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;

Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;

Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;

Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;

Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.

В.​В.​Валяўка, У.​М.​Сацута.

Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст. н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).

т. 14, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)