ЖО́РСТКАСЦЬ ВАДЫ́,

сукупнасць уласцівасцей прыроднай вады, якія абумоўлены наяўнасцю раствораных у ёй солей кальцыю Ca і магнію Mg. Адрозніваюць карбанатную (часовую, ліквідуюць кіпячэннем) і некарбанатную (пастаянную), якія разам складаюць агульную Ж.в. (сума канцэнтрацый катыёнаў Ca​2+ i Mg​2+).

Карбанатная Ж.в. выклікана прысутнасцю гідракарбанатаў, некарбанатная — сульфатаў, хларыдаў, сілікатаў, нітратаў, фасфатаў кальцыю і магнію. Выкарыстанне жорсткай вады прыводзіць да ўтварэння накіпу ў паравых катлах, абагравальных прыладах, павялічвае расход мыла пры мыцці, ускладняе варку агародніны і мяса. Памяншаюць Ж.в. вапнава-содавым метадам (дабаўленне вапны і соды) ці іонаабменнымі метадамі (гл. Іаніты).

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.

Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.

Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,

уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (Н+) больш за 1 × 10​−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Геалагічны кругаварот вады і рэчываў вялікі 3/504

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Валдай» (самапісец узроўню вады) 3/470

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ждановічы (радовішча мінеральнай вады, Мінскі р-н) 7/248

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гідратацыя (рэакцыя далучэння вады) 3/473; 9/336; 11/429

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПУ́СК,

напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАРАЗМЕРКАВА́ННЕ,

планавы забор вады з водных аб’ектаў, транспарціроўка яе ў вузлы выдачы і размеркаванне паміж спажыўцамі. Улічваюцца рэжым крыніц вады, аб’ём зарэгуляванага сцёку, страты вады на фільтрацыю, выпарэнне, сан. попускі і інш. Памеры, тэрміны і парадак падачы вады водакарыстальнікам вызначаюцца паводле планаў водакарыстання (унутрыгаспадарчых, басейнавых і інш.). Водаразмеркаванне праводзіцца ў першую чаргу для задавальнення патрэб насельніцтва ў пітной і быт. вадзе, рацыянальнага і эканомнага выкарыстання водных рэсурсаў, забеспячэнне неабходнай колькасці і якасці вады, прадухілення шкоднага ўплыву яе на навакольнае асяроддзе.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)