ЛОТ (ням. Lot),

1) стараж. адзінка масы (вагі); спачатку, са з’яўленнем у 11 ст. маркі, роўная ​1/16 яе (вагі) або ​1/24 фунта (15,288 г). Пасля ўвядзення кёльнскай маркі, абавязковай для ўсёй «Свяшчэннай Рымскай імперыі», Л. складаў 14,619 г. 2) Мера абазначэння колькасці высакароднага металу (звычайна серабра) у сплаве або вырабе. Чыстае серабро адпавядала 16 Л. Такім чынам, 1 Л. роўны ​1/16 колькасці чыстага серабра.

т. 9, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТАТЫ́ЧНАЕ ЎЗВА́ЖВАННЕ,

метад вымярэння шчыльнасці вадкасцей і цвёрдых цел, заснаваны на Архімеда законе.

Для вызначэння шчыльнасці цвёрдага цела яго ўзважваюць двойчы: у паветры (вызначаецца маса цела) і ў вадкасці вядомай шчыльнасці, напр., у дыстыляванай вадзе (аб’ём цела — па рознасці 2 вынікаў). Пры вызначэнні шчыльнасці вадкасці ў ёй узважваюць цела вядомых мас і аб’ёму (напр., шкляны паплавок). У залежнасці ад патрэбнай дакладнасці праводзяць з дапамогай вагаў аналітычных, тэхн. або ўзорных; пры масавых вымярэннях выкарыстоўваюць спец. гідрастатычныя вагі, якія забяспечваюць хуткія вымярэнні, напр., вагі Мора—Вестфаля.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БРА (ад лац. libra вага, адзінка вагі; рымскі фунт),

старажытнарымская вагавая адзінка, раўнялася 327,45 г, падзялялася на 12 унцый. Была пакладзена ў аснову ўсёй рымскай манетнай справы. Выкарыстоўвалася і ў манетнай справе раннесярэдневяковых дзяржаў Еўропы. Пад уплывам Л. ўзніклі еўрап. вагавыя адзінкі — фунт, марка.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТРА (грэч. litra),

1) стараж. сіцылійская адзінка масы (вагі) y 1 фунт (​1/240, пазней ​1/120 таланта) і манета (прыкладна з 400 да н.э.), якая спачатку білася з медзі, пазней з серабра і золата.

2) Візант. фунт — асн. вагавая адзінка Візант. імперыі, роўная рымскаму фунту — лібры.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТАВЫ́ СПУСК,

прыстасаванне для спуску сыпкіх і кускавых грузаў пад дзеяннем уласнай вагі; сродак гравітацыйнага транспартавання. Вышыня да 100 м і болей, прадукцыйнасць да 500 т/гадз пры дыяметры трубы 1,2—1,5 м. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, прамысл. прадпрыемствах, у горнай прам-сці.

Вінтавы спуск для сыпкіх грузаў.

т. 4, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (4.3.1874, с. Беражняны Смаленскай вобласці — 10.2.1914),

расійскі радыехімік. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1902). З 1903 працаваў там жа. З 1912 у Галоўнай палаце мер і вагі ў Пецярбургу. Сфармуляваў «закон Барадоўскага», які дазваляе вызначыць ат. масы элементаў-ізатопаў. Даследаваў радыяц. астаткі ферганскіх рудаў, знайшоў у іх радый.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХМА,

1) адзінка масы ў сістэме англ. мер, складае ​1/6 унцыі і роўная 1,772 г. 2) Адзінка масы аптэкарскай вагі; аптэкарская Д. складала ​1/8 унцыі, або 3 скрупулы, рас. аптэкарская Д.=3,732 г, у англ. сістэме мер аптэкарская Д.=3,888 г. 3) Вадкасная Д. (ЗША) — мера і адзінка ўмяшчальнасці, роўная 3,6966 мл.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАРА́ТАР (лац. comparator ад comparo параўноўваю),

вымяральная прылада для параўнання вымеранай велічыні з эталоннай. Бываюць мех. (напр., рычажныя вагі), аптычныя (гл. Аптыметр), эл. (гл. Мост вымяральны), інтэрферэнцыйныя (гл. Інтэрферометр), стэрэаскапічныя (стэрэакампаратары, імі вызначаюць прасторавыя памеры аб’ектаў) і інш. З дапамогай К. вымяраюць даўжыні, вуглы, масу, ціск і інш. Гл. таксама Кампенсацыйны метад вымярэнняў.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЯ,

1) падатак з сялян ВКЛ у 15—18 ст. на карысць землеўладальніка, які забіраў чацвёртую частку (долю) ураджаю. У 16—18 ст. пашырана на Бел. Падзвінні. Выконвалі гэту павіннасць сяляне — дольнікі. У канцы 18 ст. Д. заменена чыншам або паншчынай.

2) Руская мера вагі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Д. = ​1/96 залатніка = 0,0444 г.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)