Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭМЕ́НТ ЗАТУХА́ННЯлагарыфмічны, натуральны лагарыфм адносін амплітуд ваганняў, узятых адпаведна праз прамежак часу, роўны перыяду ваганняў. Выражаецца формулай
, дзе t — час, T — перыяд ваганняў, γ — каэфіцыент затухання. Прамежак часу t, за які амплітуда ваганняў памяншаецца ў e разоў, называецца часам рэлаксацыі:
пры гэтым адбываецца
ваганняў.
Для вагальнага контуру Д.з. роўны 0,02—0,05, для камертона 0,001, для аптычнага рэзанатара 10−7—10−6. Гл. таксама Дыхтоўнасць вагальнай сістэмы, Затуханне ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРу радыётэхніцы,
прылада для атрымання (генерацыі) эл.-магн.ваганняў вызначанага віду (пэўных частаты, амплітуды, фазы, формы імпульсаў і інш.). Адрозніваюць генератар з самаўзбуджэннем (аўтагенератары; гл. ў арт.Аўтаваганні), у якіх характарыстыкі ваганняў вызначаюцца ўласцівасцямі самога генератара, і з незалежным узбуджэннем (узмацняльнікі магутнасці эл.-магн.ваганняў ад асобнага аўтагенератара). Генерацыя ажыццяўляецца пераважна за кошт энергіі крыніц пастаяннага току з дапамогай актыўных элементаў (электронных прылад) або шляхам пераўтварэння першасных эл.ваганняў у ваганні зададзенай частаты і формы (квантавы генератар, параметрычны генератар).
Паводле тыпу актыўнага элемента адрозніваюць лямпавыя генератары (напр., на генератарных лямпах), цвердацельныя (на вырашальных узмацняльніках, Гана дыёдах, транзістарах, тунэльных дыёдах), генератар з газаразраднымі прыладамі (на тыратронах), форме ваганняў, частаце, магутнасці і прызначэнні — генератар гарманічных ваганняў (гл.Гарманічныя ваганні), генератар ваганняўспец. формы, нізка-, высока- і звышвысокачастотныя, імпульсныя генератары і інш. У генератары інфранізкіх частот і ў генератары ваганняўспец. формы ўмовы генерацыі забяспечваюцца адваротнай сувяззю; генератары нізкіх і радыёчастот маюць вагальныя контуры, фільтры і інш. ланцугі з засяроджанымі элементамі, генератар звышвысокіх частот — ланцугі з размеркаванымі параметрамі (аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары, радыёхваляводы, палоскавыя і кааксіяльныя лініі і інш., звычайна спалучаныя з актыўнымі элементамі ў адно цэлае). Гл. таксама Генератар вымяральны, Блокінг-генератар, Мультывібратар, Свіп-генератар, Фантастрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ ВАГА́ННІ,
уласныя ваганні ў складанай сістэме з некалькіх звязаных паміж сабой простых (парцыяльных) вагальных сістэм. Маюць складаны выгляд з-за ўплыву (праз сувязь) ваганняў у адной парцыяльнай сістэме на ваганні ў другой. У лінейных сістэмах З.в. можна выявіць як суперпазіцыю нармальных ваганняў, колькасць якіх роўная колькасці парцыяльных сістэм, аднак частоты адрозніваюцца ад частот уласных ваганняў адасобленых парцыяльных сістэм.Гл. таксама Абертон, Біцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПФЕР (ад ням. Dämpfer глушыцель),
прыстасаванне для гашэння (паглынання, заспакаення) шкодных ваганняў у машынах, механізмах, прыладах, канструкцыях.
Падзяляюцца на фрыкцыйныя (заспакойваюць ваганні пераўтварэннем энергіі ваганняў у работу трэння, якое ствараецца паміж элементамі Д.) і дынамічныя (змяняюць частату ўласных ваганняў сістэмы адносна частаты вонкавых сіл, каб папярэдзіць рэзананс); паводле канструкцыі — на мех., гідраўл. (напр., поршні ў вязкіх асяроддзях), пнеўматычныя. эл.-магн. і інш. Выкарыстоўваюцца ў рухавіках унутр. згарання, аўтам. рэгулятарах і вымяральных прыладах (гідраўл. і пнеўматычныя), у эл. машынах (у выглядзе шпуль індуктыўнасці, рэзістараў), у мнагаструнных муз. інструментах (калодачкі або планкі, абклееныя лямцам, для спынення ваганняў струн) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КРЫШТАЛІ́ЧНАЙ РАШО́ТКІ,
узгодненыя зрушэнні атамаў крышталя каля становішчаў раўнавагі (вузлоў рашоткі). Характар ваганняў залежыць ад сіметрыі крышталёў, ліку атамаў у элементарнай ячэйцы, тыпу хім. сувязі, віду і канцэнтрацыі дэфектаў у крышталях. Амплітуда ваганняў павялічваецца з павышэннем тэмпературы крышталя. На цеплавыя ваганні могуць накладвацца ваганні, выкліканыя распаўсюджваннем у крышталі пругкіх хваляў, абумоўленых знешнім уздзеяннем.
У крышталі з N элементарных ячэек па ν атамаў у кожнай існуе 3νN—6 незалежных найпрасцейшых нармальных ваганняў, кожнае з якіх можна ўявіць у выглядзе дзвюх плоскіх пругкіх хваляў, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках. Гэтыя ваганні складаюцца з трох акустычных галін (ім адпавядаюць зрушэнні элементарнай ячэйкі як цэлага) і 3 (ν—1) аптычных (адпавядаюць зрушэнням атамаў унутры элементарнай ячэйкі). Пры пругкім характары міжатамнага ўзаемадзеяння вагальная энергія крышталя складаецца з энергій нармальных ваганняў, кожнае з якіх уцягвае ў рух усе атамы. Вагальную энергію крышталя можна разглядаць і як суму энергій фанонаў — квантаў энергіі пругкіх ваганняў. Квантавая прырода ваганняў крышталічнай рашоткі праяўляецца ў наяўнасці нулявых ваганняў атамаў пры T = 0К. Ваганні крышталічнай рашоткі ўплываюць на электраправоднасць металаў і паўправаднікоў, на аптычныя ўласцівасці дыэлектрыкаў.
Літ.:
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981;
Рейсленд Дж. Физика фононов: Пер. с англ.М., 1975;
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ,
рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз.хвалямі.
Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл.Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл.Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў кліматуперыяд. характару).
П.С.Габец.
Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХТО́ЎНАСЦЬвагальнай сістэмы,
колькасная характарыстыка рэзанансных уласцівасцей вагальнай сістэмы. Паказвае, у колькі разоў амплітуда вымушаных ваганняў пры рэзанансе перавышае амплітуду вымушаных ваганняў удалечыні ад рэзанансу; характарызуе выбіральнасць і раздзяляльную здольнасць вагальнай сістэмы: чым большая Д., тым меншыя страты энергіі за перыяд ваганняў, тым вышэй рэзанансны водгук сістэмы (у параўнанні з нерэзанансным) і тым больш блізкія частоты можна выдзяляць паасобку.
У аснову вымярэнняў Д. (гл.Дыхтоўнасці вымяральнік) могуць быць закладзены розныя прынцыпы: Д. (Q) можна таксама выразіць як дзель рэзананснай частаты ω да шырыні рэзананснай крывой Δω(Q = ω/Δω); дзель поўнай энергіі W назапашанай у вагальнай сістэме, да сярэдняй магутнасці страт P за перыяд ваганняў (Q = ωW/P) і інш.Напр., вагальны контур мае Д. да 100, камертон — да 104, пласцінка п’езакварцу і аб’ёмны рэзанатар ЗВЧваганняў — да 105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,
ваганні, якія ўзнікаюць ў выніку перыядычнай змены параметраў вагальнай сістэмы (масы, пругкасці, індуктыўнасці, ёмістасці, эл. супраціўлення і інш.). Назіраюцца ў любой вагальнай сістэме пры пэўных суадносінах паміж частатой аднаго з уласных ваганняў сістэмы і частатой змен параметраў.
Класічны прыклад П.в. — узнікненне папярочных ваганняў струны (параметрычны рэзананс) пры перыяд. зменах яе нацяжэння, якое найлягчэй адбываецца, калі частата асн. тону (ці якой-н. гармонікі; гл.Абертон) струны ўдвая большая за частату змен нацяжэння (пры звычайным узбуджэнні вымушаных ваганняўрэзананс настае, калі іх частата супадае з частатой аднаго з уласных ваганняў струны). Пры ўзбуджэнні П.в. стан раўнавагі вагальнай сістэмы ў выніку перыяд. ўздзеяння становіцца няўстойлівым і сістэма пачынае рабіць ваганні каля становішча раўнавагі. Шырыня абласцей няўстойлівага стану павялічваецца з ростам амплітуды змен параметраў. Прынцыпы ўзбуджэння П.в. выкарыстоўваюцца ў параметрычных крыніцах святла (параметрычны лазер), параметрычных генератарах і ўзмацняльніках эл.-магн.ваганняў і інш.