ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ Я́ДЗЕРНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

прылады для рэгістрацыі ядз. часціц (альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.) ці квантаў эл.магн. выпрамянення. Выкарыстоўваюцца для вывучэння інтэнсіўнасці ядз. выпрамянення, вызначэння яго саставу і энергет. спектра часціц, а таксама пры вывучэнні ўзаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі, працэсаў нараджэння і распаду элементарных часціц.

Прынцып дзеяння Л.я.в. заснаваны на ўласцівасці зараджаных часціц пры праходжанні праз рэчыва выклікаць іанізацыю і ўзбуджэнне яго атамаў або (пры пэўных умовах) Чаранкова—Вавілава выпрамяненне (нейтроны і гама-кванты ствараюць другасныя зараджаныя часціцы, якія іанізуюць і ўзбуджаюць атамы рэчыва). Гл. таксама Вільсана камера, Гейгераўскі лічыльнік, Іанізацыйная камера, Паўправадніковы дэтэктар, Пузырковая камера, Сцынтыляцыйны лічыльнік.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергіі квантаў гама-выпрамянення і яго інтэнсіўнасці. Найб. пашыраны сцынтыляцыйныя і паўправадніковыя. Энергія і інтэнсіўнасць патоку гама-квантаў вызначаюцца ўскосна (у крышталь-дыфракцыйных гама-спектрометрах непасрэдна) вымярэннем энергіі і інтэнсіўнасці патоку электронаў або электронна-пазітронных параў, якія выяўляюцца пры ўзаемадзеянні гама-выпрамянення з рэчывам. Асн. характарыстыкі: эфектыўнасць (характарызуецца імавернасцямі ўтварэння і рэгістрацыі другаснай часціцы) і раздзяляльная здольнасць.

У сцынтыляцыйных гама-спектрометрах выкарыстоўваюцца сцынтыляцыйныя лічыльнікі; у паўправадніковых — паўправадніковыя дэтэктары; у вобласці нізкіх энергій гама-квантаў (да 100 кэВ) — газавыя прапарцыянальныя лічыльнікі, крышталь-дыфракцыйныя гама-спектрометры; для вымярэння спектраў высокіх энергій — чаранкоўскія лічыльнікі, якія рэгіструюць выпрамяненне электронна-фатонных ліўняў (гл. Чаранкова—Вавілава выпрамяненне), пузырковыя камеры, у некаторых выпадках — фотарасшчапленне дэйтрона.

А.​В.​Берастаў.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР НА СВАБО́ДНЫХ ЭЛЕКТРО́НАХ (ЛСЭ),

генератар эл.-магн. ваганняў, што выпрамяняюцца электронамі, якія вагаюцца пад уздзеяннем эл. або магн. поля і рухаюцца з рэлятывісцкімі скарасцямі ў напрамку распаўсюджвання хвалі. Прынцып работы ЛСЭ прапанавалі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. В.Л.Гінзбург і амер. фізік Г.​Моц; такі лазер у інфрачырвоным дыяпазоне створаны ў 1976—77 у ЗША.

Пучок рэлятывісцкіх электронаў ствараецца з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц і накіроўваецца ў прасторава-перыядычнае статычнае эл. ці магн., поле або магутнае поле нізкачастотнай хвалі; таксама ЛСЭ могуць быць заснаваны на розных варыянтах Чаранкова—Вавілава выпрамянення. З-за Доплера эфекту частата выпрамянення ў шмат разоў перавышае частату ваганняў электронаў. Пры зменах кінетычнай энергіі электронаў адбываюцца адпаведныя змены частаты выпрамянення ў дыяпазонах ад ЗВЧ да ультрафіялетавага.

А.​А.​Кураеў.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЗБУРГ (Віталь Лазаравіч) (н. 4.10.1916, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. з 1953). Чл. акадэмій і навук. т-ваў інш. краін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1938). З 1940 у Фіз. ін-це Рас. АН. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі выпрамянення, крышталяоптыцы, тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, радыёфізіцы, фізіцы плазмы, гама- і радыёастраноміі, астрафізіцы касм. прамянёў, праблемах высокатэмпературнай звышправоднасці і інш. Пабудаваў квантавую тэорыю эфекту Чаранкова—Вавілава (1940), прапанаваў фенаменалагічную тэорыю сегнетаэл. з’яў (1945), прадказаў пераходнае выпрамяненне (разам з І.​М.​Франкам; 1945), распрацаваў паўфенаменалагічныя тэорыі звышправоднасці (разам з Л.​Д.​Ландау; 1950) і звышцякучасці (разам з Л.​П.​Пітаеўскім; 1958). Даследаваў праблемы квазараў, пульсараў, нейтронных зорак, чорных дзір, эксперым. праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш. Удзельнічаў у работах па стварэнні тэрмаядзернай зброі ў СССР. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэмія СССР 1953, Вял. залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава Рас. АН 1995.

Тв.:

Распространение электромагнитных волн в плазме. М., 1967;

О теории относительности: Сб. ст. М., 1979;

Теоретическая физика и астрофизика. М., 1987;

О физике и астрофизике. 2 изд. М., 1992.

Літ.:

Андреев А.Р. и др. В.​Л.​Гинзбург // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166. № 10.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Л.Гінзбург.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАГЛЯ́Д (Харытон Сцяпанавіч) (11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),

бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-р вет. н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.​І.​Вавілава.

Тв.:

Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;

Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;

Болезни диких животных. Мн., 1971;

Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).

Х.С.Гарагляд.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІЦТВА,

1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.

На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс. т агародніны, 45 тыс. т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс. га (1994).

2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.​А.​Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.​Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.​І.​Шрэдэра, М.​В.​Рытава, У.​І.​Эдэльштэйна, М.​І.​Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел. НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел. с.-г. акадэміі, на абл. с.-г. доследных станцыях.

Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.​А.​Скрыпнічэнка, П.​С.​Шастапал, Б.​А.​Юргенс, І.​І.​Цішкевіч, У.​П.​Пярэднеў, А.​А.​Аутка, Т.​С.​Якубіцкая, А.​А.​Казіміраў, П.​С.​Жукава, М.​Ф.​Сцяпура, К.​А.​Шуін, Ю.​М.​Забара, П.​Я.​Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.

Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.

Літ.:

Интенсивное плодоовощеводство. Горки, 1992;

Шуин К.А. Овощеводство. Мн., 1987.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. lumen святло + -escent суфікс, які абазначае слабае дзеянне),

выпрамяненне, якое з’яўляецца залішкавым над цеплавым выпрамяненнем цела і доўжыцца на працягу часу, значна большага за перыяд светлавых ваганняў. Л. часта наз. халодным святлом (магчыма пры любой т-ры цела). У адрозненне ад раўнаважнага цеплавога выпрамянення, спектр якога не залежыць ад саставу рэчыва, а вызначаецца яго т-рай, Л. — нераўнаважнае выпрамяненне, спектр якога залежыць ад прыроды рэчыва (характэрны менавіта для дадзеных атамаў і малекул). Неабходная ўмова ўзнікнення Л. — папярэдняе паступленне энергіі ў рэчыва і паглынанне яе.

Паводле спосабу ўзбуджэння Л. адрозніваюць фоталюмінесцэнцыю (узбуджаецца святлом), катодалюмінесцэнцыю (паскоранымі электронамі), электралюмінесцэнцыю (эл. полем), хемілюмінесцэнцыю (хім. працэсамі), трыбалюмінесцэнцыю (мех. дэфармацыяй) і інш. Паводле прыроды працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве, адрозніваюць Л. самастойную (працэсы адбываюцца ўнутры аднаго цэнтра і свячэнне настае адразу пасля ўзбуджэння), вымушаную (узбуджанае рэчыва пачынае свяціцца пасля вонкавага ўздзеяння — награвання, апрамянення) і рэкамбінацыйную (свячэнне выклікаецца рэкамбінацыяй, г.зн. злучэннем зараджаных часціц — іонаў і электронаў). Кароткачасовая Л. (10​−8—10​−10 с) наз. флуарэсцэнцыяй, больш працяглае «паслясвячэнне» — фасфарасцэнцыяй. Асн. характарыстыкі Л.: працягласць жыцця часціц ва ўзбуджаным стане (ад ~10​−10 да ~10​4 с); квантавы выхад (адносіны колькасці вылучаных квантаў святла да колькасці паглынутых); энергетычны выхад (ккдз); палярызацыя; спектры выпрамянення і ўзбуджэння (залежнасць інтэнсіўнасці свячэння ад даўжыні хвалі выпрамянення і ўзбуджэння). Характарыстыкі Л. маюць важнае значэнне ў люмінесцэнтным аналізе. Л. ў прыродзе (палярнае ззянне, свячэнне некаторых насякомых. мінералаў, гнілякоў) назіралася даўно, сістэматычна вывучаецца з 17 ст. Уклад у вывучэнне Л. зрабілі А.С. і Ж.Бекерзлі, У.Крукс, Ф.​Ленард і інш. Многія заканамернасці Л. вызначаны фізікамі школы С.І.Вавілава (гл. Вавілава закон) і А.М.Цярэніна.

На Беларусі даследаванні па Л. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ і інш. У 1960-я г. створаны навук. цэнтр па Л. (адзін з найбуйнейшых у СССР). Найб. значныя працы школы фізікаў па Л. на чале з Б.І.Сцяпанавым, А.Н.Сеўчанкам, М.А.Барысевічам. Распрацаваны тэорыі Л. складаных малекул і адмоўнай Л., выяўлена і вывучана з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (гл. Стабілізацыі-лабілізацыі з’ява), даследавана Л. пары складаных малекул, Л. рэдкіх зямель, складаных малекул, уранілавых злучэнняў, малекул біял. важнасці, у т. л. хларафілу і яго аналагаў. На аснове даследаванняў па Л. створаны новыя тыпы лазераў — лазеры на растворах і на пары арган. злучэнняў.

Літ.:

Вавилов С.И. Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Поглощение и испускание света квантовыми системами. Мн., 1991;

Борисевич Н.А. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. М., 1967;

Саржевский А.М., Севченко А.Н. Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971.

Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВА́ННЕ ДЛЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧО́ВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ І БЫТАВЫ́Х ПРЫЛА́Д,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для лёгкай і харч. прам-сці, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, а таксама быт. прылады (халадзільнікі і пральныя машыны, электрапыласосы, швейныя машыны, электрапрасы, электраміксеры, электрасокавыціскалкі і інш.). Найб. развіццё вытв-сць быт. прылад атрымала ў ЗША, Японіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі на спецыялізаваных буйных прадпрыемствах.

На Беларусі гэта галіна прам-сці пачала развівацца ў 19 — пач. 20 ст. на металургічных і машынабудаўнічых з-дах, пераважна ў Мінску, якія выраблялі абсталяванне для бровараў, вінакурняў, мукамольнай і крухмала-патачнай прам-сці. У час індустрыялізацыі мінскі з-д «Энергія» асвоіў вытв-сць некаторых станкоў для тэкст. і абутковай прам-сці. У пасляваенны перыяд на базе прадпрыемстваў мясц. прам-сці і рамонтных майстэрняў створаны спецыялізаваныя з-ды: у Оршы швейных машын (1952, з 1968 з-д лёгкага машынабудавання), у Мінску быт. халадзільнікаў (1959), у Баранавічах гандл. машынабудавання (машыны для перапрацоўкі мяса, цеста і агародніны; 1964), у Гродне па вырабе пасудамыйных машын (1963).

У 1997 вытв-сцю абсталявання і запасных частак для лёгкай прам-сці было занята 52 прадпрыемствы і толькі адно з іх спецыялізаванае — ВА «Прамшвеймаш» у Оршы. Большая ч. яго выраблялася на прадпрыемствах лёгкай прам-сці ў Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе і некаторая ч. прадукцыі на ВА «Мінскі трактарны завод» і Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, а таксама ВА «Прамшвеймаш» у г. Орша. Па вырабе абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы: Беларускае вытворчае аб’яднанне гандлёвага машынабудавання «Беларусьгандальмаш» у Баранавічах, навук. вытв. прадпрыемства «Тэхнамаш» у Брэсце, з-ды: гандл. машынабудавання ў Гродне, «Прадмаш» у Мінску. Некаторая ч. абсталявання для гэтай галіны выпускаецца на інш. машынабуд. з-дах. У 1997 выпушчана абсталявання і запчастак на 230,5 млрд. руб. (машыны для перапрацоўкі мяса, агародніны, бульбы; халадзільныя камеры, шафы, гандл. прылаўкі, універсальныя пасудамыйныя машыны, машыны для прыгатавання паўфабрыкатаў).

У 1997 выпушчана (тыс. шт.): халадзільнікаў 722, маразільнікаў 73, пральных машын 88,2, электрапыласосаў 4,1, печаў ЗВЧ 0,3, электрапрасаў 274, швейных машын 14,2, электраміксераў 46,2, электрасокавыціскалак 112,7. Найб. прадпрыемствы па выпуску быт. прылад: акц. т-ва «Атлант» у Мінску (па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў), Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі «Белвар» у Мінску (электрабытавыя прылады), акц. т-ва «Брэстгазаапарат» (газавыя пліты, быт. паветраачышчальнікі), Брэсцкі электрамеханічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Мінскі завод «Тэрмапласт» (электраміксеры), Авіяц. рамонтнае прадпрыемства ў Баранавічах (пыласосы), пральныя машыны выпускаюцца ў Мінску і Магілёве.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Машынабудаванне для лёгкай і харчовай прамысловасці і бытавых прылад. Галоўны канвеер на Брэсцкім заводзе газавай апаратуры.

т. 10, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)