РАЗВАДО́ЎСКІ ((Rozwadowski) Ян Міхал) (7.12.1867, каля г. Тарнаў, Польшча — 13.3.1935),
польскі мовазнавец-індаеўрапеіст. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1903), чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1911). Ў 1885—89 вучыўся ў Кракаве і Лейпцыгу. З 1899 праф. Ягелонскага ун-та ў Кракаве. З 1920 віцэ-прэзідэнт, у 1925—29 прэзідэнт Польскай АН. Аўтар прац па агульным, індаеўрап., польскім мовазнаўстве, анамастыцы: «Утварэнне і значэнне слова» (1904), «Семасіялогія, або Навука аб развіцці значэнняў слова» (1907), «Була 1136 года як найстаражытнейшы помнік польскай мовы» (1909), «Гістарычная фанетыка польскай мовы» (1914), «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх» (1915), «Пра з’явы і развіццё мовы» (1921), «Даследаванні назваў славянскіх рэк» (выд. 1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́МБА (ням. Plombe ад лац. plumbum свінец),
кавалачак свінцу з адбіткамі пячаткі, якім апламбоўваецца пэўны прадмет. Стараж. П. адрозніваюцца ад віслых пячатак (гл.Була) невял. памерамі (1—1,5 см) і прызначэннем. На Русі П. «наўгародскага тыпу» служылі малымі пячаткамі пасаднікаў (канец 11—13 ст.). Найб. пашыраны П. «драгічынскага тыпу», якіх у Драгічыне-Надбужскім (Польшча) выяўлена некалькі тысяч. Шырока бытуе меркаванне, што П. прывешвалі да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак, што гарантавала іх захаванасць. У Зах. Еўропе двухсастаўныя гандл. П. вядомы ў 15—17 ст. У 19—20 ст. выкарыстоўваюцца П. пад пламбір (прыстасаванне ў выглядзе клешчаў) на пошце, чыгунцы, у банках і інш. установах. З 2-й пал. 20 ст. ў шырокім ужытку П. з пластмасы з адтулінамі для прасоўвання кантрольнага дроту або шнура; маюць выявы дзярж. герба, даты, умоўныя літары і лічбы. На тэр. Беларусі ў час археал. раскопак П. выяўлены ў Віцебску, Тураве, Брэсце, Полацку і інш.
Пломбы 16—18 ст. з Дзісны і Друі (правы і адваротны бакі).