першы бельгійскі касманаўт. Д-р навук у галіне прыкладной фізікі (1970). Скончыў ун-т у г. Гент (1963). З 1965 у Бельгійскім ін-це касм. аэранаўтыкі. У 1978—93 у Еўрап.касм. агенцтве. Адначасова з 1985 у групе касманаўтаў НАСА. 24.3—2.4.1992 здзейсніў (як спецыяліст па карыснай нагрузцы) палёт у складзе экіпажа касм. карабля «Атлатыс». У космасе правёў 8,92 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІМА́ЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, сярэдняя крывізна якой ва ўсіх пунктах роўная нулю. Выяўляецца пры рашэнні варыяцыйнай задачы знаходжання такой прасторавай паверхні, якая мае найменшую (мінімальную, адсюль назва) плошчу сярод блізкіх паверхняў з той жа зададзенай мяжой. Тэорыя М.п. цесна звязана з тэорыяй аналітычных функцый і варыяцыйным злічэннем, развівалася ў працах Ж.Л.Лагранжа, Г.Монжа і інш. Эксперыментальны спосаб адшукання М.п. з дапамогай мыльнай плёнкі, нацягнутай на драцяны каркас, прапанаваў бельгійскі фізік Ж.Плато. Прыклады М.п.: плоскасць, вінтавая паверхня, катэноід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАК (Bacq) Зянон Марсель (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),
бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл.АНСССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.
Тв.:
Рус.пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДЭ́ (Bordet) Жуль (13.6.1870, г. Суаньі, Бельгія — 6.4.1961),
бельгійскі імунолаг і бактэрыёлаг. Чл. Бельгійскай каралеўскай акадэміі, Лонданскага каралеўскага т-ва, Нац.АН ЗША. Скончыў Брусельскі ун-т (1892). У 1894—1901 у Ін-це Пастэра ў Парыжы. У 1901 заснаваў і ўзначаліў Ін-т Пастэра ў Бруселі. З 1907 праф. Брусельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні механізмаў сываратачных рэакцый імунітэту; адкрыў рэакцыю звязвання камплементу. Выявіў узбуджальніка коклюшу і распрацаваў метад імунізацыі супраць яго. Нобелеўская прэмія 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ БЛАКІ́ТНЫ ТРУС,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Аўстрыі ў канцы 19 ст. метадам узнаўленчага скрыжавання жывёл пароды бельгійскі волат з дробнымі блакітна-шэрымі мясц. трусамі. Парода вельмі пашырана ў краінах Еўропы. На Беларусі гадуюць аматары.
Трусы сярэдняй велічыні з падоўжаным тулавам і моцным касцяком, даўж. цела 52—56 см і больш, ахоп грудзей 35—37 см, сярэдняя жывая маса 4,5 кг. Валасяное покрыва нармальнага шэрснага тыпу, бліскучае, з аднароднай шыза-блакітнай афарбоўкай. Шкуркі выкарыстоўваюць для імітацыі пад каштоўнае футра пушных звяроў і ў натуральным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЁТА́Н (Vieuxtemps) Анры (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),
бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.Глінкам, А.Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОД (Claude) Альбер (23.8.1899, г. Нёшато, Бельгія — 22.5.1983),
бельгійскі вучоны ў галіне біялогіі клеткі і анкалогіі. Скончыў Льежскі і Берлінскі ун-ты (1929). З 1929 у мед. цэнтры Ракфелераўскага ін-та (Нью-Йорк). З 1949 — праф., у 1950—72 дырэктар Брусельскага ін-та Ж.Бардэ, з 1970 заг. лабараторыі Брусельскага ун-та. Чл.бельг. Каралеўскай мед. акадэміі (1947). Навук. працы па анкалогіі, вывучэнні клетачных структур, функцыянаванні клеткі. Выкарыстаў метад дыферэнцаванага цэнтрыфугавання субклетачных структур, выдзеліў мікрасомы, выявіў у мітахондрыях наяўнасць акісляльных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1974 (з К.Р.Дэ Дзювам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВЕЛЕ́ (Laveleye) Эміль Луі Віктор дэ (5.4.1822—2.1.1892),
бельгійскі эканаміст і сацыёлаг. Вучыўся ў Лёвенскім і Генцкім ун-тах. З 1864 праф. палітэканоміі ў Льежскім ун-це. Падзяляў погляды аўстрыйскай школы і лічыў, што вартасць тавараў вызначаецца каштоўнасцю і рэдкасцю, а цана — попытам і прапанаваннем; цэнтр. месца адводзіў паліт. ладу, выступаў за ўмяшанне дзяржавы ў паліт. жыццё, але супраць сацыяліст. ідэі ўсебаковага рэгулявання гаспадаркі. Ідэалам грамадскага жыцця лічыў саюз «свабодных» «самакіравальных абшчын», дэцэнтралізацыю. У сваёй асн. працы «Уласнасць і яе першабытныя формы» (1874) даў гіст.-этналагічны аналіз прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЬЕ́ (Meunier) Канстантэн Эміль (12.4.1831, г. Этэрбек, Бельгія — 4.4.1905),
бельгійскі скульптар і жывапісец. Вучыўся ў свайго брата Ж.Б.Менье і ў АМ у Бруселі ў Ф.Ж.Навеза. У ранні перыяд працаваў у акад. манеры, пазней пад уплывам Г.Курбэ і Ф.Міле звярнуўся да рэалізму. У скульптурных творах увасабляў пераважна вобраз людзей працы: «Малатабоец», «Пудлінгоўшчык» (абедзве 1886), «Касец» (1891), «Пудлінгоўшчык каля печы» (1893), «Грузчык» (1905), кампазіцыя «Помнік працы» (1880-я г.). Аўтар жывапіснага трыпціха «Шахта» (каля 1878) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙМАНС, Гейманс (Heymans) Карней Джын Франсуа (28.3.1892, г. Гент, Бельгія — 18.6.1968), бельгійскі вучоны ў галіне фізіялогіі і фармакалогіі. Ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, АН Францыі. Скончыў ун-т Гента (1920). Вучыўся ў Парыжы, г. Лазана (Швейцарыя), Вене, Лондане. З 1922 ва ун-це Гента (рэктар). У 1930—63 ва ун-це Хейманса (дырэктар). Навук. працы па праблемах фізіялогіі і фармакалогіі дыхання, цыркуляцыі крыві, метабалізму. Адкрыў хемарэцэптары. Вызначыў ролю рэфлексагенных зон каратыдных сінусаў і аорты ў рэгуляцыі дыхання і кровазвароту. Нобелеўская прэмія 1938.