ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.

Адбыўся 5—6.7.2001 у Мінску. Прысутнічалі 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету, якія прадстаўлялі 72 арг-цыі бел. дыяспары; 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі, у ліку якіх былі прадстаўнікі дзярж. структур, замежных пасольстваў, міжнар. арг-цый АБСЕ і ААН. Арганізаваны Міжнар. грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»), Мэты: кансалідацыя бел. нацыі, умацаванне бел. грамадзянскай супольнасці. З’езд прыняў дэкларацыі «Наш шлях: вартасці і мэты», «Беларуская дыяспара і свет»; рэзалюцыі аб дзейнасці МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», аб падтрымцы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і кансалідацыі бел. дыяспары; заяву аб бел. мове і інш. У прынятай з’ездам Праграме «Замежная беларуская супольнасць у XXI стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)» вызначаны гал. задачы: стварэнне Дзярж. к-та па дыяспары, прыняцце закона «Аб беларускай дыяспары», абарона правоў бел. нац. меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзярж. пагадненняў. На з’ездзе працавалі секцыі: бел. дыяспара: праблемы і перспектывы; бел. навука, культура, л-ра і мастацтва на Радзіме і ў замежжы; бел. сусв. інфарм. прастора. Адбылася прэзентацыя кн. «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001). З’езд спрыяў умацаванню цесных сувязей паміж МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» як гал. арг-цыяй у метраполіі і бел. суполкамі ў замежжы, удакладніў перспектыўныя кірункі шматузроўневага ўзаемадзеяння (эканам., інфарм., культурніцкага) беларусаў на Радзіме і за мяжой дзеля супольнай карысці, прапанаваў механізмы вырашэння актуальных праблем нац. жыцця ў галіне навукі. эканомікі, адукацыі і культуры, падсумаваў вынікі працы за міжз’ездаўскі перыяд. Выбраў Вял. раду (134 чал.), прэзідэнта МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» (А.​Грыцкевіч), старшыню Рады (А.​Макоўская).

А.​П.​Макоўская.

т. 16, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЧЫ́НА,

гл. Бацькаўшчына.

т. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.

Адбыўся 8—10.7.1993 у Мінску. 996 дэлегатаў ад бел. арг-цый з Беларусі і бел. суполак з замежжа. Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына». Мэта: аб’яднанне беларусаў свету і арганізац. афармленне сусв. бел. супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нац. адраджэння і будаўніцтва самастойнай бел. дзяржавы. З’езд прыняў дэкларацыю аб прынцыпах дзярж. будаўніцтва Беларусі, заяву па вайсковым пытанні, рэзалюцыю аб падтрымцы дзейнасці ЗБС «Бацькаўшчына», пастанову аб Радзе прадпрымальнікаў бел. дыяспары і інш. Далей з’езд працаваў як кангрэс ЗБС «Бацькаўшчына», на якім выбраны новы кіруючы орган — Вял. рада з прадстаўнікоў бел. арг-цый Беларусі і замежжа (97 чал.), а таксама прэзідэнт ЗБС (Р.​Гарэцкі) і старшыня Рады (Г.​Сурмач). У адпаведнасці з праграмай з’езда праведзены сустрэчы яго ўдзельнікаў з грамадскасцю Беларусі, Купалле на Стаўбцоўшчыне і ў в. Баркалабава (Быхаўскі р-н), Нарачанскі форум для дзяцей і моладзі, выстаўка твораў мастацтва з Беларусі і замежжа.

Г.​І.​Сурмач.

Паштоўка, выпушчаная з нагоды правядзення Першага з’езда беларусаў свету. 1993.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЦКА Яўген Рыгоравіч (н. 20.4.1944, в. Пабрэззе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура», з 1997 дырэктар выд-ва «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1968. Даследуе маст. адметнасць, стыль сучасных бел. празаікаў, узаемадзеянне л-ры і чытача (зб. «Выхаваўчая роля літаратуры», 1980). У аповесцях «Па цаліку» (1977), «Дарога ў два канцы» (1981) псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літ.-знаўчага зб. «Вобраз» (1981), зб-каў апавяданняў маладых бел. пісьменнікаў «Цяпло на першацвет» (1985), «Акно ў зялёны сад» (1988), кніг твораў М.​Дзяшкевіча (1991), Л.​Калюгі (1992), А.​Мрыя (1993) і інш. Старшыня Аргкамітэта (1989—90) і Рады (1990—93) Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Тв.:

Беларуская літаратура за гады савецкай улады. Мн., 1973;

Вялікая Айчынная вайна ў беларускай прозе. Мн., 1979;

Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛАСКІ́»,

бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.​Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, Н.​Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.​Б.​Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДУБАДЫ́ Мамед Саід (24.3.1872, г. Ардубад, Азербайджан — 1.5.1950),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1938). Друкаваўся з 1903. У зб-ках вершаў «Бесклапотнасць» (1906), «Бацькаўшчына і воля» (1907) заклік да свабоды, крытыка невуцтва і фанатызму, ідэалізацыя гіст. мінулага, ісламу спалучаецца з асветніцкімі ідэямі. Заснавальнік гіст. рамана ў азерб. л-ры: «Таўрыз Туманны» (1933—48), «Горад-змагар» (1938), «Падпольны Баку» (1940). Раман «Меч і пяро» (ч. 1—2, 1946—48) прысвечаны азерб. паэту 12 ст. Нізамі. Аўтар лібрэта опер.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),

у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.​Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.​Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.​Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.​Чорнага).

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ СХОД БЕЛАРУ́САЎ БЛІ́ЗКАГА ЗАМЕ́ЖЖА Адбыўся 19—20.12.1992 у Мінску; прысутнічалі 240 дэлегатаў з рэгіёнаў былога СССР, Польшчы, а таксама ганаровыя госці — вядомыя дзеячы, прадстаўнікі дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі. Арганізаваны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнікі сходу прынялі заяву і звароты да народаў Беларусі, да беларусаў свету, да парламентаў і ўрадаў на тэр. былога СССР, урада Беларусі. Прынята рашэнне аб правядзенні Першага з’езда беларусаў свету.

Літ.:

Канус К. Мы не пасынкі твае, Беларусь! // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1.

Г.​І.​Сурмач.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)