БАРЫ́САЎСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА «ПАПІ́РУС».

Дзейнічала ў 1902—25 у г. Барысаў. Вырабляла жоўтую абгортачную паперу. У 1907—10 былі 3 паравыя рухавікі (200—450 к.с.). Працавала ад 66 (1904) да 100 (1913) рабочых. З 1925 мела назву «Прафінтэрн».

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,

баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.​В.​Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс. чал. пры 20 гарматах. 21 ліст. рус. авангард (каля 4,5 тыс. чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс. чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс. чал., у французаў — каля 5 тыс. чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «БЯРЭ́ЗІНА».

Створана ў 1901 у г. Барысаў. Вырабляла да 60 тыс. карабкоў запалак за год і фанерныя сядзенні для крэслаў. Выкарыстоўваліся паравыя рухавікі ў 15—75 к.с. У 1910 працавалі 399 рабочых. На базе ф-кі створаны Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат (цяпер ВА «Барысаўдрэў»).

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «ВІКТО́РЫЯ».

Засн. ў 1881 у г. Барысаў. Была самая вял. на Беларусі. Вырабляла т.зв. шведскія запалкі (па 115 тыс. карабкоў за год). У 1902 працавалі 823 рабочыя. У 1895 была паравая машына (120—200 к.с.). У грамадз. вайну разбурана, адноўлена ў 1921. У Вял. Айч. вайну знішчана.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў 1914—16 у г. Барысаў. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Пры паступленні перавага аддавалася ўраджэнкам Мінскай губ. Выкладаліся Закон Божы, рус. і царк.-слав. мовы, рус. л-ра, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, педагогіка, рукадзелле, графічнае мастацтва (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, фіз. практыкаванні. Пры семінарыі існавала ўзорнае пач. вучылішча, дзе навучэнкі праходзілі практыку. Закрыта ў сувязі з ваен. дзеяннямі ў час 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ФА́БРЫКА ДРАЎЛЯ́НЫХ ШАВЕ́ЦКІХ ШПІ́ЛЕК І КАПЫЛО́Ў.

Дзейнічала ў 1882—95 у г. Барысаў. Мела паравую машыну (15 к.с.) і паравы кацёл. У 1885 працавалі 106 рабочых.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРЫМА́К»,

гл. Барысаўская макаронная фабрыка.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ СТАРО́СТВА,

гл. ў арт. Барысаўская воласць.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРЫСАЎДРЭ́Ў»,

вытворчае дрэваапр. аб’яднанне ў г. Барысаў. Адно з буйнейшых на Беларусі. Створана ў 1971 на базе Барысаўскага фанерна-запалкавага камбіната (дзейнічаў з 1901 як Барысаўская запалкавая фабрыка «Бярэзіна»). Уключае Барысаўскі дрэваапр. камбінат (дзейнічае з 1912), Барысаўскі леспрамгас. Асн. прадукцыя (1995): піламатэрыялы, фанера, драўнінна-стружкавыя пліты, шпона, запалкі, мэбля кухонная, дзіцячая, мяккая, гарнітуры мэблевыя і інш.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЛЕСАХІМІ́ЧНЫ ЗАВО́Д,

«Лесахімік». Створаны ў 1971 у г. Барысаў як папярова-лесахім. камбінат на базе лесахім. з-да і папяровай ф-кі «Прафінтэрн» (дзейнічала ў 1902—25 як Барысаўская папяровая фабрыка «Папірус»). З 1976 у ВА «Белпаперапрам». З 1977 завод, у 1992 рэарганізаваны, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Лесахімік». Асн. прадукцыя (1995): каніфоль, жывічны шкіпінар, пакост, сальвент.

т. 2, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)