МІШЧАНЧУ́К (Уладзімір Андрэевіч) (н. 5.8.1946, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1968 акцёр і дырэктар Гродзенскага абл. драм. т-ра. З 1985 заг. кафедры, з 1990 дэкан тэатр. факультэта Бел. АМ. Характарны акцёр. Творчасць адметная мастацтвам імправізацыі, разнастайнасцю сцэн. фарбаў. Найб. значныя работы стварыў у камед. рэпертуары. Сярод роляў: Быкоўскі і Кутас («Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы), Жлукта («Мілы чалавек» К.​Крапівы), Несцерка (аднайм. п’еса В.​Вольскага), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Гатоўчык («Апошні шанц» В.​Быкава), доктор Пінч і Балтазар («Камедыя памылак» У.​Шэкспіра), Кісельнікаў («Багна» А.​Астроўскага), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Ларыёсік («Дні Гурбіных» М.​Булгакава), Зямцоў («Жорсткія гульні» А.​Арбузава), Залатуеў («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), Голубеў («Сам-насам з усімі» А.​Гельмана) і інш. Здымаецца ў кіно: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Прыступіць да ліквідацыі» (1984), «Маці Урагану» (1990), «Апёк» (1999) і інш.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЖЫНАЎ (Павел) (сапр. Гугаў Нікала Дэлчаў; 9.11.1914, Сафія — 21.12.1983),

балгарскі пісьменнік. Вучыўся ў Сафійскім ун-це (1939—41). Друкаваўся з 1932. У першым зб. апавяданняў «Вуліца без бруку» (1938) адлюстраваў побыт і духоўнае аблічча горада. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў зб. апавяданняў «Дні і вечары» (1942). Аўтар антыфаш. аповесцяў і апавяданняў (зб. «Другая рота», 1949), рамана пра сац. пераўтварэнні ў краіне «Сухая раўніна» (1952). Пачынальнік дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру ў балг. л-ры (раман «Сляды застаюцца», 1954, бел. пер. 1960). У зб-ках апавяданняў «Хлопчык са скрыпкай» (1963), «Пах міндалю» (1966), аповесцях «Бар’ер» (1976), «Вымярэнні» (1979), раманах «Ноччу на белых конях» (1975), «Шалі» (1982) — маральна-філас. праблематыка, абвостраная цікавасць да чалавечай псіхікі. На бел. мову яго творы перакладалі У.​Анісковіч, Н.​Гілевіч і інш.

Тв.:

Бел. пер.Багна // Скарб: Апавяданні балг. пісьменнікаў. Мн., 1967;

Вышэй за ўсё;

Бар’ер: Аповесці. Мн., 1983;

Вершы: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1985;

Рус. пер. — Измерения: Повести. М., 1982;

Избранное. Т. 1—2. М., 1985;

Синие бабочки: Повести и рассказы. М., 1990.

Літ.:

Книга за Павел Вежинов. София, 1986.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВІ́ЦКІ ((Konwicki) Тадэвуш) (н. 22.6.1926, Вільня),

польскі пісьменнік, кінарэжысёр. Вучыўся ў Ягелонскім і Варшаўскім ун-тах. Друкуецца з 1946. Аўтар аповесці «На будоўлі» (1950, Дзярж. прэмія Польшчы 1950), раманаў «Улада» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1954), «Багна» (1956), «Дзірка ў небе» (1959), «Сучасны соннік» (1963), «Узнясенне» (1967), «Хроніка любоўных здарэнняў» (1974), «Польскі комплекс» (1977), «Малы апакаліпсіс» (1979), «Бохінь» (1987), «Падземная рака, падземныя птушкі» (1989), «Усходы і захады Месяца» (1990), «Чыталішча» (1992). У ранніх творах спалучэнне дакументальнасці, аўтабіяграфічнасці з псіхалагізмам і паэтычнасцю, у пазнейшых раманах больш разгалінаваныя сюжэты, напластаванні мінулага і сучаснага, цікавасць да свядомага і падсвядомага, яны адметныя філасафічнасцю, лірызмам і гратэскам. Сцэнарыст і рэжысёр кінафільмаў «Апошні дзень лета» (1957), «Дзень памінання памерлых» (1961), «Сальта» (1965), «Даліна Ісы» (1982), «Лава» (1989). Паводле яго раманаў зняты аднайм. фільмы «Хроніка любоўных здарэнняў» (1986, рэж. А.​Вайда) і «Малы апакаліпсіс» (1992, рэж. Коста-Гаўрас).

Тв.:

Рус. пер. — Дыра в небе. М., 1961;

Современный сонник // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;

Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.

Літ.:

Nowicki S. Pół wieku czyśćca: Rozmowy z Tadeuszem Konwickim. London, 1986;

Lubelski T. Poetyka powieści i filmów Tadeusza Konwickiego. Wrocław, 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

грамадская культ.-асв. і літ.-маст. арг-цыя. Існавала ў 1898—1906 у Мінску. Створана на аснове муз.-драм. т-ва (1888—98) па ініцыятыве Я.​Чырыкава, А.​Аляксандрава, В.​Чавусава і інш. Т-вам кіраваў савет старэйшын з 10 чал. У розны час у яго ўваходзілі Д.​Мейчык, С.​Мядзведзеў, А.​Холмскі, К.​Какоўцаў, К.​Фальковіч, М.​Мысаўской, С.​Нейфах, С.​Камінскі, В.​Сушчынскі і інш. Паводле статута (зацверджаны 19.11.1899) мела на мэце развіццё і папулярызацыю прафес. і аматарскага мастацтва, маст. адукацыі. Мела літ., тэатр.-драм., муз. і маст. секцыі, б-ку, тэатр. залу. Літ. секцыя наладжвала лекцыі, дыспуты, чытанне рэфератаў пра творчасць Э.​По, М.​Метэрлінка, В.​Бялінскага, А.​Чэхава, Л.​Андрэева, М.​Горкага, абмеркаванне новых літ. плыней. У рэпертуары аматарскага т-ра былі п’есы «Багна», «Лес», «Не ў свае сані не садзіся» А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Улада цемры» Л.​Талстога, «На дне» і «Фама Гардзееў» М.​Горкага, «У двары, у флігелі» Чырыкава, «Дзядзька Ваня» Чэхава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Нора» Г.​Ібсена, «Злачынства і кара», «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Патанулы звон» Г.​Гаўптмана і інш. Маст. секцыя арганізавала выстаўкі жывапісу, графікі, фатаграфіі (1901, 1902, 1904). Муз. секцыя мела аркестр, клас па тэорыі харавых спеваў. Дзейнасць т-ва развівалася ў кантэксце рус. літ. і культ. традыцыі. Пад уплывам рэв. руху 1905—06 масавыя мерапрыемствы т-ва перараслі ў антыўрадавыя дэманстрацыі пад лозунгамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве Рэспубліка!». Паводле данясення мінскага паліцмайстра і губернатара П.​Курлова, члены т-ва падазраваліся ў нядобранадзейнасці. 8.2.1906 дзейнасць т-ва была прыпынена. Па просьбе савета старэйшын т-ву было дазволена самаліквідавацца рашэннем агульнага сходу (25.7.1906), маёмасць і даўгі перададзены новаўтворанаму Мінскаму літаратурна-артыстычнаму таварыству.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Яўген Дзмітрыевіч) (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),

бел. тэатр. мастак. Нар. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.​Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Авадзень» паводле ЭЛ.​Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял. Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.​Карнейчука. «Рускія людзі» К.​Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.​Раскіна і М.​Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.​Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.​Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.​Макаёнка, «Улада цемры» Л.​Талстога (1969), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.​Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.​Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.​Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Карнач П. Я.​Дз.​Нікалаеў. Мн., 1975.

П.​А.​Карнач.

Я.​Дз.​Нікалаеў.
Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. 1951.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРУ́К (Юрка) (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.2.1979),

бел. перакладчык і паэт. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя Брусава (1925). З 1925 працаваў у БСГА у Горках, з 1931 у Магілёўскім пед. ін-це. Рэпрэсіраваны 8.2.1935, высланы з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы і ва Усх. Сібіры. Рэабілітаваны ў 1956. У 1957—67 заг. літ. часткі Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Дэбютаваў перакладамі вершаў Г.​Гейнэ і камедыі У.​Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Бел. тэатр. студыі ў Маскве). У тэатры імя Я.​Коласа пастаўлены ў яго перакладах п’есы «Улада цемры» Л.​Талстога, «Багна» А.​Астроўскага, «Уніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Доктар філасофіі» Б.​Нушыча, «Гамлет» Шэкспіра; у т-ры імя Я.​Купалы — «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.​Гюго, «Канец — справе вянец» Шэкспіра, «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава, «Мяцеліца» і «Залатая карэта» Л.​Лявонава, «Мешчанін у дваранах» Мальера. На бел. мову пераклаў трагедыі Шэкспіра «Атэла», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра», раманы А.​Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), Э.​Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976), К.​С.​Прычард «Дачка Урагану» (1977), творы А.​Маруа (кн. «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы», 1974), Ф.​Шылера (зб. «Балады», 1981), асобныя творы А.​Пушкіна, В.​Брусава, А.​Міцкевіча, Гейнэ, Дж.​Байрана, Г.​Лангфела, Ф.​Петраркі, Л.​Украінкі, У.​Сасюры, П.​Варанько і інш. Пераклады Гаўрука вызначаюцца блізкасцю да арыгінала, высокай моўнай культураю. На рус. мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.​Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.​Пестрака. Выступаў як паэт (зб-кі «Іскры з крэменя», 1969; «Узвіхраны ветразь», 1990). Аўтар краязнаўчых апавяданняў (зб. «Вясковыя рыскі», 1926), першай на Беларусі кн. паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), артыкулаў па пытаннях маст. перакладу (зб. «Ступень адказнасці», 1986).

Тв.:

Агні ў прасторах: Выбр. пераклады. Мн.. 1975.

Літ.:

Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Яго ж. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;

Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛІМ. 1980. 16 мая.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)