МАЗЫ́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ МЭ́БЛЕВАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Створана ў 1975 у г. Мазыр Гомельскай вобл., у складзе Мазырскага мэблевага камбіната (галаўное прадпрыемства), Хойніцкага дрэваапр. камбіната, лесапільных цэхаў в. Балажэвічы Мазырскага р-на і в. Бабічы Рэчыцкага р-на. Мазырскі мэблевы камбінат створаны ў 1945 як прамкамбінат на базе гаркамбіната, які ўключаў на той час цэхі: мукамольны, сталярны, слясарны, швейны, мастацкі, кавальскі і інш. У 1954 пабудаваны на новым месцы. Далучаны: у 1956 арцель «Чырвоны мэбельшчык», у 1963 Мазырскі райпрамкамбінат, у 1971 Калінкавіцкі прамкамбінат і Хойніцкі дрэваапр. камбінат. З 1974 — Мазырскі мэблевы камбінат. У 1991 выйшаў з аб’яднання Калінкавіцкі прамкамбінат. Асн. цэхі і адм. будынак пабудаваны ў 1976—94. Асн. прадукцыя (1999): мяккая, корпусная і кухонная мэбля, вырабы гасп. ўжытку.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Іван Кірылавіч) (падп. псеўд. Іван Гаўрылавіч, Стрэльскі, Неўскі; 12.6.1906, в. Бабічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 3.2.1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу імя Леніна ў Мінску (1938). З 1940 сакратар Заслаўскага райкома КП(б)Б. У пач. вайны па заданні ЦК КП(б)Б пакінуты ў тыле ворага для падп. работы. Удзельнічаў у стварэнні партыз. атрада каля Асінторфа. З канца жн.пач. вер. 1941 прыступіў да стварэння ў Мінску гар. падп. арг-цыі, з ліст. 1941 сакратар Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, кіраваў падп. барацьбой у горадзе і разгортваннем партыз. руху ў прыгарадных раёнах. У пач. кастр. 1942 арыштаваны гітлераўцамі, падвяргаўся катаванням. Фашысцкія карныя і прапагандысцкія органы з правакацыйнымі мэтамі імкнуліся скампраметаваць падп. гарком і яго сакратара. Паводле звестак падпольшчыкаў, павешаны ў ліку дзесяці кіраўнікоў мінскага падполля на гар. стадыёне «Дынама». Быў ілжыва абвінавачаны ў здрадзе радзіме, у крас. 1990 рэабілітаваны ЦК КПБ.

К.​І.​Дамарад.

І.К.Кавалёў.

т. 7, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.

Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.

Літ.:

Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Плошча 1 тыс. км². Нас. 40,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Клецк. 95 сельскіх населеных пунктаў. 12 сельсаветаў: Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастравецкі, Зубкаўскі, Кухчыцкі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Тучанскі, Чырваназоркаўскі, Шчэпіцкі.

Паўн. ч. раёна занята Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўд. ч. заходзіць у межы Палескай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 232 м (на Пн ад в. Ліскава). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. З Пн на Пд тэр. раёна перасякае р. Лань з прытокамі Нача, Цапра, Балванка. На ПдУ р. Морач з вял. вадасх. Чырвонаслабодскім, на Пд вадасх. Лактышы. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (71,1%) глебы. Лясы займаюць 25% тэрыторыі, з іх 29,1% — штучныя насаджэнні. Найб. лясныя масівы на Пд: Колкаўскі, Хомінкаўскі, Варонінскі, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Рэсп. значэння біял. заказнік Колкаўскі і помнікі прыроды Радзівілімонтаўскі парк, дуб (узрост 420 гадоў) у Навінкаўскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 48,6 тыс. га, з іх асушаных 18,1 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, буракаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць масла, пладова-агароднінных кансерваў, сокаў, дзіцячага харчавання), мэблевай, лёгкай, камбікормавай і лясной прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла). Па тэр. раёна праходзяць чыг. Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Нясвіж—Лунінец. У раёне 23 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., маст. школы, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 27 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, паліклініка, 4 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Клецкі гісторыка-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква і капліца (2-я пал. 19 ст.) у в. Бабічы; царква з брамай-званіцай (1-я пал. 19 ст.) і свіран (1811) у в. Галынка; ветраны млын (пач. 20 ст.), сядзіба (19—20 ст.) у в. Даматканавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ёдчыцы; 2 царквы (2-я пал. 19 ст.) у в. Заастравечча; царква і званіца (19—20 ст.) у в. Межная Слабада; паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.) у в. Сіняўка; сядзіба (1909) у в. Стралкава; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і царква (19—20 ст.) у в. Туча; Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс (1780—83) у в. Чырвоная Зорка; ветраны млын (19—20 ст.) у в. Шэйкі; сядзіба (1-я пал. 19 ст.) у в. Янавічы. Выдаецца газ. «Да новых перамог».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)