МІ́НСКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1950 у Мінску. Першую прадукцыю (апаратура карабельнай сігналізацыі) вырабіў у 1953. З 1956 выпускаў складаныя радыёэлектронныя сістэмы для абарончай прам-сці. З 1996 дзярж. прадпрыемства «Мінскі электрамеханічны завод». Асн. прадукцыя (1999): складаныя радыёэлектронныя сістэмы кіравання рознымі аб’ектамі, перасовачныя і стацыянарныя лабараторыі, запамінальныя ўстройствы, пульты кіравання, шафы аўтаматыкі, інфармацыйныя табло, мікрапрацэсарныя ўстройствы, мадэмы і інш.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́П’ЕЎСК,

горад, раённы цэнтр у Кемераўскай вобл., у Расіі. Размешчаны у перадгор’ях Салаірскага кража, на р. Аба. Засн. ў 1918. 250,4 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Адзін з цэнтраў здабычы каксавальнага вугалю ў Кузбасе. Прам-сць: машынабудаўнічая (з-ды: «Электрамашына», шахтавай аўтаматыкі, падшыпнікавы і інш.), хім., лёгкая, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Кузнецкі н.-д. вугальны ін-т. Тэатр. Краязн. музей.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЫМІНА́ТАР (ад лац. discrimino раздзяляю),

электроннае прыстасаванне для пераўтварэння змяненняў параметраў (частаты, фазы, амплітуды, працягласці) эл. сігналаў у сігнал разузгаднення. Адрозніваюць Д. фазавыя, частотныя, часавыя і амплітудныя. Лікавае значэнне і палярнасць напружання разузгаднення вызначаюцца па адхіленні параметра ўваходнага сігналу ад такога ж параметра эталоннага сігналу. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аўтам. рэгулявання сродкаў аўтаматыкі і тэлемеханікі, у частотных і фазавых дэтэктарах радыё- і тэлепрыёмнікаў, прыладах ядз. фізікі і інш.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычны трансфарматар, у якога першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку. Найчасцей карыстаюцца аўтатрансфарматарам з плаўным рэгуляваннем выхаднога напружання, дзе нагрузку падключаюць да кантактаў, што рухаюцца па вітках абмоткі. Такія даюць магчымасць пры зменным першасным напружанні захоўваць пастаянным другаснае. Аўтатрансфарматары выкарыстоўваюць ў ланцугах энергасістэм, рэлейнай ахове, у прыстасаваннях аўтаматыкі і радыёэлектронікі для пуску магутных электрарухавікоў і інш.

Аўтатрансфарматары: 1 — павышальны; 2 — паніжальны; а — крыніца току; б — нагрузка.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАША́ЛЬНЫ ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК у аналагавых вылічальных машынах,

узмацняльнік пастаяннага току з ланцугамі адмоўнай адваротнай сувязі. Прызначаны для выканання матэм. аперацый (напр., складання, інтэгравання, дыферэнцыравання) над аналагавымі велічынямі. Пры нелінейных ланцугах адваротнай сувязі дае магчымасць выконваць нелінейныя аперацыі (падвышэнне да ступені, множанне, лагарыфмаванне). Вырашальны ўзмацняльнік без ланцугоў адваротнай сувязі наз. аперацыйным узмацняльнікам (мае каэфіцыент узмацнення больш за 10​6; выпускаецца ў выглядзе інтэгральнай схемы). Выкарыстоўваецца таксама ў сістэмах аўтаматыкі, радыё- і вымяральнай тэхнікі.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 26.8.1933, в. Яблачнае Хахольскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1978), праф. (1980). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1956). З 1956 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання зенітных войск, распрацоўцы аптымальных адаптыўных сістэм.

Тв.:

Самонастраивающиеся системы управления с эталонными моделями. Мн., 1970 (разам з Я.​А.​Санкоўскім); Справочное пособие по теории систем автоматического регулирования и управления. Мн., 1973 (у сааўт.).

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТЛААГРЭГА́Т,

комплекс устройстваў для атрымання пад ціскам пары або гарачай вады за кошт спальвання паліва. Складаецца з топачнай камеры і газаходаў, у якіх размешчаны паверхні нагрэву (параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветранагравальнік). Бываюць з шматразовай натуральнай або прымусовай цыркуляцыяй і праматочныя. Выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях, у прамысл. і ацяпляльных кацельных, у суднавых і інш. кацельных устаноўках. У энергет. К. для павышэння эканамічнасці выкарыстоўваюцца схемы з другасным (прамежкавым) перагрэвам пары. Аснашчаны сродкамі аўтаматыкі, прыладамі і прыстасаваннямі кантролю, кіравання і аховы. Гл. таксама Паравы кацёл.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЎЦАЎ (Іван Фёдаравіч) (н. 10.3.1922, в. Лезвіна Аленінскага р-на Цвярской вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі і аўтаматыкі. Д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыў Маскоўскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1948). З 1957 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Распрацаваў бескантактавыя сістэмы кіравання с.-г. электрапрыводам, тэарэт. асновы энергазберажэння ў с.-г. электрапрыводных устаноўках.

Тв.:

Электрооборудование и автоматизация сельскохозяйственных агрегатов и установок. М., 1988 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.

Перасоўная помпавая станцыя: 1 — усмоктвальны трубаправод; 2 — помпа з рухавіком; 3 — разборны напорны трубаправод; 4 — эжэктар для запаўнення ўсмоктвальнай лініі.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫШ (Аркадзь Адамавіч) (н. 14.5.1917, Мінск),

савецкі вучоны ў галіне прыладабудавання. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў БДУ (1940). З 1941 у Ін-це хіміі АН БССР, з 1944 у навук. установах Масквы, з 1964 гал. канструктар Усерас. НДІ аўтаматыкі. Навук. працы па выбуховых працэсах і ўзбуджэнні дэтанацыі, па распрацоўцы спец. метадаў даследавання хуткапераменных працэсаў і нейтронным ініцыіраванні атамных зарадаў. Дзярж. прэмія СССР 1955, Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Военные судьбы: Сотрудники АН Беларуси — участники Великой Отеч. войны. Мн., 1995. С. 16.

М.​У.​Токараў.

А.А.Брыш.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)