БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.​І.​Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.​Д.​Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.​І.​Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр. нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч. тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн. км² з насельніцтвам больш за 50 млн. чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр. укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.

Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі, І.​М.​Серада, А.​І.​Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр. укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел. нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач. ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас. ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.

У.​Е.​Снапкоўскі.

Да арт. Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.

т. 3, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1920.

Слуцкі збройны чын 1920, адзін з актаў узбр. выступлення часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства Случчыны супраць палітыкі «ваеннага камунізму». Узначальваў выступленне Бел. нац. к-т у Слуцку. С.п. адбывалася ў канцы польска-сав. вайны 1919—20 (гл. Савецка-польская вайна 1920). У Бел. нац. к-це былі прыхільнікі ген. С.​Н.​Булак-Балаховіча, якія выступалі за саюз з Польшчай, і прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), што выступалі за поўную незалежнасць і ад Польшчы і ад Расіі; некат. былі схільныя да пагаднення з Сав. Расіяй. Па ініцыятыве прадстаўнікоў БПС-Р 14—15.11.1920 у Слуцку адбыўся бел. з’езд Случчыны (117 дэлегатаў). Кіравалі з’ездам бел. эсэры, якіх падтрымлівала большасць дэлегатаў. Актыўны ўдзел у рабоце з’езда прымаў П.​Я.​Жаўрыд, прызначаны Найвышэйшай радай БНР камісарам на Случчыне. 14 ліст. з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую раду БНР і заявіў пратэст супраць сав. улады на Беларусі як «чужацкай». З’езд абраў Беларускую раду Случчыны (БРС) з 17 чал. на чале з У.​М.​Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу ў павеце і даручыў арганізацыю нац. войска. БРС лічылася часовым органам да ўтварэння выбарнага органа на ўсёй Беларусі. Рада складалася з 8 бел. эсэраў на чале з Пракулевічам і прадстаўнікоў інш. паліт. груповак. Першачараговай задачай было фарміраванне войска, для чаго з членаў рады створана тройка на чале з Жаўрыдам. Была сфарміравана І-я Слуцкая брыгада стральцоў у складзе 2 палкоў — І-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада Штодзённыя бесперапынныя атакі вяліся на ўчастку працягласцю 60 км; асабліва моцна атакавалі на лініі Капыль—Цімкавічы—Вызна. Баі ішлі каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчка Капыль, Вызна. Камандаванне 16-й сав. арміі вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Аднак дзеянні Чырв. Арміі не далі вынікаў, бо камандаванне Слуцкай брыгады вывела гал. сілы з-пад удару сав. войск. Толькі ў раёне Семежава частка паўстанцкіх атрадаў была разбіта і 7 снеж. адкінута да дэмаркацыйнай лініі (30 афіцэраў і 400 жаўнераў). Пасля вяртання сав. войск на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на атрады Чырв. Арміі. У ноч на 10 снеж. паўстанцы напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, 12 снеж. — на в. Старынь. 13 снеж. яны занялі Семежава, але пазней вымушаны былі з боем адысці. Штаб Слуцкай брыгады 15 снеж. пераехаў у в. Морач. У ноч на 18 снеж. паўстанцы зноў занялі Семежава, 19 снеж. — Вызну. Сав. камандаванне перакінула на фронт новыя сілы, якія ў выніку наступлення адбілі Вызну і Смолічы, 20 снеж. — Семежава. Штаб Слуцкай брыгады і атрады паўстанцаў перабазіраваліся ў в. Заастравечча (Клецкі р-н) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. БРС прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 28.12.1920 Слуцкая брыгада перайшла за р. Лань, 31.12.1920 на польскі бок перайшоў апошні атрад паўстанцаў. Афіцэры і жаўнеры брыгады былі раззброены і інтэрніраваны ў лагеры ў раёне в. Сіняўка (Клецкі р-н), потым пераведзены ў лагер у г. Беласток, а пазней — у лагер у Дарагуску. Вызвалены яны толькі ў маі 1921 пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 і абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Адзін батальён (каля 400 чал.) брыгады адмовіўся здацца польскім вайскоўцам і застаўся на Случчыне для працягу ваен. дзеянняў партыз. характару. У асн. гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны вялі барацьбу яшчэ доўгі час. У абставінах, што склаліся ў канцы грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, С.п. шанцаў на перамогу не мела.

Літ.:

Историко-стратегический очерк XVI армии. Могилев, 1921;

А.К. Слуцкае паўстаньне: (З успамінаў удзельніка) // Бацькаўшчына. 1953. 7 студз.;

Ю.Х. З успамінаў слуцкага паўстанца // Там жа. 1960. 27 лістап.;

Змагар А. Вызвольныя шляхі. Кліўлянд, 1965. С. 41—44;

Грыцкевіч А. Вакол «слуцкага паўстання». Мн., 1987;

Яго ж. Слуцкае паўстаньне 1920 г. — збройны чын у барацьбе за незалежнасьць Беларусі // Спадчына. 1993. №. 2;

Лістапад Ю. Узьбіліся на свой шлях // Там жа 1998. № 1;

Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993;

Круталевич В.А. Слуцкое восстание // Круталевич В.А. История Беларуси: Становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;

Слуцкі збройны чын 1920 г. ў дакумэнтах і ўспамінах. Мн., 2001;

Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe, 1917—1923. Białystok. 1995. S. 195—208.

т. 15, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)