БЯССЦЁКАВАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
тэхналагічны працэс, пры якім у навакольнае асяроддзе не паступаюць сцёкавыя воды. Ажыццяўляецца арганізацыяй водаабароту — лакальнай ачысткі забруджанай вады і яе вяртання ў тэхнал. працэс або выкарыстання ў іншых мэтах. Гл. таксама Абаротнае водазабеспячэнне.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛВОДАКАНАЛПРАЕ́КТ», Дзяржаўны праектны інстытут «Белводаканалпраект» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1964 у Мінску як аддзел Ін-та «Саюзводаканалпраект». З 1992 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: тапаграфічныя, інж.-геал. і гідралаг. даследаванні, распрацоўка тэхн. дакументацыі на буд-ва сістэм і асобных збудаванняў прамысл. і пітнога водазабеспячэння, бытавой, вытв. і дажджавой каналізацыі для населеных пунктаў, прамысл. вузлоў прадпрыемстваў розных галін прам-сці, камунальнай і сельскай гаспадаркі; выкананне праектаў аховы падземных водаў ад забруджвання, лакальнай ачысткі прамысл. сцёкаў на тэр. прадпрыемстваў, станцый ачысткі прыродных і сцёкавых водаў, вадасховішчаў і вадаёмаў рознага прызначэння, збудаванняў рыбааховы на водапрыёмніках, шламанакапляльнікаў і накапляльнікаў адходаў вытв-сці, біял. сажалак і інш.
т. 3, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ТЭРЫ (англ. getter),
газапаглынальнікі, рэчывы, якія звязваюць газы (акрамя інертных) за кошт хім. ўзаемадзеяння (хемасорбцыя) ці адсорбцыі. Выкарыстоўваюць гетэры (звычайна плёнкі тытану, цырконію, барыю, танталу, малібдэну і інш.) для павышэння вакууму ў электравакуумных прыладах, ачысткі інертных газаў ад прымесей.
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́КРАЕ СПА́ЛЬВАННЕ,
метад фізіка-хімічнай ачысткі сцёкавых водаў ад арганічных рэчываў. Ажыццяўляецца ў спец. устаноўках пры т-ры да 150—200 °C і ціску ў некалькі паскаляў. Выкарыстоўваецца пры вял. канцэнтрацыі арган. злучэнняў у вадзе і прыводзіць да іх поўнай мінералізацыі.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРЦЬ,
зерне, здробненае зернедрабілкамі або на млыне без спец. ачысткі. Здрабняюць пераважна зерне з цвёрдай абалонкай — ячмень, проса, сорга, сухую кукурузу, віку, гарох і інш. Выкарыстоўваецца ў кармленні с.-г. жывёл, у рацыён уключаюць сумесі Дз. з сакаўнымі кармамі, а таксама Дз. дражджаваную.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.
т. 10, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАГЕ́ЛЬ,
аморфны высокасітаваты аксід алюмінію Al2O3. Хутка паглынае вільгаць, не раствараецца і не набракае ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваецца абязводжваннем гідраксіду алюмінію. Адсарбент для сушкі газаў, ачысткі вады, асвятлення раствораў у цукр. вытв-сці; улоўнік растваральнікаў, каталізатар. Алюмагелем наз. таксама любы (у т. л. крышталічны) Al2O3.
т. 1, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГІЦЫ́ДЫ [ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГРС),
прызначана для прыёму газу з магістральнага газаправода, ачысткі яго ад мех. прымесей, паніжэння і аўтам. падтрымання ціску на зададзеным узроўні (0,005—1,2 МПа), размеркавання спажыўцам. На ГРС вядзецца ўлік расходу газу, пры неабходнасці — яго адарызацыя (дабаўленне рэчываў з рэзкім пахам), асушка і падагрэў.
ГРС устанаўліваюць у канцы магістральнага газаправода, на адводах ад яго для газазабеспячэння горада, населенага пункта або прамысл. прадпрыемства (прадукцыйнасць да 500 тыс. м³/гадз). Для забеспячэння сельскіх населеных пунктаў і невялікіх пасёлкаў на адгалінаваннях ад газаправодаў будуюць аўтам. ГРС (прадукцыйнасць 1—10 тыс. м³/гадз). Існуюць прамысл. ГРС для падрыхтоўкі здабытага са свідравін газу (асушкі, ачысткі, адарызацыі, паніжэння ціску да 5,5 або 7,5 МПа) і падачы яго ў магістральны газаправод, а таксама для забеспячэння газам бліжэйшых да промыслу населеных пунктаў.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
т. 4, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́ННАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
метад раздзялення і ачысткі біялагічна актыўных рэчываў. Заснаваны на іх спецыфічным (адпаведна біял. функцыі) узаемадзеянні з лігандамі, якія звязаны з носьбітам кавалентнай сувяззю. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях для вылучэння ферментаў, антыцелаў, антыгенаў, гармонаў, вірусаў, клетак і вывучэння механізму іх дзеяння, а таксама ў медыцыне пры біяхім. аналізе. Гл. таксама Храматаграфія.
Літ.:
Туркова Я. Аффинная хроматография: Пер. с англ. М., 1980.
т. 2, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)