Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр.атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз.донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь B-H-B у боравадародах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮО́НІЙ, мезоній,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.
Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10−6эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл.Мезонная хімія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K+Cl−, фтарыд цэзію Cs+F−) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР ((Bohr) Нільс Хенрык Давід) (7.10.1885, Капенгаген — 18.11.1962),
дацкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Дацкай АН (1918), замежны чл.АНСССР (1929) і інш. акадэмій. Скончыў Капенгагенскі ун-т (1908), з 1916 праф. гэтага ун-та. З 1920 дырэктар створанага ім Ін-та тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора). У 1943—45 працаваў у ЗША. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, ядз. фізіцы, па філас. праблемах прыродазнаўства і тэорыі пазнання. Прапанаваў (1913) квантавую мадэль атама (гл.Бора тэорыя), якая адыграла важную эўрыстычную ролю ў стварэнні квантавай механікі. Прадказаў спантаннае дзяленне ядраў урану, прапанаваў кропельную мадэль і тэорыю састаўнога ядра атама (1936). Сфармуляваў адпаведнасці прынцып і дапаўняльнасці прынцып. Удзельнік барацьбы з атамнай пагрозай. Нобелеўская прэмія 1922.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. науч. труды. [Т.]1—2. М., 1970—71.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. valentia сіла),
здольнасць атамахім. элемента ўтвараць пэўную колькасць хімічных сувязяў з інш. атамамі. Паняцце «валентнасць» увёў англ. хімік Э.Франкленд (1853). Велічыня валентнасці атамахім. элемента вызначаецца колькасцю атамаў вадароду (прынята лічыць аднавалентным), якія ён далучае пры ўтварэнні гідрыдаў (злучэнні з вадародам). Напр., атам хлору далучае 1 атам вадароду (хлорысты вадарод HCl), атам кіслароду — 2 атамы (вада H2O), таму валентнасць хлору і кіслароду ў гэтых злучэннях адпаведна 1 і 2. Паняцце «валентнасць» атрымала развіццё ў квантава-хім. тэорыі хім. сувязі. Паводле гэтай тэорыі велічыня валентнеасці атама (спін-валентнасць) вызначаецца колькасцю электронных пар, якія фарміруюцца пры ўтварэнні хім. сувязяў паміж дадзеным і інш. атамамі за кошт абагульнення іх электронаў з няспаранымі спінамі. Электроны атама, якія могуць удзельнічаць у фарміраванні агульных электронных пар, наз. валентнымі (электроны вонкавых электронных слаёў). У атамах элементаў з недабудаваным перадапошнім слоем (напр., у атамаў жалеза Fe, марганцу Mn, вальфраму W) валентнымі могуць быць і некаторыя электроны гэтага слоя. Многія элементы маюць пераменную валентнасць (напр., у серавадародзе H2S, аксідах SO2 і SO3 валентнасць серы адпаведна 2, 4, 6).
Валентнасць вызначаецца толькі колькасцю кавалентных сувязяў. Для злучэнняў з іоннай сувяззю выкарыстоўваецца паняцце акіслення ступень, якая колькасна роўная валентнасці, але дадаткова характарызуецца дадатным ці адмоўным знакам. У комплексных злучэннях і іонных крышталях каардынацыйны лік атамаў (іонаў) перавышае велічыню спін-валентнасці, таму карыстаюцца паняццем каардынацыйнай валентнасці, якая колькасна роўная суме спін-валентнасці і колькасці атамаў (іонаў), дадаткова звязаных з валентнанасычаным атамам. Напр., у комплексным злучэнні гексафтораалюмінат (III) натрыю Na3[AlF6] спін-валентнасць атама алюмінію 3, ступень акіслення +3, але пры ўтварэнні злучэння з AlF3 і NaF атам валентнанасычанага Al дадаткова хімічна звязваецца з 3 іонамі F−, таму каардынацыйная валентнасць алюмінію ў гэтым злучэнні 6. Гл. таксама Комплексныя злучэнні, Малекула, Крышталі.
Літ.:
Чаркин О.П. Проблемы теории валентности, химической связи, молекулярной структуры. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАО́КА (Хантара) (18.8.1865, г. Нагасакі, Японія — 11.12.1950),
японскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы японскіх фізікаў. Чл. Японскай АН, яе прэзідэнт (1939—48). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1930). Скончыў Такійскі ун-т (1887), дзе і працаваў да 1926 (з 1896 праф.), адначасова ў 1917—46 у Ін-це фіз. і хім. даследаванняў. Навук. працы па электрычнасці і магнетызме, атамнай фізіцы і спектраскапіі. Прапанаваў мадэль «атама тыпу Сатурна» (дадатна зараджанае ядро, вакол якога верціцца кальцо электронаў; 1904), што лічыцца папярэдніцай планетарнай мадэлі атама Рэзерфарда.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 376—378.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙТРО́Н,
стабільнае ядро атама цяжкага ізатопа вадароду (дэйтэрыю) з масавым лікам 2. Абазначаецца 2H, D. Складаецца з пратона і нейтрона і з’яўляецца найпрасцейшай сістэмай, звязанай ядзернымі сіламі. Выкарыстоўваецца як мішэнь у многіх ядз. рэакцыях.