ПАГАРЭ́ЛАЕ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе р.п. Градзянка — в. Лапічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на Пн ад г. Асіповічы, 150 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Градзянка. 398 ж., 140 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАГА́НАВА,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Пціч; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Слуцк. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдЗ ад Асіповіч, 182 км ад Магілёва. 412 ж., 225 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, санаторная школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянка бронзавага веку.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА,

рака ў Беларусі, у Асіповіцкім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37,5 км. Пл. вадазбору 374 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПдЗ ад р.п. Татарка Асіповіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Ваўчанка (справа), Ясенка (злева). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна трапецападобная, шыр. 200—250 м. Пойма двухбаковая, шыр. 200—400 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае: выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (11.6.1924, Масква —23.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІЧЫ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).

Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял. Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.

Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Свіслач, каля аўтадарогі Асіповічы — в. Свіслач. Цэнтр сельсавета і калект.-далявой гаспадаркі «Ліпень». За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Асіповічы, 126 км ад Магілёва. 1000 ж., 401 двор (1999). Лясніцтва, участак Асіповіцкага лясгаса, цэх па перапрацоўцы драўніны, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі селішча банцараўскай культуры (6—8 ст.) і эпохі Кіеўскай Русі (10—13 ст.).

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). У Вял. Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.

Тв.:

Перад захадам сонца: Выбр. вершы. Мн., 1977.

І.Б.Непачаловіч.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб. Шыр. 1,2 км, найб. глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.

Замярзае ў пач. снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн. м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.

Асіповіцкае вадасховішча.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПО́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне. Аб’ядноўвала 33 падп. групы, больш за 120 чал. У ліп.снеж. 1941 створаны групы на ст. Асіповічы і ў паравозным дэпо (кіраўнікі М.​С.​Шведаў, В.​П.​Сянюк, У.​М.​Бандарэнка, А.​А.​Пазняк), з рамонтнікаў паравознага дэпо (А.​Ф.​Чайкоўскі), у «Заготзбожжы» і прадуктовым складзе (М.​Ф.​Лемеш, В.​К.​Малевіч, Ф.​У.​Верхаводка), на радыёвузле (Ф.​А.​Крыловіч, Г.​Б.​Сакалоўскі), у чыг. і гар. бальніцах (П.​С.​Казак, Е.​П.​Шамко, В.​А.​Працко), у в. Брыцалавічы, Ліпень, пас. Градзянка, 2 групы ў горадзе. У Крас.жн. 1943 у Асіповічах створана яшчэ 20 падп. маладзёжных груп. Патрыёты распаўсюджвалі лістоўкі, вялі разведку, здабывалі зброю і боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, вывезлі з друкарні шрыфт, паперу, фарбу. У ноч на 30.7.1943 здзейснілі адну з буйнейшых дыверсій Вял. Айч. вайны: падпольшчык Крыловіч дзвюма магнітнымі мінамі замініраваў эшалон з палівам; ад іх выбуху пачаўся пажар, ад якога на працягу 10 гадзін згарэлі 3 эшалоны з авіябомбамі і снарадамі, 1 эшалон з новымі танкамі «Тыгр», які накіроўваўся ў раён Курскай бітвы. Усяго падпольшчыкі на чыг. ст. Асіповічы ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў, вывелі са строю больш за 70 паравозаў.

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Пётр Адамавіч) (26.8.1906, в. Лазавое Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 24.11.1977),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1935). З 1925 на сав. рабоце ў Асіповіцкім р-не. У 1928—31 у органах АДПУ. З 1936 дырэктар Мар’інагорскага с.-г. тэхнікума. З 1939 заг. аддзела, сакратар Мінскага, са студз. 1941 1-ы сакратар Палескага абкомаў КП(б)Б. У пач. Вял. Айч. вайны адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі. 3 кастр. 1941 сакратар Алтайскага крайкома ВКП(б), з ліст. 1942 у апараце ЦК ВКП(б). Са жн. 1943 1-ы сакратар Палескага абкома КП(б)Б, адначасова чл. ваен. савета 61-й арміі. У 1944—47 1-ы нам. старшыні СМ БССР. З 1947 нач. Баранавіцкага абл. ўпраўлення сельскай гаспадаркі, 1-ы нам. міністра сельскай гаспадаркі БССР. З 1956 1-ы нам. старшыні СМ Літ. ССР. З 1959 нам. старшыні, старшыня Магілёўскага аблвыканкома. У 1964—66 нач. Гал. ўпраўлення меліярацыі і воднай гаспадаркі пры СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1940—49, 1960—66, чл. Бюро ЦК КП(б) у 1945—47. Дэп. Вярх. Савета СССР і нам. старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1946—50, дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, 1955—63.

К.​І.​Дамарад.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)