назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс.км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
Да арт.«Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад пара... + магнетызм),
уласцівасць рэчываў слаба намагнічвацца ў напрамку знешняга магн. поля; адзін з відаў магнетызму. Характэрны для рэчываў (парамагнетыкаў), часціцы якіх (атамы, малекулы, іоны, атамныя ядры) маюць уласныя магн. моманты. У адсутнасці знешняга магн. поля яны арыентаваны хаатычна, так што намагнічанасць рэчыва роўная нулю.
Пры наяўнасці знешняга поля магн. моманты арыентуюцца пераважна ўздоўж поля і намагнічанасць вызначаецца формулай
, дзе χ — магнітная ўспрыімлівасць (для парамагнетыкаў пры т-ры ≈ 293 К χ ⁓ 10−7—10−4), — напружанасць знешняга магн. поля. З павелічэннем т-ры ўзрастае дэзарыентавальнае дзеянне цеплавога руху і χ памяншаецца (гл.Кюры закон, Кюры—Вейса закон). Існаванне ў атамаў (іонаў) магн. момантаў, якія абумоўліваюць П., можа быць звязана з арбітальным рухам электронаў у абалонцы атама — арбітальны П., іх спінам — спінавы П., а таксама (у меншай ступені) са спінам атамных ядраў — ядзерны П. (гл.Магнетон). Даследаванне П. дае інфармацыю пра мікраскапічныя магн. ўласцівасці і ўнутр. структуру рэчываў. П. выкарыстоўваецца для атрымання звышнізкіх т-р метадам магнітнага ахаладжэння, у квантавай электроніцы (гл.Мазер) і інш.Гл. таксама Электронны парамагнітны рэзананс, Ядзерны парамагнітны рэзананс.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Абрагам А., Гольдман М. Ядерный магнетизм: порядок и беспорядок: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1984;
Кринчик Г.С. Физика магнитных явлений. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРС,
чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн.км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн.км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл.Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 1023кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім.т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».
Літ.:
Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;
Поверхность Марса. М., 1980;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).Да арт.«Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІР»,
арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.
Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК«Саюз», аўтам.трансп.КК«Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп.КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап.касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар.касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 тнавук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.