СТАРАПЕ́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Сфарміравана ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў маёнтку графаў Пуслоўскіх (належаў ім да 1939) на беразе воз. Чорнае. Першапачаткова арх.-кампазіцыйнае ядро комплексу складалі сядзібны дом, стайня, размешчаны паміж імі «павільён руж», 2 мураваныя брамы пры ўездзе ў вёску і сядзібу. Пасля зруйнавання ў 1843 мураванага сядзібнага дома (пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму) уладальнікі прыстасавалі пад жыллё драўляны будынак стайні. Прамавугольны ў плане 1-павярховы будынак з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя, вокны прамавугольныя з простымі ліштвамі. «Павільён руж» (не захаваўся) пабудаваны ў пач. 19 ст. з цэглы (па аналогіі з вядомай вілай-ратондай італьян. арх. А.Паладыо) — цэнтрычнае крыжова-купальнае 2-павярховае збудаванне, на яго гал. фасадзе масіўны 4-калонны порцік тасканскага ордэра з трохвугольным франтонам. Фрыз аформлены лепкай (атынкаваны ў 1863). Прасторавую кампазіцыю ўзбагачалі паўсферычны купал з ліхтаром і схілы сцен пры скрыжаванні аб’ёмаў. Фасады крапаваныя лапаткамі, паўцыркульнымі і прамавугольнымі нішамі, прафіляванымі карнізамі з сухарыкамі. Да будынка прымыкала вял. аранжарэя. Брамы выкананы ў рамант. формах сярэдневяковай готыкі. Паўночная брама — манум. збудаванне са стральчатым арачным праездам, фланкіраванае круглымі ў сячэнні 3-яруснымі вежамі і завершанае 2-ярусным зубчастым парапетам. Аздоблена стральчатымі нішамі, аркатурнымі і філянговымі паясамі, крыжамі, вузкімі шчылінамі-байніцамі, драўлянай імітацыяй зубчастай пад’ёмнай рашоткі. Па баках прыбудаваны нізкія каравулкі. Зах. брама (меншых памераў) вырашана ў стылі несапраўднай готыкі. Прамавугольная ў плане, з цэнтр. арачным праездам (замураваны) і 2 бакавымі каравулкамі. Вуглавыя ч. аб’ёмаў крапаваны лапаткамі са стральчатымі нішамі, завершаны зубчастым парапетам. Пейзажны парк разбіты на схіле да возера, вакол 2 сажалак і каналаў, праз якія былі перакінуты масткі. На востраве адной з сажалак была альтанка. Па-за межамі парку размешчаны цагляны бровар у познакласіцыстычным стылі. У парку раслі клён серабрысты, дубы чырвоны і летні пірамідальны, ясень пенсільванскі, хвоя веймутава, таполі белая і чорная пірамідальныя, лістоўніца еўрап., граб, вяз гладкі і інш. З зах. боку размяшчаецца пладовы сад, адмежаваны ад парку букавай алеяй. На паўд. ускраіне ў канцы алеі пагорак, дзе на могілках стаяла капліца (засталіся рэшткі). Дэкар. элементам парку быў драўляны вятрак — цэнтрычнае, круглае ў сячэнні збудаванне з купальным пакрыццём, узнятае на тэрасу-каланаду і выкананае ў адзіным стылі з асн. будынкамі. У 1990 распрацаваны праект аднаўлення парку (арх. Л.П.Луцэвіч). Іл. гл. да арт. Рамантызм.
А.М.Кулагін.
т. 15, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)