ЛУ́НА ((Luna) Антоніо) (29.10.1866, Маніла — 5.6.1899),

дзеяч філіпінскага нац.-вызв. руху. У час амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 галоўнакамандуючы філіпінскай арміяй, з 1899 пам. ваен. міністра. Прыхільнік рашучай барацьбы за незалежнасць, арыштаваў міністраў філіпінскага ўрада, якія схіляліся да кампрамісу з ЗША. Забіты асабістай аховай прэзідэнта Э.Агінальда, які абвінаваціў Л. ў намеры «узурпіраваць уладу».

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСТАМА́НТЭ-І-СІРВЕ́Н ((Bustamante y Sirvén) Антоніо Санчэс дэ) (13.4.1865, Гавана — 24.8.1951),

кубінскі юрыст-міжнароднік, дыпламат. Праф. міжнар. права і ганаровы дэкан юрыд. ф-та Гаванскага ун-та. Прадстаўнік Кубы на 2-й Гаагскай канферэнцыі міру 1907, на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 і на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі 1928. Аўтар прац па міжнар. публічным і міжнар. прыватным праве, у т. л. Бустамантэ кодэкса.

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́НЬЁ ((Narino) Антоніо Амбросіо) (9.4.1765, Багата — 13.12.1823),

змагар за незалежнасць Калумбіі ад ісп. панавання. Пераклаў і выдаў на ісп. мове Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна. За рэв. дзейнасць у 1795 высланы ў Іспанію. У 1796 уцёк, узначаліў барацьбу Калумбіі за незалежнасць. З 1811 старшыня часовай урадавай хунты Калумбіі. У 1814—21 у ісп. палоне. Пасля вяртання з палону ў 1821 чл. сената, віцэ-прэзідэнт Вялікай Калумбіі.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),

сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.

Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНІ ((Berni) Антоніо) (14.5.1905, г. Расарыо, Аргенціна — 1981),

аргенцінскі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай школы, т.зв. «новага рэалізму» ў 1930-я г. Зрабіў шэраг размалёвак у Буэнас-Айрэсе і Нью-Йорку (з Д.Сікейрасам, Х.​К.​Кастаньіна, Л.​Э.​Спілімберга і інш.) на тэмы жыцця і гісторыі аргенцінскага народа. У карціне «Поўнач над светам» пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў вобраз нар. мужнасці і жалобы.

т. 3, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ЦІ (Amati),

італьянскія майстры смычковых інструментаў. Працавалі ў Крэмоне. Андрэа (каля 1520 — каля 1580) — заснавальнік крэмонскай школы. Упершыню вызначыў падбор дрэва і стварыў класічны тып скрыпкі з яркім серабрыстым, але не моцным гучаннем. Яго сыны — Антоніо (1540 — пасля 1600) і Джыралама (1561—1680) часта працавалі разам. Іх інструменты больш вытанчанай формы. Найб. вядомы Нікала Амаці (3.12.1596 — 12.4.1684), сын і вучань Джыралама. Стварыў новую мадэль скрыпкі «Гранд Амаці» з дасканалымі формамі, прыгожым моцным гукам. Сярод яго вучняў — А.Гварнеры, А.Страдывары.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕС ((Gómez) Хуан Вісентэ) (24.7.1857, г. Сан-Антоніо, штат Тачыра, Венесуэла — 17.12.1935),

ваенны і дзярж. дзеяч Венесуэлы. У 1899 удзельнічаў у путчы С.Кастра, быў губернатарам федэральнай акр. Каракаса. У 1901—08 віцэ-прэзідэнт і галоўнакамандуючы. У выніку здзейсненага ім пры падтрымцы войск ЗША перавароту прэзідэнт краіны (1909—35), устанавіў ваен. дыктатуру (неаднаразова зменена канстытуцыя, забаронены паліт. партыі, прафсаюзы і інш.). У час яго праўлення значна павялічыўся ўплыў у Венесуэле замежнага (пераважна амерыканскага) капіталу, што садзейнічала развіццю здабычы нафты (эканам. ўздым).

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДЭ́М, Бардэм Муньёс (Bardem Munos) Хуан Антоніо (н. 2.7.1922, Мадрыд), іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Займаўся ў Ін-це вывучэння і практыкі кінематаграфіі ў Мадрыдзе. Па сваіх сцэнарыях паставіў фільмы «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956), «Помста» (1957), якія рэзка адрозніваліся ад масавай камерц. і прафаш. кінапрадукцыі краіны. У 1960-я г. адышоў ад асн. праблематыкі сваёй творчасці. Змяненне паліт. сітуацыі ў краіне (пасля смерці ген. Франка) садзейнічала адраджэнню ў яго творчасці тагачасных праблем: фільмы «Мост» («Канец тыдня», 1977), «Сем дзён у студзені» (1978) і інш.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЦЫ ((Corazzi) Антоніо) (16.12.1792, г. Ліворна, Італія — 26.4.1877),

польскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі (1810—16). Працаваў у Польшчы (1818—47), пераважна ў Варшаве. Аўтар планіроўкі плошчаў Тэатральнай і Банкаўскай, манум. грамадскіх будынкаў, якія ў многім вызначылі аблічча цэнтра польскай сталіцы: палац Сташыца (1820—23, цяпер АН), Вял. т-р (1825—32), Польскі банк (1828—30) і інш. Сярод інш. работ: сабор у Любліне (1821; перабудова касцёла езуітаў канца 16 ст.), гімназія ў Плоцку (1843).

А.Карацы. Палац Сташыца ў Варшаве. 1820—23.

т. 8, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎДЗІ́, Гаўдзі-і-Карнет (Gaudi y Cornet) Антоніо (25.6.1852, г. Рэўс, Іспанія — 10.6.1926), іспанскі архітэктар. З 1868 жыў у Барселоне, вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе архітэктуры. У яго мудрагелістых па форме пабудовах (пераважна ў Барселоне) — у царкве Саграда Фамілія (1884—1926, не закончана), дзе ў містычным духу пераасэнсавана кампазіцыя гатычнага сабора, і ў дамах стылю мадэрн (Каса Батло, 1904—07; Каса Міла, 1905—10) пластычна сагнутыя аб’ёмы і смелыя канструкцыйныя новаўвядзенні (парабалічныя аркі, нахіленыя апоры, палегчаныя скляпенні) ствараюць уражанне фантастычных, быццам вылепленых ад рукі арганічных крывалінейных формаў.

А.Гаўдзі. Жылы дом Каса Батло ў Барселоне. 1904—07.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)