АНТЫГЕ́НЫ

[ад анты... + ген(ы)],

складаныя арган. рэчывы, якія пры паступленні ў арганізм чалавека і цеплакроўных жывёл выклікаюць спецыфічную імунную рэакцыю — утварэнне антыцелаў. Уласцівасцямі антыгенаў валодаюць чужародныя для дадзенага арганізма бялкі і поліцукрыды, асабліва высокамалекулярныя. Як антыгены яны могуць быць агульныя для ўсіх асобін пэўнага віду арганізмаў (відавыя антыгены) або толькі для іх часткі (групавыя антыгены). Ступень імунагеннасці антыгенаў, форма і вынік імуннага адказу, які яны выклікаюць (утварэнне антыцелаў, клетачны імунітэт, алергія, талерантнасць), залежаць ад ступені іх чужароднасці (філагенетычнай аддаленасці), хім. прыроды і малекулярнай будовы, дозы і формы ўвядзення ў арганізм і інш. фактараў. Імунная сістэма млекакормячых здольная распазнаваць да 10​6 антыгенаў. Вызначэнне відавой і групавой прыналежнасці антыгенаў выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні ступені роднасці арганізмаў, распрацоўцы вакцын і сываратак, пераліванні крыві, перасадках тканак, дыягностыцы хвароб, у суд. медыцыне і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т. С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)