Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАМІ́НІ (Borromini),
Бараміна (Borromino; сапр.Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.Мадэрна і Л.Берніні, усе ў Рыме) і інш.
Ф.Бараміні. Царква Сант-Іва ала Сапіенца. 1642—60.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.п. Кіраўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНІ́М (ад ала... + грэч. onyma імя),
чыё-небудзь сапраўднае імя, выкарыстанае іншай асобай як псеўданім. Напр., чылійскі паэт Пабла Нэруда сваё сапраўднае імя Рэес Басуальта Нефталі Рыкарда замяніў імем чэшскага пісьменніка Яна Нэруды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́Н (ад ала... + грэч. chthōn зямля),
часткі складкавых структур горных парод, якія насунуты на нязрушаныя аўтахтонныя структуры (гл.Аўтахтон) і ўтвараюць тэктанічнае покрыва. Адрозніваецца ад перакрытых утварэнняў складам, генезісам, магутнасцю, узроўнем метамарфізму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРА́НКА,
рака ў Кіраўскім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р.Ала (бас. Дняпра). Даўж. 20,5 км. Пачынаецца за 800 м на ПнУ ад в. Падрэчча Кіраўскага р-на. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-ЛЬ-АЛА́ ГАНДЖЭВІ́ (Абу-ль-Ула Ганджэві) Махмуд Нізамеддзін, азербайджанскі паэт 1-й пал. 12 ст. Пісаў на мове фарсі. Услаўляў феад. правіцеляў і іх прыбліжаных. Аўтар шматлікіх вершаў (пераважна ў жанры касыды), якія вызначаліся высокім паэтычным майстэрствам, адточанасцю і выразнасцю формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк.літар. стракатыя горы),
назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАТЫ́НЬ,
вёска ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на р.Ала. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Бабруйск, 146 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Амельня. 702 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.