мелкаводныя асадкі дна мораў і акіянаў, якія ўтвараюцца ў межах мацерыковай водмелі на глыб. да 200 м. Пераважаюць галечнікі, ракушачнікі, радзей аалітавыя і фарамініферавыя пяскі, ілістыя і хемагенныя асадкі з арган. рэшткамі. Гл. таксама Нерытавая вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНЫ РЫФ,
града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТО́МАВЫ МУЛ,
асадак на дне сучасных акіянаў, мораў і азёр, які складаецца пераважна з апалавых панцыраў дыятомавых водарасцей і іх абломкаў. Найб. пашыраны ў акіянах умераных шырот Паўд. паўшар’я, назіраецца ў выглядзе суцэльнага пояса вакол Антарктыды. У выкапнёвым стане Д.м. пераходзіць у асадкавую горную пароду — дыятаміт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
асадкі, што намнажаюцца ў зоне абісалі мораў і акіянаў. Займаюць каля 90% пл. дна Сусв. акіяна. Абісальныя адклады — арганагенныя мулы са шкілетных частак планктонных арганізмаў (глабігерынаў, дыятамей, радыялярый, фарамініфер і інш.), найдрабнейшых тэрыгенных часцінак, вулканічнага попелу, чырвоных глыбакаводных глін з уключэннямі жалеза-марганцавых канкрэцый і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСАЦЫ́ЙНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
гарызантальнае перамяшчэнне водных мас, якое пакрывае страты вады і паніжэнне ўзроўню на якім-небудзь участку акіяна, мора, возера. Узнікае пры згонна-нагонных з’явах і накіравана ў бок, процілеглы дрэйфавым цячэнням. К.ц. могуць развівацца і ў паверхневых і ў глыбінных слаях, напр. міжпасатныя (экватарыяльныя) супрацьцячэнні Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МБРА (франц. ambre ад араб. анбар),
воскападобнае духмянае рэчыва, якое выдзяляецца кішэчнікам кашалота. Бывае ад шэрага, чорнага, карычневага да залацістага і белага колераў. Зрэдку амбру знаходзяць у вадзе або па берагах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Кавалкі амбры маюць круглаватую форму, масу ад некалькіх кілаграмаў да 400 кг. Добра раствараецца ў спірце, эфіры, алеях. Выкарыстоўваюць у парфумерыі як замацавальнік пахаў духоў. Замяняюцца штучнымі замацавальнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Л (англ. Atoll ад мальдыўскага),
каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кальца, што акружае лагуну невял. глыбіні (да 100 м). Утвараюцца ў выніку росту каралавых рыфаў па перыферыі а-воў пераважна вулканічнага паходжання, якія павольна апускаюцца. Звычайна невял., іншы раз дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Пашыраны паасобку і архіпелагамі ў трапічных шыротах Ціхага і Індыйскага акіянаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,
клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́Ўу геалогіі,
парушанае заляганне горных парод, якое характарызуецца перамяшчэннем па разрыве адных мас пад іншыя. У адрозненне ад насову ўтвараецца пры актыўным руху ляжачага крыла. Адрозніваюць пакатыя П. (падзенне плоскасці разрыву не перавышае 45°), падсоўныя складкі, буйныя П. (паверхні зруху падаюць пад горныя кражы), субкантынентальныя П. (зоны разрываў у астраўных дугах на мяжы акіянаў і кантынентаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
глыбакаводныя донныя асадкі адкрытых мораў або акіянаў, што складаюцца са шкілетных рэшткаў планктонных мікраарганізмаў, найтанчэйшых мінер. часцінак, якія прыносяцца з сушы. вулканічнага попелу, касм. пылу, а таксама мінералаў, утвораных на дне ў выніку хім. працэсаў у вадзе. Да П.а. адносяцца сучасныя ілы (глабігерынавы, какалітавы, дыятомавы, радыялярыевы), чырвоныя глыбакаводныя гліны, са стараж. асадкавых горных парод — некаторыя вапнякі, радыялярыты, дыятаміты і інш.