ЛАМАНО́САВА ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым ак. Распасціраецца ад Новасібірскіх а-воў праз цэнтр. ч. акіяна да в-ва Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу амаль на 1800 км. Шыр. ад 60 да 200 км. Узвышаецца над дном акіяна ў сярэднім на 3300—3700 м. Найменшая глыб. над асобнымі вяршынямі 900 м. Схілы стромкія, расчлянёныя каньёнамі, укрытыя слоем пясчаністага ілу. Адкрыты у 1948 сав. экспедыцыямі. Названы ў гонар М.В. Ламаносава.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́,

астравы, якія ўзніклі ў межах ложа акіяна або сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў у выніку тэктанічных, вулканічных або арганагенных працэсаў. Гл. таксама Востраў.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЎСКРА́ІНА МАЦЕРЫКА́,

частка мацерыка, размешчаная ніжэй узроўню акіяна, характарызуецца мацерыковым тыпам зямной кары. Па асаблівасцях рэльефу звычайна падзяляецца на шэльф, або мацерыковую водмель, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. У параўнанні з платформавымі ўчасткамі сушы «гранітны» слой у межах П.у.м. значна меншы, на мяжы мацерыковага падножжа з ложам акіяна ён выкліньваецца і саступае месца акіянічнай зямной кары. У межах П.у.м. найб. актыўна адбываюцца працэсы: дзейнасць хваль, прылівы і адлівы, цячэнні і інш.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІСА́ЛЬ (ад грэч. abyssos бяздонны),

абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс. м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВА́ЛЬНЫ ЛАНДША́ФТ, аквакомплекс,

прыродная адзінка дзялення воднага асяроддзя (акіяна, возера, вадасховішча); участак, якому ўласцівы спецыфічныя асаблівасці характарыстык вады, газавага саставу, донных адкладаў і біёты. Аналагічны ландшафту геаграфічнаму на сушы.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛАНТЫ́ЗМ,

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна). Найб. поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавору (НАТО).

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАСТРАЎНО́Е МО́РА,

мора, размешчанае сярод астравоў, парогі і мелкаводдзі паміж якімі перашкаджаюць свабоднаму водаабмену з адкрытай часткай акіяна. Звычайна мелкаводныя. Амаль усе знаходзяцца сярод астравоў Малайскага архіпелага (найб. з іх Яванскае, Банда, Сулавесі).

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПВЕ́ЛІНГ (ад англ. up наверх + well хлынуць),

падыманне водаў з глыбіняў у верхнія слаі акіяна, мора. Выклікаецца ўстойлівымі вятрамі, што зганяюць паверхневыя воды ў адкрытае мора, на месца якіх падымаюцца воды слаёў, што ляжаць ніжэй, а таксама пасатнымі і ўсх. памежнымі цячэннямі ў Атлантычным, Ціхім і інш. акіянах. Асабліва актыўны ў прыбярэжных зонах, дзе вада падымаецца з глыбіняў 100—300 м. Агульная пл. пастаяннага апвелінгу складае 1млн. км² пры сярэдняй вертыкальнай скорасці падняцця водаў 1 м/сут. З цыркуляцыяй акіянскіх водаў у працэсе апвелінгу звязваюць утварэнне некаторых радовішчаў карысных выкапняў (напр., фасфарытаў), размяшчэнне багатых прамысл. раёнаў акіяна.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХТА (ням. Bucht),

невялікі заліў, адасоблены ад адкрытага акіяна, мора ці возера часткай берага або астравамі. Зацішная ад ветру, часта прыдатная для стаянкі суднаў і буд-ва партоў (напр., Новарасійская на Чорным м., Залаты Рог у прал. Басфор).

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТАЕ МО́РА,

у міжнародным праве частка Сусв. акіяна па-за межамі тэр. водаў якой-н. дзяржавы. Знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх краін, на яго не распаўсюджваецца ўлада прыбярэжных дзяржаў, і судны падпарадкоўваюцца толькі краіне, пад сцягам якой яны плаваюць.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)