1) фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Займае ПнУ Гродзенскай, ПнЗ і Пн Мінскай, Пд Віцебскай абласцей. Мяжуе на Пн з акругай Беларускае Паазер’е, на ПдЗ — з Зах.-Бел., на ПдУ — з Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі. Працягнулася з З на У больш як на 350 км, з Пн на Пд на 20—120 км; пл. каля 13 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Ашмянскае ўзвышша, Мінскае ўзвышша, Аршанскае ўзвышша (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -200 м на З да -1400 м на У, перакрыты асадкавымі пародамі верхняга пратэразою, палеазою (дэвону), мезазою (мелу) і кайназою (палеагену, неагену, антрапагену). Тоўшча антрапагенавых адкладаў 100—180 м, месцамі да 300 м. Утварэнне сучаснага рэльефу Беларускай грады звязана з сожскім ледавіком. У час паазерскага зледзянення памнажаліся лёсападобныя адклады. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. вада.
На Беларускай градзе самыя высокія адзнакі рэльефу Беларусі, найбольшыя Дзяржынская гара (345 м над узр. м), г. Лысая (342 м), г. Маяк (335 м). Градава-ўзгорысты канцова-марэнны рэльеф з прымеркаваным да яго буйнаўзгорыстым (абс. вышыні больш за 250 м, адносныя перавышэнні да 50—80 м) мае выгляд невысокіх гор са стромкімі (да 30°) схіламі. Складзены з пясчана-жвірова-галечнага матэрыялу або марэнных супескаў і суглінкаў з валунамі. Характэрны гляцыядыслакацыі, адорвені. Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнны рэльеф, укрыты лёсападобнымі пародамі, мае згладжаную, месцамі платопадобную паверхню з абс. адзнакамі 220—250 м, адноснымі перавышэннямі да 50 м. Трапляюцца суфазійныя западзіны, лагчыны, яры. Месцамі развіта «другасная» дэнудацыйная марэнная раўніна з катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Уздоўж рачных далін зандравыя раўніны, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Беларуская града — водападзел паміж бас. рэк Чорнага (Бярэзіна, Свіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці ў бас. Дняпра) і Балтыйскага (вытокі Абалянкі і Усвейкі ў бас.Зах. Дзвіны; Вілія ў верхнім цячэнні з Ушой, Бярэзіна з Іслаччу, Сулой і Усой у бас. Нёмана) мораў. У межах Беларускай грады Вілейска-Мінская водная сістэма, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Вяча, Воўчкавіцкае, Камсамольскае воз. і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя на марэнных, месцамі лёсападобных суглінках і супесках, радзей на водна-ледавіковых пясках. Па далінах рэк поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Зах. і цэнтр. часткі Беларускай грады ў межах Ашмянска-Мінскай геабат. акругі, усходняя — Аршанска-Магілёўскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць на асобных узвышшах 20—60%. Пераважаюць хваёвыя, шыракаліста-яловыя лясы, трапляюцца дубровы. Пад с.-г. ўгоддзямі 40—60% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк Белая Русь, заказнікі ландшафтныя Прылуцкі, Прылепскі, Лысагор’е, біялагічныя Антонава, Лебядзіны, Радашковіцкі і інш. Курорт Ждановічы, зоны адпачынку.
2) Шырокая паласа градава-ўзгорыстага канцова-марэннага рэльефу, якая цягнецца з З на У праз усю тэр. Беларусі (ад Гродна да Оршы). Найвышэйшая частка краявых ледавіковых утварэнняў Еўропы. Уключае Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы (гл. асобныя арт.).
Літ.:
Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;
Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫРАВІНА ДЛЯ БУДАЎНІЧЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ
ёсць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Яе радовішчы звязаны ў асноўным з чацвярцічнымі, неагенавымі, палеагенавымі, мелавымі, дэвонскімі і дакембрыйскімі пародамі. Гліны, суглінкі і супескі звязаны з чацвярцічнымі (азёрна-алювіяльнымі, ледавікова-азёрнымі, ледавіковымі, алювіяльнымі, лёсападобнымі і інш.генет. акумуляцыямі), неагенавымі і палеагенавымі адкладамі. У залежнасці ад якасці і рэчыўнага складу выкарыстоўваюцца як дамешкі пры вытв-сці цэменту, у керамічнай прам-сці (пры вытв-сці цэглы, керамічных плітак, дрэнажных труб, чарапіцы, керамзіту, аглапарыту і інш.), для буравых раствораў, як напаўняльнікі паперы, гумы, для адсарбентаў, каталізатараў і інш. Выяўлена больш за 500 радовішчаў. Каля 50% з іх не маюць прамысл. значэння з-за невял. запасаў (да 100 тыс.м³) або нізкай якасці. На 1.1.2002 з балансавымі запасамі ўлічана 227 радовішчаў, з іх у Брэсцкай вобл. 40 (запасы па катэгорыях A + B + C1 47 060 тыс.м³, C2 7649 тыс.м³), у Віцебскай 58 (запасы адпаведна 92 201 і 139 818), у Гомельскай 47 (37 919 і 10 974), у Гродзенскай 34 (19 902 і 1871), у Магілёўскай 29 (7688 і 4655), у Мінскай 19 (58 688 і 32 387). Па прамысл. запасах да найб. буйных радовішчаў належаць Гайдукоўка (Мінскі р-н, 25 859 тыс.м³), Лукомль-2 (Чашніцкі р-н, 24 019), Заполле (Шумілінскі р-н, 18 150).
Пяскі і жвірова-пясчаныя пароды звязаны з чацвярцічнымі (краявымі ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі, алювіяльнымі, эолавымі і інш.генет. акумуляцыямі), неагенавымі і палеагенавымі адкладамі. Выкарыстоўваюцца для вытв-сці сілікатных вырабаў, тынкавальных і муровачных раствораў, напаўняльнікаў бетонаў, у будаўніцтве дарог, фундаментаў, ліцейнай вытв-сці для фармовачных сумесей, для фільтравальных установак і інш. На 1.1.2002 улічана 108 радовішчаў буд. пяскоў, з іх у Брэсцкай вобл. 7 (запасы па катэгорыях A + B + C1 100 685 тыс.м³ і C2 — 39 705 тыс.м³), у Віцебскай 26 (запасы адпаведна 66 442 і 62 476), у Гомельскай 14 (82 976 і 69 976), у Гродзенскай 14 (41 133 і 12 084), у Магілёўскай 21 (104 776 і 75 374), у Мінскай 26 (86 097 і 62 028). Па прамысл. запасах найбуйнейшымі радовішчамі з’яўляюцца Агова (Іванаўскі р-н, 28 252), Хаціслаўскае (Маларыцкі р-н, 26 281), Акалоты (Бярозаўскі р-н, 22 052). Улічана 158 радовішчаў жвірова-пясчанага матэрыялу, з іх у Брэсцкай вобл. 12 (запасы па катэгорыях A + B + C1 66 804 тыс.м³ і C2 — 67 727 тыс.м³), у Віцебскай 51 (запасы адпаведна 238 694 і 133 758), у Гродзенскай 35 (90 359 і 28 228), у Магілёўскай 8 (41 750 і 9685), у Мінскай 52 (252 649 і 138 562). Па прамысл. запасах найб. буйныя радовішчы Крулеўшчызна (Докшыцкі р-н, 38 005), Баравое (Гарохавае, Глыбоцкі р-н, 37 054), Загуззе (Гарадоцкі р-н, 31 181).
Мелавыя і мергельныя пароды верхняга аддзела мелавой сістэмы і адорвені гэтых парод, прымеркаваныя да чацвярцічнай тоўшчы, выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цэменту, вапняку, соды, шкла, пластмас, паперы, лакафарбавых матэрыялаў, а таксама для падкормкі жывёлы, вапнавання глебы і інш. Балансавыя запасы радовішчаў мергельна-мелавых парод на цэментавую сыравіну па прамысл. катэгорыях A + B + C1 і па катэгорыі C2 адпаведна складаюць (на 1.1.2003, тыс.т): Каменка (Крычаўскі р-н) — 101 849 і 145 011; Камунарскае (Касцюковіцкі р-н) — 381 631 і 75 881; Калядзічы — 41 895 і 32 152 і Пагараны (Ваўкавыскі р-н) — 30 084; Туры (Мастоўскі р-н) — 65 786 і 5933; Хаціслаўскае (Маларыцкі р-н) — 74 139 і 28 799; Сожскае (Чэрыкаўскі р-н) — 108 965 і 127 380. На 1.1.2003 улічаны 32 радовішчы мелу, з іх у Брэсцкай вобл. 5 (запасы па катэгорыях A + B + C1 81 384 тыс.т і C2 — 28 799 тыс.т), у Мінскай 2 (запасы адпаведна 17 015 і 1810), у Гомельскай 4 (запасы A + B + C1 3553), у Гродзенскай 14 (49 759), у Магілёўскай 7 (54 276).
Даламіты франскага яруса верхняга дэвону выкарыстоўваюцца для вытв-сці друзу, даламітавай мукі, у якасці мінер. парашку для асфальту, напаўняльніка для руберойду, у металургіі, шкляной прам-сці і інш. Паблізу Віцебска знаходзіцца радовішча даламітаў Руба (складаецца з участкаў Гралева, Цякава-Койтава, Чырванадворскі, Ананіна, Аўдзеевічы, Кастрычніцкі). Балансавыя запасы (на 1.1.2002, тыс.т) па прамысл. катэгорыях A + B + C1 складаюць 745 113, па катэгорыі C2 — 389 285, у т. л. на ўчастку Гралева адпаведна 522 560 і 130 597 (з’яўляецца сыравіннай базай ВА «Даламіт»).
Сыравіннай базай будаўнічага каменю з’яўляюцца архейска-пратэразойскія магматычныя пароды крышт. фундаменту Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу (дыярыты, граніты, гранадыярыты, мігматыты і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці друзу як абліцовачны буд. матэрыял і інш. Балансавыя запасы па прамысл. катэгорыях A + B + C1 і па катэгорыі C2 складаюць (на 1.1.2003, тыс.м³): радовішча Мікашэвіцкае — 294 709 і 147 220, Сітніцкае — 263 061 і 277 227 (Брэсцкая вобл.); Глушкавіцкае — 7859 і 5600, Кар’ер Надзеі — 3284 і 1247 (Гомельская вобл.). На базе Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю працуе ВА «Граніт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДОВА І ГІСТОРЫЯ РАЗВІЦЦЯ ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.
У познім пратэразоі пачаў фарміравацца чахол платформы. Першыя яго ўтварэнні, прымеркаваныя да асобных паніжэнняў фундаменту, датуюцца раннім рыфеем (пачатак — каля 1,65 млрд. гадоў назад). Гэта вулканагенныя пароды і моцна змененыя катагенезам кварцавыя пясчанікі, якія залягаюць пераважна ў паўд.-ўсх. частцы Беларусі. Пазней на асобных участках Бабруйскага пахаванага выступу, Палескай седлавіны і Прыпяцкага прагіну ва ўмовах субарыднага клімату камяністай пустыні намнажаліся эолавыя пяскі, пазней ператвораныя ў пясчанікі. У сярэднім рыфеі (пачатак — каля 1,35 млрд. гадоў назад) адбылося залажэнне Валына-Аршанскага прагіну, які шырокай паласой перасек усю тэр. Беларусі з ПдЗ на ПнУ. Да прагіну быў прымеркаваны ўнутрыкантынентальны мелкаводны марскі басейн, у якім намножыліся чырванаколерныя сярэдне-, дробна- і тонкаабломкавыя асадкі магутнасцю больш за 400 м. На ПдУ і на ПнЗ ад басейна асадканамнажэння размяшчаліся вобласці зносу абломкавага матэрыялу. Да канца сярэдняга — пачатку позняга рыфею (каля 1 млрд. гадоў назад) асадканамнажэнне працягвалася толькі ў паўн.-ўсх. частцы Валына-Аршанскага палеапрагіну. Тэр. на поўдзень ад лініі Слуцк—Старобін—Жлобін стала сушай. На працягу позняга рыфею ў цэнтр. і ўсх. частках Беларусі (Аршанская ўпадзіна) асадканамнажэнне адбывалася ў невялікім мелкаводным басейне з нармальна марской або некалькі павышанай салёнасці вадой. Намнажаліся тэрыгенныя, тэрыгенна-карбанатныя і карбанатныя адклады, у т. л. першыя арганагенныя ўтварэнні — водарасцевыя даламіты. Да канца рыфею ўся тэр. Беларусі стала сушай.
У раннім вендзе (пачатак — каля 650 млн.г. назад) большая частка тэр. Беларусі была ахоплена покрыўным зледзяненнем, у час якога ўтварыўся магутны комплекс ледавіковых, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых адкладаў. Найб. магутныя тоўшчы (больш за 300 м) ледавіковай фармацыі ўстаноўлены на поўдні Аршанскай упадзіны і на паўн. схіле Жлобінскай седлавіны. У разрэзах перыядычна чаргуюцца гарызонты тылітаў (стараж. марэн), патокава-ледавіковых пясчаных парод і азёрна-ледавіковых слаістых глін, што сведчыць пра некалькі фаз зледзянення. На пачатку позняга венду (каля 620 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі ўяўляла сабой перасечаную раўнінную сушу, на якой фарміраваліся маламагутныя пралювіяльна-алювіяльныя комплексы дрэннасартаваных буйна- і грубазярністых чырванаколерных пясчаных адкладаў. Такія комплексы ўстаноўлены на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Позні венд адзначаны актыўным вулканізмам, гал. месцам яго дзеяння была Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, дзе сфарміравалася трапавае плато, утворанае покрывамі базальтаў, дыябазаў, лавабрэкчый з праслоямі туфаў і туфітаў (магутнасць да 300 м). Вулканічныя вывяржэнні адбываліся ў кантынентальных і марскіх умовах. Вулканакластычны матэрыял быў вельмі пашыраны. Значныя тоўшчы туфаў, туфітаў, туфагенных асадкавых парод, прадуктаў гразевых вулканічных патокаў намножыліся на тэр. Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны, Беларускай антэклізы, ПнЗ Прыпяцкага прагіну. Пасля заканчэння вулканічнай актыўнасці абломкавы вулканічны матэрыял у выніку размыву трапавага плато яшчэ доўга паступаў на тэр. Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Аршанскай упадзіны і паўн.-ўсх. схілы Беларускай антэклізы, дзе ў марскіх умовах адбывалася намнажэнне пясчана-алеўрыта-гліністых асадкаў.
У кембрыйскі перыяд палеазойскай эры (пачатак — каля 570 млн. гадоў назад) неглыбокія марскія басейны, дзе намнажаліся пясчана-гліністыя асадкі, былі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне (магутнасць адкладаў да 436 м) і на крайнім ПнЗ Беларусі (схілы Бел. антэклізы і Балтыйскай сінеклізы, адклады магутнасцю да 150 м). Гэтыя ж мелкаводныя басейны захоўваліся і ў ардовікскі (пачатак — каля 500 млн. гадоў назад) і сілурыйскі (пачатак — каля 440 млн. гадоў назад) перыяды. Але ў гэты час тут намнажаліся выключна карбанатныя адклады (вапнякі, мергелі, радзей даламіты). Магутнасць ардовікскіх утварэнняў на ПнЗ краіны больш за 150 м, на ПдЗ — да 40 м, сілурыйскіх адпаведна да 65 м і 650 м.
У дэвонскі перыяд (пачатак — каля 410 млн. гадоў назад) тоўшчы разнастайных горных парод намножыліся на большай частцы тэр. Беларусі. У Падляска-Брэсцкай упадзіне іх магутнасць 10—100 м, Аршанскай упадзіне да 450 м, у Прыпяцкім прагіне да 4500 м. У пачатку раннедэвонскай эпохі (лохкаўскі век) асадканамнажэнне адбывалася толькі ў Падляска-Брэсцкай упадзіне, дзе сфарміраваліся марскія карбанатныя адклады ва ўмовах, спрыяльных для існавання бентасу (імшанкі, брахіяподы, крынаідэі) і водарасцей. У канцы лохкаўскага веку мора поўнасцю адышло з тэр. Беларусі. У эмскі век раннедэвонскай эпохі Аршанская ўпадзіна, Латвійская і Жлобінская седлавіны, усх. схілы Беларускай антэклізы, асобныя ўчасткі Прыпяцкага прагіну былі заняты мелкаводным морам, дзе намнажаліся пясчанікі, гравеліты, мергелі, вапнякі, даламіты, у т. л. водарасцевыя і аалітавыя. Іх сучасная магутнасць больш за 20 м. Мора сярэднедэвонскай эпохі мела тыя ж межы, што і ў раннім дэвоне, а ў эйфельскім веку яно поўнасцю залівала Прыпяцкі прагін. Салёнасць вады ў ім мянялася ад некалькі паніжанай (акумуляваліся пясчаныя адклады) да вельмі высокай (утвараліся пласты гіпсу, ангідрыту, на асобных участках Прыпяцкага прагіну — каменнай солі). У месцах з нармальнай салёнасцю марской вады намнажаліся карбанатныя і глініста-карбанатныя пароды з рэшткамі фауны. Магутнасць эйфельскіх адкладаў ад 10 м на схілах Бел. антэклізы да 100 м у Аршанскай упадзіне і Прыпяцкім прагіне. У жывецкі век сярэдняга дэвону мора некалькі адступіла з усх. схілаў Бел. антэклізы, астатнія контуры захаваліся. Мора было мелкаводным; у 1-й палавіне веку ў ім намнажаліся пераважна пясчана-алеўрытавыя адклады, у 2-й — глініста-карбанатныя. Магутнасць жывецкай тоўшчы дасягае 185 м. У пачатку і сярэдзіне франскага веку познадэвонскай эпохі на ПнУ і ПдУ Беларусі ў мелкаводных марскіх умовах намнажаліся напачатку пясчана-гліністыя, потым карбанатныя асадкі, часам — сульфатны матэрыял. На пэўных адрэзках часу ствараліся ўмовы, спрыяльныя для жыцця страматапараідэй, каралаў, і фарміраваліся арганагенныя пабудовы (рыфы). У канцы франскага веку на У краіны сфарміраваліся 2 зоны (паўн. і паўд.), якія развіваліся да канца дэвону. Паўночная зона (усх. і паўд.-ўсх. раёны Аршанскай упадзіны) ахоплівала невялікую плошчу, занятую мелкаводным марскім басейнам, дзе ў тэктанічна спакойных умовах намножыліся маламагутныя карбанатныя і карбанатна-гліністыя адклады. У паўднёвай зоне ў гэты час фарміравалася тэктанічна актыўная структура — Прыпяцкі прагін (рыфтавы грабен), да якога прымеркаваны гал. карысныя выкапні Беларусі — каменная і калійныя солі, нафта, буры вугаль, гаручыя сланцы, прамысловыя расолы і інш. За перыяд з канца франскага веку па фаменскі век позняга дэвону ўключна ў Прыпяцкім прагіне сфарміраваліся верхняя частка падсалявой карбанатнай тоўшчы, ніжняя саляносная, міжсалявая, верхняя саляносная і надсалявая тоўшчы, а таксама звязаная з імі шчолачна-ультраасноўная — шчолачна-базальтоідная вулканагенная фармацыя. Гэты час характарызаваўся: найбольшым праяўленнем магматызму і галагенезу; максімальнымі магутнасцямі адкладаў (3000—3500 м) у сувязі з вельмі высокімі тэмпамі апускання тэрыторыі (да 780 м/млн. гадоў); фарміраваннем высокаамплітудных (сотні метраў) разломаў; утварэннем складанай плікатыўна-блокавай структуры; шырокім праяўленнем працэсаў саляной тэктонікі. Пароды, што намножыліся ў гэты перыяд, вельмі разнастайныя: пясчанікі, алеўраліты, гліны, аргіліты, вапнякі, даламіты, мергелі, ангідрыты, гіпсы, каменная соль, сільвініт, карналіт, гаручыя сланцы. Познадэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння ва ўсх. частцы Прыпяцкага прагіну і на Жлобінскай седлавіне пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху. У канцы фаменскага веку завяршылася фарміраванне Прыпяцкага прагіну як рыфтавай структуры.
Пасля перарыву ў асадканамнажэнні на мяжы дэвону і каменнавугальнага перыяду (пачатак — каля 350 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі ў пачатку турнейскага веку раннекаменнавугальнай эпохі намнажэнне асадкаў аднавілася (у Прыпяцкім прагіне — да 1000 м, на Брагінска-Лоеўскай седлавіне і Валынскай монакліналі). У каменнавугальны перыяд ва ўмовах гарачага і вільготнага клімату адзначаліся шматразовыя змены марскіх, прыбярэжна-марскіх, лагунна-прэснаводных і кантынентальных палеагеаграфічных абставін. У гэты час намножыліся пяскі, пясчанікі, вапнякі, гліны, у т. л. каалінавыя, з праслоямі баксітаў, бурага вугалю і даўсанітзмяшчальных парод. У адкладах візейскага веку ніжняга карбону на тэр. Прыпяцкага прагіну сфарміравалася Заазернае радовішча даўсаніту.
Адклады пермскага перыяду (пачатак — каля 285 млн. гадоў назад) вядомы на тэр. Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны, Падляска-Брэсцкай упадзіны і паўд. схілах Балтыйскай сінеклізы. Ва ўмовах сухога і гарачага клімату ў марскіх і кантынентальных абставінах ішло намнажэнне пераважна тэрыгенных адкладаў (пяскі, гліны); перыядычна фарміраваліся праслоі і гнёзды гіпсу і ангідрыту. У раннепермскую эпоху ў цэнтр. частцы Прыпяцкага прагіну намножылася магутная (да 760 м) саляносная тоўшча, у якой прадстаўлены каменная соль, сільвініт, кізерыт і бішафіт.
Адклады трыясавага перыяду (пачатак — каля 230 млн. гадоў назад) пашыраны на ПдУ Беларусі (Прыпяцкі прагін, Брагінска-Лоеўская седлавіна) і на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Седыментацыя адбывалася ў прэснаводных вадаёмах, дзе намножыліся чырвана- і стракатаколерныя тэрыгенныя адклады (пяскі, алеўраліты, кангламераты, гліны). Іх магутнасць на ПдУ дасягае 300—500 м, часам 700—1000 м, на ПдЗ — 8—50 м.
На працягу большай часткі позняга трыясу і ўсёй ранняюрскай эпохі (пачатак — каля 195 млн. гадоў назад) тэр. Беларусі была сушай і падвяргалася размыву. У сярэдняюрскую эпоху асадканамнажэнне аднавілася. Адклады юрскай сістэмы (максімальная магутнасць сотні метраў) залягаюць у Прыпяцкім прагіне, на Брагінска-Лоеўскай і Жлобінскай седлавінах, у паўд. частцы Аршанскай упадзіны, у Падляска-Брэсцкай упадзіне і на Бел. антэклізе. У сярэдня- і познаюрскую эпохі часта чаргаваліся фазы адступання і наступання мора; паступова моцна апрэснены басейн шляхам асадканамнажэння ператварыўся ў тыповы марскі. У юрскі час намножыліся гліны, алеўраліты і пяскі з праслоямі бурага вугалю, вапнякі, мергелі.
Мелавы перыяд (пачатак — каля 137 млн. гадоў назад) — час шматразовых марскіх трансгрэсій з 3 і У на тэр. краіны. Адклады мелавой сістэмы (магутнасць да 336 м) пашыраны па ўсёй паўд. палавіне Беларусі. У раннемелавую эпоху намнажаліся пераважна тэрыгенныя асадкі (пяскі, у т. л. з глаўканітам і фасфарытавымі жаўлакамі, гліны, алеўрыты); у познамелавую — выключна пісчы мел і мергельна-мелавыя пароды з канкрэцыямі і жаўлакамі крэменю. У другой палавіне каньякскага веку позняга мелу на крайнім У Беларусі ўтварыліся пласты трэпелаў і апок.
У адкладах палеагену (пачатак — каля 67 млн. гадоў назад), пашыраных у межах паўд. палавіны Беларусі, пераважаюць тэрыгенныя асадкі: кварцава-глаўканітавыя пяскі, алеўрыты з галькай фасфарытаў і крэменю. Іх магутнасць дасягае 220 м. На працягу палеацэнавай і эацэнавай эпох асадканамнажэнне адбывалася ў марскіх умовах. Клімат у палеагене быў цёплы і вільготны. Перыядычна ўзнікалі ўмовы, спрыяльныя для жыцця арганізмаў з крамянёвымі шкілетамі, у выніку чаго фарміраваліся апокі, апокападобныя гліны, алеўрыты. У першай палавіне алігацэнавай эпохі марскі басейн пачаў мялець, скарачацца, а ў канцы ранняга — пачатку позняга алігацэну мора назаўсёды пакінула тэр. Беларусі. У познім алігацэне адклады намножыліся ў далінах рэк, азёрах, катлавінах, звязаных з карставаннем пісчага мелу і салявых адкладаў у скляпеннях саляных купалаў. У замкнутых забалочаных азёрных катлавінах і западзінах утварыліся буравугальныя паклады.
У неагенавы перыяд (пачатак — каля 25 млн. гадоў назад) у паўд. палавіне Беларусі, якая ўяўляла сабой нізінную алювіяльную раўніну з забалочанымі плоскімі (плакорнымі) водападзеламі, працягвалася кантынентальнае асадканамнажэнне (пяскі, алеўрыты, гліны, у т. л. мантмарыланітавыя, тарфянікі). Працэсы торфаўтварэння спрыялі фарміраванню буравугальных радовішчаў на З Прыпяцкага прагіну. Магутнасць неагенавых адкладаў месцамі перавышае 100 м. Клімат на працягу большай часткі неагену быў цёплы і вільготны, у канцы перыяду пачалося пахаладанне, зменшылася колькасць атмасферных ападкаў; клімат стаў падобны да сучаснага.
Чацвярцічны (антрапагенавы) перыяд (пачатак — каля 1,65 млн. гадоў назад) на тэр. Беларусі падзяляюць на 3 этапы: перадледавіковы, ледавіковы і пасляледавіковы. Першыя 2 адпавядаюць плейстацэнавай эпосе, апошні — галацэнавай. Магутнасць адкладаў чацвярцічнага перыяду дасягае 300 м. У перадледавіковы этап плейстацэнавай эпохі ў Скандынавіі ўзнікалі ледавіковыя покрывы. Яны не дасягалі тэр. нашай краіны, але ўплывалі на яе клімат і абумовілі чаргаванне фаз пацяплення і пахаладання. Ледавіковы этап плейстацэнавай эпохі адзначаўся чаргаваннем зледзяненняў і міжледавікоўяў. На тэр. Беларусі вылучаюць 6 ледавіковых і 5 міжледавіковых перыядаў. Рух покрыўных ледавікоў моцна мяняў рэльеф тэрыторыі. Узнікалі працяглыя (дзесяткі кіламетраў) лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Акумуляцыя марэн пры раставанні ледавікоў утварала новыя формы рэльефу. Чацвярцічная тоўшча амаль напалавіну складзена з марэнных адкладаў. Масы рухомага лёду часта зрывалі і пераносілі на розныя адлегласці вялікія масівы карэнных парод, т.зв. адорвені. Пра геалагічную «моц» ледавікоў сведчаць валуны і глыбы крышталічных і трывалых асадкавых парод, прынесеныя на тэр. Беларусі ледавікамі са Скандынавіі. Пры раставанні ледавікоў узнікалі водныя патокі, якія неслі рыхлы абломкавы матэрыял (пясок, радзей гравій і гальку). Гэты флювіягляцыяльны матэрыял адкладаўся на паверхні ледавікоў, у іх тоўшчы або каля краёў. Часам водныя патокі сустракалі на сваім шляху перашкоды ў выглядзе марэнных утварэнняў (краявыя ледавіковыя грады, озы, друмліны і інш.). У выніку падпруджвання ўзнікалі азёры, у якіх намнажаліся азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) адклады, пераважна стужачныя гліны (чаргаванне тонкіх пясчаных і гліністых слаёў). Каля краю ледавіка фарміраваліся эолавыя ўзгоркі, грады, дзюны, намнажаліся тоўшчы лёсаў. У час міжледавікоўяў, калі ледавікі поўнасцю адступалі, асадканамнажэнне канцэнтравалася ў далінах рэк, шматлікіх азёрных і балотных катлавінах. Намнажаліся пяскі, гліны, сапрапелі, мергелі, торф, гіціі. Апошняе (паазерскае) зледзяненне пакінула тэр. Беларусі каля 15 тыс. гадоў назад. Яшчэ некалькі тысячагоддзяў працягваўся халодны пасляледавіковы перыяд і каля 10 тыс. гадоў назад пачаўся галацэнавы (сучасны) перыяд, у час якога намножылася тоўшча рыхлых асадкавых алювіяльных, азёрных, балотных і інш. адкладаў магутнасцю да 20—25 м. Апошнія стагоддзі галацэнавага этапу адметныя актыўным уплывам антрапагеннага фактару. З развіццём цывілізацыі гэты ўплыў становіцца ўсё больш значным і набывае характар пашыранага геалагічнага фактару. Разнастайныя сучасныя геалагічныя працэсы правакуюцца здабычай карысных выкапняў, прамысловым, жыллёвым, меліярацыйным і гідратэхнічным будаўніцтвам, звядзеннем лясоў, разворваннем зямель, складаваннем і пахаваннем прамысл. адходаў, забруджваннем атмасферы парніковымі газамі і інш. формамі ўплыву чалавека на прыроднае асяроддзе.