ІЗАТАПІ́ЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ квантавая сіметрыя, звязаная з аднолькавымі паводзінамі пэўных груп элементарных часціц у моцным ці электраслабым узаемадзеяннях. Адрозніваюць моцную і слабую І.і., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць сіметрыю адносна паваротаў у 3-мернай прасторы.

Моцная І.і. абумоўлена існаваннем ізатапічных мультыплетаў — сем’яў адронаў з аднолькавымі квантавымі лікамі (барыённым зарадам, дзіўнасцю, спінам і інш.), блізкімі па значэнні масамі спакою, аднак рознымі эл. зарадамі. Моцнае ўзаемадзеянне застаецца аднолькавым у межах аднаго мультыплета і не залежыць ад эл. зараду часціцы. Колькасць часціц у мультыплеце N=2J+1, дзе J — ізатапічны спін. Напр., пратон і нейтрон утвараюць ізатапічны дублет (J=​1/2), пі-мезоны (π​+, π​0, π​−) — ізатапічны трыплет (J=1). Слабая І.і. звязана з тым, што лептоны, кваркі і некаторыя інш. часціцы таксама маюць ізатапічную мультыплетнасць, аднак масы спакою часціц у межах аднаго мультыплета могуць значна адрознівацца. Слабая І.і. дазволіла дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння і выявіць прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца яго пераносчыкамі. Гл. таксама Інварыянтнасць.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; пасля 1116—27.7.1194),

князь тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Усевалада Ольгавіча. У 1140 пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 бацька пасадзіў яго ў Тураве, але хутка туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а С.У. атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 па загадзе вял. кн. Ізяслава Мсціславіча С.У. разам з Расціславам Мсціславічам выгнаў Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) С.У. пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч; за гэту паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 удзельнічаў разам з інш. князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—94 вял. кн. кіеўскі. У 1180 з наўгародскім войскам удзельнічаў у вял. кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. З 1143 жанаты з дачкой полацкага кн. Васількі Святаславіча Марыяй.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ.

Святаслаў II (1027—76), князь чарнігаўскі [1054—73], вял. кн. кіеўскі [1073—76], Сын Яраслава Мудрага. Разам з братамі Усеваладам Яраславічам і Ізяславам Яраславічам стварылі своеасаблівы княжацкі трыумвірат, які ў 1054—72 кіраваў усімі справамі на Русі. У 1060 С.Я. хадзіў на торкаў (у паходзе ўдзельнічаў і полацкі кн. Усяслаў Брачыславіч з дружынай). У пач. 1067 браты Яраславічы перамаглі на р. Няміга кн. Усяслава Брачыславіча (гл. Нямігская бітва 1067). Летам таго ж года «на Ршы у Смаленска» браты прапанавалі Усяславу Брачыславічу правесці перагаворы. Аднак, нягледзячы на тое, што «цалавалі крыж чэсны Усяславу», па-здрадніцку захапілі яго і разам з сынамі пасадзілі ў турму-поруб у Кіеве. У 1068 браты пацярпелі няўдачу ад полаўцаў на р. Альта (каля Пераяслава), аднак неўзабаве С.Я. разбіў іх каля Сноўска. Разам з братамі з’яўляецца адным са складальнікаў Рускай праўды (т. зв. Праўды Яраславічаў). У 1073 пры падтрымцы Усевалада адабраў у старэйшага брата Ізяслава велікакняжацкі трон. Па заказе С.Я. ў 1073 і 1076 былі складзены Ізборнікі Святаслава.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУ́Л-ХАМІ́Д II (21.9.1842—10.2.1918),

турэцкі султан [1876—1909]. Пад націскам Мідхата-пашы ў 1876 увёў канстытуцыю, аднак неўзабаве распусціў парламент і ўстанавіў дэспатычны рэжым. Інспіраваў армянскія пагромы, разню грэкаў на Крыце і інш., за што атрымаў мянушку Крывавы султан. Пасля Младатурэцкай рэвалюцыі 1908 быў вымушаны аднавіць канстытуцыю 1876. 27.4.1909 арыштаваны младатуркамі за ўдзел у контррэв. перавароце. Памёр у стамбульскай турме.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́БЕК (грэч. Сухас),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі бог вады і разліву ракі Ніл. Яго ўяўлялі ў выглядзе чалавека, кракадзіла (свяшчэнная жывёла С.) або чалавека з галавой кракадзіла. Цэнтр культу — г. Кракадзілопаль. Лічылася, што С. дае багацце і ўрадлівасць. У стараж. тэкстах ён разглядаецца як абаронца багоў і людзей, аднак часта выступае як вораг багоў Ра і Асірыса.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНЕГА́МБІЯ (Senegambia),

1) пашыраная назва раёна Зах. Афрыкі ў міжрэччы Сенегала і Гамбіі з 1-й пал. 17 ст., калі еўрапейцы пачалі пранікненне ўглыб афр. кантынента.

2) Канфедэрацыя Сенегала і Гамбіі ў 1982—89. Прэзідэнтам С. быў прэзідэнт Сенегала, віцэ-прэзідэнтам — Гамбіі; існавалі канфедэратыўныя савет міністраў, парламент і суд. Аднак супярэчнасці паміж Сенегалам і Гамбіяй прывялі да распаду канфедэрацыі.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРА́НІН (Якаў) (?—6.5.1641),

адзін з кіраўнікоў сялянска-казацкага паўстання 1638 на Украіне. З 1633 палкоўнік рэестравых казакоў, з 1638 гетман. Пасля задушэння паўстання 1637—38 (узначальваў Бут) казакі вясной 1638 зноў выступілі супраць польскай і ўкр. шляхты, стварылі на Палтаўшчыне ўмацаваны лагер. Аднак гетман С.​Патоцкі нанёс раз’яднаным казацкім атрадам шэраг паражэнняў. З часткай войскаў перайшоў у Расію, дзе забіты казакамі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)