Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога А.Бруса),
мінерал падкласа гідраксідаў, гідраксід магнію, Mg(OH)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя. Звычайна ў выглядзе ліставатых агрэгатаў. Колер белы, зеленаваты, карычневы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск васковы. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,39 г/см³. Трапляецца ў выглядзе пражылкаў у серпенцінітах і мармурызаваных вапняках. Сыравіна для керамічнай і папяровай прам-сці, вогнетрывалых матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТАЎНІ́Т (ад месца знаходкі ў Бітаўне, Канада),
мінерал, алюмасілікат кальцыю і натрыю з групы палявых шпатаў (Ca, Na) [(Al, Si)AlSi2O8].
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. У выглядзе зерняў няправільнай формы, масіўных агрэгатаў. Колер белы да цёмна-шэрага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6. Шчыльн. 2,7 г/см³. Пашыраны ў некаторых базальтах, асн. і ультраасн. інтрузіях і ў некаторых каменных метэарытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАКУЛІ́Т (ад лац. novacula востры нож, брытва),
Арканзаскі камень, крамяністы сланец, шчыльная белая крамяністая асадкавая горная парода. Структура складзена з агрэгатаў хаатычна арыентаваных поліэдрычных зерняў кварцу блізкіх памераў (1,5—3 мкм) з рэзкімі межамі паміж імі. Парода ўтворана з крэменязёму, які паступаў у басейн асадканамнажэння пры вулканічных працэсах. Выкарыстоўваецца як тачыльны камень і найтанчэйшы абразіў. Найб. радовішча Н. ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),
мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭРЫ́Т (ад прозвішча англ. мінералога У.Вітэрынга),
мінерал класа карбанатаў, карбанат барыю, BaCO3. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі рэдкія; часцей трапляецца ў выглядзе грубавалакністых мас, прамянёвых і шчыльных зярністых агрэгатаў. Колер белы да бясколернага, з жаўтаватым, бурым, зеленаватым адценнямі. Празрысты або прасвечвае. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 3,5. Крохкі. Шчыльн. каля 4,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных жылах з барытам і галенітам. Руда барыю і яго солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
тэхнічная сістэма, якая часткова або поўнасцю выконвае функцыі выкладчыка ў працэсе праграмаванага навучання. Выдае порцыі матэрыялу, кантрольныя заданні ў паслядоўнасці, адпаведнай абучальнай праграме, у тэмпе, зручным для навучэнца; вызначае правільнасць выканання кантрольных заданняў, характар памылак, далейшую паслядоўнасць праходжання курса. Мадэлявальныя абучальныя машыны (трэнажоры) прызначаны для набыцця практычных навыкаў і трэніроўкі, калі ва ўмовах рэчаіснасці гэта звязана з вял. цяжкасцямі, эканамічна немэтазгодна або немагчыма, напр. пры навучанні касманаўтаў, вадзіцеляў трансп. сродкаў, аператараў складаных машын і агрэгатаў. Як абучальная машына можа выкарыстоўвацца ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЧЭ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.8.1937, в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Канд.тэхн.н. (1973), праф. (1989). Скончыў БПІ (1960). З 1977 у Бел. агр,тэхн. акадэміі (у 1982—98 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні аптым. паказчыкаў цягава-счапных уласцівасцей і паліўнай эканамічнасці с.-г. і меліярац. машынна-трактарных агрэгатаў. Навукова абгрунтаваў энергет., кінематычныя і геам. параметры фрэзерных рабочых органаў меліярац. машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАД,
мінерал групы псіламелану, зборная назва зямлістых і сажыстых агрэгатаў аксідаў і гідраксідаў марганцу. Хім. састаў непастаянны: MnO2∙nH2O. Часта мае прымесі калію, барыю, медзі, цынку, жалеза і інш. Разнавіднасць ваду — азбалан (да 17% вокіслу кобальту разам з нікелем і меддзю).
Калоідныя, часцей скрытакрышт. ўтварэнні. Шчыльныя і рыхлыя масы, налёты, нацёкі, канкрэцыі. Колер чорны, чорна-карычневы. Цв. 1—4. Шчыльн. 2,8—4,4 г/см³. Гіпергенавы; пашыраны ў прыродзе як прадукт выветрывання розных марганецзмяшчальных мінералаў, трапляецца таксама ў асадкавых утварэннях і адкладах гарачых крыніц. Руда марганцу, кобальту і нікелю.