МІ́НСКІ АВІЯРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1953 у Мінску як авіярамонтная база, з 1964 — завод № 407 грамадзянскай авіяцыі. З канца 1996 сучасная назва. Спецыялізаваўся на рамонце самалётаў грамадз. авіяцыі (Лі-2, Іл-14, Ту-124). З 1980-х г. рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42 і іх мадыфікацыі авіякампаній Беларусі, краін СНД, замежных. Аказвае паслугі на рынку авіятэхнікі; мае банк даных, распрацоўвае авіяц. дакументацыю. Выпускае таксама складаную быт. тэхніку — пральныя машыны, мікрахвалевыя печы, электрацеплавентылятары, пластмасавыя рэчы і інш.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРУСІЧЭ́НКА (Канстанцін Іванавіч) (9.5.1917, б. хутар Кірсаўка Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 1.8.1989),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-маёр авіяцыі (1959). Скончыў Варашылаўградскую школу ваен. пілотаў (1937), Ваенна-паветр. акадэмію (1950), Ваен. акадэмію Генштаба (1961). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд. фронце, з 1942 у часцях авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік Сталінградскай бітвы, абароны Ленінграда, вызвалення Гомеля, Бабруйска, Мінска, Берлінскай аперацыі. Да 1963 на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—63.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́Ў (Рыгор Васілевіч) (н. 23.4.1916, в. Рэчкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), 1-ю Разанскую вышэйшую ваен. школу штурманаў і лётчыкаў авіяцыі далёкага дзеяння (1942), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую авіяц. школу (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Бел. аперацыі 1944, баёў на Украіне, у Прыбалтыцы і Польшчы, штурму Берліна; зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1963 у Сав. Арміі, да 1973 на адм. рабоце.

Р.В.Ксяндзоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. barrage загарода),

палёт самалётаў знішчальнай авіяцыі над вызначаным раёнам з мэтай перахоплівання і знішчэння сродкаў паветр. нападу праціўніка. З 1960-х г. выкарыстоўваецца тэрмін «дзяжурства ў паветры».

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКАНЕ́ЛЬ,

сплаў нікелю (аснова), хрому (да 15%) і жалеза (да 9%) з дабаўкамі алюмінію, тытану, малібдэну. Гарачаўстойлівы і гарачатрывалы матэрыял (т-ра эксплуатацыі да 900 °C). Выкарыстоўваюць у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

т. 7, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЛО́ЦЫЯ (ад аэра... + лоцыя),

падрабязнае апісанне авіялініі або раёна дзеяння авіяцыі; дапаўняе палётную карту. Уключае аэраграфічную характарыстыку мясцовасці, апісанне арыенціраў, інфармацыю пра аэрадромы са схемамі заходу на пасадку, пра метэастанцыі, умовы надвор’я і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп. авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл. Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская авіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апараты Мінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец. навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш. Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕТАНО́СНАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

ва ўзброеных сілах шэрагу краін назва ваен. авіяцыі, аснашчанай самалётамі-ракетаносцамі і верталётамі (з 1980-х г.), якія здольны прымяняць кіроўныя і некіроўныя ракеты розных класаў і прызначэння («паветра—зямля», «паветра—паветра» і «паветра—карабель»), Гл. таксама Ракета-носьбіт.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАП’Я́НАЎ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1899, г. Ліпецк, Расія — 11.8.1980),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1943). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1929). Удзельнік выратавання экіпажа парахода «Чэлюскін» (1934), паветр. экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір авіяц. дывізіі. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 3, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЛІЕНТАЛЬ ((Lilienthal) Ота) (23.5.1848, г. Анклам, Германія — 10.8.1896),

нямецкі інжынер, адзін з піянераў авіяцыі. Канструяваў планёры, у 1891—96 выканаў на іх каля 2 тыс. палётаў. Даказаў залежнасць паміж пад’ёмнай сілай, лабавым супраціўленнем і вуглом атакі крыла (т.зв. паляра Ліліенталя). Растлумачыў прычыны лунання птушак. Загінуў у час палёту.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)